Чым малы памежны рух адрозніваецца ад шэнгену, як атрымаць запаветны дазвол і чаму жыхары Горадні ды Берасця яшчэ не ездзяць адвольна за мяжу – раскрываем таямніцы ў новым выпуску рубрыкі «Працэс».
Уяві сабе сітуацыю: ты жывеш у вёсцы, дзе палова поля належыць Беларусі, а палова – іншай краіне. І для таго, каб перасекчы гэтую мяжу, табе трэба ехаць за 100 кіламетраў. Жахліва, так? Але ёсць выйсце, і імя яму – «малы памежны рух», ці скарочана МПР.
МПР – палегчаны рэжым перасячэння мяжы для грамадзян дзвюх дзяржаў, якія жывуць у памежнай зоне – 30-50 кіламетраў каля дзяржаўнай мяжы ў абодва бакі. У Беларусі на мяжы з Літвой жыве прыкладна 800 тысяч чалавек, а на мяжы з Польшчай – каля 900 тысяч.
Галоўны сэнс – спрасціць працэс перасячэння мяжы для людзей, якія жывуць на памежжы.
МПР існуе толькі паміж дзяржавамі – чальцамі ЕС і іх суседкамі. Зараз гэта толькі Беларусь.
Ва Украіне МПР дзейнічаў з усімі суседзямі з ЕС. Зараз, у сувязі з бязвізам, ён дапрацоўвае апошнія дні.
Да пачатку 2016 года малы памежны рух дзейнічаў паміж Польшчай і Калінінградскай вобласцю Расіі.
З 2012 года МПР дзейнічае паміж Беларуссю і Латвіяй.
Жыхарам, якія прапісаныя ці маюць маёмасць на тэрыторыі, што трапляе пад усталяваныя міжнародныя нормы (нагадаем: 30-50 кіламетраў па абодва бакі мяжы), выдаецца спецыяльны дазвол.
Для атрымання дазволу можна звярнуцца ў Латвійскае консульства ў Віцебску.
Іншы варыянт: запісацца ў спецыяльныя спісы ў мясцовым выканкаме ці сельсавеце, запоўніць заяву і падаць неабходныя дакументы. Іх спіс практычна супадае са стандартным пакетам докаў на візу.
Толькі даведак з працы ці месца вучобы, а таксама грошай на рахунку не трэба.
Потым гэтыя дакументы накіроўваюцца ў аблвыканкам, а затым у консульства.
Тэрмін дзеяння дазволу паміж Беларуссю і Латвіяй – адзін год. Кошт – 20 еўра. Калі ты ўжо на пенсіі, маеш інваліднасць ці няпоўнагадовы(-ая), то вызваляешся ад аплаты.
Усю інфу ты дакладна знойдзеш на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта.
Трэба даказаць, што ў цябе ёсць прычыны на атрыманне дазволу на спрошчанае перасячэнне мяжы. Напрыклад, маёмасць ці сваякі па той бок мяжы.
Тэрмін дзеяння гэтага дазволу паміж Беларуссю і Латвіяй складае год. Гэта нешта сярэдняе паміж візай і ВНЖ, бо па гэтай паперы ты можаш знаходзіцца на тэрыторыі суседняй краіны 90 дзён запар. На 91-ы дзень вяртаешся ў Беларусі – і вуаля, тэрмін абнуліўся. Можаш тусавацца ў ЕС па новай.
Важна: у адпаведнасці з дамовамі ты не можаш ехаць далей за памежную зону. Фактычнага кантролю не адбываецца, але гэта будзе парушэннем закону і пакараецца з усёй ягонай жорсткасцю: дэпартацыяй ды забаронай уезду ў ЕС ці Беларусь на 5 гадоў.
Перасякаць мяжу можна ў любым пункце пропуску ў адпаведнасці з усталяванымі там правіламі. Можна на ровары, можна пешшу – ю а вэлкам.
З-за гістарычных прычын на памежжы розных дзяржаў традыцыйна жывуць прадстаўнікі мноства нацыянальнасцяў. У жыхароў памежных тэрыторый часта ёсць сваякі ці сябры ў Польшчы, Літве, Латвіі.
Ёсць вёскі, дзе адна частка знаходзіцца ў Беларусі, а могілкі ці касцёл – у Літве. Малы памежны рух дазваляе аднавіць гэтыя сувязі.
