Алесь Кот-Зайцаў: «Людзі важнейшыя за фатаграфіі»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 08.07.2024
- 2595
Алесь Кот-Зайцаў камусьці больш вядомы музычнай творчасцю, але сёння мы гутарым з ім як з мастаком і фатографам, аўтарам доўгайгральнага праекта «DOM.», які ў новай ітэрацыі ўвасобіўся ў галерэі MiserArt ва Уроцлаве і працягнецца да 24 жніўня. Пацікавіліся ў Алеся, дзе яго дом, чаму на два праекты яму патрэбныя дзевяць гадоў і як знаходзіць баланс паміж артам і камерцыйнай працай з маркамі Yves Saint Laurent, Prada ды Armani.
Пра ўроцлаўскі вернісаж
– Раскажы пра свае адчуванні ад чарговай экспазіцыі «DOM.».
– Гэта быў першы досвед – я б назваў гэта спробай – зрабіць сумесны праект з іншымі мастакамі і мастачкамі з Украіны, Беларусі і Польшчы. Я пакуль сам не да канца разумею, наколькі гэтая спроба ўдалася, бо, на маю думку, супрацоўніцтва з іншымі мастакамі, сумесная выстава, праца над канцэпцыяй прадугледжвае больш цесны кантакт з самімі аўтарамі.
«Можна сказаць, што першы блін комам, але, магчыма, не такім ужо і комам»
Можна сказаць, што першы блін комам, але, магчыма, не такім ужо і комам. Увогуле выстава атрымалася. На вернісажы было шмат людзей, шмат і станоўчых водгукаў. Я задаволены гэтым досведам, асабліва сваёй часткай. Аднак усё, што было за межамі маіх прац, я ўспрымаў вельмі павярхоўна і не змог цалкам пагрузіцца ў кантэкст, таму мне складана поўнасцю ацэньваць канчатковы вынік. Думаю, гэта пытанне куратарства і таго, што ўсё рабілася ў вельмі кароткія тэрміны, і артысты збіраліся даволі паспешліва.
– Работы збіраліся без твайго ўдзелу?
– Часткова. Я глядзеў у інтэрнэце работы, прапанаваныя куратарамі, і казаў, наколькі яны, на мой погляд, карэлююць з маімі працамі. На гэтым мой удзел сканчваўся, далей я не вельмі разумеў, што будзе адбывацца, нават за дзень да адкрыцця выставы. Але я даверыўся куратарам, мяркуючы, што яны ведаюць лепш, як гэта зрабіць.
– А як, на твой погляд, выглядае ідэальны досвед куратарскай дапамогі і падтрымкі ў калектыўным праекце?
– Ідэальны досвед куратарскай дапамогі – гэта альбо цеснае супрацоўніцтва паміж мастакамі, дзе ўсе працуюць над канцэпцыяй і яе рэалізацыяй разам, альбо абсалютны давер да куратара. Абодва падыходы маюць права на існаванне. Другі, напэўна, прасцейшы, таму што ёсць чалавек, які разумее, што робіць. У першым выпадку патрабуецца шмат узгадненняў, каб усё склалася. Трэба, каб удзельнікі былі блізкія па духу і ўжо мелі жаданне працаваць разам.
У мяне часта ўзнікаюць натуральныя супрацоўніцтвы з людзьмі, з якімі мне лёгка. Напрыклад, праект «DOM.», які я здымаў як асабісты, набыў музычнае афармленне дзякуючы майму сябру, кампазітару Аляксандру Ясінскаму [беларускі кампазітар і баяніст, жыве ў Празе. – заўв. 34].
Калі я пачаў планаваць праект, мне прыйшла ў галаву ідэя, што Саша выдатна імправізуе, і яму не складзе працы запісаць эмбіентны гук, які мог бы стаць дапаўненнем да экспазіцыі. Я выслаў яму рэферэнсы, адным з якіх быў праект Ryuichi Sakamoto/Alva Noto, адзін з маіх любімых дуэтаў эмбіентнай электронна-акустычнай музыкі.
