Арт-дырэктар Беларусі: памяці Міхала Анемпадыстава
- 25.01.2018
- 13418
Сёння ў Менску развітваюцца з Міхалам Анемпадыставым. Арт-дырэктарка 34mag Кася Сырамалот узгадвае, кім быў спадар Міхал менавіта для яе і наогул для ўсёй Беларусі.
З чаго пачалася мая свядомая беларускасць? Думаю, з моманту, калі выкладчыца беларускай мовы ў школе прэзентавала мне касету «Народны альбом». Першай песняй, якую я навучылася граць на гітары, былі «Простыя словы». Я пачала слухаць Вольскага з N.R.M., паступіла ў Коласаўскі ліцэй…
Магчыма, для многіх гэта было незаўважна і натуральна. Але менавіта Міхал Анемпадыстаў дзякуючы сваёй любові да гісторыі Беларусі, а таксама свайму бездакорману эстэтычнаму густу для многіх стаў тым чалавекаў, які наноў адкрыў Беларусь і яе прыгажосць, таямнічасць і багацце культурных кодаў. Яго праект «Народны альбом» – узорны прыклад таго, як можна даследаваць Беларусь і рабіць яе блізкай і зразумелай для ўсіх. Тэксты «Народнага альбому» – гэта не пра паэзію, а пра рэжысуру паўнавартаснага м’юзікла на аснове культуры і гісторыі. Не пра ацэнку, а пра прыманне. Не пра гісторыю, а пра людзей. Няма белага і чорнага, а ёсць неверагодна шмат адценняў паміж, а героі – усяго толькі неідэальныя людзі сярод сваёй культуры і падзеяў навокал.
Хто такі Міхал Анемпадыстаў? Міхал быў арт-дырэктарам Беларусі. Тым чалавекам, які аднолькава ўмеў працаваць і з сэнсам, і з эстэтыкай, і рабіў гэта вельмі беражліва, бо разумеў: калі табе ў рукі трапляюць такія крохкія рэчы, як кавалкі беларускай гісторыі, без любові і ведаў тут нікуды, бо зламаецца.
«Каб правільна назіраць – трэба ведаць, куды глядзець і на што звяртаць увагу. Міхал гэта заўсёды ведаў»
Асобна трэба сказаць пра беларускую мову Міхала. Калі ён размаўляў – гэта не было падобна да гутаркі іншых людзей. Словы ён выбіраў доўга, мова была натуральнай і нязмушанай, і толькі ў ягоных вуснах яна гучала так, як мы ўсе яе ўяўляем у ідэале. Не спробай на ёй размаўляць, не вясковай гаворкай, не пародыяй на дыктара ў тэлевізары. Гэта была мова адукаванага, стыльнага і сучаснага чалавека, з якога вельмі хацелася браць прыклад і рабіць так жа. Нават словы, якія ў сучаснай мове даўно не ўжываюцца, у вуснах Міхала гучалі свежымі.
Я пастаянна здзіўлялася таму, як Міхал проста на інтуіцыі адчуваў некаторыя рэчы (узяць хаця б супадзенні з прафесарам Рагойшам з Ракава ў тэкстах да «Народнага альбому» альбо гісторыя пра крывую сасну). Пасля я зразумела, што справа ў вялікай адукаванасці і начытанасці, а таксама ў такой якасці, як уменне назіраць. Міхал выкшталцона валодаў мастацтвам назірання за людзьмі і прадуктамі іх творчасці – матэрыяльнай культурай. Каб правільна назіраць, трэба ведаць, куды глядзець і на што звяртаць увагу. Міхал гэта заўсёды ведаў.
Калі браць працы Міхала Анемпадыстава – вельмі цікава, што Беларусь у яго работах паўстае вельмі свецкай, і нават вясковыя вобразы створаныя праз прызму інтэлігентнасці. Міхал прызнаваўся, што вырас у горадзе і ніколі не з’язджаў на ўсё лета «да бабулі», бо такой магчымасці не было – бабуля жыла ў горадзе. Таму яго любоў да народнай культуры была пастаянным свядомым даследаваннем. Неяк ён доўга разглядаў колер пафарбаванага плоту і быў без камеры, таму шкадаваў, што не можа яго адзняць.
Міхал навучыў нас любіць краіну, шукаць яе прыгажосць, унікальнасць і заканамернасці ва ўсім. Перад выпускам кніжкі «Колер Беларусі» Міхал прызнаваўся, што яму цяжка сесці і напісаць. Але ўсё было ў яго галаве, таму я здзіўлялася, наколькі праца напісання далася яму так хутка. Ён сапраўды доўга мог распавядаць пра асаблівасці колераў і каляровых пігментаў, ведаў дакладна, адкуль на тэрыторыю нашай краіны прыбывала фарба і чаму яна мела тыя ці іншыя адценні з-за дамешкаў.
«Колер Беларусі – шэры»
У Міхала была свая тэорыя пра колер Беларусі, якую я безумоўна раздзяляю. Паводле яе, галоўны колер Беларусі – шэры. Колер старасвецкага дома, колер нявыбеленага льну, старога даху, колер, які знаходзіцца паміж, пасуе да ўсяго і з’яўляецца ўніверсальным. «Мяжа паміж шэрым і белым, шэрым і чорным дакладна нявызначана, яна сітуатыўная. У гэтым сэнсе белы і чорны – дзве супрацьлеглыя скрайнасці шэрага». Шэры Міхал тлумачыць праз эстэтыку «прыгажосці на кожны дзень».
Гледзячы на Міхала, можна было сказаць, што ён быў тым чалавекам, які шукаў і бачыў прыгажосць ва ўсім сапраўдным. Сузіранне не падводзіла яго ніколі.
Дзякуй вам, спадар Міхал, за тое, што навучылі нас любіць Беларусь.
Фота: palasatka
КАМЕНТАРЫ (2)
Дзякуй за тэкст. Вельмі шкада.
як жа бясконца балюча