«Планетарый»: як прыдумаць і правесці свой кінафэст
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 18.09.2018
- 8567
Як злучыць у адзін праект любоў да кіно і прыроды, не баяцца афіцыйных узгадненняў і правесці свой уласны фестываль фільмаў пра планету ды людзей на ёй – размаўляем са стваральніцай фэсту экалагічнага кіно «Планетарый» Анорай Лангар. Адным махам высвятляем, на якія фільмы трэба абавязкова схадзіць сёлета.
З кім гутарым
Анора Лангар, 28 гадоў, экалагічная актывістка, піяр-менеджарка сацыяльных праектаў. У 2017-м арганізавала фестываль экалагічнага кіно «Планетарый». У 2018 годзе фэст пройдзе зноў – з 24 па 30 верасня.
Як усё пачалося
– Насамрэч усё пачалося з кліпа Майкла Джэксана. Гэта быў паваротны момант – «Earth Song». Я паглядзела гэты кліп маленькай дзяўчынкай, вядома ж, расплакалася – так я і зразумела, якая тэма мяне чапляе.
Яшчэ на сваёй першай пасля ўніверсітэта працы я зразумела, што на агульнай кухні нашага офіса я хачу сартаваць смецце і даймаць калег, чаму не варта выкарыстоўваць шмат вады і набіраць шмат пластыка ў краме за абедзенны перапынак. Потым я пачала паўнавартасна працаваць у гэтай сферы – у грамадскай арганізацыі «Зялёная сетка». Я ўнікла ў тэму і стала добра разбірацца ў экалагічных пытаннях, ведала, як людзі рэагуюць на тую ці іншую экалагічную праблему. Але мне заўсёды бракавала нейкага асаблівага фармату, каб гаварыць з людзьмі пра экалогію. Так, нашы івэнты, публікацыі, акцыі прамога дзеяння – гэта крута і важна, але я хацела чагосьці звязанага з мастацтвам. Так у 2016 годзе з'явілася ідэя кінафестывалю.
Да гэтага я чатыры гады ўдзельнічала ў ініцыятыве, якая таксама вельмі моцна на мяне паўплывала, – гэта фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile. Суполка CPM вырасла з кінаклуба, калі людзі з розных сфер у вольны ад працы час прыходзілі размаўляць пра кіно, глядзець кіно на розную тэматыку, спрачацца пра кіно. Калі я прыйшла ў кінаклуб, я зразумела, што вельмі да гэтых людзей падобная, – так пачалося маё захапленне кінамерапрыемствамі.
«Ім казалі: “Вы выглядаеце падазрона, мы не разумеем, навошта вам гэта трэба”»
Рана ці позна супадзенне гэтых двух захапленняў – экалогіі і кіно – павінна было здарыцца. Насамрэч мне самой не хапала ў Беларусі такой падзеі, і я падумала: чаму б яе не зрабіць. Калі ёсць сілы, матывацыя і людзі побач, якія хочуць стаць часткай падзеі, – трэба рабіць. Калі-небудзь потым мы можам стаць чэрствымі і інертнымі, але пакуль гэтага не адбылося, трэба ажыццяўляць задуманае.
Я нейкі час выношвала гэтую ідэю, пачала глядзець шмат фільмаў на экатэматыку, вырашыла, што гэта павінен быць не разавы кінапаказ у рамках нейкай падзеі, а тэматычны кінафэст. Ёсць такі стэрэатып: экалогія – гэта нудна, «зялёнае» кіно – павучальнае, яно пра апакаліпсіс, гэта будзе непрыкольны івэнт. А я ўбачыла ў гэтым кіно шмат фарматаў – гэта і баевікі, і меладрамы, і трагедыі. Усё гэта кранае цябе і, самае важнае, стварае дыялог пасля таго, як скончыўся фільм.
Ну а непасрэдным штуршком стала сустрэча з рэжысёрам Янам Арцюсам-Бертранам. Мы рабілі сумеснае мерапрыемства, прысвечанае клімату, з пасольствам Францыі – і ён там прадстаўляў сваю новую фотавыставу. Гэта вельмі незвычайны чалавек. Ён проста даў мне дыск са сваім новым фільмам «Чалавек» і сказаў: «Калі ласка, пакажы гэты фільм у Менску». Гэты фільм не тычыцца экалогіі наўпрост, але гэта фільм пра каханне, пра нянавісць, пра дзяцей, пра жыццё, пра смерць – і пра экалогію таксама. Я тады сказала яму «так» на сваю галаву. Прыйшлося трымаць абяцанне. Такім чынам, першы фільм кінафестывалю ў нас ужо быў.
