Як DOTYK-2018 ледзь не закрылі
- 09.04.2018
- 7401
Як ты ўжо ведаеш, на мінулым тыдні квір-фестываль DOTYK апынуўся пад пагрозай зрыву. За дзень да ўрачыстага адкрыцця пачаўся мяккі ціск на арганізатараў і арганізатарак, у сувязі з чым ім пастаянна даводзілася шукаць новыя месцы для правядзення мерапрыемстваў. Сёння прадстаўніцы фестывалю – Ганна Лок і Алена Агарэлышава – правялі прэс-канферэнцыю, на якой распавялі пра падзеі мінулых дзён, а праваабаронца Наста Лойка дала сваю экспертную ацэнку. Увага: правядзенне фестывалю DOTYK не парушае аніякіх нормаў беларускага заканадаўства, у тым ліку закон аб масавых мерапрыемствах.
Храналогія падзей:
Верасень 2017
Пачатак падрыхтоўкі да фестывалю. Урачыстае адкрыццё запланавана на 6 красавіка ў «Сталоўцы XYZ», што знаходзіцца на тэрыторыі завода «Калібр». Даты правядзення выбраны з улікам занятасці міжнародных удзельнікаў.
2 красавіка 2018
На пошту «Нашай Нівы» прыходзіць ліст ад праваслаўнага псіхатэрапеўта з Магілёва, які абураны правядзеннем квір-фестывалю падчас велікодных святаў.
4 красавіка 2018
Завод «Калібр» звяртаецца ў адміністрацыю Маскоўскага раёна Менска з запытам аб правядзенні маніторынгу.
5 красавіка, 10:31
У «Сталоўку XYZ» прыходзіць ліст аб тым, што ў 14:00 будзе праведзены маніторынг. Патрабуецца даць доступ да ўсіх памяшканняў.
5 красавіка, 14:00
Прыходзяць прадстаўнікі МНС, Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Маскоўскага раёна Менска, ідэалагічнага аддзела адміністрацыі Маскоўскага раёна Менска.
5 красавіка, 16:23
На факс арэндадаўцы прыходзіць ліст ад адміністрацыі Маскоўскага раёна з патрабаваннем прыняць захады па забеспячэнні пажарнай бяспекі. Паўгод таму «Сталоўка XYZ» паспяхова прайшла праверку і прыняла ўсе належныя захады па забеспячэнні пажарнай бяспекі. Прыкладна ў гэты ж час у адрас завода паступае прадпісанне ад Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адміністрацыі Маскоўскага раёна Менска аб прыпыненні работ і паслуг.
5 красавіка, 18:00
Завод «Калібр» складае Акт аб нядопуску да памяшканняў, якія арандуе «Сталоўка XYZ». Самі памяшканні зачыняюць і апячатваюць, і арганізатары і арганізатаркі фестывалю пазбаўляюцца доступу да іх. Уся тэхніка і асабістыя рэчы застаюцца там. Пачынаюцца пошукі новых памяшканняў для правядзення «Дотыку».
6 красавіка, 10:00
Ані Лок – дырэктарцы Культурна-асветніцкай установы «Кінаклуб Дотык» – пачынаюць паступаць званкі з незнаёмых нумароў. 4 разы ананімныя мужчыны абражалі яе.
6 красавіка, 15:00
У іншую прастору, дзе павінна было прайсці адкрыццё фестывалю, прыходзяць 10 чалавек з маніторынгам: прадстаўнікі МНС, супрацоўнікі аддзела ідэалогіі раёна, праваахоўных органаў і санстанцыі. Гэтая рэзервовая пляцоўка таксама становіцца немагчымай для правядзення DOTYK.
6 красавіка, 17:45
Арганізатары і арганізатаркі фестывалю прымаюць рашэнне правесці ўсе мерапрыемствы ў сакрэтных месцах пры папярэдняй рэгістрацыі.
6 красавіка, 19:00
Урачыстае адкрыццё праходзіць у закрытым фармаце.
7-8 красавіка 2018 года
Усе лекцыі і варкшопы паспяхова праходзяць у розных лакацыях.
9 красавіка 2018 года
Прадстаўніцы DOTYK ладзяць прэс-канферэнцыю.
Глядзі запісы прамых эфіраў у суполцы DOTYK:
Uku Lember: «Remarks about time, place and oneself in oral histories with homosexual men in Estonia»
Яніс Озаліньш (Латвія): «Латвійскі ЛГБТ+–рух і наратыў нармалізацыі»
Уладзімір Валодзін (Беларусь/Італія): «Крымінальны пераслед гомасэксуалаў у Савецкім Саюзе ў 1946-1991 гадах»
Інэта Ліпша (Латвія): «Аб амністыі ў сувязі з 60-годдзем Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі: нечаканае ў судовых рашэннях па крымінальных справах гомасэксуалаў у Латвійскай ССР»
Павел Голубеў (Расія): «Лёс мастацкай і літаратурнай спадчыны Канстанціна Сомава»
Павел Чапыжоў (Расія): «Друкаваныя выданні як сведчанне жыцця і праблематыкі ЛГБТ у 1630х-1940х гадах: досвед кніжнага збору»
Публічная лекцыя: «Гомасэксуальныя суб'ектыўнасці ў шматнацыянальным СССР»
Гутарка: «Познесавецкі квір: асобы, падзеі, успаміны»
Варкшоп: «Манiфест бяспечнай прасторы»
Публічная лекцыя: «Архіў свабоды ці “гей-прапаганда”? Расійская ЛГБТ-прэса ў 1990-х гадах»
Вечарынка: YES EVERYTHING NOW – rosemary loves a blackberry LIVE
Вечарынка: YES EVERYTHING NOW – Moonilena LIVE
Вечарынка: YES EVERYTHING NOW – Фера Ледяева LIVE
Прэс-канферэнцыя: вынікі квір-фестывалю DOTYK-2018
Наста Лойка, праваабаронца:
Хачу адзначыць два моманты.
Па-першае, падчас праверкі супрацоўнікі аддзела ідэалогіі Маскоўскага раёна пазначылі, што правядзенне фестывалю супадае з Вялікаднем, што магло абразіць пачуцці вернікаў.
Па-другое, была здагадка аб тым, што гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Свабоднае выказванне свайго меркавання гарантавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі актамі. Гэта значыць, што рэлігійныя святы не з'яўляюцца прычынай для адмены іншых мерапрыемстваў, у тым ліку квір-фестывалю DOTYK. Тым больш пры ўліку таго, што ён не быў тэрытарыяльна звязаны з гарадскімі лакацыямі і цэрквамі. Сам факт таго, што ў нейкіх менскіх прасторах праходзіць квір-фестываль, не з'яўляецца прычынай для яго адмены.
Ёсць рэчы, якія не падабаюцца дзяржаве, і яна выкарыстоўвае свой адміністрацыйны рэсурс для абмежавання выказванняў і ўзняцця пэўных тэм. Гэта істотнае абмежаванне правоў чалавека. І зразумела, што праверкі з боку пажарнай інспекцыі – гэта выдуманая прычына для абмежавання дзеянняў.
Фота: Ганна Сцяколенка
КАМЕНТАРЫ (1)
Спасибо за подробное разъяснение и за факты.