Таямніца асабістага жыцця
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 22.03.2019
- 6394
Здаецца, на Захадзе святасць прыватнага жыцця ўзведзеная ў абсалют (хоць прафесія папарацы цалкам хлебная). А што ў нас? Разбіраемся з паняццем прыватнасці ў беларускім законе і прыкідваем, як можна пакараць руплівага чытача тваіх перапісак у Facebook.
У сусветнай практыцы, калі кажуць пра абарону права на недатыкальнасць прыватнага жыцця (privacy), часцей за ўсё карыстаюцца паняццем «персанальныя дадзеныя». Унутры яго вылучаюць больш вузкае – «адчувальная інфармацыя» (sensitive personal data). Да адчувальнай інфармацыі звычайна адносяць звесткі пра расавае, этнічнае паходжанне, рэлігійныя перакананні, палітычныя погляды, пра здароўе і сэксуальнае жыццё.
Беларускі закон да адчувальнай інфармацыі адчувальны не вельмі. Паняцце прыватнага жыцця ў ім вельмі размытае і збіраецца з розных дакументаў, як пазл. Паўней за ўсё пра таямніцу асабістага жыцця напісана ў старой, 1996 года, паперцы з бясконцай назвай «Інструкцыя аб рэжыме доступу да дакументаў, якія змяшчаюць інфармацыю, якая адносіцца да таямніцы асабістага жыцця грамадзян...». Гэтая інструкцыя рэгулюе доступ да дакументаў у архівах, аднак дае пэўнае ўяўленне пра тое, як акрэсленыя межы privacy кожнага беларуса(-кі).
Згодна з гэтым дакументам, адчувальнай з'яўляецца інфармацыя:
- пра здароўе, сямейныя і інтымныя адносіны;
- пра абставіны нараджэння, усынаўлення, разводу;
- пра асабістыя звычкі і схільнасці;
- асабістая перапіска і карэспандэнцыя, дзённікавыя, тэлефонныя, тэлеграфныя, відэа-, аўдыя- і іншыя віды захавання інфармацыі;
- пра маёмаснае становішча, крыніцы даходаў;
- пра дзейнасць, якая змяшчае камерцыйную таямніцу;
- пра інтэлектуальную ўласнасць;
- звесткі, разгалашэнне якіх стварае пагрозу асабістай бяспекі грамадзяніна, бяспекі членаў яго сям'і і маёмасці;
- пра ўдзел грамадзян у дзеяннях судова-следчых органаў у якасці абвінавачаных, падсудных, сведак і гэтак далей, а таксама пра абвінавачванні ў злоўжываннях уладай або службовым становішчам.
Калі нешта з пералічанага прасачылася кудысьці без тваёй згоды – можаш ляпіць іск аб абароне прыватнага жыцця.
Канстытуцыя РБ (арт. 28) гарантуе права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў тваё асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на твой гонар і годнасць.
Грамадзянскі Кодэкс РБ (арт. 151) называе неадчужальнымі і невымоўнымі такія нематэрыяльныя даброты, як годнасць асобы, гонар і добрае імя, недатыкальнасць прыватнага жыцця, асабістая і сямейная таямніца і шмат чаго яшчэ. Калі чалавек памёр, усе гэтыя штукі могуць абараняць яго нашчадкі.
Закон РБ «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і ахове інфармацыі (арт. 17–18) адносіць інфармацыю аб прыватным жыцці фізічнай асобы і яго персанальныя дадзеныя да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежаванае. Калі нейкія людзі (або сайты) хочуць займець інфармацыю пра тваё прыватнае жыццё, яны павінны атрымаць ад цябе дазвол. Але што можна лічыць дазволам – нідзе толкам не апісваецца.
Закон «Аб СМІ» (ст. 34) абавязвае журналістаў атрымліваць згоду на тое, каб сфатаграфаваць або зняць цябе на відэа. Аднак калі ты апынуўся(-лася) у публічнай прасторы або на масавым мерапрыемстве, то цябе могуць здымаць, колькі заманецца.
Журналісты пусцілі дрон над тваёй вілай у Смалявічах, знялі, як ты тусіш з топ-мадэлямі ў басейне, і выклалі эфектную фотагалерэю ў інтэрнэт.
У газеце «Здароўе нацыі» апублікавалі рэкламу клінікі пластычнай хірургіі і згадалі цябе як яе кліента.