Як зрабіць свой фэст: ад пошуку кінастужак да афіцыйнага ўзгаднення
– Першае – паверыць у сваю ідэю. Наперадзе будуць складанасці і жаданне адкласці рэалізацыю да лепшых часоў, калі твая псіхіка стане ўстойлівей, а Трамп больш не будзе прэзідэнтам ЗША. Трэба ўсвядоміць, што табе гэта трэба тут і цяпер, і не думаць, што ты гэта робіш у імя высокай мэты. Будзем шчырыя: мы робім гэта для сябе. І гэта нармальна, гэта гарантыя таго, што ты будзеш рабіць свой праект добра і цікава.
Далей – вялікі кавалак працы. Важна выбудаваць брэнд кінафестывалю: што гэта? аб чым? чым адрозніваецца ад іншых фэстаў? Наша фішка – фільмы на экатэматыку. Гэта было новым, для гэтага была свая ніша. Калі з'явіцца больш ініцыятыў – мы толькі за і з радасцю будзем дапамагаць.
Кожны фільм мы шукалі, як жамчужынку. Ёсць шмат анлайн-платформаў (FilmFreeway, Festhome, Clickforfestivals), праз якія рэжысёры па ўсім свеце выходзяць на кінафестывалі і падаюць свае стужкі. Многія з іх хочуць паказаць фільм у краіне, дзе ён яшчэ не быў паказаны. Дзякуючы такой базе мы сабралі ўсю кароткаметражную праграму – большасць фільмаў там якраз кароткі метр, а рэжысёры часта падаюць іх бясплатна.
Лепш за ўсё ездзіць самім на кінафестывалі ў розных краінах і сустракацца з праваўладальнікамі фільмаў, якія цябе цікавяць. Такія паездкі дапамагаюць і знайсці цікавае кіно, і асабіста пагутарыць з рэжысёрамі ды патэнцыяльнымі гасцямі.
«Калі-небудзь потым мы можам стаць чэрствымі і інертнымі, але пакуль гэтага не адбылося, трэба ажыццяўляць задуманае»
Амаль усе фільмы для першага фестывалю я шукала мэтанакіравана. Напрыклад, я даведалася, што ёсць фільм «Поры года», зняты ў Белавежскай пушчы, але ні разу не паказаны ў Беларусі. Гэты фільм быў дарагі, нам прыйшлося самім купляць правы на аднаразовы паказ, але яно таго было варта – людзі былі ў захапленні і ад таго, як гэта знята, і ад таго, што гэта пушча. Хай гэта польскі бок, але вось гэты самы воўк з фільма напэўна перабег з беларускай часткі!
Напісаць рэжысёрам не праблема, галоўнае – вылучыць абзац пра «што такое Беларусь і дзе яна знаходзіцца». Для многіх гэта таксама цікавы вопыт: паказаць фільм у краіне, пра якую мала хто ведае. Мы яшчэ і паслугу аказваем: робім спецыяльна для іх фільма субцітры на рускай і беларускай. Менавіта гэтым мы падкупілі некаторых з іх. Дарэчы, рэжысёры вельмі доўга адказваюць на мэйлы – май гэта на ўвазе. Ёсць фільмы, якія мы хочам паказаць, але рэжысёры да гэтага часу не выйшлі на сувязь, падарожнічаючы, напэўна, дзесьці ў Амазоніі ці Антарктыдзе.
Калі гэта поўнаметражная праца, на якую было выдаткавана шмат сродкаў – а фільмы на экатэматыку часцей за ўсё дарагія, з макраздымкамі або здымкамі ў дзікай прыродзе, – трэба падрыхтавацца да таго, што за паказ трэба будзе заплаціць. У мяне ёсць шмат сяброў-рэжысёраў і я паважаю іх працу, таму не ўспрымаю просьбу заплаціць як абразу і ханжаства. Кошт становіцца пытаннем перамоваў – гэта разавы паказ або, можа, выгадней зладзіць пракат, як пасля нашай прэм'еры зрабіў для «Пор года» праект Cinemascope, дадаўшы беларускую агучку. Не трэба варыцца ва ўласным соку, трэба шукаць варыянты і партнёраў.
