Размова са стваральнікамі Dandy Land: краўдфандынг, бургеры і б’юці-корт
- 21.02.2019
- 5550
На Кастрычніцкай з'явілася новая лакацыя – прастора Dandy Land, якая аб'ядноўвае б’юці-корт, event space, бургерную і краму адзення. Мы пагаварылі са стваральнікамі гэтага месца пра канкурэнтаў, краўдфандынг і запаўненне 585-ці квадратаў карыснай плошчы.
Па адрасе Кастрычніцкая, 19/4, знаходзіцца цагляны склад, што хавае ў сваіх абшарпаных сценах прастору, у якой любы жадаючы зможа зрабіць манікюр, прычоску, падстрыгчы бараду, купіць адзенне, набіць татуіроўку і ўмяць смачны бургер. У будучыні тут будуць праводзіць лекцыі і DJ-сэты, а пакуль стваральнікі Dandy Land наносяць апошнія штрыхі і ўсаджваюцца перад дыктафонам для таго, каб абмеркаваць сваё стварэнне.
З кiм гаворым:
Андрэй Пратапопаў – цырульнік з пятнаццацігадовым стажам і заснавальнік праекта Dandy Land. У мінулым Андрэй адкрываў студыі прыгажосці, раз'язджаў па краіне ў аўтобусе-цырульні і адхопліваў тытул «Мянчук года».
Лена Батурчык – сузаснавальніца праекта Dandy Land і BurgerLab, выкладчыца і ўладальніца дзесяцігадовага стажу ў сферы рэстараннага бізнесу.
Што такое Dandy Land
– Дзе мы цяпер?
– Андрэй: Dandy Land – гэта прастора крэатыўных рабят, якія аб’ядналіся на адной пляцоўцы. Кожны рэалізуе розны від паслуг, але ўсе тут творчыя і вельмі пазітыўныя, так што атрымалася такая вялікая сям'я, якая зарабляе бабкі, – мы як італьянскі клан. Па факце, у гэтым калектыве кожны займаецца сваёй справай, яму гэта падабаецца, і ён не лезе ў чужыя справы, хоць мы адно аднаму дапамагаем, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.
Тут ёсць студыя прыгажосці «Малако», дзе займаюцца манікюрам, педыкюрам, макіяжам, карэкцыяй броваў і дэпіляцыяй. Ёсць студыя татуіроўкі Lumus, якія маюць круты праект па гасцявых спецыялістах: яны запрашаюць з Еўропы чувакоў, якія будуць рабіць тут татуіроўкі. Ёсць андэграўндныя цырульнікі, я і мая каманда Dandy Home: у нас ідэалогія колеру, формы, крэатыўных стрыжак, стварэння рваных структур і новых тэхнік. Побач з намі ёсць Black & White: гэта барбершоп, у якім працуюць сучасныя хлопцы – яны могуць пластычна працаваць з кліентамі, і калі табе трэба не толькі пагаліць, але і падстрыгчы, гэта дакладна да іх. Яшчэ ў нас ёсць канцэпт-стор: гэта крама Сяргея Верынскага, называецца «Red» – кастомнае месца, дзе дызайнеры змогуць паказваць сваю вопратку і дыктаваць стыль. І BurgerLab – чувакі, якія пакаралі ўвесь Менск на сваім фуд-траку.
– Лена: Уся сутнасць BurgerLab у тым, што мы пачалі маленькай камандай у чатыры чалавекі, а цяпер нас амаль дваццаць: усё гэта зараджаныя рабяты, якія любяць тое, што мы робім. Наша мэта – рабіць бургеры за адэкватны кошт. Гэта тое, чаго, на наш погляд, не хапала гораду: ты думаеш, куды схадзіць паесці вечарам, і разумееш, што для пераліку добрых месцаў хопіць пальцаў адной рукі, а мы хочам, каб другая рука таксама ў гэтым удзельнічала.
«Ёсць кватэра, якая робіцца пад здачу, а ёсць кватэра, у якой жывуць, – мы настроены тут кожны дзень чымсьці займацца»
– Як узнікла ідэя стварэння Dandy Land?
– Андрэй: Я наруліў памяшканне, сустрэўся з рабятамі – мы каля месяца думалі над тым, што гэта будзе, як гэта будзе, дзе і што будзе знаходзіцца.
