У апошні час пытанні сучаснага тэатра і інклюзіўнасць паасобку фігуруюць у трэндах медыя і адкрытых дыскусій. Нашую ўвагу прыцягнула перакрыжаванне гэтых дзвюх тэм, якое мае назву «асаблівы тэатр». Ці ёсць месца людзям, якія не ўпісваюцца ў галівудскія стандарты, на сцэне? Спойлер: вядома, так.
У Беларусі, на першы погляд, справы ідуць не горш, чым на Захадзе, – штогадова праходзяць прынамсі два фестывалі асаблівых тэатраў: «Непратаптаны шлях» у Берасці і «Крок насустрач» у Менску. Да таго ж ўвесь час мільгацяць навіны кшталту «з’яўленне першага тэатра з акторамі-аўтыстамі» і пра краўдфандынгавыя кампаніі па зборы грошай для інклюзіўных тэатраў, каб набыць патрэбныя дэвайсы для асаблівых артыстаў.
«Непратаптаны шлях» спачатку існаваў толькі ў Польшчы, а 12 гадоў таму далучылася Беларусь. Кожны год выбіраецца тэма фестывалю, даволі нейтральная – сёлета была «Афрыка», а да гэтага «Старое кіно». Трупы асаблівых тэатраў з’язджаюцца за свой кошт, каб паказаць спектаклі і такое мастацтва больш шырокай аўдыторыі і прыцягнуць увагу грамадства да патрабаванняў і правоў людзей з інваліднасцю. «Крок насустрач» – менскі брат-блізнюк берасцейскага фестывалю, і яго спектаклі можна наведаць бясплатна.
Калі паглядзець на гэтае варушэнне, складаецца ўражанне, што ўсё даволі няблага і мы нарэшце вялікімі крокамі набліжаемся да сапраўднай інклюзіўнасці хаця б на тэатральных падмостках. Але пры бліжэйшым судотыку з тэмай разумееш, што гэта непараўнальна з тымі выбітнымі прыкладамі, пра якія прынята натхнёна распавядаць, расказваючы пра інтэграцыі «іншага» цела ў перфарматыўнае мастацтва. І рэч не ў тым, што тэатры аматарскія, на Захадзе ж яны таксама ёсць – маленькія, пры інтэрнатах і цэнтрах рэабілітацыі, якія робяць велізарную і патрэбную працу ў павышэнні якасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Праблему з асаблівымі тэатрамі можна пазначыць так: нашыя мясцовыя імкнуцца схаваць асаблівасці сваіх актораў, часам за гратэскнымі мульцяшнымі касцюмамі і наіўнасцю тэатральнага жанру, значна змяншаючы сацыяльны ўплыў твораў. Гэтая маскіроўка асаблівасцяў зноў-такі выключае «не-норму» з дыскурсу.
Высокапрафесійнасць – у тым, каб акрэсліць праблему праз уключэнне рэчаіснасці ў творы, якая распавядае пра іншыя праблемы экзістэнцыі і адносін паміж людзьмі, бо не варта ствараць тэматычнае гета.
«Мы прывыклі глядзець на старэйшых як на нешта каменнае і нерухомае, з целам, якое можа толькі балець і няспынна дэградаваць»
Kontakthof
Нямецкая харэографка, якая нарадзілася яшчэ пры Трэцім райху, зрабіла пэўную рэвалюцыю ў сучаснай харэаграфіі. Яе апошняя работа Kontakthof прысвечана супрацьлегласці «цела фізічнае – цела культурнае». Спектакль паказвае, якія рэакцыі і імпульсы ўзнікаюць у целе, калі мы сыходзімся і ўзаемадзейнічаем з іншымі людзьмі.
Нерафінаваныя дзеянні актораў падаюцца зусім камічнымі, бо апранутыя яны на выхад: у фракі і нуарныя сукенкі. Упершыню спектакль быў пастаўлены для прафесійнай трупы ў 1978 годзе і перакуліў уяўленне пра танец, бо тады штодзённасць не лічылася годнай тэмай для сцэны. Праз 22 гады Піна паўтарыла спектакль, але на сцэну выйшлі пенсіянеры ўзросту 65+ з яе роднага горада Вуперталь. Нават крытыкі, якія прасоўваюць ліберальны погляд на сучаснае мастацтва, падкрэслівалі «смешнасць і камічнасць» сітуацый, калі сталыя людзі фліртуюць ці забаўляюцца.
Мы прывыклі глядзець на старэйшых як на нешта каменнае і нерухомае, з целам, якое можа толькі балець і няспынна дэградаваць. Састарэлыя людзі выціснутыя з бачнага мастацкага поля, а творы, якія паказваюць іх сапраўды жывымі, з жаданнямі і жарсцямі, прыраўноўваюцца да правакацыі. Дарэчы, тэма чалавечага ўзаемадзеяння нікуды не знікла ў гэтым спектаклі, калі на сцэну выйшлі акторы старэйшага ўзросту, але дадаліся новыя пласты і была ўлічаная псіхафізіялагічная арганіка актораў.