«Напісаць рэжысёрам не праблема, галоўнае – вылучыць абзац пра “што такое Беларусь і дзе яна знаходзіцца”»
Сёлета мы будзем паказваць фільм «Бабулі Чарнобыля». Рэжысёрка Холі Морыс уклала шмат сілаў у стварэнне гэтага фільма, і яна робіць нам вялікую зніжку. Для яе вялікае шчасце зрабіць паказ у Беларусі, таму што яна ведае, што наша краіна моцна пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Я купляю правы на паказ, бо разумею: гэта яе праца і залог таго, што пасля гэтага яна зробіць і іншыя добрыя фільмы.
Увогуле, калі будзеш шукаць фінансаванне на свой фэст, закладвай гэтую суму ў гранты або спонсарскія прапановы. Узровень коштаў – $ 200-600 за адзін фільм. Тым не менш частку фільмаў я атрымала бясплатна: рэжысёры робяць іх, таму што гэтая тэма ім баліць, як, напрыклад, здарылася з фільмам «Рака вуліцы: графіці ў Амазонцы» пра тое, як вулічныя мастакі распісвалі дамы карэнных жыхароў аднаго амазонскага племені. Калі я перапісвалася з рэжысёрам, ён сказаў: «Вядома, я хачу, каб пра гэты народ даведалася як мага больш людзей».
Далей – перамовы з афіцыйнымі структурамі. Каб паказаць кінастужку ў кінатэатрах, табе патрэбная дзяржаўная рэгістрацыя фільмаў, цяпер гэтым займаецца Інстытут культуры. Яны павінны пераканацца, што ў фільме на вялікім экране не будзе заклікаў да гвалту і іншых незаконных рэчаў, і выставіць узроставае абмежаванне. Ніякіх праблем у нас з гэтым не было. Фільм пры гэтым атрымлівае афіцыйны рэгістр і трапляе ў базу – калі хтосьці яшчэ захоча пракаціць яго, гэта ўжо будзе прасцей зрабіць.
Самае галоўнае ў камунікацыі з дырэктарамі кінатэатраў і кінавідэапракату – прафесіяналізм. Калі яны бачаць, што ты хочаш зрабіць канкрэтнае мерапрыемства, дакладна адказваеш на пытанні і не палохаешся словаў «ушытыя субцітры», «афіша», «квіткі» і гэтак далей, то разумеюць, што працуюць з чалавекам, які не будзе псаваць ім жыццё.
«Сёлета мы працуем без грантаў і мне зноў было цікава: як гэта – працаваць з нашым бізнэсам»
У першы раз мы цалкам выкуплялі месца і паказы былі бясплатнымі для людзей – у нас было фінансаванне і была такая магчымасць. У гэтым годзе «Планетарый» ужо ведаюць, разумеюць, што мы можам забяспечыць напаўняльнасць, і мне не трэба выкупляць усю залу. Паказы сёлета будуць каштаваць 5 рублёў, гэта мінімальны кошт.
Баяцца сапраўды не варта. Калі ты прыходзіш у кінатэатр, дзе вісіць твая афіша, а на квітках – назва фільма, субцітры да якога ты рабіла па начах, гэта момант, у які адчуваеш, што ўсё не дарма.
«У мяне ёсць шмат сяброў-рэжысёраў і я паважаю іх працу, таму не ўспрымаю просьбу заплаціць як абразу і ханжаства»
Дзе шукаць грошы
– Класіка – пошук грантаў і пошук спонсараў. Я пачала шукаць фінансаванне за год да падзеі. У мяне быў вопыт пасля працы ў НДА – я ведаю, як пісаць заяўкі. Пытаннем прынцыпу для мяне была афіцыйная рэгістрацыя – я не хацела падстаўляць каманду і валанцёраў, якіх прыцягвала. Я вырашыла: цікава, як зарэгістраваць у Беларусі грант? Усё здзяйсняльна, але трэба мець у сваёй камандзе бухгалтара – вось галоўны ўрок, які я вынесла з гэтай авантуры. Мы перараблялі нейкія паперы, але зарэгістравалі свой грант на працягу трох месяцаў. Гэта вельмі хутка. Трэба памятаць, што аб арэндзе кінатэатра таксама трэба падумаць за год да падзеі. Пасля гэтага мы пачалі афіцыйна працаваць.
