Auditorium: ад дзяржмузея да незалежнага арт-праекта

  • 01.03.2018
  • Аўтар: Rudenka
  • 4874

Так здарылася, што сёння ў Менску практычна няма пляцовак для сучаснага мастацтва: галерэя «Ў» у працэсе пераезду на Кастрычніцкую, а «ЦЭХ» застаўся без сваёй прасторы. За апошнія тры гады мапа арт-кропак Менску моцна змянілася. Мы пагаварылі са стваральніцамі культурна-адукацыйнага праекта Auditorium Таццянай Зайдаль і Ганнай Самарскай пра ўнутраную кухню дзяржаўнага музея сучаснага мастацтва і перамены, якія адбываліся наўпрост у іх на вачах. І часта – з іх жа дапамогай.

 

 З кім гутарым? 

Таццяна Зайдаль – сузаснавальніца і лектарка праекта Auditorium, культуралагіня. Выкладае на кафедры культуралогіі факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ. З 2017 года каардынуе працу валанцёраў(-ак) міжнароднага форуму «ТЭАРТ» і ММКФ «Лістапад», працуе ў «АРТ Карпарэйшн».


Ганна Самарская – аўтарка і ідэйная натхняльніца праекта Auditorium, культурная менеджарка, куратарка выстаў сучаснага мастацтва. Выкладае ў Еўрапейскім каледжы Liberal Arts у Беларусі ECLAB, каардынуе праекты фестывалю «Месяц Фатаграфіі ў Менску». З лета 2017 года – евангелістка краўдфандынгу, працуе ў Ulej.by.

 

 

 Што такое Auditorium?  

Auditorium – культурна-адукацыйны праект, месца ў Менску, дзе кожны наведвальнік можа рэгулярна паглыбляць свае веды аб мастацтве і культуры. Рабяты ладзяць тэматычныя лекцыі з прэзентацыяй і іншымі візуальнымі кампанентамі для людзей, якія хацелі б прыйсці ў арт-галерэю або на выставу і зразумець, што ж там адбываецца.

Фарматы івэнтаў розныя: ад цыклаў лекцый па гісторыі мастацтваў, сучасным мастацтве і фатаграфіі – да інтэрактыўных экскурсій і аўтарскіх майстар-класаў для дзяцей і падлеткаў па прынцыпе edutainment.

 

 

 Пачатак: Музей сучаснага мастацтва 

 Таня:    Мы пазнаёміліся з Аняй у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Калі я прыйшла ў музей, Аня ўжо працавала там у выставачным аддзеле. На той момант, акрамя галерэі «Ў», гэта была адзіная арганізацыя, якая займалася сучасным мастацтвам. Я марыла працаваць у музеі і мэтанакіравана імкнулася туды.

 Аня:    Гэта быў такі час, калі людзі з незалежнага сектара толькі пачалі з'яўляцца ў дзяржаўных інстытуцыях. Напрыклад, калі я пасля ЕГУ прыйшла працаваць у дзяржаўны музей, гэта выклікала вялікую хвалю абурэння і пытанняў з боку калег з недзяржаўнага сектара.

 Таня:    Ды і мне, як чалавеку з «традыцыйнай» адукацыяй БДУ, было складана ўладкавацца, напрыклад, у галерэю «Ў». Атрымліваўся такі ўмоўны падзел: егэушнікі супраць бэдэушнікаў.

 Аня:    Так, гэта быў час жорсткага і адчувальнага падзелу на групы «сваіх» і «чужых». Склалася так, што ў дзяржустановах было па адным-два егэушніку(-цы), але на іх усё адно паглядалі з асцярогай. Як мне ўдалося прарваць абарону і стаць «сваёй» у вачах чыноўнікаў? Пасля майго выступу на міжнароднай канферэнцыі ў Кіеве я атрымала падзяку ад міністэрства – і больш пытанняў мне не задавалі. Яшчэ доўгі час я была пад апекай Вольгі Рыбчынскай. Пакуль мы былі адзінай камандай, я працавала ў музеі.

 

 

«Атрымліваўся такі ўмоўны падзел: егэушнікі супраць бэдэушнікаў»

 Рэстаран на месцы музея 

 Таня:    Тады музей размяшчаўся на праспекце Незалежнасці, 47, у будынку, які дагэтуль з'яўляецца жылым домам.

