Інтэграцыя праз спектакль: як пабудаваны інклюзіўны тэатр «і»

  • 25.05.2018
  • Аўтар: Rondo
  • 4017

28 траўня адбудзецца прэм'ера п'есы «Аднойчы ў вялізным горадзе» – 3D-спектакль па матывах апавядання Фёдара Дастаеўскага «Хлопчык у Хрыста на ёлцы». Пастаноўку рыхтуе сямейны інклюзіў-тэатр «i», сярод акцёраў якога – дзеці з аўтызмам. Напярэдадні прэм'еры мы сустрэліся з Юліяй Купрыенка – кіраўніцай праектаў, якая расказала нам пра тое, як арганізаваць тэатральны праект, з чаго складаецца закулісная кухня і чаму сямейны інклюзіў-тэатр – гэта важна.

 

Як узнікла ідэя інклюзіў-тэатра

– Утварылася ідэя даўно, і першапачаткова гэта быў не тэатр, а творчая студыя для дзяцей, дзе яны маглі займацца вакалам, харэаграфіяй, акцёрскім майстэрствам і ігрой на музычных інструментах. Аднойчы ў нас з'явілася мама дзіцяці з аўтызмам, якая прыйшла і папрасіла займацца з ім, таму што дзесьці прачытала і ведала, што падобныя заняткі – добрая тэрапія.

Мы пачалі займацца, мама пабачыла вынік і поспех – і па сарафанным радыё гэтая інфармацыя пачала распаўсюджвацца, да нас сталі прыводзіць падобных дзяцей. І тады выдатна дапамагла кампанія Velcom, таму што з яе падачы было вырашана зрабіць тэатр на базе студыі. Здарыўся першы спектакль – гэта быў беларускамоўны мюзікл «Флейта-чарадзейка», які мы адыгралі трэцяга чэрвеня 2016-га года. З гэтага моманту існуе сямейны інклюзіў-тэатр «i».

Так гістарычна склалася, што ні ў каго з нашага калектыву няма сваёй асабістай гісторыі, звязанай з аўтызмам. Мы – проста каманда прафесіяналаў, якая робіць сваю справу, і, напэўна, з-за гэтага ў нас такі падыход, што мы не прыдумляем пэўныя ролі для дзяцей з аўтызмам. У нас ёсць спектакль, ёсць ролі, і мы бярэм дзіця на тую ці іншую ролю таму, што яно на яе падыходзіць, а не таму, што ў яго аўтызм.

«Мы бярэм дзіця на тую ці іншую ролю таму, што яно на яе падыходзіць, а не таму, што ў яго аўтызм»

Інклюзія як трыгер

– Я дакладна разумею, што слова «інклюзія» вельмі папулярнае, вельмі добра прадаецца і цяпер ужо гэтае слова запіхваюць усюды – усё, што можа быць, становіцца «інклюзіўным». Але наша гісторыя пачалася тры гады таму, калі вакол гэтай тэмы не было такога ажыятажу, і ў нас сапраўды адбываецца інклюзія – на сцэне таго ж спектакля, які адбудзецца 28 траўня, будзе больш за сто акцёраў, і сярод іх будуць прафесійныя акцёры, дзеці з аўтызмам, дзеці без асаблівасцяў развіцця і іх бацькі. Хіба такі разнамасны акцёрскі склад нельга назваць інклюзіўным?

Калі канкрэтна казаць пра дзяцей з аўтызмам, то для іх важна знаходзіцца ў асяроддзі дзяцей без асаблівасцяў развіцця, таму што яны капіруюць іх паводзіны. І калі яны знаходзяцца ў асяроддзі дзяцей без аўтызму, яны вучацца таму, як сябе трэба паводзіць, як узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі. Тут інклюзія заключаецца ў тым, што ў дзяцей з аўтызмам ёсць прыклад паводзінаў, і для іх гэта сапраўды важна.

 

 

«Я дакладна разумею, што слова "інклюзія" зараз вельмі папулярнае»

Унутраная кухня тэатра

– Усяго ў тэатры займаецца каля 80 дзяцей. Праца з усімі будуецца па-рознаму: дзеці з аўтызмам пачынаюць з індывідуальных заняткаў: гэта заняткі з псіхолагам, якія адбываюцца да ўключэння дзіцяці ў калектыў. А далей – у залежнасці ад патрэбаў: камусьці патрэбная праца з харэографам – для развіцця буйной маторыкі, камусьці патрэбная праца з вакалістам – для таго, каб развіць гаворку. Потым дзеці ўключаюцца ў агульны калектыў, але некаторыя займаюцца на індывідуальнай аснове дастаткова доўга. Працаваць з дзецьмі з аўтызмам не нашмат складаней, чым са звычайнымі.


