Сяргей Пукст – энцыклапедычны эксцэнтрык, патомны кампазітар, энергічны і рознабаковы наватар, парадаксальны канцэптуалізатар, постэстэт і «некрасюррэаліст». Яго творчы шлях – бясконцая метамарфоза. Схільнасць да інтэлектуалізацыі і вобразы, што ўвесь час мяняюцца, робяць яго сапраўдным трыксцерам.
Пукст прайшоў доўгі шлях і працягвае эвалюцыянаваць. Пачаў у нулявых з акустычнага построкавага Strange Glamour. Затым стаў «нігілістычным джазмэнам», а пасля – феерычнай індзі-рокавай зоркай. Вынік доўгага перыяду – бескампрамісны «Апошні альбом», які стаў «Альбомам года» паводле Experty.by. Праз пару гадоў Пукст трансфармаваўся ў махровага шансанье ў праекце «Георгий Добро» і ўжо зусім нечакана раптам пачаў чытаць рэп у новым праекце True Litwin Beat сумесна з Яўгенам Бяловым. Праект True Litwin Beat выпускае ў свет другі альбом, які мы ў бліжэйшы час прэзентуем на «Першаку».
Галоўнае – рабіць. Забыць слова «навошта». Бязглузда наракаць на публіку: яна ўжо даўно прымае музыку толькі пасля адпаведнай прадзюсарскай падачы. Але любы хайп праходзіць хутка.
Я іду ад музыкі, ад змястоўнага боку. У рэшце рэшт з яе нешта складваецца.
У працэсе працы над праектам «Георгий Добро» ў нас сталі з'яўляцца дзіўныя кавалкі, якія інакш як у форме рэчытатыву не падасі. У нейкі момант нам захацелася перайсці ад гульні да прамагаварэння, а потым зайсці яшчэ далей, праіранізаваць дызайн «пад праўду». Так з'явіліся True Litwin Beat.
Праект «Георгий Добро» будзе працягвацца. Назапасілася пэўная група фанатаў, якой, як я адчуваю, «Георгий Добро» цікавы. Ён пачаўся як асэнсаванне таго факту, што інерцыя ў сучаснай поп-музыцы, механізмы маніпулявання пачуццямі – «Тебе одной себя дарю» – настолькі выйшлі вонкі, што сталі відавочнымі. Дык давайце давядзем гэта да лагічнага жахлівага канца! Георгій уяўляўся такім тлустым гонза-фіналам усяго гэтага працэсу. Там цэлая ідэалагічная платформа мужчынскай эмансіпацыі: мужчына, які заяўляе пра свае жаданні.
«Музыка і літаратура – гэта псіхатропы»
Пранк у маім папярэднім альбоме «Гендарны баланс» – гэта прамая ілюстрацыя, што захад і ўсход не зводзяцца. Квадратныя схемы і празрыстыя вочы, якія выпраменьваюць вялікія ісціны, у пранку іранічна аплываюць.
Культура тролінгу – гэта ахоўная, баязлівая, але адэкватная рэакцыя на праўду ў перабудову і «праўду» ў 90-я. Гаворка пра тое, што нічога не баліць, і ў ёй таксама даволі шмат жанравых умоўнасцяў. Гэта культура крайнасцяў і рай для заціснутых неўрастэнікаў. Пры ўсёй раскаванасці, глыбіні прамога выказвання там няшмат. Гэта як пазнаваць жанчыну па порнафільмах. Ты ведаеш практычна ўсё. Але не пра рэальных людзей і рэальны свет.
Сучасныя пратэстныя ідэалогіі валодаюць механічнай мёртвай мовай. Гэтая мова – бліскучая сістэма рыхтовак і нацяжак, якая стварае хімерычную пратэсную рэальнасць. Гэтая рэальнасць так і сочыцца класавымі супярэчнасцямі, якіх, можа, і не існуе ў рэальнасці. Гэтая форма мяне заўсёды вельмі раздражняла. І я паспрабаваў высмеяць яе ў «Гендарным балансе».
Творчасць функцыянальна абумоўленая. Музыка можа ўтылітарна падпіраць сацыяльную ідэю, можа – сэксуальную, але яна не самакаштоўная. Атрымліваць асалоду ад суровай бескампраміснай прыгажосці самой музыкі – залішняя раскоша. Займаючыся раскошай, то бок чымсьці звышардынарным, ты і супрацьстаіш гэтай сплошчанай да межаў сацыяльнага канфлікту «рэальнасці».
Каб не быць раздзіраемым ідэалогіямі, якія і палярныя, і недасканалыя, але пры гэтым павінны цябе «паклікаць» і «запатрабаваць», неабходна не бачыць сябе ў гэтым штучным канфлікце. Памятай: калі ты ўвайшоў у чыюсьці схему – ты бунтуеш супраць сябе.
Музыка і літаратура – гэта псіхатропы.
«Усю творчасць, якой я займаюся, можна аднесці да вобласці хобі і фізіялогіі»
Мастацтва не можа быць ранейшым пасля Другой сусветнай, вынішчэння спачатку армян, потым цыган, габрэяў, пасля канцлагераў. Пасля Другой сусветнай мастакі сталі са скуры вылузвацца, каб аднавіць гэты кашмар. Мастацтва хоча на ўзроўні атракцыёну прайграць гэтае моцнае адчуванне. Таму што гэта поп-закон. Але ў галіне візуальных мастацтваў і музыкі кашмар адбыўся сам сабой. Чалавек, які не толькі стварае, але і ўспрымае, адтуль ужо выключаны.
