На Кастрычніцкай замалявалі мурал Vulica Brasil

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 15.06.2018
  • 12443

Сёння раніцай занепакоеныя валанцёры Vulica Brasil паведамілі нам, што мурал бразільскага мастака Rimon Guimaraes быў часткова замаляваны белай фарбай. Пацярпела ніжняя частка малюнка з абодвух бакоў, а таксама верхняя – з боку «Дынама». Застаўся некранутым толькі парапет з боку Кастрычніцкай. Мы прайшліся па коле чыноўнікаў і пастараліся даведацца, чаму так здарылася і хто адказны за гэты «вандалізм».

 

Адразу мы пагрукаліся ў Ленінскі раён у некалькі аддзелаў, дзе нам сказалі, што яны нічога не ведаюць і каб мы тэлефанавалі ў Менгарвыканкам. У адным з аддзелаў нам паведамілі, што, магчыма, гэта звязана з Еўрапейскімі гульнямі і адкрыццём «Дынама» 22 чэрвеня.

У Камітэце архітэктуры Менгарвыканкама намесніца старшыні Алена Сухадолава ўсклікнула: «Варвары!» – і сказала, што мэрыя такога распараджэння таксама не давала і каб мы зноў звярнуліся ў адміністрацыю Ленінскага.

Тады мы выправіліся непасрэдна да мурала, дзе засталі мост у хмурным становішчы і працоўных «Гараўтамост», дырэкцыя якіх прызналася, што распараджэнне прыйшло з горада, але з якога аддзела – невядома.

 

 

Таксама мы звязаліся з арганізатаркай Vulica Brasil Мілай Коткай, якая акурат сёння прыляцела ў Бразілію на новы культурны рэсёрч. Яна так пракаментавала гэтае «прывітанне з Менску»:

– З намі ніхто не выходзіў на сувязь наконт таго, што гэты мурал плануюць зафарбаваць. Так, фактычна нам не належыць нічога з таго, што мы стварылі: мы сімвалічна падарылі малюнкі гораду, і далей у іх уласны лёс. Закон вуліц – гэта закон вуліц, але малюнак быў у выдатным стане, і чаму аддалі распараджэнне зафарбаваць менавіта яго – незразумела. Ведаем толькі, што гэта рашэнне не зыходзіла ад тых гарадскіх падраздзяленняў, якія вялі з намі праект. Але адміністрацыя вялікая...

Мы чакалі, што падчас паўзы, якую мы ўзялі ў гэтым годзе з фестывалем, будзе шмат такіх нюансаў. Але шкада, што гэты мурал – адзін з самых новых. Нашы архітэктары якраз планавалі яго як сімвалічны масток паміж стадыёнам «Дынама» і вуліцай Кастрычніцкай, на якой, дарэчы, будзе фан-зона Еўрапейскіх гульняў.

Мяне гэтая навіна, вядома, шакавала. На ўсе 38 арт-аб'ектаў, якія мы за чатыры гады стварылі, было выдаткавана шмат грошай партнёраў і самога горада ў тым ліку, які нам дапамагаў з пад'ёмнай тэхнікай, не кажучы ўжо пра тое, што мастакі малявалі бясплатна. І цяпер мне цяжка будзе паведаміць мастаку, што яго спадчына ў Менску была ліквідавана такім чынам.

Спадзяюся, што ў наступным годзе, калі мы вернемся з фестывалем, а такія думкі ўжо ёсць, мы створым яшчэ больш класнага арту, а ў горадзе будзе выпрацаваны дакладны механізм па захаванні таго, што можна захаваць.

 

 

Vulica Brasil – штогадовы фестываль вулічнага мастацтва, у межах якога бразільскія і беларускія мастакі размалёўваюць сцены ў розных лакацыях Менска, ствараючы агромністыя муралы вышынёю некалькі паверхаў. Пачатак фэсту быў пакладзены ў 2014 годзе апантанасцю і настойлівасцю працаўнікоў бразільскай амбасады Мілы Коткі і Данілу Косту, якія ўпэўнілі Менгарвыканкам упершыню афіцыйна сказаць «так» «манументальным мастацкім працам» на вуліцах горада.

Мурал «Карціна ў карцінках» бразільскі мастак Рымон намаляваў у 2017 годзе. Гэта яго не першая праца ў Менску. На жылым будынку на вуліцы Калініна таксама красуецца загадкавая жанчына, якая, спадзяемся, не будзе сцёртая з твару горада.

 

 

 

Фота: Таня Капiтонава, Юля Савіч

КАМЕНТАРЫ (1)

Мікіта
Мікіта | 16.06.2018 11:09

Пенсіянерам прыгажэй калі ўсё беленькае чысценькае

1 0 +1