Як вырасціць не толькі дайкон, але і сяброўства: гісторыя «Агарода Мар»

У Менску ўжо два сезоны прыносіць свае вітамінныя плады «Агарод Мар» – зялёныя градкі, у даглядзе якіх можа паўдзельнічаць кожная і кожны, каму цікава корпацца ў зямлі побач з такім ж энтузіястамі. Мы пагутарылі з менеджаркай праекта Марыс і валанцёркай Крапівой пра тое, як агарод можа паляпшаць гарадскія прасторы і ўпрыгожваць жыццё гараджан.

Гісторыя «агарода Мар» пачынаецца ў 2017 годзе: тады каманда праекта была апантаная ідэяй рабіць зялёныя дахі, але праз нейкі час рабяты літаральна «спусціліся на зямлю» і пераключыліся на тое, што патрабуе менш кампетэнцый. Першы агарод закаласіўся ў «Пясочніцы». За той сезон атрымалася не толькі вырасціць больш за 40 відаў раслін, але і знайсці новых прыхільнікаў ідэі. Так пачалося будаўніцтва сапраўды дружнага агароднага кам’юніці. Але наступны сезон «мараўцы» прапусцілі, а ў 2023 годзе давялося шукаць новую пляцоўку. Гэтым разам гуркі, дайкон і мята ўзыходзяць у дворыку Flame Place.

Марыс: «Я патэлефанавала і распавяла пра ідэю: “У вас ёсць двор, ад вас толькі кадкі – і ўсё”. Яны здзівіліся, кажуць: “Нічога не зразумела, але прыязджайце – пагутарым”. Мы сустрэліся, і гэта аказаўся сусветны мэтч. Аказалася, што яны і самі падумвалі пра агарод, а мы на наступны дзень патэлефанавалі і яго прапанавалі».

 

 

Як знайсці свой мэтч, калі думаеце пра нешта падобнае?

1 / Важна ўсведамляць, што гарадскі агарод не прыносіць пляцоўкам відавочнай карысці ў выглядзе грошай. Але іх можна зацікавіць тым, што вы зробіце тэрыторыю больш утульнай і да вас будуць прыходзіць людзі, якія могуць стаць таксама іх аўдыторыяй.

2 / Варта разумець патрэбы і магчымасці – вашы і пляцоўкі. Ці будзе зручна збірацца на агарод у гэтым раёне? Ці атрымаецца ўціснуць свае мерапрыемствы паміж івэнтамі пляцоўкі?

3 / Каб ваша прапанова была зразумелая, падрыхтуйце тое, на што можна спасылацца: прыклады падобных праектаў, рэферэнсы варыянтаў, як можа выглядаць агарод, а таксама каштарысы. Гэта не гарантыя, што супрацоўніцтва адбудзецца, але шанцы падвысіць.

Марыс: «Мы фатаграфавалі тэрыторыю і шукалі на Pinterest варыянты, што можна зрабіць. Мусіў быць нейкі бюджэт. Мы выбіралі недарагія варыянты – умоўна можна палеты на “Куфары” дастаць. Раю звярнуць увагу на тэрыторыі пры кавярнях. Сёлета мы зрабілі клумбу каля адной у Менску. Гэта не зусім агарод, гэта не пра гародніну і ядомыя травы, але мы пасябравалі, пабачылі тэрыторыю, дзе быў дзёран, падумалі, што ў нас куча расады. Прапанавалі ім пасадзіць расліны – і яны сказалі: “Крута, давайце!”»

 

Што трэба для агарода?

1 / Зямля і насенне. Каштуе насенне няшмат, і заўсёды можна дзяліцца і абменьвацца з іншымі агароднікамі ці дачнікамі.

2 / Кадкі і іншыя канструкцыі. Нейкія выдаткі можна перакласці на плечы ўладальнікаў пляцоўкі.

3 / Інструменты. Патрэбныя раз і назаўжды, таму секатары, рыдлёўкі, матыкі – гэта інвестыцыя ва ўсе далейшыя ўраджаі.

Колькі часу займае агарод? Гэта шматфактарная мадэль. І з нуля зрабіць – адно, а ў чарговыя сезоны – іншае. Калі проста паліваць, то ўсё «як на канвееры», але калі эксперыментаваць з новымі канструкцыямі – зноўку трэба выдаткаваць час. Ладзіць мерапрыемствы – яшчэ асобны рэсурс зверху. Весці інстаграм – таксама. Класна, калі ў вас атрымаецца размеркаваць справы па талентах і магчымасцях: хтосьці адказвае за камунікацыю, хтосьці – за сацсетачны піяр.

 

 

У чым матывацыя далучацца?

Крапіва: «Я прыйшла таму, што шукала сябровачак і новае асяроддзе. Звычайна хадзіла некуды падэнсіць або на нейкі майстар-клас, і вось сярод іншага знайшла агарод, куды можна было проста прыйсці і ўсё, не трэба плаціць, анічога не трэба. Проста ты, твае рукі, твая галава.

Я прыйшла – і праз пяць хвілін я ўжо размаўляю з незнаёмым чалавекам, мы смяёмся, мяшаем зямлю з торфам, гэта было так натуральна і збліжальна! І было прыгожа, зялёненька, свежае паветра, ліманад нам з “Флэйму” прынеслі. Мае базавыя чалавечыя патрэбы закрыліся адным махам.

 

«Праз пяць хвілін я ўжо размаўляю з незнаёмым чалавекам, мы смяёмся, мяшаем зямлю з торфам, гэта было так натуральна і збліжальна!»