Усю творчасць, якой я займаюся, можна аднесці да вобласці хобі і фізіялогіі. Жыць творчасцю ўсё адно нельга. Напрыклад, тое, што амерыканскі прафесар Макфад’ен адзначыў нашу з Антонам Крывулем працу «Чорны Бусел», па сутнасці нічога не значыць. Яго праца як амерыканская рэанімацыя. Цябе прывялі ў прытомнасць – ты можаш хадзіць, а далей нас не асабліва хвалюе, што з табой адбываецца.
Музыкам заўсёды даводзіцца змагацца. Спачатку з недахопам інфармацыі пра сябе, калі тэлебачанне пускала толькі правераных выканаўцаў. Зараз – з лішкам інфармацыі. Усе глядзяць брытанскі і амерыканскі поп таму, што там думаюць над музычным дызайнам. Гэта тэхналагічна і псіхалагічна вельмі невыпадковы прадукт. У нас постмузыкай яшчэ ніхто не займаецца, а лакальнай, выразна сфармуляванай Тэмы няма. Вузлавых момантаў, якія счытваюцца на раз-два, ніхто яшчэ не выпрацаваў.
«Я не лічыў ніколі, што ў аснове музыкі ляжыць сэкс. У аснове музыкі ляжыць музыка»
Агульныя тэндэнцыі таго, як змянілася музыка, я апісаць не змагу. Я не Мартынаў. Скажу толькі пра асабістыя адчуванні. Я не лічыў ніколі, што ў аснове музыкі ляжыць сэкс. Мне здаецца гэта такой жа зашоранасцю, як і поўнае адмаўленне сэксу ў савецкі час. У аснове музыкі ляжыць музыка. Гэта не суправаджэнне спарвання, заляцання, нараджэння ці пахавання па азначэнні. Музыка сама ў сабе прыдатная толькі для слухання. І настрой павінен павышацца не ад бадзёрага рытму, а ад усведамлення яе велічы і прыгажосці. Музыка мусіць спараджаць усведамленне, а не прытоптванне і ўпадзенне ў спячку.
Пра ідэнтычнасць скажу, што кожны чалавек перш за ўсё ідэнтычны сам сабе. Нацыя, карані – гэта важна, але мы занадта часта сёння сутыкаемся з эксплуатацыяй гэтых рэчаў.
Постмадэрнізм і быў па сваёй прыродзе трупаперапрацоўкай. І нават даволі смешна казаць пра яго смерць. Яго наяўнасць у творчасці – гэта як наяўнасць мёртвых клетак.
Канцэптуальнае мастацтва – гэта рэзервацыя з малпачкамі-мастакамі, якія мусяць аскандаліць абывацеля па яго законах. Іх змясцілі ў бяспечнае месца, рэзервацыю. Яны не ўплываюць на грамадскія працэсы.
«Гэты альбом больш “экспартны”, чым першы. Ён настолькі ж рэзанансны, але зроблены ўжо па іншых законах»
Другі альбом True Litwin Beat адрозніваецца ад першага. Ён жывы. Там грае гурт з чатырох чалавек. Яўген Бялоў – гітара, Цімур Рэйзіс – клавішныя, Максім Кот-Кузьма – бас і Алег Вайтулевіч – барабаны. Я чытаю. Гэта значыць, мая роля самая простая. Музыка і забіяцкія аранжыроўкі ўжо традыцыйна ляглі на плечы Жэні Бялова. Без яго гэты праект наогул быў бы немагчымы. Вы адчуеце яго бачанне, хуткасць працы і бадзёрасць музычнага мыслення. Я рады за слухача, таму што яму яшчэ давядзецца гэта пачуць.
Гэты альбом больш «экспартны», чым першы. Ён настолькі ж рэзанансны, але зроблены ўжо па іншых законах. Там усё сказана – пераказваць не буду, таму што важна не «пра што», а «як». Тэматыка альбома адрозніваецца, таму што баліць ужо пра іншае. Тут няма пытання ў распрацоўцы тэмы, бо я імкнуся тэму заўсёды афарыстычна закрыць ад самага пачатку.
Хутка ў мяне можа выйсці альбом з кодавай назвай «Простасць» – гэта альбом лоў-фай поп-песень. Першую песню з яго («Ніхто») я ўжо выклаў у soundcloud. Я б не хацеў загадзя прамаўляць, што там будзе. Ёсць думка запісаць трэк а капэла ў розных месцах горада накладаннямі, дзе кожны голас, які ўплятаецца, будзе ўваходзіць разам з натуральным шумам таго месца, дзе ён будзе запісаны. Альбо найперш будзе выпушчаная фартэпіянная сюіта. Дзе набярэцца матэрыял на альбом, тое першае і выйдзе. Але перад імі хачу выпусціць альбом «Вязь» – матэрыял ужо запісаны. Мы запісалі яго з Раманам Цябутам і Юрыем Навуменкам. Там я рэалізаваў сваю ідэю паасобнага існавання музыкі і тэксту. Я чытаю вершы, яны граюць – атрымаўся кантрасны і збалансаваны па духу запіс. Засталося толькі зрабіць мантаж.
Я проста ведаю, што граніцы цела – не мяжа. Ёсць паталагічны страх шлейфу – калі ты робіш нешта, што ад цябе чакаюць.
Пра свавольствы, мастацкі дыктат і сваю місію.
Гутарым з украінскім квір-мастаком Анатолем Бяловым пра тое, як зняць оргію ў кіно і што дае права на памылку ў творчасці.
Як атрымаць мільёны еўра на сваю ініцыятыву і што прыводзіць да менеджарскага аргазму – унутраная кухня аднаго з буйнейшых некамерцыйных фондаў Беларусі.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
у него есть хоть одна хитовая мелодия? если нет, то к чему этот треп.