8 тыповых расчараванняў тых, хто ідзе ў актывізм

  • 05.03.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 5434

У актывізм прыходзяць з розных прычын і з рознымі спадзяванкамі, але граблі, на якія даводзіцца наступаць, ужо пэўна мялі чыесьці лбы. 34 паспрабаваў каталагізаваць тыповыя болькі актывізму і звярнуўся да бывалых рабят у пошуках рэцэптаў хутчэйшага гаення гэтых болек.

 

 Праўда ў кожнага свая. 

Здаецца, ты валодаеш цэннымі ведамі, якія трэба данесці да ўсіх, каб выправіць баланс дабра і зла ў Сусвеце. Ды толькі вось бяда: не ўсе любяць яечню на сняданак. Твая ідэя можа здацца іншым бессэнсоўнай / нецікавай / другаснай. І гэта нармальна.

 

Алена Агарэлышава

Кіраўніца канцэнтрацыі «Гендарныя даследаванні» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) падказвае, калі варта весці «асветніцкія пропаведзі», а калі лепш пашкадаваць час і сілы:

– Кожны раз перад тым, як вывесці ў канкрэтную сацыяльную сітуацыю свайго «траянскага каня», я спрабую задаць сабе пытанне: ці насамрэч гэта неабходна? Ці гатовыя людзі пра гэта чуць? Бо кожны чалавек мае права на сваё меркаванне і ўсе маюць права жыць так, як лічаць патрэбным, а не па тых законах, якія здаюцца правільнымі мне. Мая задача – расказаць і праінфармаваць, прычым пажадана ў спецыяльна створаных для гэтага сітуацыях.

Я займаюся гендарнай асветай і мяркую, што людзі, якія прыходзяць на мерапрыемствы, дзе я выступаю спікеркай, ужо сваім прыходам паказваюць, што яны гэтым цікавяцца, хочуць пра гэта слухаць і задумвацца. Тут усё супадае: жаданне людзей атрымаць інфармацыю і маё жаданне гэтую інфармацыю даць. Калі ж я дзесьці ў штодзённасці сутыкаюся з тэзісамі, з якімі цалкам не згодная, то нягледзячы на тое, як мяне могуць бамбіць некаторыя рэчы, спачатку я задаю сабе пытанне: ці гатовая я падымаць гэтую тэму? Ці ёсць у мяне на гэта рэсурс?

Наступны момант: для мяне прынцыповая розніца ў тым, ці закранае чалавек сваім дзеяннем або выказваннем іншых людзей. Калі адна група дыскрымінуе іншую і гучаць хейтарскія рэчы, то тут я цярпець не магу і не буду. На такія рэплікі я рэагую. Але калі, напрыклад, нейкая жанчына кажа, што яе прыярытэт – хатні ачаг і дзеці, і яна ўпэўненая, што такое жаночае прызначэнне, то я не бачу сэнсу нешта ёй тлумачыць. Так, мы з ёй можам не сыходзіцца ў розных рэчах, але гэта яе вопыт, які таксама каштоўны.

Неяк я рабіла форум-тэатр для анкапацыентак, і мы так ці інакш закраналі розныя гендарныя пытанні. Тады я для сябе вызначыла, што наш фокус – казаць пра досвед жыцця з анкалогіяй, і нават калі праскоквалі нейкія рэчы традыцыяналісцкага зместу, я ў гэтыя гутаркі не ўступала. Мяне ж сюды паклікалі як трэнерку па форум-тэатры, а не як гендарную экспертку або феміністку.

Я лічу, што дыялог з любым кам'юніці – гэта пра тое, каб зразумець кам'юніці і падумаць пра кропкі перасячэння.

 

 

 Людзі любяць пакрытыкаваць. 

Нават калі вы робіце агульную справу, варта не сысціся ў фармулёўках або прыёмах – папросту атрымаеш цкаванне чысцей за паляванне на ліс. На жаль, тут не працуюць аргументы накшталт: «Тых, хто кажа пра гэта, і без таго мала, дык навошта нам сварыцца?»

