Амаль усе паспяховыя праекты ды ініцыятывы ў гэтым свеце пачыналіся з бюджэту ў сотню даляраў, адкладзеных у банку для накапленняў, але тэхналогіі не стаяць на месцы, свет вынайшаў краўдфандынг, венчурныя інвестыцыі, спонсарства і – салодкае слова для кожнага актывіста – гранты. У чарговым выпуску «Працэсу» распавядаем, што гэта такое і як атрымаць грошы на сваю ідэю.
Што такое грант?
Фактычна грант – гэта від фінансавай дапамогі, які выдае якая-небудзь арганізацыя іншай арганізацыі ці прыватнай асобе. Гранты даюцца толькі пад вельмі дакладна акрэсленыя мэты, праекты і ініцыятывы. Таму прасіць грошы на «развіццё моладзевай культуры» не мэтазгодна.
Гранты часцяком выдаюцца на навуковыя і даследчыцкія праекты, таксама падтрымліваюць развіццё бізнэсу, які больш эфектыўна карыстаецца рэсурсамі ці накіраваны на паляпшэнне жыцця людзей. Іх могуць атрымліваць арганізацыі і ініцыятывы, а таксама індывідуальныя атрымальнікі. Нават фізічная асоба можа атрымаць неабходны джэтпак.
Хто дае гранты?
Традыцыйна гранты даюць дзяржаўныя, прыватныя і карпаратыўныя ўстановы – як нацыянальныя, так і замежныя.
Дзяржаўныя гранты раздае нават Прэзідэнт Беларусі: звычайна гэта 25 тарыфных ставак (775 рублёў) прафесіяналам у навуцы, адукацыі, медыцыне і культуры, якія паказалі выбітныя дасягненні і вынікі працы. Іх усяго па 30 штук на кожны напрамак дзейнасці. Разлятаюцца як піражкі.
Прыватныя гранты можна атрымаць з фондаў, утвораных якой-небудзь фізічнай асобай на яе ўласныя грошы. Такіх у Беларусі няшмат, але заходні свет актыўна раздае свае капіталы маладым ды выбітным.
Карпаратыўныя фонды – тое, з чым часцей за ўсё сустракаюцца беларусы. Да іх адносяцца гранты як з прыватных, так і з грамадскіх некамерцыйных аб’яднанняў.
Якія бываюць гранты?
Мэты, на якія можна атрымаць грант, таксама бываюць рознымі, але і іх можна аб’яднаць у некалькі тэматычных груп.
Гранты акадэмічныя: такімі поўніцца, напрыклад, сайт Адукацыі. З назвы відавочна, што гэта гранты на атрыманне адукацыі і рознага кшталту акадэмічныя абмены для студэнцкай моладзі. Сюды ж грабем паездкі на семінары, удзел у канферэнцыях і ўсё, што дадае поінтаў твайму IQ. Напрыклад, цяпер запрашаюцца будучыя настаўнікі павучыцца на бакалаўрыяце ў Нарвскі каледж. Можа, ну яго, гэты пед?
Побач з адукацыяй – гранты на навуковыя даследаванні. Такія варта шукаць на сайце асобных устаноў і інстытуцый у той сферы, якая цябе цікавіць. Часта буйныя праекты шукаюць даследчыкаў і супрацоўнікаў на абмежаваны тэрмін па вузкай спецыялізацыі.
Гранты, што выдаюцца на паездкі, шчодра раздае праект ЕС «МОСТ». Ты можаш выбраць цікавае табе мерапрыемства (семінар, канферэнцыю ці нават фестываль), якое будзе адбывацца ў Еўропе, і папрасіць у праекта грошай на адукацыйны трып тваёй мары.
Гранты, якія выдзяляюцца пад асобныя ініцыятывы, – самы ласы кавалак для праектных менеджараў. Тут ты як фізічная асоба ці ўдзельнік(-ца) якой-небудзь арганізацыі можаш даць свабоду сваёй фантазіі і прыдумаць бліскучы праект, на які можаш атрымаць грошы – і стаць героем і ўлюбёнцам шырокай грамадскасці.
Што яшчэ варта ведаць пра гранты?
Звярні ўвагу на тое, хто з’яўляецца патэнцыйным атрымальнікам гранта: дзяржаўная ці грамадская альбо нават прыватная арганізацыя, творчы калектыў або фізічная асоба? Гэта істотна.
Яшчэ на этапе экзістэнцыйных роздумаў перад падачай заяўкі падумай пра тое, што будзеш рабіць далей: чым больш сур’ёзная і буйная арганізацыя дае грант, тым больш жорстка яны будуць сачыць за хадой працы, фінансавай і якаснай справаздачай. Варта быць гатовым да гэтага.
Гранты выдаюцца на конкурснай аснове, а значыць, твая галоўная справа – падаць заяўку і не прафакапіць дэдлайн.
Заяўка на грант
Як мы і казалі, заяўка – твой адзіны шанец данесці геніяльнасць уласнага праекта да людзей, якія будуць выбіраць пераможцаў. Таму менавіта ёй варта надаць найбольш увагі. Заяўкі могуць мець як свабодную форму, так і зацверджаную самой фундацыяй. У другім выпадку – дбай пра гэтую форму і не адступай ад яе.
Ва ўводзінах шчыра(!) распавядзі пра сябе і арганізацыю, якую прадстаўляеш. Тут можна бліснуць выбітнымі партнёрамі і праектамі, колькасцю гадоў працы і ўсім, чым можна ўразіць. Дадай лічбаў і статыстыкі, якая зробіць інфармацыю больш саліднай.