Я расказаў Сашу ідэю, паказаў канчатковы адбор здымкаў, якія будуць на сценах, пагрузіў у праект. Праз тыдзень ён прыслаў чатыры трэкі па 10–12 хвілін кожны, паўнавартасны эмбіентны альбом, які ідэальна спалучаўся з маімі працамі. Я слухаў яго і не мог паверыць, як гэта магчыма. Ён узяў і зрабіў у гуку тое, што я рабіў у фатаграфіі. Гэта так добра спрацавала разам, што цяпер гэты праект жыве толькі з гэтай музыкай.
Пра 2 праекты за 9 гадоў
– Колькі ты займаешся фатаграфіяй? І колькі часу працаваў над «DOM.»? Ведаю, што ён ствараўся не за кароткі час.
– Я заняўся фатаграфіяй прафесійна ў 2015 годзе, то-бок быў момант, калі я ўпершыню ўзяў фотаапарат у рукі як інструмент для прафесійнай працы, а не як аматар ці турыст. За гэтыя дзевяць гадоў я па сутнасці працаваў толькі над другім праектам. Спачатку мне здавалася, што гэта ненармальна, што я, напэўна, лянівы і нічога не раблю. Але потым я зразумеў, што гэта проста мая стратэгія – глыбокае і працяглае пагружэнне ў праект. Мне неабходны час, каб адчуць, што я раблю тое, што трэба.
Праект «DOM.» я пачаў фатаграфаваць у 2017 годзе. У 2018–2019 гадах я зрабіў дастаткова здымкаў, каб сабраць кнігу. Разам з куратарам Давідам Гансёрэкам пры падтрымцы Акадэміі фатаграфіі ў Варшаве і Інстытута візуальнай культуры мы выпусцілі фотакнігу, і я думаў, што на гэтым праект завершыцца.
«Нядаўна адна журналістка спытала мяне: "Вам не надакучыла?"»
Але ў 2020 годзе ў мяне з'явілася жаданне вярнуцца да першага праекта і паглядзець на яго з іншага боку. Я пачаў рабіць калажы з сямейнымі фатаграфіямі, пераглядаць архівы і ствараць новыя працы. У асноўным я працаваў з здымкамі, зробленымі ў перыяд з 2017 па 2019 гады, і сямейным фотаархівам. Калі я фатаграфаваў праект «DOM.», гэта было эмацыйна, як паэзія. Пазней, праз пару год, я ўжо глядзеў на гэтыя здымкі іншымі вачыма, з большым усведамленнем і разуменнем, што ж адбываецца на гэтых здымках.
Гэтае пераасэнсаванне нарадзіла другую частку праекта, якую я зрабіў у фармаце выставы спачатку ў Варшаве, а затым ва Уроцлаве. З гэтымі працамі я і жыву далей. Гэты працэс доўжыцца гадамі, і для многіх гэта можа здацца дзіўным – працаваць столькі гадоў над адным праектам. Нядаўна адна журналістка спытала мяне: «Вам не надакучыла?» Я адказаў, што не. Я ўсё раблю ў першую чаргу таму, што адчуваю ўнутраную патрэбу і задавальненне ад працэсу і выніку.
Пра жыццё ў Польшчы
– Хочацца пагаварыць з табой асобна пра твой сацыяльны капітал, пра жыццё ў Польшчы ў цэлым. Ты здолеў працаваць, займацца фатаграфіяй і зарабляць на гэтым, знайшоўшы баланс паміж працай і творчасцю. Раскажы пра гэта.
– Па-першае, з балансам у мяне не ўсё ідэальна, ёсць над чым працаваць. Але пра мае адносіны з Польшчай – гэта цікавая тэма. Я пераехаў сюды 9 гадоў таму, тады пачуць рускую ці беларускую мову на вуліцах Варшавы было рэдкасцю.
