Інтэрв’ю з Цемрай: «Трэба перамагчы ўнутранае імкненне да адабрэння»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 14.04.2020
- 7149
У галерэі «Арт-Беларусь» да 30 красавіка праходзіць выстава «Цемра» – аднайменная з псеўданімам аўтаркі, 29-гадовай мастачкі з Горадні Дар'і Сямчук. Летась у кастрычніку яе праект «Спадчына» трапіў пад прыцэл інтэрнэт-крытыкаў: некаторым падалося, што ідэя пакрыць аўтэнтычную вышыванку графіці – апантаны вандалізм. Аднак міжнароднае журы «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам», наадварот, высока ацаніла творчасць Дар'і: ёй уручылі дыплом пераможцы. 34mag сустрэўся з мастачкай, каб пагаварыць пра персанальную выставу падчас пандэміі, пра грамадства спажывання, праўду і цемру.
Пра «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» і абурэнне інтэрнэт-крытыкаў
– Памятаю цябе на адкрыцці «Салона». Ведала, што дзяўчына ў вэлюме – Цемра. Звычайна не саромеюся знаёміцца, але тут стушавалася. Ці ўплывае твой вобраз на тое, як цябе ўспрымаюць?
– Так, вось цяпер са мной перапісваліся людзі, запрасілі паўдзельнічаць у праекце. Потым стэлефанаваліся і сказалі, што ў мяне мілы голас. Калі чалавек кажа такое, значыць, першае ўражанне падобнае да твайго. Але гэты вобраз не штучны, ён жыве ўва мне.
– А на «Салоне» людзі падыходзілі?
– Жанчына падышла: «Навошта вы так апрануліся? І працы на "Салоне" – канцлагер нейкі. Дзе жвавасць, захапленне?» – «Разумееце, – кажу, – мастакі – звышадчувальныя людзі. І калі большая частка прадстаўленых работ не палае лёгкасцю і пазітывам, значыць і ў жыцці ўсё так і ёсць».
«Я баялася пісаць гэтае слова на палатне. Але гэтая карціна як трэніроўка характару»
– Памятаеш адчуванні ад абмеркавання праекта «Спадчына» ў сеціве? Як мне падалося, на цябе звалілася тона бруду. Што адчувала ў гэты час і як гэта адбілася на табе?
– Я наўмысна не чытала Фэйсбук. Я прачытала артыкул і каментары ў «Нашай Ніве», пару іншых медыя. Гарадзенскія парталы перадрукавалі чужое, без спасылак на першакрыніцы, і выразалі кавалкі выключна з грубымі словамі, каб устрывожыць публіку.
Усе гоняцца за навінамі. Цяпер такі час: хтосьці ўпадзе, патрэбная дапамога, але ўсе спачатку сфатаграфуюць, а толькі потым руку пададуць. Я дастаткова надумлівы чалавек, і гэты вопыт зрабіў мяне смялей і мацней. Цяпер мне прасцей сказаць «не», лягчэй адстаяць сваю пазіцыю.
«Пах смажаных рабрынак распаўсюджваўся па ўсім музеі, і з такім антуражам было непрыемна глядзець карціны»
Пра карціны і выставу «Цемра»
– Выстава атрымалася добрая, так і напішы. Я рэдка магу сябе пахваліць, але цяпер сама хаджу кругамі і не магу адсюль выйсці. Усё так добра склалася, па колеры і па прасторы – кружляю тут, радуюся.
Мне вельмі спадабалася рабіць экспазіцыю са сваімі працамі. Захопленая рабочым працэсам. А вось з нагоды анлайн-адкрыцця [праз пандэмію COVID-19 галерэя «Арт-Беларусь» перавяла мерапрыемства ў анлайн-фармат. – заўв. 34.] – не маё. Некаторыя музеі робяць анлайн-экскурсіі. Выпускі атрымліваюцца напружанымі: з прафесійнымі экскурсаводамі, мантажом, здымкамі з некалькіх камер. Зрабіць якасны кантэнт у адзіночку амаль немагчыма. Але каранцін прымусіў мяне зрабіць невялікія відэа з апісаннем ідэі кожнай карціны. Фармат спадабаўся і мне, і людзям. Відэа лёгка распаўсюджваць – такім чынам выставу зможа ўбачыць больш людзей.
– Каманда галерэі кажа, што з табой прыемна працаваць.
– Дзякуй. Я стараюся, каб іншым было камфортна. Працую над гэтым. Аналізую, на якога чалавека мне было б прыемна глядзець: на спакойнага, упэўненага, які ведае, што адказаць, і трымаецца сваёй пазіцыі. Не павышаючы голасу, дакладна паведамляе пра мэты і акуратна стаіць на сваім. Важны погляд збоку.