– Лена: Спыняла тое, што такога фармату няма ні ў нас у краіне, ні ў бліжэйшым замежжы: мы рэальна спрабавалі шукаць падобныя месцы, але нічога не знайшлі.
– Андрэй: Мы мералі адзін канец з іншым, каб зразумець свой шлях, але потым псіханулі і проста пачалі рабіць. Ёсць такая фраза: «вочы баяцца – рукі робяць», і мы ўвесь час ідзем пад гэтым лозунгам. Калі б мы далі задачу галаве, то нічога б гэтага не было.
– Лена: Возьмем фінансавую частку: гэта велізарнае памяшканне, амаль 600 квадратаў.
– Андрэй: Калі дакладней – 585 квадратных метраў карыснай плошчы.
– Лена: Першыя будаўнікі, якія сюды заходзілі, называлі лічбы, на якія можна чатыры кватэры ў Маскве купіць. Гэта было як аплявуха: мы пачалі думаць, дзе мы такія сумы возьмем, а потым сталі меркаваць, што можам зрабіць самі.
– Андрэй: Кожны раз, калі з'яўлялася нейкая непад'ёмная праблема, мы проста пачыналі зярнятка за зярняткам перакладаць, а потым азіраліся і бачылі цэлы свіран збожжа. Усё рабілася сваімі рукамі, але велізарная колькасць людзей нам дапамагла ў тым, каб гэтая справа рэалізавалася: былі псіхі, былі нервы, але мы гэта робім з любоўю і ніколі не крыўдзімся адно на аднаго. Мы ўсё гэта прайшлі – памацнелі, і цяпер будзем паказваць, што мы можам.
– Вы казалі, што не змаглі знайсці падобнае да Dandy Land месца, але ж ёсць Lo-Fi Customs. Хіба гэта не адзін і той жа фармат?
– Андрэй: Lo-Fi Customs – гэта пляцоўка, якая здаецца пад мерапрыемствы, а мы кожны дзень працуем. Нам не трэба чакаць нейкую кантору, якая прыйдзе і нешта ў нас арганізуе, – не, мы зарабляем грошы кожны дзень. Ёсць кватэра, якая робіцца пад здачу, а ёсць кватэра, у якой жывуць, – мы настроены тут кожны дзень чымсьці займацца, а калі ты зойдзеш у Lo-Fi Customs, «Ок16» або прастору «Верх» ва ўмоўны абед аўторка, то максімум, што ты зробіш, – гэта ўключыш святло ў памяшканні, а мінімум – пацалуеш зачыненыя дзверы. Там няма першаснай задачы штодзённай працы.
– Лена: У першую чаргу Dandy Land – гэта пляцоўка для сябе. Гэта пастаянны прагрэс, і ўсім трэба развівацца, і чым больш ты развіваешся, тым лепей. Таму гэта пляцоўка для сябе, куды будуць прывозіцца пракачаныя чувакі і пракачаныя праекты. Пакуль што гэта план, але я ўпэўнена: мы яго выканаем.
– Андрэй: Проста нам трэба трошкі выспацца, набрацца сіл і далей працаваць.
– Лена: Год таму мне здавалася, што я не магу ўставаць раней за дванаццатую дня. Цяпер я ведаю, што 07:30 – добры час для пад’ёму. З такім праектам ты разумееш, што калі за паўгода са старога разваленага склада можна зрабіць крутую штуку, то магчыма ўсё: дайце мне рычаг – я перавярну Зямлю.
– Андрэй: У нас ёсць праект па пажарнай сігналізацыі, кнопка аховы міліцыі, рабяты займаліся ліцэнзіяй на алкаголь, узгаднялі рэжым працы. Запусцімся – будзем праходзіць санітарныя нормы. Мы не проста моладзь, якая вырашыла нешта паспрабаваць: усе пытанні разбіраюцца, і мы трошкі больш «дарослыя» за іншыя падобныя арганізацыі.
– Лена: Усе, хто тут ёсць, – гэта людзі на вопыце, і мы выдатна разумеем, на што мы ідзем. Усе мараць паехаць у адпачынак, але мы ведаем, што ў бліжэйшы год мы нікуды не паедзем. Хочацца, каб гэтае месца працавала разам з табой, а ты – разам з ім, і калі для гэтага трэба жыць тут – акей, мы будзем жыць тут. Мы гатовыя пакласці ўсе сілы і сядзець без бабак некалькі месяцаў, каб зрабіць усё добра: так вырашылі – так і зробім.