Спачатку я пайшоў вучыцца, і ў мяне склалася акружэнне з мясцовых. У мяне ніколі не было ўнутранага крытэрыю, што трэба сябраваць ці будаваць сацыяльныя сувязі толькі таму, што нехта з Беларусі. Але пры гэтым я заўсёды захоўваў разуменне, хто я і адкуль. Мае польскія сябры і знаёмыя заўсёды бачылі, наколькі важны для мяне мой беларускі бэкграўнд.
Калі яны ў мяне пытаюцца пра беларускую мову, я адказваю, што размаўляю і на рускай, і на беларускай. У асноўным размаўляю па-беларуску, таму што для мяне гэта важна. Я цалкам усведамляю сваю прыналежнасць да Беларусі, да яе культуры і мовы. У мяне нават няма польскага грамадзянства, хоць даўно мог бы яго атрымаць. Яно не зробіць мяне палякам, але зробіць мяне чальцом гэтага грамадства, і зараз я разумею, што для мяне гэта становіцца важным. Бо я жыву ў краіне, на палітычную сітуацыю ў якой хацелася б уплываць.
Калі ж казаць пра асабісты бок пытання, то, калі я пераехаў у Польшчу, я ўпершыню ў жыцці адчуў, што я на сваім месцы. Гэта было дзіўнае адчуванне, як быццам бы лягчэй стала дыхаць, быць сабой і жыць менавіта сваё жыццё.
«У мяне нават няма польскага грамадзянства, хоць даўно мог бы яго атрымаць»
Былі моманты, калі я думаў пераязджаць у іншую краіну, нават вось нядаўна ледзь у Капенгаген не пераехаў. Але разумеў, што там я буду імігрантам, а тут, у Польшчы, я гэтага не адчуваю. Тэхнічна я і тут імігрант, але з першых жа дзён у мяне было адчуванне, што я на сваім месцы, як быццам бы я тут нарадзіўся.
– А валоданне польскай мовы паўплывала на гэтае адчуванне?
– Мова дадалася сама сабой. Першасным было адчуванне таго, што я тут не імігрант. Праз тыдзень пасля пераезду я сустрэў знаёмага з Беларусі. Не паверыш, але дзевяць гадоў таму гэта быў адзіны беларус, якога я ведаў у Варшаве. Я пытаўся ў яго пра жыццё тут, і заўважыў, як ён пастаянна казаў «мы» і «яны», для мяне гэта ўжо тады было такім дысанансам. Я не разумеў, чаму ён пастаянна ўжывае гэтае раздзяленне «мы» і «яны», таму што я не адчуваў «мы» і «яны». Я адчуваў, што як быццам ёсць проста людзі і ўсё. Для мяне гэта спачатку было нейкім такім крытэрыем не істотным. І так яно і выйшла ў выніку, што ў мяне зараз ёсць сябры і беларусы, і палякі, і ў мяне няма падзелу на «мы» і «яны».
Вядома, з чыста тэхнічнага пункту гледжання мова тут адыгрывае вялікую ролю, таму што гэта камунікацыя. І калі ты свабодна размаўляеш на адной мове з чалавекам, больш за тое, размаўляеш на ёй з усімі прыладамі (я маю на ўвазе слэнг, разуменне нейкіх падтэкстаў) – гэта ўсё змяняе. Ты аўтаматычна перастаеш быць іншародным у гэтым прасторы. Мае польскія знаёмыя, сябры таксама не ўспрымаюць мяне як мігранта. У іх ёсць вельмі жывая і класная цікавасць да майго паходжання, да маёй культуры. І мы шмат размаўляем пра Беларусь.
– Давай пералічым некалькі брэндаў або імёнаў, з кім ты супрацоўнічаеш як камерцыйны фатограф.
– Зараз мая асноўная праца звязаная з касметычнымі брэндамі, такімі як Yves Saint Laurent, Armani, Kiehl's, Prada і іншымі. Я займаюся стварэннем унутраных маркетынгавых матэрыялаў для іх, а таксама працую з сацыяльнымі медыя. Гэта ўключае ў сябе стварэнне кантэнту для ўнутраных патрэб брэндаў.
