Што рабіць, калі цябе няякасна абслужылі або прадалі хлам?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 18.02.2020
- 6577
Штораз не шанцуе з пакупкамі? Не трэба адразу ж ісці і перапакупаць рэч або паслугу ў іншым месцы, праглытваючы прыкрасць і закідваючы няякасны тавар на тую палічку шафы, куды ніколі ў жыцці не зазірнеш. Ведай цану сваім кроўным грашам – барані свае правы.
Ты глядзіш на сапсаваную рэч – сапсаваная рэч глядзіць на цябе. Не заігрывайся ў глядзелкі, а хутчэй руш з гэтай рэччу да прадаўца і выбірай, што ад яго запатрабуеш:
Замяніць недабраякасны тавар на тавар прыстойнай якасці.
Калі прадавец не можа прапанаваць нешта наўзамен адразу, ён павінен зрабіць гэта на працягу 14 дзён. З-за форс-мажораў гэты тэрмін можа расцягнуцца на 30 дзён. Калі і за гэты час адпаведнага тавару не з’явіцца, можна замяніць яго на іншы з аналагічнымі характарыстыкамі. Канешне, пры ўмове, што ты згодны(-ая).
Паменшыць кошт суразмерна праблеме.
Бясплатна адрамантаваць тавар.
Максімальны тэрмін рамонту – да 14 дзён з дня перадачы няякаснага тавару. Тэрмін можа быць павялічаны толькі з пісьмовай згоды пакупніка і толькі да 30 дзён.
Кампенсаваць выдаткі, якія пайшлі на ліквідацыю недахопаў тавару.
Вярнуць грошы ў поўным аб’ёме.
Пры гэтым табе давядзецца вярнуць прадаўцу тавар. Ты не можаш пакінуць яго сабе, нават калі ён рэальна не працуе.
Аплаціць дастаўку буйнагабарытных тавараў для вяртання або рамонту ці аплаціць выдаткі на іх самастойную транспарціроўку.
Важна! Што рабіць з няякасным таварам – выбіраеш ты, а не прадавец.
Галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама дае падрабязны адказ на сайце Менскага гарвыканкама.
Лепей прыходзіць на «разборкі» з чэкам, але адсутнасць дакумента, які пацвярджае факт набыцця, не з'яўляецца падставай для адмовы пафіксіць сітуацыю з сапсаваным таварам.
Ты маеш права прыйсці да прадаўца з патрабаваннямі і без чэка. Але тады спатрэбяцца сведкі ці іншыя доказы, што ты купляў(-ла) сапсаванае менавіта тут.
Прадавец не мае права без тваёй згоды зрабіць нешта дадаткова, а потым запатрабаваць за гэта грошы. Упэўнена адмаўляйся ад аплаты такіх работ, а калі яны раптам ужо аплачаныя – патрабуй свае рублі назад.
Прадавец павінен прадастаўляць інфармацыю па тавары – і ты можаш патрабаваць кампенсацыю за недахопы тавару, калі дакажаш, што яны паўсталі з-за таго, што ты не валодаў(-ла) цэннай інфой.
А што калі гэтая рэч была табе вельмі патрэбная?
Цымес закона ў тым, што на час замены або рамонту ты маеш права запатрабаваць у карыстанне аналагічны тавар. І прадавец будзе абавязаны разруліць гэта цягам трох дзён, а таксама забяспечыць дастаўку такога тавару за свой кошт.
Што рабіць, калі цябе кепска абслужылі?
Можаш напісаць заяву да начальства – пажадана ў двух экзэмплярах; і прасачы, каб выканаўца паслугі паставіў на тваёй паперцы дату ды подпіс. Альбо дзейнічай «па класіцы» – пакідай сваю скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў. Яе павінны прыносіць па першым патрабаванні, а на заўвагу павінны рэагаваць.
Як вырашыць праблему парушаных тэрмінаў?
Тут ты маеш права:
прызначыць выканаўцу новы тэрмiн;
даручыць выкананне паслугi iншым асобам і патрабаваць ад гора-выканаўцы пакрыцця панесеных выдаткаў;
патрабаваць суразмернага змяншэння ўстаноўленага кошту за выкананне паслугі;
скасаваць дагавор аб выкананні паслугi.
