Каго і што можна здымаць на фота і відэа?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 04.12.2015
- 6692
Згодна з артыкулам 34 Канстытуцыі РБ, ты маеш права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі аб усім, што адбываецца вакол цябе. Фота- і відэакамеры – гэта як твае вочы і вушы, пашыраныя з лёгкай рукі Маклюэна тэхнічнымі дэвайсамі. Існуюць толькі пэўныя абмежаванні падчас здымак, звязаныя з абаронай гонару, прыватнага жыцця і дзяржаўных сакрэтаў. Якія? Разглядаем ніжэй.
У любым выпадку хавай камеру ў заплечнік, калі перасякаеш мяжу. Ніякіх сэлфі з прыгожымі пагранцамі, таймлэпсаў аўтобуснай чаргі ці здымак новага кліпа M.I.A. Забаронена нават весці тэлефонныя перамовы па арганізацыі такіх здымак. Па-першае, пагранічны комплекс – гэта рэжымны аб’ект. Па-другое, у пункце 1.4 Пастановы дзяржпагранкантролю № 28 гэтая забарона дакладна прапісана. Увесь кодэкс паводзінаў самурая, які збіраецца за мяжу, глядзі тут.
Таксама нельга здымаць на борце самалёта. Таму, калі ты робіш усе гэтыя неверагодна прыгожыя фотаздымкі самалётнага крыла на фоне неба, мора, гор, гарадоў, ты павінен адчуваць сябе медыйным флібусцьерам, каперскі патэнт якому ніхто не выдаваў. Дарэчы, у самалёце нельга таксама карыстацца біноклямі, падзорнай трубой і радыёсувяззю.
У бібліятэках, калі хтосьці атрымлівае задавальненне ад поўнага збору сачыненняў Мандэльштама ці ад спакусаў экстрэмальнага сэксу ў закутку з антычнай паэзіяй, ты можаш лавіць адрэналін, калі фоткаеш чарговыя старонкі джойсаўскага «Уліса», бо здымаць, а таксама праносіць капіявальныя прыборы – сканеры, аўдыё-, фота- ці відэаапаратуру – згодна з пунктам 13.5 Тыпавых правілаў карыстання бібліятэкамі цалкам забаронена. Але, калі гэта не арыгінальныя старонкі скарынаўскай Бібліі, супрацоўнікі бібліятэкі звычайна не звяртаюць увагі на твае тыпаграфскія замашкі.
Забаронена здымаць рэжымныя аб’екты. Але загваздка ў тым, што спіс рэжымных аб’ектаў знаходзіцца ва ўнутраным карыстанні ведамстваў, таму праўду тут можна дазнацца адно шляхам спробаў і памылак. Дакладна чапляюцца, калі здымаеш у метро, прэзідэнцкую адміністрацыю, будынкі сілавых структур, ваенныя часткі, дыпламатычныя картэжы. Канешне, паводле 65-га артыкула Закона «Аб нарматыўна-прававых актах» дакументы, якія тычацца правоў і свабод грамадзян, дзейнічаюць толькі пасля іх афіцыйнай публікацыі. Але тут, напэўна, хрэн дакажаш.
Калі ты здымаеш, а да цябе падыходзяць і гавораць, што аб'ект «рэжымны», «стратэгічны» або «сакрэтны», ты можаш запытаць, хто, калі і па якім праве даў аб'екту такі статус. Вось гэтая інфармацыя ўжо не сакрэтная – абавязаны прадаставіць.
На тэрыторыях амбасадаў і консульстваў дзейнічаюць законы дзяржаў, да якіх яны належаць. Таму арыентуйся ў здымках на іх. Але звычайна творчыя працэсы на прылеглых да амбасадаў тэрыторыях забаронены. Таму фота свайго гадавога шэнгену рабі ўжо на вуліцы. Але не ўваходзячы ў метро.
Калі ты хочаш здымаць працяг «Законапаслухмянага грамадзяніна», асабліва сцэны, звязаныя з турэмнымі і судовымі ўстановамі, ты мусіш атрымліваць дазвол адміністрацыі турмы ці суддзі адпаведна. На закрытых судовых паседжаннях фіксаваць на плёнку нельга адназначна. На адкрытых – можна весці пісьмовы ці магнітафонны запіс. Фота і відэа дазваляюць суддзі і канфліктуючыя бакі.
