Права на Котаўку

На пачатку снежня ўлада і забудоўнік узяліся за новую спробу знішчыць Котаўку – невялікі менскі сквер на вуліцы Багдановіча. Жыхары і эка-актывісты адстаялі напад, але атмасфера застаецца зараджаная – тэхніка «Менскзялёнбуду» можа прыехаць у любы момант. Пісьменнік і мастак Аляксей Талстоў – пра сквер як сімвал прамой дэмакратыі ды яго ролю ў камунікацыі мясцовых.

 

У адным з маіх першых дзіцячых успамінаў – летні вечар з высокаю някошанаю травой, сонца, якое хіліцца за стрэхі дамоў, і я сам, хлопчык гадоў чатырох, які заблукаў у гэтым бяскрайнім парку, і не ведае, як вярнуцца дамоў, на свой завулак. Ровары і футбол, вайнушка, майскія жукі ўвесну і каштаны ўвосень. Зіма з аграмаднаю горкай, гонарам раёну, прадметам зайздрасці ўсіх дзяцей панэлек. Ляціш з яе долу, мокры й шчаслівы, сам ці навыперадкі з сябрамі, не даеш рады з кіраваннем, улятаеш у дрэва, падаеш, набіваеш гузакі, але праз імгненне ўжо бяжыш наверх поўны рашучасці падаць і ўздымацца яшчэ тысячы разоў.

Я не магу гаварыць пра Котаўку непрадузята, надта ўсё блізка. Яна частка маёй гісторыі, роўна як і частка гісторыі большасці пасялковых. Немагчыма жыць тут пакаленнямі і не лічыць гэты раён сваім. Але каму ён належыць насамрэч? Каму належыць пасёлак? Калі па-харошаму, то хіба жыхары не маюць права самі вырашаць яго лёс? Гэта вялікае пытанне і даволі агульнае, але я не ведаю тут аніводнага чалавека, якога б не хвалявала высечка скверу. Калі ў траўні пачаліся размовы пра будаўніцтва касцёлу, падазраю, што шмат для каго гэта было не тое што неспадзяванка, гэта была рэзкая праява непавагі з боку ўладаў і забудоўніка. Спекуляцыі наконт апытанняў, у якіх людзі выказваліся «за», выглядалі даволі дзіўна, бо ўсе ж усіх ведаюць, усе праз аднаго знаёмыя. Сувязі паміж суседзямі сыходзяць далёка ў 60-ыя, такое проста не можа прайсці незаўважным, тым больш што тэма любой новай забудовы стаіць вельмі востра.

Хутчэй за ўсё, ніхто нікога тут не пытаў. Усе рашэнні звыкла прынялі ўціхую, дамовіліся міжсобку – і нармальна. Мэта гарадскіх уладаў, на жаль, не абараняць інтарэсы гараджанаў, а спакойна займацца сваім бізнэсам. Якое дачыненне да гэтага мае абшчына, якая, як кажуць, атрымала зямлю бясплатна? Я не ведаю, відаць, мае. Можна ж дамовіцца з адміністрацыяй на кавалак зацішнага скверу і сцвярджаць, што гэта, маўляў, якраз тое, што вы ўсе тут хацелі. Калі ж абарыгены пачнуць абурацца, дык казаць, што ўсё паводле закону і што ў праект ужо ўкладзеныя сродкі. Класічны каланіялізм пад выглядам збаўлення. І справа не ў нейкіх надуманых масавых антыклерыкальных настроях, справа ў шчырасці і павазе да людзей. Калі пасля такіх маніпуляцыяў святы айцец скардзіцца, што ў мясцовых негатыўнае стаўленне і мала хто хоча весці перамовы, то няма ж чаго здзіўляцца. Цалкам адпаведная рэакцыя.

Але пра перамовы ўсё ж не праўда. Падобна да таго, што менавіта забудоўніку яны не выгодныя, бо надта не хочацца пачуць, што ягоныя інтарэсы не супадаюць з інтарэсамі пасёлку. І цяжкасць тут якраз у тым, што вырашыць за мясцовых не атрымліваецца, што нейкая самаарганізацыя тут усё ж ёсць, як ёсць і воля пісаць скаргі ды звароты ўва ўсе інстанцыі, працаваць з эколагамі, прыцягваць Акадэмію навук ці нават кідацца пад тэхніку і ўставаць на шляху бензапілаў.