– Карціна «Дзесьці ў параднай», на якой напісана «Цой жывы, а Дар'я – бл*дзь" – погляд збоку?
– Я баялася пісаць гэтае слова на палатне. Але гэтая карціна як трэніроўка характару. Рыгор Сітніца [экс-старшыня Беларускага саюза мастакоў. – заўв. 34.] заходзіў на выставу з жонкай і сказаў, што яму больш за ўсё спадабаліся працы «Падмурак» і «Дзесьці ў параднай». Сказаў: «Ты развівайся і далей у гэтым кірунку».
– Як да цябе прыйшла фраза?
– Хутчэй за ўсё, падгледжаная ў пад'ездзе. Такія працы выходзяць хутка: ці зрабіў, ці потым не зможаш.
Мне да гэтага часу трэба перамагчы ўнутранае імкненне да адабрэння. Бывае, што ты не падабаешся, але робіш добра. Напрыклад, каб нейкія рэчы мяняліся да лепшага, я пакідаю водгукі з пажаданнем нешта выправіць або звярнуць увагу. Вядома, я не падабаюся людзям, да якіх звернутая гэтая просьба, але глабальная ідэя ў тым, каб зрабіць лепш ідэю або прадукт. Напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музеі я напісала датычна кафэ на першым паверсе: пах смажаных рабрынак распаўсюджваўся па ўсім музеі, і з такім антуражам было непрыемна глядзець карціны. Місія музея ўсё ж такі не ў тым, каб накарміць людзей.
– Візуальна ты адпавядаеш псеўданіму цалкам. Але ты чалавек, які не імкнецца прычыніць камусьці зло. Дысананс.
– Я бачу, што людзі прывыклі да прыгожага, мілага, пазітыўнага і адварочваюцца ад праўды. Спажываючы тавары, мы не спрабуем даведацца, якой цаной яны выраблены. Неэтычныя моманты пры вытворчасці хаваюць за прыгожымі малюначкамі. Я прапанавала паглядзець знаёмым і сябрам дакументальны фільм пра тое, як працуе харчовая прамысловасць. Паглядзелі толькі два чалавекі, астатнія сказалі, што гэта для іх занадта цяжка.
Мне здаецца, пазнаваць праўду трэба. Праўда адкрывае вочы, а не траўмуе. Але ўсё-такі я абрала шлях не ў лоб паказваць жудасныя малюнкі – каб усе адразу не адвярнуліся. З цягам часу буду старацца гаварыць і паказваць праўду пра канкрэтныя рэчы, не так абстрактна.
– Падлучаючыся да работ, заўважаеш, што ты шмат увагі надаеш болю. Наколькі табе самой балюча з гэтым жыць?
– Я заклікаю паглядзець вышэйзгаданы фільм. Вы нават не ўяўляеце, якая цана стаіць за «вытворчасцю» звычайнага тварагу або касметыкі. А жыць мне з гэтым нармальна. Уладзімір Познер у інтэрв'ю з пісьменнікам і гісторыкам Ювалем Ной Харары задаў яму пытанне, якое задае ўсім гасцям незалежна ад рэлігійнасці: «Калі вы паўстанеце перад богам, што яму скажаце?» І той адказаў: «Ты мог бы зрабіць лепш».
– А працы на выставе прадаюцца?
– Так, усе працы прадаюцца. Галерэя, у якой праходзіць мая выстава, не займаецца продажам карцін, таму пытанне куплі можа быць адрасаванае наўпрост мне.
«Рабіць» Горадню або з’язджаць
– Я гляджу, шмат крутых рабят з'ехалі з Горадні, «Кінапробы», напрыклад. У цябе ўзнікала жаданне пераехаць у Менск ці кудысьці яшчэ?
– Мне хочацца працаваць у Беларусі. Калі ўсе з'едуць, што застанецца? Пераязджаюць звычайна ў Менск, а Менск мне не падабаецца. У Горадні мала чаго адбываецца, а ў Менску лёгка адцягвацца на варушнякі і канцэрты. Знаходжанне крыху ўбаку дапамагае быць больш самабытным, таму інтуітыўнага жадання пераезду ў сталіцу няма. Але і Горадня з кожным годам становіцца горш.
– Ты цяпер займаешся толькі мастацтвам?
– І дызайнам. Мае сябры адкрываюць бар. Запрасілі мяне быць дызайнерам. Я займалася графічным дызайнам, але паверыла ў свае сілы і пагадзілася дапамагчы зрабіць інтэр'ер грамадскага месца. Цяпер складаны час, але згарнуцца ўжо не атрымаецца, і я спадзяюся, мы справімся з цяжкасцямі. Мне далі поўную волю ў выбары матэрыялаў для інтэр'еру і ў пабудове патрэбнай атмасферы.