Калі ты жадаеш паспець зафіксаваць для сябе ці свайго тамблера экспазіцыю карцін Далі, Шагала і Матыса, прасі супрацоўнікаў галерэі суправаджаць цябе падчас здымачнага працэсу. На падставе пункта 248 правілаў па ахове працы ў музеях толькі такі варыянт з’яўляецца законным. І памятай: распаўсюджванне тваіх здымкаў не абмяжоўваецца аўтарскім правам на гэтыя карціны, бо твае здымкі – гэта толькі інфармацыя пра выставу, але не самастойны прадукт. Падрабязней глядзі наш гайд па аўтарскім праве.
У казіно ды ігральных залах трэба таксама прасіць дазвол на здымкі наведнікаў у іх саміх і ў адміністрацыі ўстановы. Напэўна, праз канфідэнцыяльнасць некаторых наведнікаў з блізкага памежжа і з вузкіх колаў беларускай бізнэс-эліты права на здымкі ў азартных пунктах краіны абмежаванае.
Далей наступае творчы катарсіс ад бязмежнага мора магчымасцяў зафіксаваць наваколле. Здымаць можна ўсё, усіх, нікога не запытвацца. Але ўсё ж такі існуюць некалькі айсбергаў-нюансаў, каардынаты якіх неабходна ўлічваць.
Першае – гэта прыватнае жыццё. 28-мы артыкул Канстытуцыі абараняе асабістае жыццё чалавека ад незаконнага ўмяшання, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на ягоныя гонар і годнасць. Але прыватнае жыццё скончваецца тады, калі чалавек выходзіць у публічную прастору. А да яе адносяцца вуліцы, паркі, крамы, кірмашы, бары, кавярні, рэстараны, клубы, культурныя і спартовыя мерапрыемствы, вакзалы, аэрапорты, банкі. То-бок усе месцы, доступ да якіх мае кожны.
Калі ты здымаеш з журналісцкімі мэтамі, то паводле артыкула 34 Закона пра СМІ табе неабходна атрымліваць згоду людзей на іх здымкі, але гэта (прывітанне, прарэктар БДУ!) не тычыцца месцаў, адкрытых для масавага наведвання або на масавых мерапрыемствах. У іншых выпадках, калі ты здымаеш без згоды чалавека, то мусіш «замыліць» яму твар, каб немагчыма было зразумець, хто гэта. На практыцы: калі ты здымаеш агульны план, нічога дадаткова рабіць не трэба, калі буйны – запытай дазвол або «замаж» твар. З рэкламнымі мэтамі дазвол абавязковы.
Наступнае пытанне – гэта камерцыйная таямніца. Любімы аргумент супрацоўнікаў крамаў, універмагаў і супермаркетаў. Але, згодна з артыкулам 140 Грамадзянскага кодэксу, камерцыйнай таямніцай можа быць толькі тое, да чаго няма ўсеагульнага доступу. Таму можаш смела здымаць усе тавары, іх цэннікі і абураныя твары ахоўнікаў. Яны, можа, будуць казаць пра аўтарскае права на кампазіцыю аформленых вітрын, але калі ты не выкарыстоўваеш свае здымкі з камерцыйнымі мэтамі, яны ўсяго толькі транслююць інфу.
Ну і, канешне, прыватная ўласнасць. Крама мае ўладальніка, які можа распараджацца сваёй маёмасцю, як пажадае. Але калі ён выставіў тавар у агульны доступ, то забараніць глядзець на яго, хоць і праз вока аб’ектыва, не мае права. Дарэчы, наконт правоў: ахоўнік не мае права фізічна да цябе дакранацца. Ён можа папрасіць выдаліць здымкі, але не прымусіць. Адзінае, на што ён мае права, – гэта выклікаць міліцыю.
Раней мы ўжо пісалі: калі неабходна здымаць міліцыю – здымай! Галоснасць дзеянняў праваахоўных органаў – 5-ты артыкул Закона «Аб органах унутраных спраў». Тое ж тычыцца іншых дзяржаўных устаноў, падчас прыёму чыноўнікаў, у калідорах, кабінетах міністэрстваў, камітэтаў, ведамстваў, здымак суддзяў, міністраў, пракурораў. Калі яны выконваюць службовыя абавязкі, то, як казаў Тата Бо: «Можна!»
Калі ЗАГСы не пускаюць цябе фатаграфаваць вяселле твайго лепшага сябра, грунтуючыся на размытым: «Толькі “наш” фатограф можа здымаць», – святары шлюбу парушаюць Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якога маладыя маюць права абіраць паслугі, а таксама абмяжоўваюць канкурэнцыю, за што могуць атрымаць ад 20 да 50 базавых велічыняў.
Нарэшце, храмы і могілкі – тэрыторыя свабоды для творчага самавыяўлення. Наперад!
Ілюстрацыя by Sheeborshee