 Аня:    Музею на той момант было 16 гадоў, але ніхто не ведаў, дзе ён знаходзіцца. Калі людзі тэлефанавалі ў выставачны аддзел і пыталіся, як дабрацца, то ім адказвалі: «Насупраць крамы “Лянок”». Гэта значыць «Лянок» як бы ёсць, а Музея сучаснага выяўленчага мастацтва не было.

Музей знаходзіўся на першым паверсе ў будынку дзевяціпавярховага дома. Да яго там быў рэстаран «На ростанях». Распавядалі, што на месцы выставачных залаў быў буфет, дзе прадавалі марозіва. Потым рэстаран закрылі. У адной частцы адкрылі краму электронікі, а ў другой – аддзяленне міліцыі. Архітэктура прасторы з таго часу моцна не змянялася. У былых кабінетах следчых засядаў аддзел выстаў.

Стваралася ўражанне, што мы жывём і працуем у камунальнай кватэры. Там нават халадзільнік і мікрахвалёвая печ былі ў калідоры. У маім кабінеце заставаліся яшчэ напамінкі аб рэстаране: у 70-х у модзе былі кафлі. На сцяне было прыгожае палатно, якое затуляла смеццевы сцёк.

 

 

 Праблемы музея і партызанінг 

 Аня:    Мы прыйшлі ў музей, якому тады было 16 гадоў. Мноства пытанняў, звязаных з камунікацыяй, не было вырашана. Напрыклад, нямногія ведалі, дзе знаходзіцца МСВМ. Былі складанасці з жыхарамі самога дзевяціпавярховіка. Гэта былі альбо старыя інтэлігентныя жыхары (прафесары, дактары навук), альбо людзі, якія арандавалі кватэры на суткі. Пры гэтым ніхто з іх ніколі не бываў у музеі ў якасці гледача. Гэтыя людзі з'яўляліся на гарызонце, калі трэба было пасварыцца з-за таго, што ў музеі шумна або шматлюдна.

Дзверы музея адчыняліся аб 11-й раніцы, а зачыняліся а 6-й вечара. Фактычна туды не трапляў ніхто, акрамя саміх мастакоў, залётных турыстаў або школьнікаў, якіх прывялі «пад прымусам». Дарэчы, Таня праводзіла для іх экскурсіі.

 Таня:    Так, ты 45 хвілін распавядаеш дзецям пра мастацтва, пра якое яны нічога не ведаюць, таму што ўрокі СМК (сусветнай мастацкай культуры) ужо адышлі ў нябыт, а потым цікавішся, ці ёсць пытанні ў класа, а пытаюцца толькі пра тваю кофтачку.

 Аня:    У музеі рэдка здаралася само сучаснае мастацтва. Часцей за ўсё гэта былі проста выставы, якія прывозілі сюды замежныя мастакі: напрыклад, вялікі праект Дзяржаўнага цэнтра сучасных мастацтваў з Калінінграда. Хлопцы прывезлі тэхніку, экраны, раздрукавалі фатаграфіі ад столі да падлогі – і ўсё гэта ў нашым музеі. Такія прыклады прафесійнай працы падштурхнулі нас з Таняй да сумеснай дзейнасці.

Мы паверылі ў нашу каляжанку, куратарку і даследчыцу Вольгу Рыбчынскую, якая па чарзе запрасіла нас працаваць у музей. Мы марылі пра тое, што сумесна зможам рэструктураваць музей.

 

 

«Ты 45 хвілін распавядаеш дзецям пра мастацтва, а пасля экскурсіі яны пытаюцца толькі пра тваю кофтачку»

 Крыху пра праблемы 

 Аня:    Ужо тады мы зразумелі, што трэба рабіць тэматычныя мерапрыемствы, каб раскачагарыць гледача. Мы бачылі слабыя месцы ў працы музея. Была праблема з рэжымам працы: у будні мала хто мог наведваць музей. Тады мы сталі думаць пра іншыя акцэнты: музей – гэта месца, дзе можна правесці час з сям'ёй у выходныя.

Выставачны план музея зацвярджаўся ў пачатку года і, натуральна, не намі, а Саветам музея. Нельга сказаць, што мы не маглі ладзіць выставы самі. Гэта быў унутраны партызанінг. Не хутка і не адразу, але мы змаглі прадставіць па-сапраўднаму добры праект і правільна падабраць словы кіраўніцтву і Савету. Вольга Рыбчынская, якая часта ўваходзіла ў гэты Савет, заўсёды была адкрытая для прасоўвання класных праектаў. Гэта былі кропкавыя стрэлы, якія нам удалося ажыццявіць.