 

Андрэй Завалей

Каардынатар кампаніі «Справа Пі_» памяці Міхаіла Пішчэўскага расказвае, як спраўляецца з хвалямі крытыкі ад «сваіх» і «чужых»:

– Мне здаецца самая карысная штука для актывіст_ак любога толку – менеджмент горшага развіцця падзей. Сэнс вельмі просты: каб у канцы не было пакутліва балюча, каб не накрыла расчараваннем і бяссіллем, можна загадзя ўявіць, максімальна канкрэтна і падрабязна, да чаго менавіта жудаснага можа прывесці ў выніку твая ідэя. Гэта і здаровы разлік у кантэксце кантролю над рызыкамі, і зняцце эмацыйнага заціску, звязанага са страхамі і панікай. Калі я ў сваёй свядомасці падрабязна змадэляваў сітуацыю свайго правалу – мне ўжо не страшна.

У нейкі момант я сказаў сабе, што мне важны менавіта вынік, а не факт таго, што мае дзеянні ўхваляюць усе калегі і каляжанкі па цэху. Я ведаю, што рознагалоссі могуць стаць рэсурсам зменаў, таму што незадаволенасць – гэта энергія. Калі людзі абураюцца, калі яны актыўна нязгодныя з чымсьці, гэта падахвочвае да дзеянняў і аб'ядноўвае.

Я не баюся канфліктаў, я баюся менавіта маўклівага пагладжвання адно аднаго па галаве, калі мы спрабуем здавацца такімі згуртаванымі і дружнымі, таму што трэба адпавядаць нейкаму вобразу, ствараць нейкі імідж.

Гэта не значыць, што трэба ўвязвацца ў кожны фэйсбучны срач. Часам сапраўды лепш прамаўчаць, часам можна напісаць у асабістыя, канструктыўна выказаць сваю пазіцыю, ва ўхвальнай форме. На жаль, не ўсе людзі ведаюць пра тое, што крытыка – гэта дзеянні, накіраваныя на паляпшэнне, і факусуецца крытыка на тым, як можна развіць моцныя бакі тваёй ідэі, але ніяк не на пералічэнні таго, што ты нібыта робіш не так. Калі ў «крытычным» тэксце няма канкрэтных ідэй і прапаноў па паляпшэнні, то ён проста не з'яўляецца крытыкай.

І зразумела, калі людзі павесілі на цябе цэтлік, выкрылі твае «сапраўдныя» матывы (гэта значыць, выдумалі іх за цябе), табе ўжо ні за што іх не пераканаць. У такіх сітуацыях я часта раблю выбар не апраўдвацца. Чалавеку прыгарэла, але я не заўсёды магу абслугоўваць прэтэнзіі, якія ўзнікаюць у адносінах да маёй працы, асабліва калі ў іх ёсць асабісты падтэкст. У такіх сітуацыях я ведаю, што патрачу плойму рэсурсаў, але меркаванне ў чалавека не зменіцца. І тут зноў жа важна шчыра сказаць сабе: «Я не абавязаны_ая ўсім падабацца. Так, мяне не абавязаны ўсе любіць. Так, кагосьці я раздражняю як чалавек, і гэта нармальна».

 

 

 Грошы з неба не сыплюцца. 

Многія краўдфандынгавыя праекты правальваюцца. Грашовыя прызы ў конкурсах выйграюць адзінкі. Гранты даюць не ўсім. Каб прасіць грошай, трэба вельмі добра разумець, хто і чаму можа захацець іх табе даць.

