Забойца Google Chrome і фактчэкінг у TikTok: як змяняюцца медыя?
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 01.08.2025
- 135
Медыяплатформы ўводзяць новыя інструменты фактчэкінгу. Google Chrome можа чакаць лёс Internet Explorer. Трамп патрабуе вынайсці неперадузятую нейронку, а дацкі ўрад прапануе ўвесці капірайт на знешнасць і голас. Прапануем чарговы агляд таго, як за апошні час змяніўся інтэрнэт.
Як лавіць фэйкі? У пошуках ідэальнай формулы
Пашырэнне фэйкаў часам непакоіць стваральнікаў тых месцаў, дзе фэйкі квітнеюць буйным цветам. З месяц таму пад навіной пра тое, што мэсэнджар Telegram сыходзіць з Расіі, была заўважаная плашка «Праверка фактаў» і абвяржэнне: «Дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці – Павел Дураў не рабіў падобных заяў».
Раней хадзілі чуткі, што Telegram плануе супрацоўніцтва з арганізацыямі, якія спецыялізуюцца на фактчэкінгу. Але такі падыход адразу выклікаў пытанні, бо ў сітуацыі, калі фактчэкераў абіраюць урады краін, на тэрыторыі якіх функцыянуе мэсэнджар, у фэйкі могуць пераўтварыцца любыя непажаданыя дзяржавам факты.
На думку карыстальнікаў, Telegram мог бы пайсці па шляху сацсеткі Х, дзе існуе такая функцыя, як Community Notes. Карыстальнікі там ацэньваюць інфармацыю і ўласнаруч дадаюць кантэкст, а алгарытм адбірае найбольш карысныя зацемкі. Аналагічную функцыю днямі анансаваў TikTok: яна называецца Footnotes, і яе спачатку тэстуюць у ЗША. TikTok-юзары змогуць дадаваць зноскі да чужых ролікаў, каб дапоўніць іх даведкай, лічбамі, меркаваннем. Ацэньваць зноскі на карыснасць і актуальнасць, як і ў Х, будзе ўнутраны алгарытм. Паралельна ў TikTok абяцаюць удасканальваць працэсы мадэрацыі – платформа пастаянна адграбае крытыку за тое, што прапускае шалёныя аб’ёмы дэзынфармацыі.
Разам з тым Google ціхенька закрыў фактчэкінгавую функцыю Claim Review. Працавала яна так: нехта гугліў, напрыклад, сцверджанне, што Зямля плоская, а ў выніках пошуку з’яўлялася пазнака ад прафесійных фактчэкераў, маўляў, «лухта».
Фактчэкерам, якія дзесяць гадоў бясплатна пастаўлялі ў гугл-выдачу правераную інфармацыю, нават не паведамілі, што праграма згортваецца. Рашэннем Google яны, натуральна, не задаволеныя і лічаць, што якасць выдачы са знікненнем функцыі пагоршыцца. Што праўда, далёка не ўсе карыстальнікі пошукавіка ведалі пра такі фактчэкінг.
А ў красавіку ад прафесійнага фактчэкінгу ў ЗША адмовілася Meta. Платформа пераходзіць на аналаг Community Notes з Х. Марк Цукерберг абгрунтаваў рашэнне імкненнем да большай свабоды слова, але адмыслоўцы бачаць у гэтым рэверансы Дональду Трампу і адзначаюць, што ўдакладненне кантэнту сіламі кам’юніці добра працуе толькі ў комплексе з іншымі інструментамі.
Страхоўка ад дыпфэйкаў: капірайт на ўласны твар
Урад Даніі ўсхваляваны тым, што ад дыпфэйкаў ніхто не застрахаваны, і рыхтуе папраўкі ў закон аб аўтарскім праве. Калі іх прымуць, то ўсе жадаючыя змогуць зацвердзіць права на ўласныя рысы твару, цела, голас. Закон дапаможа эфектыўней дабівацца выдалення лічбавых клонаў, а ў некаторых сітуацыях нават спадзявацца на кампенсацыю – напрыклад, калі недзе трансляваўся дыпфэйкавы выступ артыста.
Гэта першая ініцыятыва такога кшталту ў Еўропе. У Даніі спадзяюцца, што знойдуць паразуменне і падтрымку ў іншых краінах ЕС, каб разам уплываць на платформы, дзе з’яўляюцца копіі людзей рознай ступені вядомасці.
Летась дацкія палітыкі дамовіліся не карыстацца дыпфэйкамі ў сваіх кампаніях. Нагодай для рашэння стала відэа, дзе нібыта прэм’ер-міністарка Метэ Фрэдэрыксэн аб’яўляе пра адмену выходных на хрысціянскія святы, пакідаючы непрацоўным толькі ісламскае свята заканчэння посту ў месяц Рамадан. Праз відэа стаўся вялікі скандал, хоць яго стваральнікі пазначылі, што скарысталіся ШІ, і назвалі сваю працу «абсалютна бязвіннай і гумарыстычнай».
Цікава, што ініцыятары паправак у закон аб капірайце кажуць, што пародыю і сатыру не забаняць. Але дзе будзе праходзіць мяжа паміж вострым жартам і парушэннем капірайту на чыйсьці твар – пакуль невядома.