Вырашыць за мясцовых не атрымліваецца, нейкая самаарганізацыя тут усё ж ёсць, як ёсць і воля пісаць скаргі ды звароты ўва ўсе інстанцыі, працаваць з эколагамі, прыцягваць Акадэмію навук ці нават кідацца пад тэхніку і ўставаць на шляху бензапілаў.

Гарадскія ўлады хоць без асаблівага жадання, але пачынаюць гэта разумець. Нядаўна ў сквер прыязджалі старшыні гарвыканкаму і райвыканкаму. Я, вядома, не адчуў, што чыноўнікі так ужо прагнуць задаволіць усе пажаданні. Па настроі больш выглядала, нібыта паны прыехалі правяраць сваіх прыгонных. Але нават гэта нейкі крок. Стаяць у мінус 10 на марозе і слухаць папрокі ды патрабаванні жыхароў, якія не заўжды сябе стрымлівалі, і прынамсі на словах паабяцаць разгледзець альтэрнатыўныя пляцоўкі – гэта ўжо нейкі дыялог. Ці падтрымае яго забудоўнік – невядома.

Мне падаецца, што перадусім кожны тут павінен задаць сабе простае пытанне. Наколькі дэмакратычнае рашэнне – будаваць тут нешта без узгаднення з людзьмі?

І горад, і касцёл маюць справу не з чым іншым, як з простаю дэмакратыяй, з рэалізацыяй гараджанамі свайго права на горад. І не дзіва, што тут людзі такія актыўныя, раён пачаў фармавацца на хвалі пасляваеннай урбанізацыі ды з пачатку грунтаваўся на прынцыпах сялянскай самаарганізацыі. У адрозненне ад былых жыхароў вёскі, якія засяляліся ў функцыянальныя шматпавярховікі, тут людзі мелі раскошу зарганізаваць свой побыт максімальна набліжана да вясковага. І да сёння шмат якія падворкі маюць агароды і садовыя дрэвы. У выніку захаваліся і асаблівасці камунікацыі. Гэтак, гарадское жыццё наклала свой адбітак, аднак стасункі паміж суседзямі даволі моцныя, і агульныя праблемы зносу ці змены ў генплане толькі падмацоўваюць гэтую сувязь.

Раённая адміністрацыя выдатна гэта адчувае, хоць і імкнецца ўсяляк ігнараваць патрабаванні грамадзянаў. Я добра памятаю, як пару гадоў таму, падчас сустрэчы з яе прадстаўнікамі на школьным стадыёне ў Зацішшы, натоўп з 200 чалавек ні разу не шкадаваў эмоцыяў. Некаторых даводзілася супакойваць. Усе выдатна памятаюць тую сустрэчу, і свае высновы абодва бакі зрабілі. Магчыма, касцёл, як новы актар, не да канца разумее, што да чаго.

Адстойванне Котаўкі – вельмі сімвалічны жэст. Апроч выканання рэкрэацыйных функцыяў, яна яшчэ і своеасаблівы форум, месца, дзе можна сабрацца, месца, якое належыць усім. Таму прэтэнзіі на тое, каб прыватызаваць хоць нейкую частку гэтай агульнай прасторы, успрымаюцца вельмі балюча. І тут не важна, што будаваць – банк ці казіно, – любы аб’ект будзе захопам тэрыторыі, якая дзесяцігоддзямі выкарыстоўваецца мясцовымі. Зразумела, што ўсім хацелася б пазбягаць канфліктаў, але калі такія сітуацыі ўзнікаюць, то лепей збірацца разам і шукаць кампрамісы. Месцы, якія можна выкарыстаць для пабудовы касцёлу, у наваколлі ёсць. Магчыма, адно з іх можа стаць выдатнаю альтэрнатывай, адначасова задаволіць інтарэсы і абшчыны, і іншых жыхароў раёну.

 

КАМЕНТАРЫ (0)

КАМЕНТАВАЦЬ