«Вязьмо»: як бабуліны сурвэткі ператварыліся ў літары?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 18.07.2023
- 3141
21 ліпеня ў Вільні адкрыецца выстава Кацярыны Пікірэні «Вязьмо». Гэта праект на перакрыжаванні матэрыяльнага і нематэрыяльнага – праект, які сплятае ў адно беларускі алфавіт і бабуліна карункавае майстэрства.
«Вязьмо» – гэта эксперыментальны шрыфт, спроба намацаць мяжу, на якой знак пачынае перарастаць у абстрактны ўзор. Так нараджаюцца літары-вязьмы. Эксперымент Кацярыны вельмі цікава пачынаўся:
«На рагу маёй пражскай вуліцы стаіць невялічкая антыкварная крама. У краме прадаюцца не выкшталцонасці і старажытнасці, а простыя рэчы. Сярод іх я знайшла стос вязаных карункамі сурвэтак. Спадарыня іх абярэжліва выпрала, накрухмаліла і белай нітачкай прышыла да кожнай маленечкі папяровы цэтлік. Колькі разоў я ні заходзіла ў ціхую крамку, сурвэткі ўсё ляжалі сабе ў цішыні і цемры, збіралі пыл.
Даўным-даўно мая бабуля нястомна завешвала ўсе маніторы сваімі тоненькімі празрыстымі сурвэткамі, як быццам белая карункавая магія магла абараніць нас ад чорных квадратаў будучыні.
Так і пачалося "Вязьмо". Я ўглядалася ва ўзоры гадзінамі, шукала абрысы літар і вызваляла іх з вязанага павуціння. Гульня была ў тым, каб, разрываючы ніткі, не руйнаваць рытм узору. Нажніцамі ў спіну, але – не разбіваючы сэрца. Карацей, было страшна, але хацелася яшчэ».
Гэты «вандальны» эксперымент Кацярына прысвяціла трывожнай сувязі з бабулямі: «Пакуль я рэфлексавала над сувяззю з магутнымі полюсамі радаводу – бабулямі, абедзве мае бабулі, Вера і Саша, сышлі ў нябыт. І цяпер гэта ціхае гуканне іх душаў, ці, цытуючы Вальжыну Морт, якая й натхніла на ўзорны вандалізм, – "песня для мёртвых і ўваскрэслых". Спадзяюся, яны пачуюць».
«Вязьмо» – праект пра любоў, пра памяць, пра сузалежнасць, пра разгубленасць і супярэчлівы досвед. Але найперш ён пра гаючую сілу ўчаснага вандалізму, «бо памяць немагчыма зберагчы, не параніўшы яе».
Літары-вязьмы Кацярыны Пікірэні бачылі ўсе, хто трымалі ў руках асобнік кнігу Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых». Цяпер можна, будучы ў Вільні, прыйсці і на свае вочы пабачыць вязьмовы алфавіт цалкам.
Дзе: Беларускі Віленскі музэй імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20).
Калі: адкрыццё – 21 ліпеня ў 18:30, выстава працягнецца да 11 верасня.