 

Юлія Малькова

Заснавальніца праекта для актыўных жанчын ProWomen By распавядае пра пошукі грошай і неабходнасць self-care:

– Не рамантызуй актывізм. У сектары няма вялікіх грошай, але ёсць выгаранне, праца са складанымі тэмамі, крытыка і негатыў на твой адрас. Я б раіла добра падумаць, перш чым пачынаць. На пытанне: «Чаму я займаюся сваім некамерцыйным праектам?» – я звычайна адказваю: «Таму што не магу не рабіць». Пачынай, калі адчуваеш падобнае: калі тэма чапляе, выдаткі не вельмі страшныя.

У працы над сваім праектам я адразу дапусціла дзве памылкі: паспадзявалася на фінансавую падтрымку донараў і зарэгістравала НКА. У выніку за тры гады мы так і не атрымалі фінансавання, а юрыдычна аформленая арганізацыя стала чымсьці накшталт валізкі без ручкі: і зачыняць няма сэнсу, і плаціць за яе ўтрыманне няма чым. Вельмі раю не кідацца ў вір з галавой: у многіх выпадках можна заставацца ў прававым полі і без рэгістрацыі НКА, а пра грошы для свайго існавання лепш паклапаціцца самастойна, інакш стаць фінансава ўстойлівым праектам не атрымаецца.

Вельмі хацелася, каб з'явіўся донар ці спонсар, які быў бы гатовы падтрымаць праект, але ў выніку мы выйшлі на самаакупнасць за кошт уласных камерцыйных прадуктаў. Я хацела, каб нас падтрымлівала супольнасць, дзеля якой мы працуем, але тут таксама здарыўся правал. За першы год мы сабралі $ 20 ахвяраванняў. Рынак маленькі – за ўвагу ахвярадаўцаў змагаюцца шмат хто.

Набярыся цярпення. На жаль, многія рэчы не робяцца хутка, асабліва калі ў гэта ўцягнуты трэці бок. Мне прыйшлося год чакаць падключэння ахвяраванняў, таму што банк правяраў маю надзейнасць, а эквайр плацяжоў рабіў плацежны модуль. Цяпер ужо гэта вырашаецца хутка, але ёсць шмат іншых рэчаў, дзе можна застапарыцца.

Нарэшце я б параіла клапаціцца пра сябе. Памятай, што ты не зможаш дапамагаць іншым, калі не дапаможаш сабе. Хоць фраза пра кіслародную маску ў самалёце, якую спачатку трэба надзець на сябе, ужо ўсім надакучыла, у ёй усё ж такі ёсць здаровы сэнс.

 

 

 Не ўсе ініцыятывы падабаюцца ўладам. 

Ты без перашкод можаш праводзіць валанцёрскія суботнікі, але калі падчас гэтых суботнікаў ты раптам вырашыш, напрыклад, станцаваць у знак салідарнасці з жанчынамі, якія змагаюцца за права на адукацыю дзесьці ў Афрыцы... тут табе прыляціць спасылка на частку 1 артыкула 23.34 КаАП і няхілы штраф услед. Што рабіць? Дзейнічаць у адпаведнасці з законам. Але гэта ўсё роўна не значыць, што твой узгоднены мурал не зафарбуюць шэрай фарбай…

 

DOTYK

Арганізатары_кі квір-фэсту даюць універсальныя парады для тых, кто жадае зладзіць свой вялікі варушняк:

  Нават калі ў цябе ёсць памяшканне, на ўсялякі выпадак май запасны варыянт, а лепш два.

  Май пад рукою спіс кантактаў дружалюбных СМІ, праваабарончых арганізацый і юрыстаў.

  Перад мерапрыемствам правядзі сустрэчу па бяспецы для каманды і валанцёраў_к.

  Заўсёды правярай праваслаўны каляндар – раптам тваё мерапрыемства патрапіць на Вялікдзень.

  Калі табе патрэбная дапамога, не трымай усё ў сабе – звяртайся па яе да калег і каляжанак ды сяброў.

  Заўсёды выбірай бяспеку тваёй аўдыторыі!

 

 

 Shit happens. 

