20 ліпеня можна наведаць Death Cafe, каб паразважаць пра смерць

  • 18.07.2025
  • 73

Ініцыятыва Prickled Berries запрашае на анлайн-сустрэчу, падчас якой можна абмеркаваць «смярцельна цікавыя пытанні».

Death Cafe («кафэ смерці») адбудзецца 20 ліпеня з 11:00 да 12:30 па менскім часе на платформе Zoom. Патрэбна папярэдняя рэгістрацыя праз гугл-форму.

Death Cafe – міжнародны фармат, які прапануе камфортную прастору, каб пагутарыць не на самыя камфортныя тэмы. Канцэпцыю Death Cafe прапанаваў у 2011 годзе брытанец Джон Андэрвуд, натхнёны практыкай швейцарскага антраполага Бернара Крэта сустракацца са сталымі людзьмі ў кавярнях, збіраючы матэрыял для навуковай працы пра традыцыі, звязаныя са смерцю. Цяпер «кафэ смерці» ладзяцца ў розных краінах.

Сустрэча звычайна ідзе як вольная размова: людзі сустракаюцца, разам выбіраюць пытанні і тэмы, якія хацелі б абмеркаваць, а фасілітатарка дапамагае зрабіць працэс абмеркавання больш бяспечным для ўсіх. «Кафэ смерці» – гэта магчымасць падзяліцца думкамі і перажываннямі, паслухаць пра досвед іншых. Тут ніхто не дае няпрошаных парадаў і не кажа «як мусіць быць». Сэнс у тым, каб зняць з тэмы смерці цэтлік таго, пра што трэба маўчаць, паглядзець на свае страхі, зрабіць яшчэ адзін крок на шляху асэнсавання ўласнага жыцця. 

Варта мець на ўвазе, што фасілітатарка хоць і псіхалагіня, але ў межах Death Cafe яна не дае псіхалагічных кансультацый і нават іх не прапануе. Тым, хто цяпер знаходзіцца ў сітуацыі крызісу, трэба звяртацца па непасрэдную дапамогу да псіхіятра або ў службу даверу (у Беларусі кругласутачна працуюць лініі па нумарах 8017-304-43-70, 8017-352-44-44).