Калі ўсе тэрміны пагарэлі сінім полымем, то выканаўца павінен выплачваць спажыўцу няўстойку ў памеры 1% ад кошту выкананай паслугi. За кожны дзень пратэрміноўкі!
Як вырашыць праблему, калі паслугу выканалі ў тэрмін, але абы-як?
Тут маеш права патрабаваць:
бясплатна лiквiдаваць недахопы паслугi;
суразмерна паменшыць кошт выкананай паслугi;
бязвыплатна зрабіць іншую рэч з аднароднага матэрыялу такой жа якасці;
паўторна выканаць паслугу, калi гэта магчыма;
пакрыць расходы на лiквiдацыю недахопаў аказанай паслугi сваiмi сiламi або трэцімі асобамі;
скасаваць дагавор аб выкананнi паслугi i патрабаваць вяртання выплачанай за яе грашовай сумы
Важна! Што рабіць з няякаснымі паслугамі і няякасна выкананай працай – выбіраеш ты, а не выканаўца.
А раптам другі бок не пагаджаецца, што накасячыў ён?
Калі паміж табой і прадаўцом згоды не відаць, то прадавец абавязаны правесці экспертызу, і зрабіць гэта за свой кошт.
Для экспертызы трэба скласці акт перадачы тавару па форме, устаноўленай Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання (глядзі дадатак 1).
Калі ты ўжо дайшоў(-ла) да экспертызы, то не кідай справу на паўшляху. Не з’явішся па тавар пасля правядзення экспертызы – і прадавец мае права спагнаць з цябе страты, якія панёс з-за таго, што трымаў гэтую рэч. Выключэнне: ты не мог(магла) забраць тавар з сур’ёзных прычын.
Хто праводзіць экспертызу?
акрэдытаваныя органы па сертыфікацыі, акрэдытаваныя выпрабавальныя лабараторыі (цэнтры);
дзяржаўныя судова-экспертныя ўстановы і асобы, якія маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне судова-экспертнай дзейнасці;
гандлёва-прамысловыя палаты – па пытаннях якасці тавараў;
грамадскія аб'яднанні спажыўцоў.
Што будзе, калі экспертыза абвінаваціць пакупніка?
Калі экспертыза пакажа, што недахопы тавару з’явіліся пасля пакупкі, ты павінен(-на) выплаціць прадаўцу альбо выканаўцу кошт экспертызы, а таксама выдаткі на перавозку тавару.
Як працуе гарантыя?
Гарантыйны тэрмін пазначаецца ў днях, месяцах, гадах або гадзінах, цыклах, кіламетрах ці іншых паказчыках, на працягу якіх тавар, вынiк работы, паслуга павінны адпавядаць патрабаванням да яго(яе) якасці. Калі не адпавядае, можаш смела ісці да таго, у каго ты гэта набыў(-ла).
Гарантыйны тэрмін вынiку работы або паслугі пачынаецца з моманту перадачы вынiку работы спажыўцу або заканчэння аказання паслугi.
Гарантыя на тавар, які патрабуе спецыяльнай устаноўкі, наладкі або зборкі, пачынае дзейнічаць толькі з дня зборкі ці ўстаноўкі.
Для сезонных тавараў гарантыйныя тэрміны лiчацца з моманту надыходу адпаведнага сезона. Так, з 1 красавіка наступае час гарантыі на тавары вяснова-летняга асартыменту, а з 1 кастрычніка – на тавары асенне-зімовага асартыменту. Для зімовага абутку гарантыйныя тэрміны лiчацца з 15 лістапада, вясновых і восеньскіх чаравікаў – адпаведна з 1 сакавiка i 15 верасня, летніх сандалетаў – з 1 траўня.
Калі прадавец тавару або паслугі цябе ігнорыць...
Звяртайся ў дзяржаўны орган па абароне правоў спажыўцоў, грамадскую арганізацыю спажыўцоў альбо суд.
Дзяржаўныя органы па абароне правоў спажыўцоў – гэта Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь, а таксама ўпаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Iлюстрацыя www.helpscout.com