Творчых людзей запрашаюць на бясплатныя варкшопы EcoArt Lab
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.07.2025
- 141
У жніўні пройдзе серыя бясплатных анлайн-варкшопаў на тэму экалагічнага арту. Упісацца ў актыўнасці EcoArt Lab можна да 30 ліпеня.
Ладзіць лабараторыю беларуска-тбіліская каманда Art Yard Community. Спікерамі(-камі) выступаюць мастакі(-чкі) і калектывы з Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі і іншых рэгіёнаў. Сустрэчы будуць адбывацца кожны аўторак і чацвер а 19-й па Менску.
«Кожная сесія прапануе не толькі натхненне, але і інструменты: спосабы мыслення, стварэння і ўзаемадзеяння са светам. Мы разгледзім мастацкія даследаванні, веды продкаў, біямастацтва, актывізм і спекулятыўныя будучыні», – падкрэсліваюць арт-ярдаўцы.
Праграма курса:
05.08 – «За сцяной Эдэма: мастакі і прырода», Соня Садоўская, мова: rus, bel;
07.08 – «Гукі неспакойных светаў = песні для спакою», Раберціна Себ'яніч, мова: eng.
12.08 – «Уваходжанне ў царства моху і крэменю», Georg Jagunov, мова: rus.
14.08 – «Мастак як агент дзікай прыроды. Практыкі сімбіятычнасці і біяфільнасці», Bazinato, мова: rus.
19.08 – «Стварэнне зялёных супольнасцей праз фестывалі смецця», суарганізатаркі штогадовага фестывалю экалагічнага мастацтва Trash Festival, мова: rus.
21.08 – «Мастацтва, біятэхналогіі і веды карэннага насельніцтва. Як мастацкія практыкі могуць дапамагчы аднавіць экасістэмы?», калектыў Ancient Futures, мова: rus.
26.08 – «Ад пратэсту да пасадкі раслін: супрацоўніцтва, супольнасць і нешта большае, чым людзі», Чарлі Кларк, мова: eng.
Заяўкі прымаюць праз гугл-форму. Пра вынікі адбору паведамяць не пазней за 2 жніўня.