У інтэрнэце апублікавалі артыкул, у якім твая жонка падрабязна выкладае сваю версію вашага расстання і ў якасці аргумента прымацоўвае твой абанемент у піўную каля дома.
Твой экс-бойфрэнд зайшоў да цябе ў офіс падчас планёркі і распавёў усім пра тое, што ты гей.
Твая сяброўка (ужо былая) апублікавала вашу перапіску з ВК у пабліку з мемамі.
Невядомы выклаў на YouTube ролік пра тое, як ты, не змяняючы муштука, курыш у клубе кальян з чужой жонкай.
І шмат, шмат, шмат чаго іншага.
Як пакараць чалавека, які парушыў таямніцу прыватнага жыцця?
За парушэнне недатыкальнасці прыватнага жыцця беларускі закон прадугледжвае адміністрацыйную і крымінальную адказнасць.
Калі суд палічыць, што разгалашэнне таямніцы рэальна пашкодзіла тваім правам, свабодам і законным інтарэсам, то зламысніка могуць судзіць па арт. 179 КК РБ. Пакаранне разнастайнае: штраф, грамадскія працы, арышт.
Калі чалавек, які разгаласіў адчувальную інфармацыю, атрымаў яе дзякуючы нейкім прафесійным ці службовым магчымасцям, яго могуць пакараць па арт. 22.13 КоАП. Падлюгу пагражае штраф ад 4 да 20 базавых велічынь.
Каб згладзіць смутак ад уцечкі асабістай інфармацыі, з крыўдзіцеля можна стрэсці грошай (арт. 152 ГК РБ). Памер кампенсацыі маральнай шкоды залежыць ад самых розных абставінаў. Суддзя павінны будзе неяк ацаніць ступень тваіх фізічных і маральных пакут.
Калі ісці ў суд не хочацца, можна накіраваць парушальніку прэтэнзію, у якой выкласці свае патрабаванні, у тым ліку – заявіць аб грашовых дамаганнях. Калі той пагодзіцца загладзіць віну, то чаму б і не.
Нюансы фармулёвак
Калі хтосьці распаўсюдзіў інфармацыю, якая шкодзіць твайму рэнамэ, але пры гэтым у «злога языка» няма доказаў, што гэта праўда, можна адправіцца ў суд не з іскам аб абароне прыватнага жыцця, а з іскам аб абароне гонару і годнасці (арт. 153 ГК РБ «Абарона гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі»). Тут таксама можна прэтэндаваць на пакрыццё страт і маральнай шкоды.
Таксама цябе могуць зацікавіць артыкулы КК РБ «Паклёп» і «Абраза».
Усе справы аб абароне прыватнага жыцця разглядаюцца вельмі індывідуальна. Беларускі закон не дае агульных алгарытмаў, якімі маглі б кіравацца суды.
«Я журналіст(-ка) / фатограф(-ка). Як мне засцерагчы сябе ад іскаў аб абароне прыватнага жыцця?»
Не публікуй без згоды здымкі з прыватнай тэрыторыі або закрытай вечарынкі; здымкі пацярпелых і памерлых у ДТЗ; партрэтныя здымкі з медыцынскіх устаноў; здымкі дзяцей без згоды іх бацькоў.
Не публікуй персанальныя дадзеныя чалавека без яго згоды. Нават калі гэтыя дадзеныя атрыманы з афіцыйнага каментара пракурора.
Не публікуй гісторыю пра асабісты канфлікт з каментаром толькі аднаго з яго бакоў.
Не публікуй скрыншотамі пасты з сацыяльных сетак. Убудоўвай іх з дапамогай embed-кода. У гэтым выпадку, калі карыстальнік захоча схаваць пост, ён знікне і на тваім рэсурсе. Прыватнасць не пацерпіць.
Не публікуй перапіску без згоды ўсіх яе ўдзельнікаў. Так, ты можаш зрабіць публікацыю з замазваннем усіх персанальных дадзеных у фаташопе, але гэта не панацэя: калі дыялог будзе такім, што яго ўдзельнікаў лёгка апазнаюць іх знаёмыя, непрыемнасці магчымыя.
Калі ўзнікае падазрэнне, што інфармацыя можа быць адчувальнай, лепш ад яе публікацыі адмовіцца. Халера з ім, з трафікам!
Пачытай таксама:
Iлюстрацыя by Sheeborshee