Акрамя таго, я працую ў галіне мастацтва. Напрыклад, я супрацоўнічаю з фундацыяй Arton, якая займаецца авангардным мастацтвам 60-х і 70-х гадоў. Мы ствараем кароткія відэафарматы, якія распавядаюць гісторыі мастакоў, а таксама працуем з іх архівамі, уключаючы лічбавізацыю твораў, мастацтва, дакументацыю выстаў і іншага. Гэта вельмі прыемная частка маёй камерцыйнай працы, нягледзячы на тое, што я раблю там абсалютна тэхнічныя рэчы. Там я сутыкаюся з вельмі класным мастацтвам, працамі малавядомых польскіх мастакоў, якія былі ў андэграўндзе ў гады сваёй актыўнай дзейнасці, а зараз фундацыя Arton вяртае гэтыя імёны ў гісторыю польскага мастацтва. Сярод мастакоў, з архівам якіх мне даводзілася працаваць, – Paweł Kwek, Hanna Orzechowska, Tapta, Alicja i Borzena Wahl, Jan Dobkowski, Edward Hartwig і многія іншыя.
Пра сувязь з радзімай
– Раскажы пра ідэю відэа, дзе розныя людзі паказваюць працы з праекта «DOM.». Як, навошта, чаму яно з’явілася?
– Мне важна сказаць, што ад самага пачатку свайго шляху ў фатаграфіі я засяродзіўся на прафесійным камерцыйным развіцці, на пошуку кліентаў і ўпэўненасці ў сваіх навыках. Спачатку я пазбягаў арт-праектаў, імкнучыся проста ўвайсці ў прафесію, пачаць зарабляць і адчуваць сябе камфортна ў фатаграфіі ў цэлым. Аднак з часам вярнулася мая ўнутраная патрэба ствараць нешта больш глыбокае, чым камерцыйныя заказы. Для мяне ключавым стала, каб кожная праца адлюстроўвала мае бачанні і канцэпцыі. Напрыклад, калі я працаваў над выданнем кнігі, я дакладна ўяўляў яе знешні выгляд: колер вокладкі, матэрыялы, тып паперы і нават шрыфт, якім будзе напісана назва. Усё гэта было выразна прапісана ў маёй галаве.
У Варшаве не так шмат месцаў, дзе на вельмі высокім узроўні вырабляюць працы для выстаў, але адно з такіх месцаў, якое мне вельмі падабаецца, гэта Print Shop Banda Print. Яны друкуюць працы для выстаў для лепшых з лепшых, найбуйнейшых галерэй у Польшчы і за мяжой, напрыклад для адной з маіх любімых галерэй C/O Berlin. Там жа друкуе свае працы вядомы польскі фотамастак Bownik, у якога я, дарэчы, вучыўся. А гэта чалавек, які не будзе ісці на ніякія кампрамісы, калі гаворка ідзе пра якасць. Я адразу зразумеў, што менавіта тут хачу друкаваць свае фатаграфіі. Я прыблізна ўяўляў, якія фарматы і як павінны выглядаць мае працы, і абмеркаваў гэта з імі. Яны ацанілі кошт, і я пачаў шукаць спосабы для рэалізацыі.
«Прыемна зразумець, што ёсць людзі, якія ўсё яшчэ перажываюць і адчуваюць сувязь з радзімай»
У гэты час я падаў заяўку на грант Art Power Belarus і выйграў яго. Калі пісаў заяўку, у мяне з'явілася ідэя паказаць працы анлайн у Беларусі. Я хацеў, каб мае працы ўбачылі не толькі тыя, хто можа фізічна наведаць выстаўку ў Варшаве, Уроцлаве ці якім-небудзь іншым горадзе за мяжой, але і беларусы ў сваёй краіне.
