+1 беларускі кінафэст: у Варшаве стартуе «Нямая ліхаманка»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.07.2025
- 147
У жніўні і верасні ў Варшаве ўпершыню адбудзецца фестываль «Нямая ліхаманка». Чатыры чацвяргі пад адкрытым небам будуць трансляваць нямое кіно ў суправаджэнні аўтарскай жывой музыкі.
«У еўрапейскіх краінах бачная вялікая павага і інтарэс да нямых стужак, – напісала ў Facebook адна з арганізатарак, кінакрытык Ірэна Кацяловіч, – мы паглядзелі на гэта і вырашылі зрабіць яшчэ адно свята кіно ды музычнай інтэрпрэтацыі ў польскай афішы».
Праграма першай «Нямой ліхаманкі»:
14.08 – «Прыгоды паўрубля» Аксэля Лундзіна (Украіна), кампазітарка – Вольга Падгайская;
21.08 – «Белы след» Адама Кшэптоўскага (Польшча), кампазітар – Дар'юш Пшыбыльскі;
28.08 – «Фаўст» Фрыдрыха Мурнаў (Германія), кампазітарка – Вольга Падгайская;
04.09 – «Прастытутка» Алега Фрэліха (Беларусь), кампазітарка – Аляксандра Хмялеўска.
Дарэчы, «Прастытутка» Фрэліха 1926 года – па адной з версій – першы фільм у беларускай гісторыі кіно. Па сюжэце на сям’ю Тыркіных абрушваецца трагедыя: галоўны здабытчык гіне, і ўдава з дзецьмі вымушаная шукаць сродкі для існавання, а гэты шлях вядзе яе на бульвар.
Квіткі каштуюць 45 злотых, здабыць іх можна па спасылцы.
Паралельна ў Менску ў музеі Азгура пройдзе чарговы сезон фестывалю «Кінемо». У праграме: «Паравоз “Генерал”» Клайда Брукмана і Бастара Кітана (ЗША) пад фартэпіяна (класічны тапёр); «Кот і канарэйка» Паўля Лені (ЗША) пад скрыпку, віяланчэль і кларнет; «Цені: начная галюцынацыя» Артура Робісана (Германія) пад фартэпіяна, скрыпку і кларнет.