Як хадзіць у музеі? 9 пытанняў мастацтвазнаўцу Дзмітрыю Салодкаму
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.07.2024
- 2450
Шмат хто пачуваецца ў музеях разгублена: гэты экспанат не вельмі цікавы, гэты – складана зразумець, а гэты – нібыта ўсіх навокал уражвае, але тваё сэрца маўчыць. Мы звярнуліся да чалавека, які хадзіў у музей прафесійна і падрыхтавана пяць дзён на тыдзень на працягу 13 гадоў, і запыталіся, як наведваць музей не для галачкі, а сабе на карысць. Мастацтвазнаўца, культуролаг і куратар Дзмітрый Салодкі папярэдзіў, што не мае права даваць парады. Усё, што ты прачытаеш ніжэй, – выключна яго ўласны досвед. Але і гэтага дастаткова, каб задаць сабе канкрэтныя пытанні і пашукаць адказы на іх самастойна.
Дзмітрый Салодкі
– Існуе шмат розных гайдаў: «10 пунктаў, як наведваць музей», «10 парад, каб не стаміцца ў музеі» і гэтак далей. Але мяне заўсёды бянтэжыць у такім падыходзе адна рэч: ствараецца ўражанне, што паход у музей падобны да вайсковай службы. Нібыта цябе там чакаюць з распасцёртымі абдымкамі – але толькі калі ты датрымліваешся ўсіх патрабаванняў.
Вядома, ёсць базавыя правілы, якія трэба выконваць. Гэта зразумела і лагічна. Але калі пачынаюць даваць парады, то ўсіх людзей зводзяць да нейкага ўніверсальнага шаблону. А нават той, хто ніколі не быў у музеі, можа аднойчы, праходзячы міма, вырашыць зайсці, проста таму што сёння такі настрой. У яго будуць свае правілы, свае адчуванні. Гэта як наведванне храма. Дарэчы, ведаю гісторыю, як адна дзяўчына гуляла па горадзе, у якім быў манастыр. Яна зайшла туды і не выйшла, бо стала манашкай, хаця да гэтага не была асабліва рэлігійнай.
На поўны ці пусты страўнік?
Усё залежыць ад твайго стану ў дадзены момант. Бываюць выпадкі, калі чалавек прыходзіць у музей стомленым і галодным – і менавіта ў такім стане найбольш востра і глыбока ўспрымае мастацтва. У такія моманты можна знайсці твор, які менавіта табе трэба ўбачыць.
Аднак, калі хочаш правесці ў музеі некалькі гадзін і не адчуваць дыскамфорту, лепш падсілкавацца. Я стараюся праводзіць у музеі нармалёвую колькасць часу – дзве-тры гадзіны, асабліва калі гэта вялікі музей, – таму заўсёды бяру з сабой якія-небудзь цукеркі.
Чаму ў музеі ўсё так строга?
У наш час экаактывізм можа праяўляцца ў такіх дзеяннях, як выплюхванне супу на твор мастацтва. І калі мяне спытаць, што я думаю пра гэта, то я скажу, што суп і колу насіць у музей нельга. Лічу, што такі фармат пратэсту – гэта не найлепшы спосаб выказваць свае ідэі або прыцягнуць увагу да праблемы. Я падтрымліваю праверку сумак і ўсе меры, якія перашкаджаюць пашкоджанню мастацтва.
Музей існуе, каб захаваць спадчыну. Калі там ёсць якія-небудзь забароны, яны звычайна абгрунтаваныя. Правілы дапамагаюць зрабіць так, каб той твор, які я бачу сёння, змаглі ўбачыць і іншыя людзі заўтра.
Таму нельга і фатаграфаваць з успышкай. Яркая крыніца святла выпускае пэўную колькасць люменаў, якія шкодзяць паверхні твораў – палатна або тым больш графікі, фатаграфіі, гравюры. Калі ў буйным музеі, дзе праходзяць тысячы наведвальнікаў у дзень, усе будуць выкарыстоўваць успышку пры фатаграфаванні знакавых твораў, то праз некалькі гадоў ад фарбавага слоя не застанецца нічога.