Праз яшчэ сем год Піна Баўш паўтарыла спектакль з дылетантамі маладога ўзросту. Падаецца, гэта быў апраўданы крок, бо звычайнае цела выпала з медыйна-творчай прасторы, быццам яго не існуе; і паказаць яго не шакавальна, але і не ідэальна – гэта ў нулявых была такая сабе правакацыя, гучнейшая за голыя геніталіі, магчыма.
Pas de deux, Boléro Variations, Songs for Takashi
Раймунд Хоге нарадзіўся ў Вупертале, у адным горадзе з легендарнай Пінай Баўш, і працаваў некаторы час як драматург для яе танцавальнага тэатра. Тое, што ён у свет танца прабраўся не з параднага ўваходу, не дзіўна, бо ў Раймунда захворванне хрыбта, і праз гэта ягонае цела дэфармаванае.
Ён знайшоў спосаб выказвацца ў танцы не толькі праз драматургію: у 2008-м Хоге быў прызнаны лепшым танцорам года па версіі часопіса Tanz. Нягледзячы на тое, што яго працы разглядаюць у першую чаргу як выказванні пра адзіноту, дуальнасць і сустрэчу двух унутраных светаў (крытыкі гавораць больш пра гэтыя сэнсы), сам Раймунд кажа, што чалавек з інваліднасцю на сцэне шакуе гледача больш, чым натуралістычная лютасць.
Суседства ягонага цела з целам прафесійнага японскага танцора Такашы Уено стварае дуальнасць і супрацьлегласць, якія робяцца стрыжнем для астатніх сэнсаў. Хоге здолеў знайсці і паказаць прыгажосць у тым, што не падпадае пад паняцце кананічнай нормы. І нагадаць, што танец – гэта прасцейшая фізічная маніфестацыя цела. Якога заўгодна цела.
«Раймунд кажа, што чалавек з інваліднасцю на сцэне шакуе гледача больш, чым натуралістычная лютасць»
Disabled Theatre
У 2010 годзе французскага харэографа Жэрома Бэля запрасіў швейцарскі тэатр, трупа якога складаецца выключна з непрафесіяналаў з рознымі псіхічнымі захворваннямі. Жэром праглядзеў некалькі іх спектакляў перад тым, як прыняць рашэнне, бо гэта адрознівалася ад спецыфікі яго папярэдніх прац.
Ён быў зачараваны тым, як гэтая паспяховая, хоць і аматарская асаблівая трупа прасунулася ў дэканструкцыі традыцыйнага тэатра і ягоных табу, больш чым сам Бэль, хаця ён прысвяціў гэтаму сваю кар’еру. У спектаклі Disabaled Theatre кожны з артыстаў выходзіў сам-насам з публікай, распавядаў крыху пра сябе і сваю хваробу, а потым паказваў танец пад любімую песню – цалкам прыдуманы ім самім.
Aліўе Дзюбуа
«Дзеля ўсяго золата свету»
Аліўе Дзюбуа зрабіў са свайго цела мастацкі аб’ект, адначасова застаючыся суб’ектам сваёй творчасці. Яго танцавальны спектакль «Дзеля ўсяго золата свету» быў бы ўспрыняты як эстэтычны і празмерна эратычны, калі б не адна маленькая дэталь: гэты саракагадовы і сімпатычны мужык з даволі годнай пластыкай і музыкальнасцю – поўны. Усе сэнсы і эстэтыка яго рухаў патанаюць у шквале рогату публікі. Гэта яшчэ магло б спрацаваць як нешта сур’ёзнае, калі б усё было прадстаўлена з налётам сацыяльнай драмы і трагічнасці фэт-шэймінгу, але тое падаецца ў лёгкай манеры, пад пазнавальныя класічныя і поп-мелодыі. З такога боку ўсур’ёз успрымаць танцоўшчыка з нестандартнымі памерамі нібы немагчыма. Яго спектакль – разважанні пра памяць, уяўленні і аголенае, адкрытае цела, якое, калі дэманструецца свету, становіцца суб’ектам і аб’ектам насмешак.
Аліўе супрацьпастаўляе сваё некананічнае цела са звыклым вобразам танцоўшчыкаў, якія маглі б быць акрабатамі ў Cirque du Soleil. Гэты кагнітыўны дысананс у публікі і стварае месца для дыялогу і разважанняў наконт цялеснаці і стандартаў.
Гэтыя перформансы ўжо сталі ў пэўным сэнсе класікай такога кшталту мастацтваў і адрозніваюцца высокім узроўнем разумення сітуацыі ды прафесіяналізму. Усе яны на сваім прыкладзе паказваюць, што для змянення сацыяльнага бачання праблемы варта казаць пра яе адкрыта і паказваць так жа. Бо шчырасць і сутыкненне з рэальнасцю, хоць і можа падавацца правакацыяй і выклікаць шок, у доўгатэрміновых планах здолее стварыць прынцыповыя змены. Значна большыя, чым сховы за дэкарацыямі і шматслаёвымі касцюмамі, якія не дазваляюць адбыцца сустрэчы з нязвыклым.
Рэжысёрка Ксенія Галубовіч – пра тое, як і навошта запрашаць на сцэну людзей з інваліднасцю.
Кіраўніца праекта Юлія Купрыенка – пра працу з дзяцьмі з аўтызмам і тэатральную пастаноўку на 100 чалавек.
Десакрализация места с мрачной историей.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (1)
+ Пиппо Дельбоно