2017 год прыпячатаны трагічнымі тэгамі #FaceOfDepression і #MeToo. Аднак усе мы дасягнулі новага лэвэлу ў элементарнай гігіене эмоцый: менш трымаем унутры тое, што здаецца невыносным, непрыстойным ці занадта гучным. Мы слухаем рэп, здымаем stories, цягнем у хату свечкі «для ўтульнасці», а па вялікім рахунку – як і заўсёды – проста хочам быць шчаслівымі.
У ліпені з намі не стала Чэстара. Яго ўдава Талінда Бэнінгтан апублікавала ў Twitter відэа, дзе музыка смяецца і дурэе за 36 гадзін да таго, як здзейсніў самагубства. Гэты твіт падштурхнуў людзей па ўсім свеце перагледзець уяўленне пра дэпрэсію: аказваецца, нават калі чалавек знаходзіцца ў паўкроку ад самага страшнага рашэння, ён можа нічым не выдаваць прыгнечанага стану.
Пад тэгам #FaceOfDepression у сацыяльных сетках з'явілася мноства фотаздымкаў, дзе за ўсмешкамі людзей хаваюцца панічныя атакі, апатыя, эмацыйнае спусташэнне, нежаданне жыць. Некаторых людзей з тых фотакартак, што знойдзеш па тэгу, няма ў жывых – іх здымкі апублікавалі блізкія.
«Дэпрэсія прымушае цябе думаць, быццам ты не заслугоўваеш права на жыццё. Гэта хвароба, якая забрала жыцці вельмі многіх. Хвароба, у якую многія да гэтага часу адмаўляюцца верыць. Хвароба, якую людзі лічаць за лепшае не заўважаць», – напісала ў сваім Facebook студэнтка факультэта псіхалогіі Універсітэта Вісконсіна Майну Вю.
Agile
Agile – гэта сямейства «гнуткіх» падыходаў да распрацоўкі праграмнага забеспячэння, якія абавязкова трэба ўкараніць, калі ваш офіс увесь такі з сябе прагрэсіўны.
Сэнс agile сфармуляваны ў спецыяльным маніфесце: «Людзі і ўзаемадзеянне важнейшыя за працэсы і інструменты. Прадукт, які працуе, важнейшы за вычарпальную дакументацыю. Супрацоўніцтва з замоўцам важнейшае за ўзгадненне ўмоў кантракта. Гатоўнасць да зменаў важнейшая за прытрымліванне першапачатковага плана».
Калі коратка, то сутнасць agile – рабіць усё «парцыённа»: распрацоўку прадукту зводзяць да серыі кароткіх цыклаў, што дазваляе з меншым стрэсам уносіць новыя патрабаванні. А калі не коратка, вось табе 15-хвілінны ролік. Дарэчы, філасофія agile прыдатная не толькі для айці.
Функцыю «гісторый» Instagram выкаціў яшчэ ў жніўні 2016-га, але толькі цяпер можна з упэўненасцю сказаць: незразумела, як мы жылі без гэтага раней.
Як абыходзіліся без прамой трансляцыі першага снегу? Куды спявалі Бейонсэ? Як маглі хаваць ад усіх від на натоўп агалцелых «каржат» у «Арэне»? А гэтыя смешныя людзі ў метро – яны што, ехалі сабе кудысьці і ніхто-аніхтошанькі іх не бачыў? Змрок!
Спачатку «гісторыі» жылі 24 гадзіны і танулі ў Леце, але са снежня бясцэннае відэа тваіх ігрышчаў з Барсікам можна захаваць навекі – дзякуй функцыям Archive і Highlights!
Дарэчы, калі ты дагэтуль шукаеш спосаб пазбавіцца трансляцый кузэна, які посціць па 50 «гісторый» з выступленняў кожнага рэпера, што качае «Брюгге», проста націсні на яго аватарку ў панэлі Stories, затрымай палец і абяры «Не паказваць». Падзяк не трэба.
10 кастрычніка пашукавік «Яндэкс» запусціў галасавую памочніцу «Алісу».
Наогул віртуальны галасавы памочнік, які імітуе дыялог, распазнаючы натуральную гаворку, – гэта зусім не новая тэма. Але ёсць у «Алісе» нешта такое, ад чаго закохваешся ў яе з першага дыялогу. Ну, амаль як Хаакін Фенікс у віртуальную гераіню фільма «Яна» («Her»). Можа, сакрэт у тым, што «Аліса» размаўляе голасам актрысы, якая дублявала персанажа Скарлет Ёхансан з гэтага фільма? Адразу ж +80 да харызмы.
Нейронавая сетка памочніцы навучаная на вялікім масіве рускамоўных тэкстаў, у тым ліку сеткавых дыялогаў, таму яна вельмі наравістая: можа капрызнічаць, грубіць, спрачацца і нават прапанаваць іншай «Алісе» выйсці ў вакно.
12 лютага Беларусь сціпленька – ну чыста ў беларускім стылі – прыадчынілася для грамадзян 80 краін свету, дастаткова багатых для таго, каб прыляцець да нас на самалёце: адкрылі фортку – здарыўся пяцідзённы бязвіз.