«У нашай сферы схема "прыйшоў дзядзька і даў бабак" ужо не працуе»
«Вялікая пляцоўка – гэта добра, але не заўсёды, таму што ёсць маленькія івэнты»
Бургеры і краўдфандынг
– Важны складнік Dandy Land – гэта BurgerLab. Як бургерная ўпішацца ў гэтую прастору і ці захаваецца фуд-трак?
– Лена: Вядома, гэта ж наша стварэнне! Многія да гэтага часу думаюць, што тая сума, якую мы накраўдфандылі на «Вуллі» , – гэта сума адкрыцця траку. Гэта вельмі смешна, таму што сума адкрыцця траку больш чым на парадак перавышае суму, якую мы атрымалі. Але гэта быў клёвы вопыт, і гэта не толькі вопыт збірання грошай. Гэта вельмі жорсткі marketing research: мы разумелі, што калі краўдфандынг спрацуе, то наш прадукт цікавы, калі не спрацуе – ідэя так сабе і трэба нешта мяняць. Краўд пачаў працаваць: людзі мэтанакіравана ехалі да нашага траку. Тады мы зразумелі, што трэба рабіць больш: мы ведалі, што ў халодны сезон трак сыходзіць у адпачынак – калі ты захутаны ў дзесяць адзёжак, табе ніякіх бургераў не хочацца. Была ідэя з'ехаць у цёплую краіну па новыя ідэі і рэцэпты, але тут прыйшоў Андрэй і сказаў: «Чувакі, у мяне ёсць памяшканне – давайце нешта муціць».
Мы вырашылі, што прапускаць такую магчымасць нельга: наш трак першапачаткова павінен быў размяшчацца на паркоўцы Кастрычніцкай, але нічога не атрымалася, а тут Андрэй запрашае нас у памяшканне, якое знаходзіцца насупраць гэтага месца. Так што гэта проста лёс: мы прыкінулі, што тэарэтычна пацягнем гэтае месца – калі ўсе зоркі складуцца, калі наш інвестар таксама будзе зацікаўлены ў праекце. Калі інвестар, які і даў нам тую велізарную суму на фуд-трак, прыйшоў у гэтае памяшканне, у яго было вельмі шмат сумневаў, маўляў, я не ведаю, пацаны, што вы тут наогул будзеце рабіць. Потым мы пачалі разганяцца, і ён убачыў, што тут вымалёўваецца нешта клёвае.
– Дзе вы знайшлі грошы на ўсю гэтую прастору?
– Андрэй: У BurgerLab быў інвестар, і я на краўдфандынгу бабак сабраў.
– Лена: Былі свае сродкі, былі пазыковыя сродкі. Нітка да ніткі – так усё і атрымалася.
– Андрэй: Мы з горам напалову збіралі свае ашчаджэнні, нешта займалі і знаходзілі нейкія магчымасці дадатковага даходу – у BurgerLab ёсць інвестар, які ім дапамагае, але ён у першую чаргу іх сябар. А я на краўдфандынгу сабраў 10 610 BYN, хоць трэба было сабраць усяго дзесяць тысяч: за месяц я сабраў чатыры тысячы, а за апошнія чатыры гадзіны мы сабралі яшчэ шэсць тысяч. Краўдфандынг – гэта такая спартовая дзвіжуха, калі ў цябе ёсць дыстанцыя, якую трэба прайсці, і ў фінале гэтай дыстанцыі людзі вельмі прыкольна зрэагавалі: я ў інстаграм скідваю фота чэкаў, якія мне дасылаюць людзі, і ўсё яшчэ больш пачалі скідваць, прама як на галасаванне на «Еўрабачанні».
Вельмі крутыя эмоцыі, але галоўная фішка ў тым, што ты дэманструеш грамадству сваю працу: краўдфандынг – гэта твой дзённік, дзе ты паказваеш, чым ты займаешся, і гэта добры «справаздачнік» перад людзьмі. Калі ты гэта паказваеш – гэта працуе.