Натуральным чынам малы памежны рух спрыяе развіццю бізнэсу і турызму.
У абмежаваным выглядзе малы памежны рух рэалізаваны для Горадні і Белавежскай пушчы – іх замежнікі могуць наведваць без візы на працягу пяці дзён. Але патрэбны турыстычны ваўчар.
Дарэчы, дзякуючы гэтым паслабленням Беларусь за 2017 год наведала каля 30 тысяч чалавек. Улічваючы, што найбольш прывабныя для турыстаў гарады – Горадня і Берасце – знаходзяцца на мяжы з ЕС, уяві, як могуць павялічыцца гэтыя лічбы.
Афіцыйная версія беларускага МЗС – негатоўнасць памежнай інфраструктуры і, у прыватнасці, пунктаў пропуску да вялікай колькасці людзей.
Па прыкладных адзнаках пад дзеянне малога памежнага руху з польскага, беларускага і літоўскага боку ў сукупнасці трапляюць каля 3 мільёнаў чалавек і такія буйныя гарады, як Вільня, Берасце, Горадня, Ліда.
Варта зазначыць, што пасля таго, як Літва, Латвія, Польшча ўвайшлі ў ЕС, вялікая колькасць пунктаў была зачыненая. Гэта было адной з умоў далучэння да ЕС для ўтрымання бяспекі межаў. Гіпатэтычна гэтыя пункты існуюць, і яны ёсць, іх працу трэба толькі ўзнавіць.
Таксама беларускія чыноўнікі часам баяцца, што памежныя жыхары проста вывезуць усю валюту з краіны.
Апелююць яны і да дарагавізны гэтага праекта.
Яшчэ адзін з аргументаў: з-за адкрытай мяжы жыхары памежжа не будуць купляць беларускія тавары, а цалкам будуць закупацца ў бліжэйшых «Бядронках» ды «Максімах».
Афіцыйныя дакументы былі падпісаныя яшчэ ў 2010 годзе. Тады ж былі пасланыя ноты аб запуску МПР з Літвы, Польшчы і Латвіі.
Для запуску малога памежнага руху Беларусь павінна адаслаць аналагічную ноту. Але пакуль што адказ быў толькі латвійскаму боку.
Сітуацыя з малым памежным рухам не мяняецца вось ужо на працягу пяці гадоў. У асноўным нешта для гэтага пытання робяць актывісты ды ініцыятыўныя групы.
Валанцёры кампаніі «Без візы», альянсу «Грамадзянская Гарадзеншчына» ездзяць у памежныя рэгіёны і распавядаюць мясцовым жыхарам пра магчымасць малога памежнага руху.
Таксама грамадскія актывісты перыядычна ладзяць круглыя сталы, дзе абмяркоўваюць праблему.
Неабыякавыя знялі ўласны дакументальны фільм пра жыццё на беларуска-літоўскай мяжы.
А ва ўкраінскага малога памежнага руху нават былі ўласныя песняры – зацані праект з-пад Львова Kurwa Matj.
На памежжы з Літвой жыве каля 800 тысяч беларускіх грамадзян. З Польшчай – 900 тысяч. Гэта каля 10% ад насельніцтва краіны.
Усяго ў Беларусі працуе 13 пунктаў пераходу з краінамі Еўрапейскага звязу (2 – з Латвіяй, 4 – з Літвой, 7 – з Польшчай).
Беларусь – сусветны лідар па колькасці выдадзеных шэнгенскіх віз на душу насельніцтва. У 2016 годзе мы занялі пятае месца ў свеце сярод абсалютнай колькасці выдадзеных шэнгенскіх віз. Нас абышлі Расія, Турцыя, Украіна і Кітай. У кожнай з гэтых краін насельніцтва больш як мінімум у чатыры разы, чым у Беларусі.
У 2015 годзе для беларусаў было выдадзена 632 дазволы з латвійскага боку.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Тлумачым, як працуе пагадненне аб невыдаванні і чым табе пагражае яго парушэнне.
Расказваем, як не захварэць на шаленства пасля няўдалага кантакту з жывёламі.
Пакрокавая інструкцыя для тых, у каго сэрца баліць ад дзяржаўных парушэнняў закона.
У сетках сядзяць 5,63 мільёна.
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».