Важна памятаць, што пры наведванні музея ты часткова сам музейшчык, ты саўдзельнік. Музей выконвае функцыю захавання і вывучэння спадчыны. Глядач таксама прыходзіць для вывучэння і мусіць паводзіць сябе адпаведна, каб захаваць. Калі ты наведваеш музей, ты становішся часткай музейнай культуры, прымаючы правілы. І, разумеючы гэта, ты таксама сочыш, каб ніхто не чапаў экспанаты, дбаеш пра іх захаванне.
Як пераадолець адчуванне няёмкасці?
У многіх з нас наведванне выставачных прастораў выклікае пачуццё віны або сарамлівасці. Напрыклад, заходзіш у музей і бачыш залу, якая табе нецікавая, але праз уважлівы позірк музейнай назіральніцы адчуваеш, што павінен з ветлівасці правесці там час.
У Беларусі часта адчуваецца, што ты патэнцыйны шкоднік або злодзей. У Еўропе за наведвальнікамі таксама сочаць, але стаўленне больш лаяльнае. У кожнай зале ўсталяваныя камеры, і гэта зніжае ціск ад пільнага позірку, але для людзей, адчувальных да канцэпцыі паноптыкума, наяўнасць камер усё роўна стварае адчуванне нагляду.
Магчыма, у будучыні з'явяцца тэхналогіі, якія дазволяць наведвальнікам музеяў не адчуваць сябе вінаватымі або падазраванымі. А пакуль ёсць два тлумачэнні, навошта хадзіць у музей, нават калі пачуваешся не вельмі камфортна.
Па-першае, наведванне музея часта лічыцца элітарным заняткам, але за гэтым стаіць здаровы сэнс. Калі ты прыходзіш у музей, ты не проста адпачываеш – ты працуеш. Людзі кажуць, што музей – месца для адпачынку, ды я ў гэта не веру. Ты можаш атрымаць задавальненне ад наведвання музея, але не таму, што расслабляешся. Сапраўдны кайф прыходзіць ад пазнання, ад адкрыцця новага, ад адчування сваёй статуснасці. Гэта нармальна, калі ты бачыш шэдэўр, знакавы для чалавецтва, і адчуваеш сябе часткай гэтай культуры. Ты засведчыў сваім жыццём вопыт папярэдніх пакаленняў. Ты мусіш паважаць сябе за тое, што прыйшоў і ўбачыў нешта значнае.
«Сапраўдны кайф прыходзіць ад пазнання, ад адкрыцця новага, ад адчування сваёй статуснасці»
З іншага боку, наведванне музея нагадвае, які велізарны свет нас атачае. Ты становішся часткай гэтага свету, разумееш, наколькі вялікі вопыт чалавечага, міфалагічнага, палітычнага, сацыяльнага, эмацыйнага, псіхічнага і тэхнічнага развіцця. Гэта як цунамі, якое накрывае цябе хваляй ведаў і вопыту. І ты разумееш, наколькі малы ты ў параўнанні з усім гэтым. Гэта таксама добра, бо нагадвае пра тое, як шмат яшчэ трэба даведацца. Чым больш ты даведаешся, тым больш разумееш, колькі яшчэ не ведаеш, і тут таксама ёсць пэўны кайф.
Ці абавязкова чытаць пра экспазіцыю загадзя?
Бывае цікава проста шпацыраваць, раптоўна натрапіць на музей, зайсці і адчуць задавальненне ад незапланаванага наведвання. Ты ўспрымаеш усё з захапленнем і, нават калі музей не вельмі добры, задавальняеш сваю цікаўнасць і даведваешся нешта новае. Гэта цудоўна.
Аднак калі ты ідзеш на пэўную выставу, то лепш быць у кантэксце. Напрыклад, калі выстава прысвечаная стагоддзю нейкага руху, то прачытаць пра гэта ў Вікіпедыі – мастхэв. Ты лепей зразумееш, што ў ёй адлюстравана, адчуеш сябе больш упэўнена, атрымаеш станоўчае падмацаванне.
