Памятка журналісту: як карыстацца асабістымі дадзенымі?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 06.02.2020
- 6197
Ці можаш ты здымаць і публікаваць фота людзей, прыватнай тэрыторыі, месцаў здарэння? Ці можна распаўсюджваць інфармацыю з сацсетак ці выкладаць перапіску? А калі гэта датычыцца публічных персон і грамадскага інтарэсу? На Privacy Day, які прайшоў 1 лютага ў Менску, шмат казалі пра межы асабістага жыцця. Па выніках лекцыі адваката Сяргея Зікрацкага і памочніцы адваката Алены Лысаковай мы склалі памятку, як пісаць пра іншых людзей і пры гэтым не атрымаць позву ў суд. Нормы закона датычацца не толькі прафесійных журналістаў, але і ўсіх, хто публікуе нешта ў інтэрнэце.
Права на выяву
У 2018 годзе Канстытуцыйны Суд вырашыў падняць такую тэму: да іх звярнуліся з Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і з МУС. Грамадскі савет пры Міністэрстве ўнутраных спраў у сваім звароце палічыў, што апублікаванне фота і відэа з супрацоўнікамі органаў можа наносіць у тым ліку непапраўны ўрон іміджу сістэмы правапарадку. Таму права на выяву неабходна абараняць. Канстытуцыйны Суд сапраўды адзначыў, што кожны чалавек мае такое права, і пастанавіў унесці адпаведныя праўкі пра выкарыстанне і ахову права на выяву ў Грамадзянскі кодэкс.
Пакуль што гэтыя змены не былі ўлічаны, таму на практыцы адвакаты раяць арыентавацца на адпаведны артыкул у Грамадзянскім кодэксе Расіі, якая ўваходзіць у Савет Еўропы і чые законы павінны суадносіцца з Еўрапейскай канвенцыяй правоў чалавека. Такім чынам, выяву можна распаўсюджваць толькі са згоды, але ёсць тры выключэнні.
1. Калі распаўсюджванне ажыццяўляецца ў дзяржаўных, грамадскіх і публічных інтарэсах.
2. Калі здымалі ў месцах, свабодных для наведвання, ці на публічным мерапрыемстве (канферэнцыя, канцэрт, спартыўнае спаборніцтва і гэтак далей). Выключэнне: калі гэты чалавек з’яўляецца адзіным аб’ектам здымкі.
3. Чалавек пазіраваў за плату.
Адзін прыватны выпадак, з якім часта сутыкаюцца адвакаты, – здымка відэарэгістратарам. Прыходзяць скаргі ў рэдакцыі накшталт: «Чаго вы размясцілі відэа, быццам я парушаю правілы дарожнага руху?» Тут можна кіравацца гэтымі ж прынцыпамі: здымка праводзілася ў публічным месцы – усё нармальна.
Здымка прыватнай тэрыторыі
За магчымасць паглядзець, як прыгожа жывуць артысты або чыноўнікі, можна заплаціць штраф. Пытанне тут у межах дапушчальнага ўмяшання ў прыватнае жыццё. Агульны падыход такі: калі чалавек робіць нейкія звышнамаганні для таго, каб нешта зняць на прыватнай тэрыторыі, то гэта можна палічыць за ўмяшанне ў асабістае жыццё. Норма: зняць нешта за межамі агароджы, як любы мінак. Не норма: залезці на дрэва, прыблізіць так, каб было бачна, што адбываецца ўнутры дома, выкарыстоўваць дрон.
Здымка месцаў здарэння і пацярпелых
Інфармацыя пра здароўе і абставіны смерці – гэта ўсё частка прыватнага жыцця, а значыць – для публікацыі патрэбная згода. Калі сведкі дасылаюць у рэдакцыю фота, не трэба злоўжываць такой магчымасцю і публікаваць. Нават калі чалавек загінуў, гэта не азначае, што ніхто не зможа прад’явіць да цябе прэтэнзіі. Яго сваякі таксама пасля смерці могуць падаць іск з патрабаваннем кампенсацыі маральнай шкоды.
Начныя клубы, рэстараны, месцы забаў
Адвакаты раяць вельмі акуратна ставіцца да здымкі ў гэтых месцах. Напрыклад, сітуацыя студзеня, калі дэпутатку Марыю Васілевіч сфатаграфавалі ў рэстаране «Лебядзіны». На погляд юрыстаў, гэта дапускаецца. Міжнародная практыка сыходзіць з таго, што трэба выконваць патрабаванні таго ўзроўню прыватнасці, які чакаецца ад гэтага месца. Калі фота зроблена ў кафэ ці рэстаране днём і асоба не робіць нейкія захады, каб не быць ідэнтыфікаванай, то гэта адзін выпадак. Калі б гэта быў начны клуб, то-бок вечар, цемра, асоба імкнецца да таго, каб не быць заўважанай, – гэта зусім іншая справа. Такія фота рабіць не варта.
Фота- і відэа, аўдыязапіс дзяцей
Усё гэта і ўвогуле распаўсюджанне інфармацыі пра прыватнае жыццё дзяцей дапушчальнае толькі са згоды іх законных прадстаўнікоў. Законныя прадстаўнікі – гэта бацькі. У некаторых выпадках могуць быць бабулі, дзядулі, калі яны з’яўляюцца афіцыйнымі апекунамі. Калі дзіцё знаходзіцца ў дзіцячым доме – то адміністрацыя гэтай установы.