Для першага фестывалю, які яшчэ ніяк сябе не праявіў, грантавае фінансаванне – гарантыя таго, што фестываль сапраўды адбудзецца. Краўдфандзіць было б складана – ніхто яшчэ не ведае, ці варта ім у прынцыпе глядзець «зялёнае» кіно. Сёлета мы працуем без грантаў, і мне зноў было цікава: як гэта – працаваць з нашым бізнэсам. Тут зноў многае завязана на асабістых кантактах. Напрыклад, з праграмкамі і афішамі нам дапамагаюць паліграфічныя кампаніі «Лигатура» і «Листовка».
Тое, што ты робіш, можа палегчыць дарогу тым, хто прыйдзе потым. Калі хлопцы і дзяўчаты з CPM хадзілі ў Мінкульт і выканкамы, ім казалі: «Вы выглядаеце падазрона, мы не разумеем, навошта вам гэта трэба». Мінула пяць гадоў, ты прыходзіш у кінатэатр «Цэнтральны» і бачыш, што ў прыёмнай вісіць дыплом CPM! І зараз, калі кажаш, што робіш свой праект у вольны ад працы час, ніхто не робіць круглыя вочы, а проста спакойна кажа аб умовах.
Вядома, лягчэй, калі ты прадстаўляеш нейкую арганізацыю, калі ёсць афіцыйная ўстанова, ад імя якой можна весці бухгалтэрыю і атрымліваць дазвол на рэкламу. Калі хочаш рабіць свой вялікі фестываль, пра гэта варта задумацца.
У бізнэсе ж галоўны аспект – асабістыя кантакты і твая адэкватнасць. Тыя, хто нам дапамагае сёлета, – гэта тыя, з кім я працавала раней у іншых праектах. І зноў памятай пра прафесіяналізм: прыходзь з ужо гатовымі адказамі на канкрэтныя пытанні, якія табе зададуць. Навошта, колькі, чаму менавіта яны і менавіта вы, якія ёсць рызыкі. Не трэба спяваць песні пра касмічныя караблі – з бізнэсам гэта не працуе.
Пра фідбэк
– Першым фестывалем я была задаволеная. Самае яркае ўражанне – калі скончыўся фільм «Чалавек». Я сядзела ззаду, глядзела, каб усё ішло правільна, не зніклі субцітры ці гук, нервавалася, калі хтосьці глядзеў у тэлефон ці сыходзіў з залы (не рабі так, калі ласка, – гэта вельмі вялікі стрэс для арганізатараў, якія відавочна недзе побач). Калі ўключылася святло, да мяне падышла незнаёмая пажылая жанчына, абняла мяне і пацалавала, сказала «дзякуй» – яе твар быў мокры ад слёз – і яна проста сышла.
Мы робім фестываль, глядзім кіно, каб мы адчувалі сябе жывымі, адчувалі і думалі. Фідбэк быў вельмі пазітыўным, гледачам хацелася працягу і дыскусій. Мы зразумелі, што наступны фэст дакладна адбудзецца.
«Жыццё – гэта не толькі праца, дом, сям'я і тэлек».
Пра каманду
– Калі задумваешся пра сваё мерапрыемства, падумай пра людзей, якія будуць цябе падтрымліваць, нармальна ставіцца, калі ты пішаш ноччу з панічным пытаннем, ці ўшытыя сабы ў фільм.
CPM, напрыклад, быў для мяне шмат у чым менавіта сацыяльным эксперыментам: гэта пабудова супольнасці, якая жыве, якая кажа пра кіно, удзельнікі якой робяць зараз ужо свае праекты. Я хачу, каб і ў «Планетарыя» з'явілася такая моцная каманда, якая гарэла б ідэяй, прапаноўвала фільмы і падзяляла адказнасць (так, мы шукаем валанцёраў).