 Таня:    Была і іншая праблема: калі мы прыцягваем старонняга мастака для майстар-класа, то трэба зразумець, з чыёй кішэні мы выплацім яму(ёй) ганарар.

 Аня:    Музей юрыдычна не мог і, напэўна, не хацеў прыцягваць старонніх спецыялістаў. Распаўсюджаная пазіцыя была такая: мы робім табе ласку, што ты тут нешта ладзіш. Па сутнасці, сам лектар яшчэ мусіць заплаціць за магчымасць правесці лекцыю. У гэтай сітуацыі мы шмат чаго проста рабілі самі.

У тым ліку мы адкрывалі зорачак edutainment-праектаў у Беларусі для дзяцей. Напрыклад, Лену Гіль. У нас тады прайшоў адзін з першых яе майстар-класаў: усе дзеці і бацькі малявалі на адным вялікім аркушы паперы ва ўсю даўжыню выставачнай залы. Вядома, у той момант, калі мы спрактыкаваліся ў гэтай справе, у нас з'явілася магчымасць выходзіць за сцены музея і працаваць над чымсьці сваім. Праўда, музей страшна раздражняла, што маладыя і актыўныя супрацоўнікі(-цы) могуць рабіць праекты не толькі для яго. У рэшце рэшт гэта стала дадатковай падставай папрасіць нас адтуль.

 

 

 Мы пісалі слова «fuck» на белых сценах. Прабачыце нас? 

 Таня:    З ініцыятывы Амбасады Ізраіля ў межах «Месяца Фатаграфіі ў Менску» да нас прыехаў фатограф Густава Сагорскі. Яго выстава называлася «Выява». Работы розных фарматаў раздрукавалі ў Вільні (па 800 еўра кожная) і прывезлі ў Менск. Да іх нават дакранацца баяліся, хоць для музея гэта былі невялікія грошы. І трэба разумець, што сучасная фатаграфія не падаецца ў рамах – вешаецца адразу з цвіком на сценку.

 Аня:    За тыдзень да адкрыцця выставы, арганізаванай амбасадай, да нас прыехалі супрацоўнікі аховы і знайшлі такія ўваходы і выхады, пра якія мы самі не ведалі. У дзень адкрыцця пад фуршэтным сталом ляжала вялікая сумка памаранчавага колеру са словамі «emergency». Меркавалася, што ўсё будзе на вышэйшым узроўні – са сцягам Ізраіля і важнымі гасцямі. Але ў той вечар у музеі было толькі тры чалавекі, якія гаварылі па-англійску, уключаючы, вядома, самога аўтара.

Аўтар быў вельмі злы і «навучыў» нас рабіць гнюсікі: Густава ўзяў асадку і практычна пад кожнай фатаграфіяй нешта напісаў. А сцены – гэта ж амаль што рэліквія! Да гэтага на іх нават скотч не прыклейвалі.

 Таня:    Прызнаюся: калі ён гэта рабіў, я адчувала палёгку. Хоць, вядома, прабягала думка: «Гэй, чэл, што ты робіш?» На наступны дзень падчас адкрыцця калегі спачувалі нам і казалі, што ў нас у жыцці ўсё яшчэ будзе добра. І хутка стала зразумела чаму.

 Аня:    На той момант музей пераходзіў пад юрысдыкцыю Наталлі Шаранговіч і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Гэта азначала, што, прыкрываючыся аптымізацыяй дзейнасці, скарачалі частку людзей. На запрашэнні сысці па ўласным жаданні мы адказвалі, што любім музей і хочам там працаваць.

 Таня:    Звольнілі нас даволі дзіўна: на адкрыцці выставы, калі мы, натуральна, былі пры парадзе. Так урачыста падчас звальнення я яшчэ ніколі не выглядала.

 

 

«Менталітэт сучаснага беларуса працуе так: калі ён за гэта не плаціць, то шануе менш»

 «ЦЭХ»: як з'явіўся Auditorium 

 Аня:    Да гэтага моманту мы ўжо ўдзельнічалі ў стварэнні вялікіх праектаў. Адкрываўся «ЦЭХ». Тады на Кастрычніцкай, акрамя «Лаўкі», «ДЭПО» і «Хулігана», яшчэ нічога не было. Андрэй Лянкевіч тады быў арт-дырэктарам «ЦЭХа» і запрасіў нас стварыць там адукацыйную платформу. Ідэя была такая: на пастаяннай аснове распавядаць гледачам пра тое, што наогул маецца на ўвазе пад мастацтвам і культурай. Мы выбралі фармат лекцый па панядзелках.