Вызнач і прыгожа сфармулюй мэты і задачы свайго праекта, галоўнае ў іх – адпаведнасць і карэляцыя з мэтамі і задачамі арганізацыі, у якой просіш дапамогі. Але не ляпі даўгіх канцылярскіх сказаў: усё павінна быць максімальна дакладным і лаканічным.
Галоўная рыса ўсяго праекта – лагічная выбудаванасць. Логіка ацэньваецца як унутры праекта, так і на адпаведнасць праграме фонду-донара. Думай пра тое, якім чынам твой праект упісваецца ў задачы пэўнай арганізацыі, як дапамагае спраўдзіць іх мэты і праграму дзейнасці.
Драбі інфу на раздзелы: шчодра рабі загалоўкі і падзагалоўкі раздзелаў, каб твайму патэнцыйнаму чытачу было лёгка арыентавацца ў тэксце заяўкі.
Прасіць дапамогі таксама трэба ўмець. Зноў жа, шчыра напішы пра тое, што трэба: калі сума – то якая, калі прафесіяналы ці кансультанты – то ў якой галіне.
Адзін з асноўных раздзелаў заяўкі – гэта план рэалізацыі будучага праекта. Падумай, ці ўсё з гэтага ты зможаш зрабіць. Кожны этап і мерапрыемства распішы максімальна падрабязна: хто будзе ўдзельнічаць, дзе гэта будзе адбывацца, якія вынікі чакаюцца і колькі рэсурсаў (як фінансавых, так і чалавечых) на гэта спатрэбіцца.
Каштарыс – фінансавая аснова праекта. Ніколі не пішы сумы «на вока», а дакладна прабівай, колькі гэта будзе каштаваць. Тут варта ўлічыць некалькі асноўных кірункаў: аплата працы людзей, сацыяльныя выплаты (калі яны ёсць і прадугледжаны законамі), канцылярскія тавары ды іншыя матэрыялы, абсталяванне і тэхніка, затраты на камандзіроўкі і паездкі, расходы на сувязь (тэлефон і інтэрнэт), рэклама.
Расходы лепей згрупаваць па катэгорыях. Эксперты таксама раяць памятаць пра незапланаваныя расходы – а такія абавязкова будуць. Тут жа прапісвай і фінансаванне ад іншых крыніц, калі ты такое маеш.
Часта заяўка ўтрымлівае дадатковыя часткі: туды могуць уваходзіць усе напрацаваныя табой дакументы і распрацоўкі па праекце, якія ёсць на дадзены момант. Часта туды ж дадаюцца кароткія рэзюмэ тых, хто будзе працаваць з табой у праектнай камандзе. CV звычайна афармляюцца па агульных стандартах EuroPASS.
Раім табе таксама патраціць час на вывучэнне дадатковай літаратуры, якая дапаможа табе выбудаваць лагічную структуру праекта і самастойна ацаніць яго патэнцыйную паспяховасць. Тады, адправіўшы заяўку, можаш спаць спакойна!
Дзе сачыць за грантамі?
Калі ты маеш больш-менш сфармаваную ідэю пра тое, які грамадсказначны праект ты хочаш зладзіць, то асноўная задача будзе заключацца толькі ў тым, каб маніторыць наяўныя гранты і своечасова адпраўляць заяўкі. Тут самыя карысныя спасылкі, якія дазволяць табе быць заўсёды напагатове:
Адкрытыя конкурсы і магчымасці для тваіх праектаў – падборачка ад Social Weekend
Навіновая стужка грантаў ад «Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі»
База фондаў, якія спансуюць грамадскія аб’яднанні Беларусі
Што кажа беларускі закон пра гранты?
Дзяржава ў пытаннях перадачы грошай, зразумела, жадае пра ўсё ведаць. Згодна з Дэкрэтам «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе», калі ты атрымліваеш грошы на юрыдычную асобу ці ІП, трэба адкрываць дабрачынны рахунак, на які залічаць грошы цягам трох дзён з моманту іх атрымання. Адтуль ужо, згодна з тваім планам праекта, банк выдае кэш. Фізічныя асобы могуць атрымліваць грошы на асабісты рахунак.
Дапамогу неабходна рэгістраваць у Дэпартаменце гуманітарнай дзейнасці. Аднак, калі ты атрымліваеш яе як фізічная асоба, можаш зноў расслабіцца – табе не трэба.
Уся дапамога, акрамя безадсоткавых пазык і ўнёскаў замежных заснавальнікаў, вызваляецца ад падаткаў (акрамя падаходнага). Фізічныя асобы – ад усіх.
Нельга за год юрыдычным асобам траціць больш 20 адсоткаў дапамогі на аплату працы работнікаў, якія выконваюць адміністрацыйныя функцыі. Паклапаціся, каб за грошы праекта і стыкераў надрукаваць, і адукацыйную вечарынку замуціць.
Да 20-га дня кожнага месяца юрыдычныя асобы і іпэшнікі павінны прадастаўляць поўную справаздачу ў Дэпартамент, куды і як былі выдаткаваны грошы.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы тэксту Сяргею Гоціну і IMACON Consulting Group
Тэкст by Vanya Famchuk
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Распавядаем, як удала балансаваць паміж офісным прыгонам і дармаедствам.
Разбіраемся, як з меншай рызыкай для здароўя і кішэні блукаць па прасторах сеціва.
Агляд краўдфандынгавых платформаў: ад кананічнага Kickstarter да мясцовых Ulej, Talaka і MaeSens.
Расказваем, што за монстр такі – размеркаванне, і як арганізавана суровая сістэма адпрацоўкі.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.