Мерапрыемства, да якога ты рыхтаваў_ла_ся год, можа пайсці па нечаканым сцэнары. Прыедзе рэвізор. Не прыляціць спікерка. Не збярэцца аўдыторыя. Вырубіцца электрычнасць. СМІ праігнаруюць інфанагоду. Што рабіць – лайно здараецца. Але ўсё гэта вопыт, і, кажуць, калі яго адрэфлексаваць, то можна не ўступіць хоць бы ў лайно таго ж гатунку.

 

Яніс Саар

Арт-актывіст, які супрацоўнічае з праектамі «Не вінаватая», «La Femme: Чытай пра сябе» і іншымі, раіць заўсёды мець план Б:

– Мой першы праект быў некамерцыйным: у камандзе было пяць чалавек, якія ўкладвалі асабістыя рэсурсы. У нас не было фінансавай падтрымкі, шматгадовага вопыту, мы не ведалі, да каго можна звярнуцца з пытаннямі, таму што тыя, хто былі вакол, здаваліся занадта класнымі, а нам было складана перадужаць сваю сарамлівасць. З-за таго, што фінансаў у нас не было, даводзілася шукаць варыянт, дзе нам змогуць даць памяшканне, напрыклад, за рэкламу, скідацца на друк прома-прадукцыі і ўсяго неабходнага для кава-брэйкаў, шукаць у каляжанак матэрыялы для творчых варкшопаў...

Пераносіць мерапрыемства за некалькі дзён да адкрыцця, звязвацца з лектар_камі, прасіць прабачэння і дамаўляцца зноўку, марнаваць сілы на перадрук прома-прадукцыі – такое здаралася часта. Але праз некалькі праектаў пачынаеш планаваць: робіш спіс лектара_к крыху большым, каб нехта заставаўся «ў рэзерве», калі пры пераносе мерапрыемства хтосьці cкажа, што ўдзельнічаць не зможа; кладзеш частку фінансаў у скрынку з назвай «У выпадку раптоўнага пераносу мерапрыемства» і адчуваеш сябе крыху больш упэўнена, калі трэба тэрмінова нешта друкаваць. А яшчэ беражліва ставішся да рэчаў, якія выкарыстоўваеш, – могуць спатрэбіцца на чарговым варкшопе.

 

 

 У сутках усяго 24 гадзіны. 

Твая актывісцкая дзейнасць можа пачынацца ў зручным рэжыме «што паспеў(-ла), то і зрабіў(-ла)», але чым больш абавязкаў ты будзеш на сябе браць, тым менш часу будзе заставацца на ўсе іншыя важныя ў жыцці справы.

 

Тоні Лашдэн

Каардынатар_ка адукацыйнай ініцыятывы «тендернагендер» дзеліцца асабістым досведам утаймавання часу:

– Для мяне актывізм вельмі доўгі час быў спробай аспрэчыць і пераадолець законы часу і прасторы. Я патрабаваў_ла ад сябе быць пастаянна ўключаным_ай ва ўсё, што адбываецца вакол, быць на ўсіх мерапрыемствах, звязаных з феміністычнай павесткай, мець зносіны з усімі, каму важны фемінізм у Беларусі, і падтрымліваць з імі кантакт. Зразумелая справа, што быць заўсёды і ўсюды ў мяне не атрымлівалася. З-за гэтага я засмучаўся_лася; думаў_ла, што раблю недастаткова, лянуюся і наогул займаюся актывізмам на двоечку.

Справіцца з гэтым жаданнем мець 25, а то і 50 гадзін у сутках мне ў канчатковым выніку дапамагла стомленасць. Калі я фізічна пачаў_ла стамляцца ад багацця працы і камунікацыі, мне прыйшлося прымусіць сябе сесці і паглядзець на ўсё, што я раблю. І пакінуць ад гэтага толькі тое, што адначасова здаецца мне важным і прыносіць мне радасць. Спачатку было цяжка адмаўляцца ад дадатковай працы: здавалася, што мой удзел у чымсьці абавязковы. Але чым больш я адмаўлсяўся_лася і знаходзіў_ла час для адпачынку, тым больш, па выніку, я мог_ла рабіць сапраўды значных для сябе спраў.

