Паэт Віталь Рыжкоў дасць канцэрт у Варшаве
- 17.03.2025
- 206
25 красавіка ў Варшаве адбудзецца літаратурны канцэрт Віталя Рыжкова «Прэзентацыя».
Акрамя старых і новых вершаў у праграме заяўлены «шчыры і месцамі смешны стэндап пра жыццё і творчасць».
«Такім чынам я хацеў бы адзначыць 20 гадоў ад моманту, калі ўпершыню выйшаў на сцэну, – тлумачыць Віталь. – Таму "Прэзентацыя" будзе не прадметная, гэта не кніга і не альбом, а агульная прэзентацыя творчасці і шляху. Я бы хацеў каротка і забаўна распавесці, як я пачынаў і праз што праходзіў. То запрашаю за час мерапрыемства разам пражыць гэтыя моманты, а таксама разам падумаць пра нашу будучыню».
Віталь Рыжкоў, нагадаем, адзін з найвыбітнейшых паэтаў міленіяльскай генерацыі. У 2011 годзе ён стаў лаўрэатам прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча за найлепшую дэбютную кнігу, у 2008 і 2015 гадах здабыў прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў», трапляў у фінал шматлікіх паэтычных конкурсаў і перамагаў у шматлікіх паэтычных слэмах. Вершы магілёўца перакладаліся на англійскую, украінскую, рускую, польскую, чэшскую, шведскую, нямецкую, італьянскую, літоўскую, грузінскую і грэцкую мовы.
Песні на вершы і перакладныя тэксты Рыжкова выконвали Neuro Diubel, BN, Ганна Хітрык, Lear ды іншыя. Таксама Віталь Рыжкоў удзельнічае ў гурце Belaroots і мае ўласны музычны праект – чытачы «Першака» могуць ведаць яго як рэпера Angst.
Дзе: Kina Atlantic, Sala D, ul. Chmielna 33.
Калі: 25 красавіка, 19:00.
Колькі: 80 злотых, квіткі – тут.