 

Некаторыя з тых, хто далучыліся, казалі, што ў іх ёсць траўма, звязаная з агародам у дзяцінстве, і зараз ім вельмі прыемна гэты досвед перазапісаць – зрабіць нешта радаснае, побач з людзьмі, якія хочуць тут знаходзіцца, а не тое што бабуля а шостай раніцы прымусіла палоць лебяду. Для мяне асабіста гэта яшчэ і нейкі ўзрыў мозгу, што можна, не з’язджаючы на лецішча ў потных цягніках, а ў горадзе, дзе жывеш, ладзіць агарод і назіраць, як чэрык з кветачкі пераўтвараецца ў ягадку, а потым чырванее і ты зрываеш, еш, і ўсё – ты шчаслівая. Я дазналася шмат новага пра расліны, адчуваю блізкасць да зямлі – і гэта прышпільна».

 

Як арганізаваць людзей і не згубіцца паміж сезонамі?

1 / Сазвоньвацца, сустракацца. На сустрэчах можна адрэфлексаваць мінулы сезон і спланаваць новы, замаляваць кадкі, прыдумаць, што будзе расці, якія эксперыменты вы зладзіце.

2 / Збірацца разам, каб пакрэатывіць. Гэта можа быць нешта звязанае з будучым агародам, можа быць нешта сумежнае ці аддаленае. Паляпіць з гліны, парабіць калажы, павышываць, абмяняцца адзеннем на swap-тусоўцы – залежыць ад таго, чым цікавяцца людзі ў вашым калектыве і хто што можа прапанаваць.

3 / Людзі могуць далучацца на кароткі тэрмін, але важна сфармаваць касцяк, які мае рэсурс, каб падключацца і быць на сувязі на працягу ўсяго агароднага сезона. Пры гэтым важна людзям нагадваць пра іх кадачкі, беражліва тэгаць іх у чаціку, бо ва ўсіх свой тэмп жыцця.

4 / Інстаграм – таксама важны акумулятар яднальнай энергіі. Праз яго вы будзеце завабліваць новых людзей, але таксама – падаграваць зацікаўленасць тых, хто ўжо з вамі.

Марыс: «Перад сезонам у нас было 11 сустрэч. І пасля да агарода дайшлі ўсе, бо ты ўжо не адкруцішся, калі намаляваў сваю кадку, паабяцаў насенне ці яшчэ нешта. Ты адчуў дачыненне да агарода і ўжо хочаш адсочваць свае кадкі, а потым з’есці, што вырасце, і падзяліцца з людзьмі. Калі мы распачалі сезон, то намагаліся максімальна прытрымлівацца той канцэпцыі, якую распрацавалі. І не тыркалі пальцам у неба, а ўлічвалі, як расліны паміж сабой узаемадзейнічаюць, улічвалі сезоннасць: штосьці вырасце раней, мы з’ямо – іншай расліне будзе месца разрастацца».

Крапіва: «Інстаграм важны, бо праз яго вы распавядаеце людзям, што можна разам быць такімі класнымі. І ён важны для кам’юніці, бо я бачу па водгуках нашых валанцёрак, што ім цёпла бачыць, што мы зрабілі тое-сёе, і паглядзець на гэта збоку. Рылсікі з валанцёркамі заўсёды вельмі мілыя».

 

 

Чым можна разнастаіць агародную руціну?

У гэтым сезоне на «агародзе Мар» з’явіўся домік для насякомых. Раслінам дрэнна без насякомых, а насякомым – без раслін, а ў горадзе з насякомымі зусім складана. Домік для насякомых дапамагае наладзіць сімбіёз, калі адны ўгнойваюць, другія – апыляюць і таму падобнае. Таксама гэта вельмі цікавая штука для дзяцей, і праз яго можна далучаць іх да карыснай справы, наладжваючы кантакт з жывой прыродай.

Розныя мерапрыемствы, у тым ліку на экалагічную тэму, дапамагаюць мацней убудоўваць агарод у горад. Праз івэнты адбываецца больш узаемадзеяння паміж гараджанамі і камандай агарода. Не кожны(-ая), хто завітае на івэнт, далучыцца да пасадкі і паліву, але яны прынамсі зацікавяцца, што тут побач, у іх горадзе, адбываецца. У гэтым судакрананні могуць нараджацца творчыя калабы ці яшчэ нейкае класнае ўзаемадзеянне.

Ну і, канешне, варта эксперыментаваць з самім агародам. Пасадзіць экзатычную гародніну. Вырасціць грыбы. Пачаць кампаставаць. Зрабіць сістэму кропельнага паліву. Стварыць вертыкальныя кадкі. Чаму не?

 

«Мы запрашаем прыйсці і паспрабаваць. Не атрымаецца – нічога страшнага»

 

Марыс: «У гэтым сезоне мы зрабілі шмат кадак, якія яшчэ не ведаем як працуюць. Мы называем іх эксперыментам і, калі з іх нічога не атрымаецца, моцна нервавацца не будзем. Мы возьмем ад гэтага досвед і паспрабуем у наступным годзе рабіць па-іншаму. Гэта ўсё цікаўнасць, якую, лічу, важна захоўваць з дзяцінства. Мне здаецца, у гарадскім асяроддзі мала магчымасцяў бязбольна спрабаваць нешта новае. Часта разумныя людзі з нейкімі ведамі баяцца праяўляцца, бо гэта адказнасць: калі я зраблю нешта дрэнна, на мяне насварацца. А ў нас такі праект, дзе мы запрашаем прыйсці і паспрабаваць. Не атрымаецца – нічога страшнага. Нам класна спрабаваць».

 

Фота: «Агарод Мар», Unsplash