«Людзі прывыклі да прыгожага, мілага, пазітыўнага і адварочваюцца ад праўды»
У бары амаль не будзе новай мэблі. Мы сабралі аб'явы з «Куфра» па ўсёй Беларусі, узялі машыну і паехалі скупляць прыгожыя старыя рэчы. Па засеках збіралі крыштальныя старадаўнія жырандолі, сталы, крэслы і люстэркі. Святла мала будзе, каб усё ледзь гарэла. Гэта камфортна, таму што ў паўзмроку лягчэй быць сабой.
Бар будзе называцца «Кровать». Папярэдні слоган: «Танцы и еда в кровати». Меню выключна з прадуктамі расліннага паходжання. Цэнтр горада, каля ўнівермага. Асобнае памяшканне пад танцпол, каб тыя, хто хоча адрывацца, не моцна перашкаджалі людзям, якія хочуць пагаварыць і правесці час за столікам; тэраса.
– А ў Менску табе дзе падабаецца?
– Я назаву папулярныя месцы. Два разы была ў «Аяўасцы», і, вось шчыра, мне там спадабалася. Такой колькасці жанчын, якія зрабілі сабе ўсё, я яшчэ не бачыла. Але танчаць там ад душы і без аглядкі, я гэта вельмі цаню. Плюс вельмі добры персанал. «Банкі-Бутэлькі», ну і, вядома «Хуліган».
«Мэблі магло быць і менш, але я цягну ў дом усё каштоўнае, што знаходжу на сметніках»
Пра спажыванне і рэчы са сметніка
– Як у Горадні ставяцца да тваёй просьбы ўзважыць прадукты ў сваім пакеце?
– На рынках усміхаюцца: «Вы ўжо не адна такая, са сваімі пакетамі». Я пісала лісты ў «Еўраопт», у «Карону», каб давалі людзям альтэрнатыву і прапаноўвалі біяраскладальныя пакеты. Заўважаю, што ў буйных гіпермаркетах з'явіліся авоські і кукурузныя біяраскладальныя пакеты. Гэта выдатна!
– Ты ў завушніцах крыштальных, такія ж – на тваёй працы. Адкуль?
– З жырандолі, я яе купіла па аб'яве на «Куфры».
– А як ты ставішся да напаўнення сваёй прасторы?
– Дома сцены і падлога светлыя. Мэблі магло быць і менш, але я цягну ў дом усё каштоўнае, што знаходжу на сметніках. У вопратцы – толькі сэканд-хэнд і сметніцы. Не ўсім такі падыход да рэчаў пасуе, але ў мяне новыя рэчы ў крамах не выклікаюць эмоцый.
Я жыву ў старым раёне, там тры вялікія смеццевыя кантэйнеры. У старыя дамы засяляюцца людзі, ім не патрэбныя рэчы, якія засталіся ад папярэдніх уладальнікаў. Рэтра-камоды выкідваюць прыгожыя, вопратку. Самыя любімыя рэчы – менавіта адтуль, бо яны нерэальна стыльныя і арыгінальныя.
– Шмат марокі з рэстаўрацыяй?
– Больш за ўсё – адмыць і пачысціць. Рэчы здаю ў хімчыстку. У Японіі кажуць: тое, што можна выкарыстоўваць, выкідваць нельга. Я думаю, трэба сфармаваць культуру, у якой цыкл жыцця рэчаў будзе апраўдана высокім.
– Самая каштоўная твая знаходка?
– Гэта вялізнае паліто, такое якаснае – я не падазравала, што так можна пашыць. І накідка на падушку з белай вышыўкай. Я яе памыла з хлёркай, і, калі яе надзець на галаву, атрымліваецца твар – вельмі цікава выглядае.
– Гэта значыць, ты амаль не купляеш новыя рэчы?
– Так, амаль не купляю. А прадукты і матэрыялы, якія я выкарыстоўваю для працы, імкнуся купляць беларускія, каб грошы асядалі ў краіне.
Мяне вельмі хвалюе пытанне стаўлення да грамадскага і прыватнага. Я раней займалася роспісам сцен і бачыла, колькі грошай і сіл марнуюць людзі на сцены ў доме, дзе жывуць два чалавекі. Шмат'ярусныя столі з ляпнінай, сцены са шпалерамі, якія каштуюць як аўтамабіль. А грамадскія месцы пакутуюць. Тэатры, кінатэатры, музеі, філармоніі – на іх рамонт вылучаецца вельмі мала сродкаў, і ўсё робіцца няякасна з пункту гледжання эстэтыкі і матэрыялаў. На мой погляд, прыватнае жыллё павінна быць максімальна простым, затое гарадскія вуліцы павінны быць напоўнены цудоўнай архітэктурай, а ў будынках адпаведны інтэр'ер натхняў бы і дзівіў сваёй вытанчанасцю і прыгажосцю.
Фота: 34mag.net