Што рабіць, калі тваю ананімнасць парушылі?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 11.05.2020
- 7583

Па-першае, нагадваем: privacy няма. Па-другое, гэта не значыць, што за privacy не варта пазмагацца. Распавядаем, што рабіць, калі табе так прыемна было жыць за аватаркай з Дартам Вэйдарам, але ў адзін непрыемны дзень увесь інтэрнэт даведаўся, як цябе завуць, і ўбачыў пікантныя здымкі, зробленыя для каханай(-га).
Гэта парушэнне ананімнасці, якое заключаецца ў публікацыі персанальных дадзеных карыстальнікаў інтэрнэту. Апублічыць могуць сапраўдныя імя-прозвішча, адрас пражывання, месца працы, дыягназы або вынікі медабследавання, дадзеныя банкаўскіх картак, нумар аўтамабіля, сямейны статус, інфу пра судзімасці.
Наогул дэананімізацыя можа здарыцца для нейкіх «унутраных» спраў: на патрэбу следства, для раскрыцця паднаготнай патэнцыйнага пазычальніка або страхавальніка і г.д. Напрыклад, у 2011 годзе французскі суд дэананімаваў асобу аднаго з рэдактараў Вікіпедыі, які старанна выкрэсліваў з артыкула пра сэрвісы для мікраплацяжоў згадкі аб адной кампаніі, каб дагадзіць іншай. Так наступіў «канец эпохі ананімнасці ў Вікіпедыі».
Але часам асабістыя дадзеныя раней ананімнага карыстальніка публікуюцца наогул для ўсіх, напаказ – з мэтамі «выхавання», цкавання, вандалізму. У гэтым выпадку можна: а) дамагчыся выдалення інфармацыі; б) пакараць «выхавацеля»; в) паспрабаваць стрэсці з яго кампенсацыю маральнай шкоды.
![]()
У Канстытуцыі радзімы замацаванае тваё права на абарону ад неўмяшання ў асабістае жыццё (арт. 28). Іншая справа, што межы гэтага самага асабістага жыцця ў заканадаўстве не тое каб выразныя, да таго ж іх размылі сацыяльныя сеткі з прынцыпам: посціш фота на адным рэсурсе ў інтэрнэце – не наракай, калі яе ўвалаклі кудысь яшчэ.
У законе ёсць такое паняцце, як «нематэрыяльныя даброты» (арт. 151 ГК РБ): сярод іншага да іх адносяцца годнасць асобы, асабістая недатыкальнасць, гонар і добрае імя, дзелавая рэпутацыя, недатыкальнасць прыватнага жыцця, асабістая і сямейная таямніца. І ёсць паняцце «персанальная інфармацыя»: тут і ідэнтыфікацыйны нумар, і прозвішча, і фотапартрэт, і дадзеныя пра бацькоў, жонку, мужа, дзяцей і шмат чаго яшчэ – увогуле ўсё, што дазваляе ў пэўнай меры адрозніць цябе ад іншых людзей.
Калі ў Сеціве з'явілася персанальная інфармацыя пра цябе без найменшага на тое акцэпту і ты выходзіш на сцежку разборак, ведай: ты абараняеш свае грамадзянскія правы.
![]()
Пішы наўпрост туды, дзе яна апублікаваная. Растлумач сітуацыю. Можаш апеляваць да артыкула 22.13 КаАП аб разгалашэнні персанальных дадзеных і да артыкула 179 КК аб незаконным распаўсюдзе інфы пра прыватнае жыццё. Захоўвай перапіскі з адміністрацыяй рэсурсу.
Калі цябе ігнаруюць – ідзі ў суд. Па ідэі, можна дамагчыся не толькі выдалення, але і кампенсацыі шкоды, якая была нанесеная твайму гонару, годнасці або дзелавой рэпутацыі (арт. 153 ГК РБ).
Калі сайт не беларускі, давядзецца бадацца ў чужой сістэме права. Будзе яшчэ складаней.
У некаторых выпадках можна паспрабаваць медыйны шум («паглядзіце, што дзеецца!»): ананімам назад усё роўна ўжо не стаць, а справядлівасці ж хочацца.
![]()
У КК РБ ёсць досыць сур'ёзныя артыкулы 349 «Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» і 352 «Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй».
Магчымае пакаранне – ад штрафу да абмежавання волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў. Апошняе – у выпадку, калі ўзлом пацягнуў за сабой цяжкія наступствы.
![]()
А калі звесткі апублікаваў той, хто здабыў іх на службе?
У самым лайтовым варыянце за разгалашэнне натарыяльнай, банкаўскай ці іншай ахоўнай законам таямніцы могуць пакараць штрафам па тым жа адміністрацыйным артыкуле 22.13 – ад 4 да 20 «мінімалак». Не мае значэння, зрабіў гэта чалавек наўмысна або па неасцярожнасці.
Таго (тую), хто выдаў(-ла) таямніцу ўсынаўлення або ўдачарэння, могуць пакараць грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года (ст. 177 КК РБ).
За разгалашэнне дыягназу караюць штрафам, здымаюць з пасады, а часам нават забараняюць займацца пэўнай дзейнасцю. Калі засвечаныя ВІЧ ці СНІД, свабода балбатуна можа быць абмежаваная на тэрмін да трох гадоў. І зусім рэальны тэрмін свеціць тым, чыя балбатлівасць прывяла да цяжкіх наступстваў – напрыклад, над чалавекам навісла пагроза забойства, яму спалілі дом або ў яго развілася псіхічнае захворванне (арт. 178 КК РБ).
![]()
Што разумеюць пад маральнай шкодай?
Маральная шкода – гэта фізічныя і маральныя пакуты, якія адчувае чалавек. Болі, адхіленні ад звычайнага стану здароўя, адчуванні страху, сораму, трывогі, прыніжэння – пасуе многае.
У судзе трэба максімальна дакладна апісаць, як сітуацыя парушыла твае планы і забрудзіла звыклую плынь быцця. Зрабі скрыншоты пагроз, якія сталі прыходзіць у твой мэсэнджар; прыкладзі дакументы аб звальненні; прынясі даведку ад псіхіятра і г.д.
![]()
А колькі каштуюць маральныя пакуты?
Запрасіць можна колькі заўгодна, але запрошаная сума павінна быць абгрунтаванай. Закон дыктуе прытрымлівацца «патрабаванняў разумнасці і справядлівасці». Калі праз дэанан табе давялося прапіць настой валяр'янкі, суддзя ніяк не пагодзіцца, што гэта рэлевантна мільёну, хай нават і рублёў.
Суд ацэньвае характар перажытых пакут з улікам канкрэтных абставін справы і асобы пацярпелага. Тут мае значэнне ўсё: узрост, стан здароўя, фінансавыя магчымасці істца(-іцы).
Важна: калі ідзеш у суд па кампенсацыю маральнай шкоды, будзь добры(-ая) выплаціць дзяржпошліну. Гэта тры базавыя незалежна ад таго, колькі ты хочаш стрэсці з адказчыка(-цы).
Важна-2: тэрмін іскавай даўнасці на патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды не распаўсюджваецца, так што, калі праведны гнеў флегматычна нагнаў цябе праз гады, ты ўсё яшчэ можаш прэтэндаваць на грашовы «бонус».
![]()
Што яшчэ пачытаць па тэме?