Напрыклад, ты бачыш карціну з голубам, на этыкетцы напісана «голуб», і ты такі: «Ну вось, я гэта і так зразумеў, не лыкам шыты». Але калі ты бачыш голуба, а напісана, што гэта квадрат, то ў цябе крыху дысананс. Падрыхтоўка дапамагае пазбегнуць такіх сітуацый.
Як толькі мы нешта для сябе адкрываем – нам становіцца добра, і гэтае адчуванне замацоўваецца. І такі вопыт ужо не будзе пустой прагулкай па выставе, а стане для цябе эмацыйна значным. Калі ты разумееш, што хоча сказаць аўтар, ці ствараеш сваю інтэрпрэтацыю, звязаную з тым, што бачыш, – ты дасягаеш максімуму, дзеля якога існуе мастацтва. Ты ўключаешся ў вопыт іншага чалавека.
Аўдыягід – браць ці не?
У 90% выпадкаў я бяру аўдыягід, наведваючы музей. Гэта проста выдатная рэч, я б нават сказаў, што гэта галоўная рэч у музеі. У музеях велізарная колькасць інфармацыі, і дзякуючы аўдыягіду ты даведваешся пра самае цікавае, што куратары ці навуковыя супрацоўнікі для цябе выбіраюць.
Тым, хто пераехаў у новую краіну і вучыць мясцовую мову, я б раіў браць аўдыягід на мове краіны, пры ўмове, што ты ўжо яе разумееш. Гэта выдатны спосаб увайсці ў культурную прастору, у якой ты апынуўся. Чым больш ходзіш па музеях таго месца, дзе жывеш, тым больш камфортна сябе адчуваеш. Нават калі не бярэш аўдыягіды, проста хадзі і глядзі.
«Чым больш ходзіш па музеях таго месца, дзе жывеш, тым больш камфортна сябе адчуваеш»
Я б раіў кожнаму, хто апынуўся ў новым месцы, пачаць прывыканне да гэтага месца з наведвання ўсіх даступных музеяў і культурных аб'ектаў. У нейкі момант ты будзеш ведаць больш, чым мясцовыя жыхары. Эмігранты могуць распавядаць мясцовым пра музеі і экспанаты, якіх тыя нават не бачылі. І гэта прыемнае пачуццё пазнання і адкрыцця новага іншым.
Як пазнаёміцца з велізарным музеем?
Ідзі па музеі бадзёрым крокам і знаёмся з ім. Я раю так рабіць: убачыш нешта, што ведаеш ці што цябе зачапіла, падыдзі, прачытай, выдатна.
Каб пазнаёміцца з музеем, трэба разлічыць свой час і сказаць: «Сёння я наведаю ўвесь музей». Я не прыхільнік той канцэпцыі, калі кажуць, што, калі ты першы раз у музеі, выберы, што хочаш паглядзець, і ідзі толькі туды. Чаму я павінен нешта прапускаць? Я аддаю перавагу паглядзець план музея, даведацца, якія залы ёсць, і прайсці іх усе, асабліва калі там у першы раз.
Напрыклад, Луўр. Ён не зводзіцца да адной «Моны Лізы». Гэта цэлая энцыклапедыя. Мне цікава прабегчыся па змесце гэтай энцыклапедыі: убачыць розныя эпохі і стылі.
Ёсць яшчэ падыход, калі ты праходзіш толькі па шэдэўрах. Мой калега Мікіта [Мікіта Моніч, мастацтвазнаўца і блогер. – заўв. 34] у сваіх рэкамендацыях па наведванні музеяў раіць узяць музейны праспект, паглядзець, дзе знаходзяцца галоўныя шэдэўры, і прайсціся па іх. Гэта таксама круты спосаб, але калі твая задача – пазнаёміцца з музеем, ты так ці інакш убачыш усе шэдэўры.