Актывізм – гэта не нейкі вычварны спосаб прымушаць сябе адчуваць дрэнна. Трэба хваліць сябе за тое, што ты ўжо робіш, прызнаваць свае заслугі і даваць сабе адпачываць. Такі экалагічны і асцярожны актывізм становіцца сапраўднай падтрымкай у жыцці, а не вопытам, які вымотвае і траўмуе.

 

 

 Падзякі чакаюць пасля дожджыку ў чацвер. 

Нават калі ты зрабіў(-ла) нешта карыснае для тысяч, не факт, што табе сёння ж падзякуе хаця б адзін(-на).

 

Яўген Міхасюк

Прадстаўнік моладзевага грамадскага аб’яднання «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў» падбадзёрвае не спыняцца:

– Калі цябе і тваю дзейнасць не прызнаюць або абясцэньваюць – гэта забівае ў прамым і ўскосным сэнсе. Напрыклад, калі мы пачыналі адвакацыйную кампанію ў студэнцкім сектары, ад пачатку ніводнае медыя не пажадала напісаць пра нас, усе казалі: «Ну, гэта не цікава, мы пра такое не пішам». У такія моманты падаецца, што ты займаешся нейкай нікому не патрэбнай хрэнаценню, апускаюцца рукі. Але калі з тэмай адсутнасці грамадскага прызнання яшчэ можна паразумецца, з пытаннем асабістага непрызнання складаней. Бывае так, што вы працуеце ў грамадскім сектары некалькі год, шмат чаго зрабілі і не заўсёды гэта нешта хайповае. А пасля нехта прыходзіць і кажа: «Усё, што вы тут нарабілі, непатрэбна, трэ было інакш». Дэматывуе моцна. І ў першым, і ў другім выпадку мая парада простая – працягвай працаваць. Як паказвае практыка, калі ты добра працуеш, рана ці позна будуць вынікі, гэта будзе заўважна і прызнана, можа быць не ўсімі, але ды і хер з імі.

 

 

 Вынікі добрай працы не ацэніш у кілаграмах ці ў люменах. 

Калі ты пасадзіў(-ла) дрэва, яно з кожным годам будзе буйнець і цягнуцца вышэй. Калі ж ты робіш свой унёсак у тое, каб далёкае заўтра было святлейшым за чэрствае сёння, канкрэтныя вынікі рукамі не памацаеш.

 

Наста Манцэвіч

ЛГБТ-актывістка з MAKEOUT расказвае, як бачыць святло ў канцы тунэлю, нават калі тунэль падаецца бясконцым:

– Нядаўна я перакладала вершы транс*-актывіст_кі з ЗША Алок Вайд-Мэнан. Мне вельмі падабаецца радок з аднаго верша: «Я не веру, што мы пераможам. Я не веру, што надзея патрэбная, каб працягваць змагацца». Для мяне гэта моцная фраза – адначасова неверагодна сумная і жыццесцвярджальная. І яна шмат у чым пра наш актывізм, мне здаецца. Пра тое, як знаходзіць у сабе сілы, каб працягваць змагацца, нават калі ты цудоўна ўсведамляеш, што ніколі не пабачыш свету, за які змагаешся.

Разуменне, што ёсць нешта большае, напрыклад, каштоўнасці, якім важна не здрадзіць, – кожны раз вяртае сэнс барацьбе. Я думаю, важна знайсці для сябе сэнсы, якія будуць падтрымліваць у моманты, калі здаецца, што вось-вось апусцяцца рукі. Штосьці (магчыма, глыбока прыватнае), на што можна будзе абаперціся, нават калі не застанецца надзеі… Напрыклад, памятаць, што працягваць змагацца, нягледзячы ні на што, – ужо дастаткова.

Фота: Вiялета Саўчыц