Вялікую ўпэўненасць усяляла вера ў нас Social Weekend'а – у прыватнасці, у асобе Аляксандра Скрабоўскага. Мы падалі праектную заяўку – і нас падтрымалі. Юрый Мельнічак стаў мецэнатам нашага з «ЦЭХам» праекта. Гэта якраз быў час, калі СМК ужо некалькі гадоў не існавала ў школе. Таму трэба было пачаць з агульных курсаў, каб далей рухацца да размовы пра тое, якое сучаснае мастацтва прапануецца цяпер. Патрэбныя былі агульныя падыходы.

 Таня:    Мы рабілі і бясплатныя мерапрыемствы, але ў «ЦЭХу» мы праводзілі лекцыі па мінімальным кошце: пачыналі з трыццаці тысяч (да дэнамінацыі прыкладна $ 1,5. – 34mag). Гэта значыць уваход на майстар-клас каштаваў як кубак кавы. Гэта нельга было назваць бізнэсам, гэта быў хутчэй элемент сацыяльнай адказнасці для «ЦЭХа» і для нас.

Платны ўваход – прынцыповая пазіцыя. Менталітэт сучаснага беларуса працуе так: калі ён за гэта не плаціць, то шануе менш. То-бок гэта было не столькі пра фармаванне бюджэту, колькі пра момант гарманічнага абмену.

 Аня:   Цыкл лекцый доўжыўся некалькі гадоў, асноўную іх частку чытала Таццяна. Івэнты праводзіліся і ў лекцыйным зале, і ў ангары. Да нас далучаліся і іншыя хлопцы, напрыклад Мікіта Моніч. Калі людзі спускаліся з трэцяга паверха з заняткаў па ёзе, то пыталіся: «А што гэта тут адбываецца?» Нам вельмі хацелася змяшаць аўдыторыю «ЦЭХа» і YogaPlace.

 

 

 

 Auditorium як незалежны праект 

 Аня:    У нейкі момант мы аддзяліліся і ад «ЦЭХа», сталі незалежным праектам Auditorium. Мы дапамагалі вялікім праектам арганізоўваць вакол сябе «лаяльную тусоўку». Гэта была наша стартавая пазіцыя: мяняць культуру трэба было не зверху, не чакаць ад міністраў патуранняў і датацый. Мы разумелі, што ўсё трэба мяняць знізу, з праектаў.

 Таня:    Фарматы праектаў падладжваліся пад тое месца, куды мы прыходзілі. Напрыклад, для «Фотасквота» стварылі зусім новы фармат эксперыментальных семінараў. Мне тады было цікава, як сумясціць лекцыю і перфарматыўнасць.

 Аня:    Лёс зноў прывёў нас на Кастрычніцкую. І нядзіўна: за гэты час Кастрычніцкая стала культурным цэнтрам Менска. Апошнія два гады мы арганізоўваем мерапрыемствы «Школы ТЭАРТу». І ў мінулым годзе мы зноў жа вярнуліся ў знаёмы будынак на Кастрычніцкай, 16 і сталі тымі, вобразна кажучы, першапраходцамі, якія сумесна з «АРТ Карпарэйшн» і ByCard стварылі першую тэатральную дзвіжуху вакол «ОК16».

«Трэба рабіць тэматычныя мерапрыемствы, каб раскачагарыць гледача»

 

 

 Што змянілася ў 2018-м? 

Нельга сказаць, што мы былі родапачынальніцамі чагосьці новага. Але мы распаўсюджвалі даступныя веды пра культуру для шырокай аўдыторыі, а не толькі для арт-тусовак.

Мастак пачаў працаваць не аўтаномна, а сумесна з камандай куратараў(-ак) і менеджараў(-ак) мастацтва.

Беларусы сышлі ад пераканання ў тым, што куратар абавязаны мець інстытуцыянальную вышэйшую адукацыю. З’явілася шмат куратараў(-ак), якія прыйшлі з іншых сфер. Гэта прыўносіць крутую міждысцыплінарнасць, якой не хапала.

Зарадзіўся «пасіўны» актывізм. Напрыклад, стала магчыма працаваць у дзяржсектары, каб мець магчымасць ствараць свае праекты не на камерцыйных умовах, а на інсайдарскіх. Стала зразумела, што сіла ў сумесным руху. Наша гісторыя ў гэтым сэнсе паказальная.

 

Фота by Віялета Саўчыц