Гоў вучыцца: семінар пра інклюзіўную адукацыю
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.04.2018
- 8876
У гэтую нядзелю, 15 красавіка, у «Ок16» пройдзе семінар «Образование vs. границы». Ён будзе цікавы школьнікам(-цам) і абітурыентам(-кам), а таксама ўсім зацікаўленым у пытаннях інклюзіўнай адукацыі. У праграме – выступленні экспертаў і экспертак, а таксама прэзентацыя дыстанцыйных і змешаных праграм навучання ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Удзел у семінары бясплатны, магчымая кампенсацыя транспартных выдаткаў.
Ксенія Шталенкова, арганізатарка:
– Калісьці я была адзіным дзіцем у Беларусі, якое хадзіла ў звычайную школу разам з іншымі дзецьмі. Потым я была адной з першых студэнтак з інваліднасцю ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Аднак самыя істотныя крокі я рабіла толькі дзякуючы энтузіязму маіх бацькоў і дрэнна ўяўляла сабе, што адукацыя з нейкіх прычын можа быць недаступная. Цяпер для мяне важна, каб адукацыя для людзей з інваліднасцю не зводзілася да адзінкавых выпадкаў, калі «супадаюць усе зоркі», а стала сапраўдным трэндам – але не ў сэнсе моды, а таму што гэта важна і сапраўды неабходна для ўсіх.
«Адукацыя vs. межы» – гэта, здаецца, унікальная падзея і для Менска, і для ўсёй Беларусі. У адным месцы збяруцца ўсе зацікаўленыя ў сацыякультурнай інклюзіі для людзей з інваліднасцю, таму што яны ведаюць пра гэтую праблему не па чутках. Прытым важна, што мы будзем казаць не пра сегрэгацыю людзей з інваліднасцю або спробы інтэграваць гэтую групу людзей у грамадства праз адукацыйныя магчымасці, а разам будзем абмяркоўваць, чаму гэтая тэма важная для ўсіх членаў грамадства, усё роўна – з інваліднасцю яны ці без.
Пакуль нярэдка аказваецца так, што аб'яднанні, якія займаюцца правамі людзей з інваліднасцю і прасоўваюць іх інтарэсы, не скаардынаваныя паміж сабой, раз'яднаныя, а часам нават не ведаюць пра дзейнасць іншых. Таму мы паспрабуем пераадолець гэтую сітуацыю і прагаварыць агульныя перспектывы пашырэння межаў.
І я спадзяюся, што вопыт экспертаў, запрошаных на наш семінар, натхніць нашых гасцей рухацца далей і рабіць новыя поспехі.
Калі: 15 красавіка.
Пачатак: 12:00.
Месца: Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16).
Рэгістрацыя даступна па спасылцы да 16:00 14 красавіка.
На семінары ты знойдзеш адказы на такія пытанні:
Што такое інклюзія і чаму яна важная для ўсіх?
Ці даступная адукацыя для людзей з інваліднасцю ў Беларусі?
У чым актуальнасць сацыякультурнага актывізму людзей з інваліднасцю і для людзей з інваліднасцю?
Як пазбегчы сегрэгацыі і актыўна ўключыцца ў жыццё твайго горада, мацерыка, планеты?
Чаму адукацыя дазваляе пашырыць не толькі інтэлектуальныя, але і фізічныя межы грамадства?
Таксама ты зможаш пагаварыць з запрошанымі экспертамі і эксперткамі:
Саша Аўдзевіч (РАІК);
Сяргей Драздоўскі (Офіс па правах людзей з інваліднасцю);
Аляксандр Ергулевіч (Даступны тэатр);
Анастасія Жырмонт (БелАДДІіМІ);
Менская ўрбаністычная платформа.