Каманда – гэта цэмент, устойлівасць, супольнасць і твой асабісты псіхолаг. Валанцёрства – гэта выдатны спосаб зразумець, чаго ты хочаш, і нарасціць кантакты. Мы сваіх валанцёраў хочам натхніць, дапамагчы і паказаць, што жыццё – гэта не толькі праца, дом, сям'я і тэлек.
Чаму варта прыйсці на «Планетарый» у гэтым годзе
– Сёлета будзе больш паказаў – сем. Фільмы мы адбіралі яшчэ старанней: сярод іх тыя, што атрымалі прызнанне і прызы за мяжой.
Я вельмі ганаруся, што мы пакажам у Менску «24 снягі» Міхаіла Барыніна, і крута, што мы прывозім рэжысёра і зможам з ім пагаварыць. Міхаіл здымаў фільм у Якуціі, і гэта быў цікавы досвед, які змяніў яго самога.
Холі Морыс, якая зняла «Бабуль Чарнобыля», сама за час здымак зрабіла для сябе адкрыццё: у чарнобыльскай зоне жывуць людзі, якія адчуваюць сябе там дома. Менавіта таму яны там і жывуць, не сыходзяць, нават калі гэта незаконна. Холі сама мяняла месца жыхарства дваццаць пяць разоў, для яе дом там, дзе камп’ютар. А гэтыя бабулі кажуць: хай мяне лепш заб'юць, чым я паеду. Дзіўныя жанчыны, якія перажылі Другую сусветную, савецкую ўладу і ўсё дваццатае стагоддзе.
І вядома, мы не маем права не паказаць беларускіх рэжысёраў – тым больш што ў нас ёсць Ігар Бышнёў, жывая легенда, які раней і больш за ўсіх здымае прыроду Беларусі, вядомы за мяжой і далучыў да здымак усю сям'ю. Мы пакажам яго новы фільм і правядзем дыскусію, як здымаць жывёл у дзікай прыродзе. Мне самой гэта цікава, таму я і вырашыла пра гэта пагаварыць. Як гэта магчыма? Я не магу сфатаграфаваць свайго ката, таму што гэты засранец пастаянна нешта вытварае, а Бышнёў здымае ваўкоў, зуброў і дзікіх птушак. Было б крута, калі б больш маладых рэжысёраў змаглі гэта пачуць. Мы знайшлі два дні, калі рэжысёр з камандай будуць у Менску паміж іх раз'ездамі на іншыя здымкі.
«Мы глядзім кіно, каб мы адчувалі сябе жывымі, адчувалі і думалі»
Яшчэ адзін фільм, «Блакітнае сэрца», мы пакажам у Міжнародны дзень рэк – 27 верасня. З яго пошукам «Планетарыю» дапамаглі арганізацыі «Багна» і «Цэнтр экалагічных рашэнняў». Тэма «Блакітнага сэрца» – будаўніцтва плацін і гідраэлектрастанцый. На Балканах ёсць цэлы рух, дзе людзі выступаюць супраць таго, каб раку, на якой яны выраслі і сустрэлі першае каханне, знішчылі. Велізарная сцяна плаціны, на якой намалявана жанчына з молатам, – гэта клас. Тэма можа здавацца не вельмі зразумелай, але мы будзем рабіць дыскусію, каб пагаварыць аб праблемах, з якімі сутыкаемся і мы ў Беларусі, напрыклад пра будаўніцтва воднага шляху Е40, які пагражае знішчыць прыроду Палесся.
«Бабулі Чарнобыля» – гэта не пра радыяцыю, гэта пра жыццё, адбітае на іх маршчынах. «Чалавек» – гэта пра людзей, якія жывуць у сітуацыі вайны, беднасці, дабрабыту, рознага клімату і на розных кантынентах, але заўсёды звязаныя паміж сабой. Таму мы і прыдумалі назву «Планетарый» – гэта не толькі з любові да будынка ў парку Горкага. Мне хацелася паказаць маштаб і тое, што мы ўсе жывем на адной планеце. Гэта ўсё адзін дом, усё звязана і нам усім трэба з гэтым жыць.
Праграму фестывалю «Планетарый» – 2018 шукай тут.