Мне прыйшла ідэя зняць відэа, дзе людзі проста трымаюць гэтыя працы ў кадры. Першапачаткова я думаў, што гэта будзе відэа пра працы, але ў працэсе здымак зразумеў, што на самай справе яно больш пра людзей. На відэа людзі, якія нейкім чынам асацыююць сябе з гэтым праектам. Напрыклад, адзін мой сябар, беларускі музыкант, напісаў мне, што нягледзячы на тое, што ён вымушана з'ехаў у Польшчу, ён не адчувае страты свайго дому. Ён не адчувае, што гэта тэма яго закранае. Гэты адказ мяне натхніў. Хоць гэта было адмовай, мне было прыемна зразумець, што ёсць людзі, якія ўсё яшчэ перажываюць і адчуваюць сувязь з радзімай, нягледзячы на час і адлегласць.
Для мяне важна, што ёсць такія людзі, бо гэта паказвае іх сілу і адданасць сваім ідэям. Мне здаецца, што тое, што мы бачым на відэа, не столькі працы, колькі твары і пачуцці гэтых людзей. Гэта робіць яго асаблівым. Людзі важнейшыя за фатаграфіі. Таму вынік аказаўся круцейшым, чым я чакаў. Пасля публікацыі відэа я сачыў за рэакцыяй людзей і зразумеў, што ідэя была добрай. Людзі пісалі мне, як важна і актуальна тое, пра што мы гаворым, і як гэта дапамагае ім зразумець свае пачуцці.
Пра фінансавую падтрымку
– Якія планы на будучыню?
– Хутчэй за ўсё, я буду працягваць сумяшчаць камерцыйную працу ў фатаграфіі з рэалізацыяй арт-праектаў. Я аддаю перавагу фармату, дзе магу працаваць над добрымі якаснымі праектамі. Мяне радуе, што людзі гатовыя дапамагаць мне рэалізоўваць праекты і грошы не з'яўляюцца іх галоўнай матывацыяй. Аднак для мяне важна мець магчымасць працаваць у камфортных умовах, запрашаць людзей і рэалізоўваць ідэі, не абмяжоўваючыся бюджэтнымі рамкамі. Гэта, на мой погляд, надае праекту шчырасць і значнасць. Я не саромеюся распавядаць пра гранты, стыпендыі, рэзідэнцыі і гэтак далей, таму што яны даюць магчымасці, якія важныя для таго, каб захоўваць высокі прафесійны ўзровень працы.
У мяне няма мэты зрабіць кар'еру ў арт-фатаграфіі, прадаваць працы за вялікія грошы. Калі так здарыцца – цудоўна, я буду толькі рады. Калі не – таксама ўсё добра. Я ўсведамляю, што мае праекты патрабуюць часу і глыбокай працы. Напрыклад, над маім другім праектам я працую ўжо тры гады, але яшчэ ніводнай фатаграфіі не паказаў публічна. Гэта мой уласны тэмп, які мне падабаецца і ў якім я адчуваю сябе камфортна.
«Я не саромеюся распавядаць пра гранты, стыпендыі, рэзідэнцыі»
Нядаўна я атрымаў падтрымку ад праграмы EU4Culture і гэтым летам адпраўлюся на фотафестываль у Францыі ў Арль, каб прадставіць свой праект на партфоліа-рэвю і атрымаць зваротную сувязь ад куратараў і спецыялістаў у галіне фатаграфіі. Таксама гэтым летам некаторыя з маіх работ, магчыма, будуць прадстаўлены на выставах у Італіі. Я накіраваны на стварэнне рэчаў у сваім тэмпе і на сваіх умовах для сваёй аўдыторыі.
Што датычыцца камерцыйнай фатаграфіі, у мяне няма пэўных планаў. Я люблю сваю працу, але не выключаю магчымасці ў будучыні працаваць у іншых абласцях, зарабляючы на жыццё чымсьці зусім іншым, у той час як мае арт-праекты застануцца маім прыярытэтам. Я бачу гэта як паралельныя светы, дзе кожны свет дапаўняе іншы.
Фото: Алесь Кот-Зайцаў