Запусціўся чат-бот пра ВІЧ і сэксуальнае здароўе
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.07.2024
- 2306
Беларуская ініцыятыва «Молодые Люди+» запусціла тэлеграм-чат-бот «ВИчат», які дапамагае ўсім зацікаўленым здабыць падрабязную інфармацыю пра ВІЧ і атрымаць бясплатную псіхалагічную і юрыдычную падтрымку.
Псіхалагічная падтрымка дае чалавеку, які жыве з ВІЧ, да 5 бясплатных кансультацый. Кансультуюць псіхалагіні і псіхолагі са шматгадовым досведам у гэтай сферы. Усе яны – прыязныя да ЛГБТК+ людзей.
Юрыдычная падтрымка прапануецца людзям з Беларусі. Юрысткі і юрысты глыбока разбіраюцца ў прававым аспекце жыцця з ВІЧ у краіне. Усе яны таксама ЛГБТК+ фрэндлі.
Інфармацыйная падтрымка распаўсюджваецца на людзей з ВІЧ-пазітыўным статусам, іх блізкіх, а таксама ўсіх, хто хоча даведацца, як абараніцца ад заражэння ВІЧ і ІППШ. «ВИчат» дае дакладную інфармацыю, развейвае міфы і стэрэатыпы пра сэксуальнае здароўе, дапамагае сваякам, сябрам, партнёрам людзей з ВІЧ беражліва падтрымаць блізкага чалавека.
Рэсурс на кансультацыі ў каманды пакуль абмежаваны, але каманда, якая зрабіла «ВИчат», шукае магчымасці, каб заўсёды заставацца побач з тымі, каму гэта неабходна.
Іва,
ВІЧ- і фем-актывістка, заснавальніца ініцыятывы «Молодые Люди+», сузаснавальніца чат-бота «ВИчат»:
«Нашай мэтай было стварыць бяспечную прастору без дыскрымінацыі і запалохвання, дзе пануе добразычлівая і паважлівая камунікацыя. Уся інфармацыя даецца ў фармаце нефармальнай перапіскі з персанажам ВИ, які беражліва і добразычліва адказвае на пытанні па тэмах. Гэта дапамагае знізіць трывогу і ўнутраную стыгму, палепшыць якасць жыцця і здароўя, а таксама адчуваць упэўненасць у паўсядзённым жыцці.
Для мяне як для ВІЧ-актывісткі і чалавека, неабыякавага да цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца людзі, якія жывуць з ВІЧ, асабліва важна шукаць новыя шляхі і інструменты падтрымкі і паляпшэння якасці жыцця ВІЧ-станоўчай супольнасці. Гэты праект мы стваралі з душой і шчырасцю, каб паказаць, што людзі, якія жывуць з ВІЧ, не самотныя і іх голас і праблемы бачныя і пачутыя».
У чат-бота ёсць свая інстаграм-старонка.
«Молодые Люди+» з 2018 года працуюць на падтрымку маладых беларусаў і беларусак, якія жывуць з ВІЧ. Ініцыятыва займаецца асветай і адукацыяй, накіраванымі на зніжэнне стыгмы і дыскрымінацыі людзей, якія жывуць з ВІЧ. «МЛ+» ладзяць трэнінгі і вэбінары для ўсіх зацікаўленых, а таксама івэнты-падтрымкі для сваёй аўдыторыі.