Працэс

– Калі гэта не падрыхтоўка да спектакля, то адбываюцца не рэпетыцыі, а звычайныя заняткі: рэгулярныя ўрокі па харэаграфіі, вакале, акцёрскім майстэрстве. Выкладчык дае дзецям заданне, яны яго выконваюць – як і ў любым іншым месцы, тут няма нейкіх незвычайных маніпуляцый.


Чаму гэта цікава

– Да «i» я не мела вопыту работы з сацыяльнымі праектамі, з чымсьці дабрачынным. Я працавала ў камерцыйных структурах, займалася продажамі. У нейкі момант у мяне здарылася прафесійнае выгаранне – мне перасталі быць цікавымі продажы, а «не галодны» прадавец – дрэнны прадавец. І на нейкі час я ўзяла паўзу для таго, каб падумаць над тым, чым я хачу займацца, і ў мяне нарадзілася ідэя рабіць нешта карыснае для кагосьці яшчэ, акрамя як для сябе. Я прыйшла ў гэты праект, прапанавала сваю дапамогу, затрымалася на паўгода і дакладна не збіраюся сыходзіць, таму што бачу шмат перспектыў, якія атачаюць гэты праект.

 

Як арганізаваць падобны праект

– Калі хто-небудзь хоча арганізаваць тэатральны праект, звязаны з дзецьмі, у якіх ёсць асаблівыя патрэбы, то мы адкрытыя і гатовыя дзяліцца вопытам, таму што нас адных на гэтай ніве дакладна мала. Звяртайцеся да нас, і мы з радасцю падзелімся сваімі ведамі.

А калі казаць пра арганізацыю падобных сацыяльных праектаў, то гэтага трэба вельмі моцна жадаць, таму што гэта зусім не проста. У такіх праектах усё ўпіраецца ў фінансаванне – гэта могуць быць спонсары, ахвяраванні, гранты. Спонсара трэба знайсці, яго трэба ўтрымаць. Знайшоўшы спонсара сёння, ты не можаш быць упэўнены ў тым, што ён будзе заўтра. Праекты на гранты трэба навучыцца пісаць, і пісаць іх трэба шмат, каб калі-небудзь гэтыя гранты атрымаць. Трэба разумець, што гэта няпроста і трэба будзе шмат працаваць. Але гэта вельмі высакародная справа, і эфект, які праяўляецца з-за таго, што людзі становяцца крыху больш радаснымі і шчаслівымі, кампенсуе ўсе траты часу, сіл і грошай.

«У такіх праектах усё ўпіраецца ў фінансаванне»


Чаму варта прыйсці на спектакль «Аднойчы ў вялізным горадзе»

– Па-першае, гэты спектакль створаны па матывах твора Дастаеўскага, і, здаецца, гэта першая пастаноўка Дастаеўскага на беларускай мове – спасылаюся на інфармацыю ў інтэрнэце. Па-другое, гэта Дастаеўскі, якога спяваюць і танчаць, – гэта таксама незвычайна. Па-трэцяе, у нас няма стандартных дэкарацый: у нас увесь спектакль пабудаваны на праекцыях пярэдняга і задняга планаў, то-бок узнікае эфект прысутнасці. Таксама гэта калядная гісторыя. І ў траўні, калі вакол лётаюць «сняжынкі» з таполевага пуху, апынуцца акружанымі 3D-сняжынкамі неяк асабліва незвычайна. І не варта забываць пра тое, што на сцэне будзе больш за сто акцёраў, пры гэтым разнапланавых, так што гэта проста вельмі відовішчна.