Канкурэнты, канцэрты, клуб аматараў бязглуздых шкарпэтак
– Зараз у вас ёсць канкурэнты?
– Лена: Ёсць падобныя праекты: гэта El Pushka, напрыклад. Хлопцы адкрылі бар для сябе і для сваіх гасцей, яны кайфуюць і развіваюцца безупынна, а зараз яшчэ адкрылі бар «Mixto»: яны раскачаліся, яны папулярныя. У іх ніколі не бывае пуста: калі б ты ні зайшоў у «Пушку», там будуць людзі. Гэта вельмі яркі прыклад таго, як энтузіясты зрабілі сваю штуку і пагналі развівацца. Яшчэ яркі прыклад – «Банкі-бутэлькі»: рабяты вельмі даўно працуюць у гэтай сферы, і цяпер яны адкрылі трэцюю ўстанову.
У нашай сферы схема «прыйшоў дзядзька і даў бабак» ужо не працуе: мы прыходзім да новай мадэлі, і трэба адкрываць нешта, чым ты будзеш «хварэць» і «заражаць» гэтым іншых людзей. Нельга проста нешта адкрыць і сказаць, што гэта працуе, – калі ў гэтым месцы няма душы, яно не працуе. Так адбываецца ў сферы прыгажосці, рэстараннага бізнэсу, адзення, абутку – раскачваецца тое, у што ўклалі любоў і душу, таму што людзі ідуць на эмоцыю.
– У Dandy Land будуць праходзіць івэнты: вас можна лічыць канкурэнтамі ўмоўнага «Корпуса»?
– Лена: Так, у нейкім фармаце мы канкурэнты «Корпуса»: калі вы хочаце прывезці Гордана Рамзі, яго лагічней везці туды, дзе ёсць кухня, а калі вы робіце нейкую тату-дзвіжуху, то яе таксама можна зрабіць тут. Хочаце зрабіць трэнінг для майстроў манікюру, калі ласка – ёсць прастора, і гэта добра тым, што любы трэнінг складаецца з двух частак – тэорыі і практыкі: спачатку табе нешта зачытваюць, потым паказваюць. Дрэнна, калі толькі начытваюць, таму што ты нічога не ўсмоктваеш, і дрэнна, калі толькі паказваюць, таму што ты бачыш візуальна, але не разумееш тэхналогію. Так што мы сумясцілі гэтыя дзве штукі.
Мы не можам супернічаць з «Корпусам» па колькасці ўмяшчальнасці людзей, але дакладна гэтак жа мы не можам супернічаць з Marriott Hotel, таму што ў іх зала бол-рум на шэсцьсот чалавек, але што нам, сумаваць ад гэтага? Наогул вялікая пляцоўка – гэта добра, але не заўсёды, таму што ёсць маленькія івэнты. Калі ў Менску вырашыць сабрацца «Клуб аматараў бязглуздых шкарпэтак» лікам у трыццаць чалавек, як ім пацягнуць пляцоўку на некалькі сотняў чалавек? А яны хочуць прама лекцыю правесці. Гэтая пляцоўка ім выдатна падыдзе, таму што яна маленькая, недарагая, і тут іх ніхто не будзе чапаць: яны тут і пагаварыць змогуць, і паесці, і татух са шкарпэткамі набіць.
«У гэтым годзе будзе праходзіць Vulica Brasil, і калі ўсё будзе добра, аддадзім ім нашыя фасады»
– А правядзенне канцэртаў тут магчымае?
– Лена: Так, вядома: калі з’явіцца ў нас такая ж клёвая і самабытная дзяўчынка, як Alyona Alyona з аўдыторыяй у дзвесце чалавек, то гэтыя дзвесце чалавек прыйдуць сюды яе паслухаць. Зразумела, што тут не выступіць Макс Корж, таму што яму патрэбная «Менск-Арэна». Гэта маленькая пляцоўка для маленькіх івэнтаў, і, як паказвае практыка, у Менску шмат таленавітых музыкаў, і я разумею, што ў нейкай ступені наша пляцоўка падыходзіць лепш за ўсё: ты не пойдзеш арандаваць дарагі Re: Public, які ты проста не запоўніш і страціш бабкі. А вось сваіх 200-300 чалавек ты прывядзеш сюды і эмацыйна кайфанеш, таму што ўся зала будзе тваёй, а ты за гэта гару бабла не заплаціш.