Таму, калі музей велізарны, я б разлічваў свае сілы не на знаёмства з канкрэтным творам, а на агульнае знаёмства з музеем. Калі я ўпершыню патрапіў у музей у Варшаве, я таксама адразу вырашыў даследаваць усё, што можна. Я проста праходжу, дзесьці спыняюся, але не раблю вялікіх паўзаў. А потым я проста вяртаюся, таму што ў музей нельга хадзіць адзін раз.
З экскурсаводам(-кай) ці сам(-а)?
Я вельмі рэдка наведваю экскурсіі, бо баюся, што экскурсія будзе нуднай, а я сумленны чалавек і не змагу сысці, калі будзе мала людзей, – буду хадзіць і пакутаваць. Але перад сваімі экскурсіямі я заўсёды кажу, што, калі нехта захоча сысці, калі ласка! Ні ў якім разе не трэба заставацца, калі вам нецікава. Я разумею на сто адсоткаў. Вы можаце сысці не таму, што вам нудна, а проста таму, што ў вас з'явіліся іншыя справы. Я стаўлюся да гэтага абсалютна спакойна.
Цікавым можа быць куратарскі погляд. Мне нават здаецца, што ён цікавейшы, чым погляд мастака. Калі б выбіраць, на чыю экскурсію пайсці – мастака па сваёй выстаўцы або куратара, – я б выбраў куратара. Куратар працуе з інфармацыяй і можа даць шмат інтэрпрэтацый. У мастака таксама часта ёсць акадэмічная адукацыя, але ў куратара ў галаве шмат пластоў інтэрпрэтацыйных ведаў. Мастацтвазнаўца бачыць твор у культурным і гістарычным кантэксце, у той час як мастак адчувае твор на эмацыйным узроўні.
Вядома, калі б у мяне была магчымасць пагаварыць з Леанарда да Вінчы ці з Гагенам, я б выбраў іх. Пастаў прозвішча любога вялікага аўтара – ты ўсё роўна захочаш яго самога паслухаць, а не інтэрпрэтацыю. Але ў агульным выпадку для экскурсіі я б аддаў перавагу куратару.
Ці варта прабівацца ў бясплатныя дні?
У бясплатныя дні хадзіць у музеі трэба абавязкова. Можна акурат у такі дзень пазнаёміцца з музеем, атрымаць агульнае ўяўленне аб прасторы і калекцыях. Потым, калі захочацца, вернешся ў іншы дзень, заплаціш за квіток і атрымаеш асалоду ад наведвання ў больш спакойнай абстаноўцы, калі будзе менш людзей.
Чаму камусьці нецікава ў музеі?
На маю думку, галоўная мэта наведвання музея – сустрэцца з самім сабой. Гучыць пафасна, але гэта так: ты не можаш убачыць у творах больш, чым ёсць ты. Твор мастацтва – гэта люстэрка, у якім ты бачыш тое, што з сябе ўяўляеш.
Калі табе сумна ў нейкіх залах, значыць, ты не бачыш у гэтых творах сябе. А калі табе камфортна з іншым мастацтвам, дык гэта праз тое, што твой узровень ведаў і інтарэсаў адпавядае таму, што ты бачыш.
«Калі табе нудна ў нейкіх залах, значыць, ты не бачыш у гэтых творах сябе»
Ты звяртаеш увагу на тое, што табе падабаецца або не падабаецца. Калі нешта не падабаецца – магчыма, табе проста бракуе ведаў у гэтай галіне. Калі ж табе даюць цікавыя і даступныя веды па гэтым мастацтве, ты пачынаеш успрымаць яго інакш. Ты заходзіш у залы з новым інтарэсам і без страху ці стомы. Гэта як урок матэматыкі: калі ў цябе не вельмі з ёй складалася, то ты можаш адчуваць цяжкасць ад ведаў, якія трэба засвоіць. Але з інтарэсам і разуменнем усё становіцца лягчэйшым і прыемнейшым.