 

«Нельга казаць пра тое, што ўсе дзеці з аўтызмам геніяльныя»

Сувязь з дзецьмі

– Мы пераплецены з нашымі дзецьмі: мы ведаем, як яны здаюць іспыты, якія ў іх ацэнкі, у каго котка нарадзіла кацянят. Гэта ўжо не проста праект, а вялікая сям'я.
Калі я першы раз прыйшла на заняткі, то разумела, што магу ўбачыць асаблівых дзяцей. Я прыйшла падрыхтаваная, і тут адна дзяўчынка стала бегаць па зале, махаць рукамі, як крыламі, і выдаваць такія гукі, быццам бы яна птушка. Мне стала страшна, я не разумела, што мне трэба рабіць, – тады я стала глядзець на іншых дзяцей, на дзяцей без асаблівасцяў развіцця. І зразумела, ні для каго з іх паводзіны гэтай дзяўчынкі не былі чымсьці дзіўным, страшным або смешным – яны ўзялі гэтую дзяўчынку за рукі і сталі хадзіць з ёй разам. І я навучылася ў нашых дзяцей адносінам да людзей з асаблівасцямі развіцця. І мне здаецца, што, чым больш будзе такіх месцаў, дзе ёсць дзеці і такія, і іншыя, наша грамадства будзе больш здаровым. Таму што я разумею, што дзеці, якія вучацца ў нас, вырастуць, і для іх аўтызм не будзе здавацца чымсьці дзікім.

Дзеці бачаць тое, што мы не бачым. Яны разумеюць, што ў аўтызму няма ні жудасных, ні прывабных рысаў. А ў нас ёсць такое: мы альбо не бачым людзей з інваліднасцю, альбо раптам іх заўважаем і пачынаем упадаць у крайнасці. Тое ж самае з аўтызмам: спачатку яго проста не заўважалі, а цяпер пра яго гавораць усе, пры гэтым пачынаюць ссоўваць кантэкст у крыху іншы бок – маўляў, усе людзі з аўтызмам геніяльныя і таленавітыя. Але яны розныя, як і ўсе людзі: ёсць дзеці, якія пішуць п'есы, а ёсць тыя, хто не выходзіць з дому. Важна не ўпадаць у крайнасці – нельга казаць пра тое, што ўсе дзеці з аўтызмам геніяльныя, але і не трэба казаць пра тое, што яны небяспечныя і безнадзейныя. Ісціна ўсё ж такі дзесьці пасярэдзіне.

 

Праекты будучыні

– Праектаў – вагон. Восенню мы пачнем рэпетыцыі новага спектакля, ён будзе называцца «Восем пачуццяў». Гэта будзе спектакль па п'есе нашага маладога драматурга, дванаццацігадовага Кастуся Жыбуля. Таксама ў нас ёсць партнёрства з галандскім тэатрам KAZOO, у якім граюць дарослыя людзі. Гэты тэатр не інклюзіўны: уся трупа, акрамя рэжысёра, складаецца з людзей з аўтызмам. З гэтым тэатрам у нас будзе сумесны праект – частка спектакля будзе рэпетавацца ў Галандыі, частка – у Беларусі, а потым мы будзем усю гэтую справу «склейваць». Гэта вельмі важна, так як у галандскім тэатры граюць дарослыя, і гэта прыклад таго, якімі могуць быць нашы дзеці, калі пасталеюць. Гэта вельмі важна – паказаць бацькам дзяцей з аўтызмам тое, што дыягназ не прысуд і ва ўсіх дзяцей ёсць будучыня.

«Дзеці, якія вучацца ў нас, вырастуць, і для іх аўтызм не будзе здавацца чымсьці дзікім»

Чаму варта адвесці сваё дзіця ў сямейны інклюзіў-тэатр

– Наогул для такой інклюзіўнай працы добрыя суадносіны 15 на 85: 15% дзяцей з аўтызмам і 85% дзяцей без гэтага дыягназу. На сённяшні дзень у нас гэтая прапорцыя не ўтрымліваецца – у нас дзяцей з аўтызмам больш, чым 15%. І гэта не вытрымліваецца з-за таго, што не прыводзяць звычайных дзяцей.

Таму хачу звярнуцца да бацькоў: прыводзьце сваіх дзяцей, каб яны атрымалі шматбаковае творчае развіццё і выйшлі на новы ўзровень дабрыні – рабяты з аўтызмам вельмі адчувальныя, і калі ў каго-небудзь што-небудзь адбываецца, яны першымі ідуць на дапамогу. Вучыцца адчуваць адно аднаго важна, і шкада, што не такая вялікая колькасць дзяцей вучыцца гэтаму навыку.

 

Пастаноўка «Аднойчы ў вялізным горадзе» адбудзецца 28 мая а 19:00.

Адрас: Палац культуры прафсаюзаў (пр-т Незалежнасці, 25).

Кошт: 5, 7, 10 рублёў.

Фота: binkl.by, www.theatre-i.by