Калі пачаць разганяцца, то можна прыдумаць 1001 прымяненне маленькай прасторы, якая падыдзе для нейкага канкрэтнага маленькага сегмента. Нам не патрэбныя «вялікія рыбы» гэтага рынку – нам патрэбныя маленькія, мы для іх гэта робім.
«Не трэба мне рабіць каву за пяць рублёў з нейкага незразумелага гатунку – зрабі мне проста смачную каву за тры рублі»
«Менску не хапае простасці»
– Вы выбралі Кастрычніцкую: як вы плануеце ўзаемадзейнічаць з гэтай вуліцай?
– Лена: Мы плануем івэнты на вуліцы. Мы не прадумвалі іх дэталёва, але там будзе летняя тэраса, там будзе шмат святла, будуць гамак, музыка: магчыма, мы будзем прывозіць крутых лакальных музыкаў, якія будуць рабіць нешта сваё. У гэтым годзе будзе праходзіць Vulica Brasil, і калі ўсё будзе добра, аддадзім ім нашыя фасады.
Мы размаўлялі пра тое, што ў лістападзе, магчыма, тут будзе маленькае свята Дывалі – гэта вельмі добрае, яркае індыйскае свята, падобнае да фестывалю агнёў: вядома, мы не будзем паліць монстраў з пап'е-машэ, але нешта такое лямпавае і цёплае для халоднага лістапада зробім. Хочацца, каб усе адчувалі сябе камфортна, і для мяне камфорт – гэта такая ціхая спакойная тэраса, і я ведаю, што там будзе пара сталоў на аддаленні для такіх інтравертаў, як я, і будуць вялікія сталы для вялікіх тусовак, каб не трэба было зрушваць маленькія сталы.
Вуліца Кастрычніцкая сама па сабе вельмі ўтульная, і надаць утульнаму месцу яшчэ больш утульнасці трошкі прасцей. Наша пляцоўка будзе клёвай для тых, хто прыйдзе сюды з хатнімі жывёламі, і для тых, хто прыйдзе сюды з дзецьмі – у нашых планах паставіць манеж для дзяцей, каб ты мог пакінуць там сваё дзіця і пайсці тусавацца са сваімі сябрамі. Хочацца для ўсіх зрабіць максімальна камфортныя ўмовы, каб не было менскай гісторыі «падладжвайся пад установу», а была гісторыя «ўстанова падладжваецца пад цябе».
– Чаго вам самім не хапае ў Менску?
– Лена: Мне не хапае разнастайнасці. Яе не хапае ў любой сферы, якая прадстаўлена ў горадзе: груба кажучы, калі хтосьці прывозіць клёвыя шмоткі, то праз месяц адкрываецца яшчэ чатыры крамы з такімі шмоткамі.
З ежай іншая сітуацыя: усяго быццам бы шмат, а нібы нічога і няма. Круты праект зрабілі хлопцы з «Пясочніцы»: гэта быццам бы невялікі лонданскі Камдэн Таўн, дзе ўсё ў крутой вулічнай ежы, але хочацца больш такіх праектаў. Хочацца разнастайнасці ў людзях, разнастайнасці ў ежы, разнастайнасці ў фарматах і падачы.
Яшчэ Менску не хапае простасці. Не трэба мне рабіць каву за пяць рублёў з нейкага незразумелага гатунку – зрабі мне проста смачную каву за тры рублі. Не трэба рабіць бургер з мармуровай ялавічыны за дваццаць рублёў: гэта ж фарш, і не важна, з якой ялавічыны ён зроблены, – не трэба прымушаць мяне аддаваць патрэбны кавалак зарплаты. Якая мне розніца, адкуль прывезлі крэветкі – з далёкага ці блізкага замежжа?
У нас вялікая частка людзей у горадзе – гэта сярэдні клас з сярэдняй зарплатай. Людзі вельмі доўга думаюць перад тым, як нешта замовіць: рыба за трыццаць рублёў нармальна так б'е па кішэні. Так што будзьце прасцей: калі ты хочаш гатаваць в'етнамскую кухню, не трэба везці ежу з В'етнама – распрацуй рэцэпты на лакальных прадуктах і проста кайфуй.
Фота: Вiялета Саўчыц