Бываюць выпадкі, калі занепакоеныя бабулі-дзядулі звяртаюцца ў рэдакцыю і просяць апісаць гісторыю з жыцця сям’і. Высокая верагоднасць – і такія выпадкі былі, – што потым бацькі звярнуцца з прэтэнзіямі. Прычым нават калі адзін з бацькоў пагадзіўся, а іншы супраць, то рэдакцыя таксама можа атрымаць зварот на прыбіранне матэрыялу і кампенсацыю.
На распаўсюджванне інфармацыі пра прыватнае жыццё дзяцей, якія з’яўляліся ахвярамі злачынстваў, таксама дзейнічае норма, паводле якой неабходная згода іх законнага прадстаўніка. Але ў гэтым выпадку адвакаты раяць яшчэ кіравацца і прафесійнай этыкай. Нават калі бацькі не супраць, трэба падумаць, ці можа матэрыял нанесці нейкую пагрозу дзіцю. Ахвяры злачынстваў вельмі ўразлівыя, таму такая публікацыя можа моцна паўплываць на іхняе жыццё.
Скрытая здымка
Наконт гэтага ў законе аб СМІ ёсць асобны артыкул. У ім напісана, што распаўсюджванне такіх відэа недапушчальнае без згоды асобы ў кадры. Выключэнне: калі былі прынятыя спецыяльныя меры і чалавека нельга ідэнтыфікаваць на відэа, пры ўмове, што гэта не парушае канстытуцыйных правоў і свабод асобы і неабходна для аховы грамадскіх інтарэсаў.
Інфармацыя праваахоўных органаў або суда
Любая інфармацыі ад дзяржаўных органаў або ад суда не ратуе журналістаў ад адказнасці. Незалежна ад таго, хто дае інфармацыю, калі яна датычыцца прыватнага жыцця, без дазволу яе публікаваць нельга.
Яскравы выпадак быў у 2015 годзе, калі суддзя расказаў «Вечернему Могилёву», што абвінавачаны ў крадзяжу зрабіў гендарны пераход. І газета ў лепшых сваіх традыцыях напісала пра гэта матэрыял. Відавочна, пол чалавека – справа асабістая. І публікаваць такую інфармацыю без згоды нельга.
Нават калі сваякі нешта расказваюць, не факт, што пра гэта можна пісаць. Быў выпадак, калі сваякі мелі прэтэнзіі да медыцынскай установы і вырашылі расказаць пра цяжкі стан хворага з усімі асабістымі падрабязнасцямі, у тым ліку імем і прозвішчам. Калі хворы, на жаль, памёр, медыцынская ўстанова прад’явіла прэтэнзіі да медыя, бо яны павінны былі спытаць згоду на апублікаванне непасрэдна ў гэтага чалавека, а не ў яго сваякоў. Мінінформ разбіраўся ў гэтай справе і прыцягнуў СМІ да адказнасці.
Інфармацыя з сацсетак
З аднаго боку, зразумела, калі акаўнт адкрыты, што інфармацыя размяшчаецца публічна. Але большасць карыстальнікаў не разлічвае пры гэтым апынуцца на старонках СМІ.
Адвакаты рэкамендуюць у такіх выпадках чытаць правілы карыстання сацсеткай. У гэтай сітуацыі ёсць два моманты: з аўтарскім правам і з прыватным жыццём, калі яно ёсць на фота ці відэа. Калі ў публікацыі патрэбна выкарыстаць фота, юрысты раяць устаўляць яго праз спецыяльны код непасрэдна з сацсеткі, не спампоўваючы.
У такім выпадку ты не капіруеш карцінку ці відэа, а выкарыстоўваеш функцыянал сацсеткі. Калі карыстальніку не спадабаецца, ён можа праз налады прыватнасці прыбраць гэты кантэнт і не размяшчаць яго ў адкрытым доступе.
Апублікаванне перапіскі
Калі журналісту прыносяць перапіску і яна нешта даказвае, гэта не азначае, што яе можна проста так апублікаваць. Нават калі гэта будзе артыкул пра махлярства. Па-першае, размова ідзе пра злачынства, і віна чалавека не даказаная. Па-другое, у любым выпадку трэба прыбраць усё, што можа ідэнтыфікаваць іншы бок. Калі неабходна павысіць давер аўдыторыі да матэрыялу, можна напісаць у аўтарскім тэксце, што перапіска маецца ў рэдакцыі, але не публікаваць яе.
Публічныя персоны і грамадскі інтарэс
Калі мы кажам пра ЗША і краіны Еўропы, там ёсць паняцце публічнай асобы і разуменне таго, што ўзровень прыватнасці ў гэтым выпадку ніжэйшы, чым у звычайнага грамадзяніна. Таму там існуе менш абмежаванняў на распаўсюджанне інфармацыі пра асабістае жыццё.
У Беларусі такога прынцыпу няма: у нас усе роўныя. У адносінах да публічнай асобы нельга распаўсюджваць больш даных, чым у адносінах да звычайнага грамадзяніна.
Адвакаты нагадваюць: юрыдычна правільнага спосабу зафіксаваць дазвол на распаўсюджанне інфармацыі пра асабістае жыццё няма. Тэарэтычна дастаткова вуснай згоды. Але, калі чалавек потым перадумае, даказаць, што згода была, вельмі складана. Парада такая: калі робіш аўдыязапіс, запытаць пра згоду на публікацыю альбо ўдакладніць праз імэйл, што гэтую інфармацыю чалавек гатовы апублікаваць.