Сэрвісы Google цяпер з функцыямі ШІ
Карыстальнікі Workspace атрымалі доступ да AI-шных функцый Gems. Дапаможныя штукі запрацавалі на бакавой панэлі Gmail, Docs, Slides, Sheets, Drive. Цяпер можна даручаць ШІ выкананне розных задач непасрэдна ў інтэрфэйсе рабочых сэрвісаў: ствараць кантэнт, удасканальваць лісты, паляпшаць прэзентацыі. Gems даступныя на ўсіх узроўнях падпіскі – ад пачатковай Starter за $ 7 у месяц.
OpenAI рыхтуе ўласны браўзер?
Паводле інфармацыі з ананімных крыніц, якую дае Reuters, моцны канкурэнт Google Chrome і Safari з’явіцца ўжо гэтым летам. Інтэрфэйс новага браўзера дазволіць не пераходзіць на сайты, а вырашаць свае пошукавыя задачы праз «адно акно», як у ChatGPT, на які ўсе ўжо падселі.
Выглядае на тое, што кампанія OpenAI вырашыла не абмяжоўвацца плагінам, а ўзяць дадзеныя карыстальнікаў пад большы кантроль. Знамянальна, што, паводле крыніц, браўзер OpenAI пабудаваны на базе Chromium – зыходнага кода для Google Chrome. Цяпер апошні займае 68% на рынку браўзераў: праз «хром» сёрфіць больш за 3 мільярды чалавек.
ШІ-чат-боты – піраты
Чаты са штучным інтэлектам навучыліся здабываць кантэнт, стваральнікі якога намагаюцца атрымаць за яго грошы. І досыць дакладна гэты кантэнт пераказваюць. Пра гэта (дарэчы, пад пэйволам) піша даследніцкае выданне Digital Digging. Журналісты выявілі, што ChatGPT, Perplexity і Grok выцягваюць кантэнт з-за сцяны ў 50% выпадкаў, Claude – у 35%.
Як у іх гэта атрымліваецца? Методыкі розныя: боты шукаюць апублікаваныя недзе фрагменты і сшываюць іх, абапіраюцца на цытаты ў сацсетках, знаходзяць бясплатныя версіі залочаных матэрыялаў у архівах, скануюць падобныя матэрыялы, а таксама ўгадваюць змест з апорай на тое, што ім дасяжна ў Сеціве. Пад большай пагрозай – вялікія папулярныя медыя. Нішавым выданням нешта наўрад ці пагражае.
Цікава, што чат-боты адмаўляюць у прамым запыце абысці пэйвол, бо гэта не па правілах, але ў рэшце рэшт яны гэтыя правілы парушаюць – проста намагаюцца захаваць твар і зрабіць выгляд, нібыта ўсё ў парадку.
Ці можа штучны інтэлект быць неперадузятым?
Карыстальнікі Х заўважылі, што, калі «максімальна праўдзіваму», са слоў Ілана Маска, чат-боту Grok 4 трэба адказаць на спрэчнае пытанне, ён звяртаецца як да аўтарытэтнай крыніцы… да твітоў Ілана Маска. Што думаць пра аборты? А наконт міграцыйнага крызісу? Як ставіцца да сітуацыі на Блізкім Усходзе? Grok прыслухоўваецца да выбараў заснавальніка Tesla.
Пазней кампанія патлумачыла сітуацыю: «Калі вы пытаеце мадэль “Што ты думаеш?”, то як штучны інтэлект меркавання яна не мае, але яна ведае, што гэта Grok 4 ад xAI, і таму шукае, што xAI або Ілон Маск казалі па пэўнай тэме, каб далучыцца да кампаніі». Раней эксперыменты xAI над тым, каб зрабіць Grok менш «woke», прывялі да таго, што ён стаў падпісвацца як «MechaHitler». Але кампанія працуе над памылкамі.
Тым часам Дональд Трамп падпісаў некалькі загадаў, датычных штучнага інтэлекту. Прэзідэнт ЗША намагаецца пазбавіцца ад «ваўкізму» і «ідэалогій» (пад якімі разумее прынцыпы разнастайнасці, роўнасці і інклюзіўнасці – DEI). Новымі загадамі ён стымулюе развіццё «нейтральных» і «неперадузятых» мадэлей, і гэта, хутчэй за ўсё, паўплывае на тое, як тэхналагічныя кампаніі будуць трэніраваць свае мадэлі ў будучыні. Цалкам імаверна, што дзеля федэральных грошай яны проста адаптуюць мадэлі пад рыторыку Белага дому.
Ці магчыма ўвогуле стварыць нейтральную вялікую моўную мадэль? Філіп Сёрджэнт, старшы выкладчык прыкладной лінгвістыкі Open University, дае адназначны адказ: «Адзін з фундаментальных прынцыпаў сацыялінгвістыкі заключаецца ў тым, што мова ніколі не бывае нейтральнай. Таму ідэя, нібыта можна калісьці атрымаць чыстую аб'ектыўнасць, – гэта фантазія».
Reel-бонус: куды падзеліся інста-сняданкі?
Культурны крытык, калумніст The New Yorker Кайл Чайка заўважае, што такая з'ява, як посцінг звычайнага жыцця ў сацсетках, вымірае. З наплывам якаснага блогерскага і карпаратыўнага кантэнтаў, у кантэксце шматгранных глабальных крызісаў і жудасных навін ідэя запосціць ранішнюю каву ўсё часцей выглядае як мінімум недарэчнай. Да таго ж алгарытмы не прыярытэзуюць нашу асабістую каву, і мізэрная рэакцыя нібы пацвярджае: не варта было і посціць. Такім чынам, у стужцы мы бачым усё больш рэпостаў ды рэакцый на навіны, усё менш – простага чалавечага жыцця.