Напрыканцы года стала ясна, што бязвіз – гэта не балюча і не страшна. Пайшлі чуткі – замахнемся на дзясятачку.
Біткоіны – гэта такія лічбавыя грошы. Фізічна яны не існуюць. Калі ты плаціш біткоінамі, гэта нагадвае працэс банкаўскага пераводу: штосьці дзесьці знялося і кудысьці капнула, але купюры нідзе не храбусцяць. Аперацыі прапісваюцца ў рэестрах, якія захоўваюцца на камп’ютарах, дзе ёсць біткоіны. Яны абароненыя крыптаграфіяй, так што скрасці тысячу-іншую, перапісаўшы дадзеныя ў рэестры, не атрымаецца. За біткоіны можна набываць ежу, камп’ютары, квіткі на самалёт і індульгенцыі (калі разумець пад імі ахвяраванні ў храм).
Але тут хто паспеў, у таго і «фінік» пад дупай. У 2009 годзе нарвежскі студэнт Крыстафер Кох купіў біткоіны на 24 даляра. Пра спантанную інвестыцыю ён узгадаў толькі праз чатыры гады. Аказалася, што яго багацце за гэты час стала эквівалентным 885 тысячам даляраў. Кох зняў пятую частку біткоінаў і набыў трохпакаёўку ў Осла. Але гэта наўрад ці твая гісторыя, таму што раней трэ было думаць: 17 снежня курс біткоіна дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 20 042 даляра. Локці кусай.
Ждуном ахрысцілі ў Рунэце скульптуру галандскай мастачкі Маргрыт ван Брыфарт «Homunculus Loxodontus», якую яна пасадзіла перад дзіцячай лякарняй LUMC у Лейдане (Нідэрланды). Дзіўная зааморфная статуя прысвечаная пацыентам, якія пакутуюць у чаканні ля кабінета доктара.
Нашэсце Ждуна на Усход пачалося, калі нехта Leriapingui заліў(-ла) фотку скульптуры на партал прышпілюх Pikabu. У каментары да паста тут жа прыляцеў фотаздымак Ждуна з надпісам «Я нешта націснула, і ўсё знікла» – а далей гэта было ўжо не спыніць. Ждуны «чакалі» паўсюль і прадавалі абсалютна ўсё: ад капучына да курсаў ведычнай мудрасці.
Беларусы не маглі не разгледзець у Ждуне свайго нацыянальнага героя і сталі шыць Пачакуноў. Характэрна, што на персанажа, які ў пакорлівай позе гатовы чакаць нечага, відаць, вечна, у ЦУМе ўтварылася сапраўдная чарга.
У сыходзячым годзе беларусы часта і памногу выходзілі на вуліцы. Ды не проста паветрам падыхаць, а каб «не быць скотам»: заявіць, што ніякія яны не дармаеды; адсвяткаваць Дзень Волі; абараніць Курапаты; нагадаць пра чарнобыльскую трагедыю. А яшчэ больш за дзве тысячы чалавек адправіліся ў Белавежскую пушчу валанцёрамі, каб шукаць зніклага хлопчыка Максіма Мархалюка.
Складана знайсці той пераломны момант, калі свет пачаў круціць. Яшчэ ў снежні мінулага года Forbes назваў вяртушку must-have штуковінай для ўсіх, хто працуе ў офісе. Праўда, выданне мела на ўвазе цацкі за 139 баксаў мінімум. Паэзія падземных пераходаў і Аліэкспрэса – з'ява больш позняга перыяду. Прыкладна праз паўгода пасля публікацыі сталі з'яўляцца незлічоныя ролікі на Youtube, аўтары якіх віртуозна круцяць спінер, перадаючы каштоўныя веды нашчадкам. Калі любіш кідаць сабе выклікі, трымай-ка топ-97 трукаў, займі рукі справай.
Журналісты, вядома, паспрабавалі знайсці чувака(-іху), які(-ая) прыдумаў(-ла) гэтую чароўную цацку. Спачатку прасоўвалі кранальную гісторыю пра вучоную, якая хацела нечым заняць палестынскіх дзяцей, каб яны не кідалі камяні ў палісмэнаў. Потым гісторыя змянілася. Затым знайшліся іншыя кандыдаты на ролю першаадкрывальнікаў. Увогуле ўсё са спінерамі неяк неадназначна. Відавочна толькі тое, што ў 2018 годзе яны апынуцца на антрэсолях – дзесьці паміж слінкі, тамагочы і хамяком, які паўтарае словы, быццам папугай.
Прамыя трансляцыі, стрымы, live – гэта тэлебачанне 3.0, толькі такое, якое не ўмее хлусіць. Стрымы настолькі надзвычайныя, што мы прысвяцілі ім асобны матэрыял.
Фэйкі, або фальшывыя навіны, – гэта інфармацыйная містыфікацыя або наўмыснае распаўсюджванне дэзынфармацыі ў сацсетках, газетах і тэлевізары, а канчатковая мэта дэзы – атрымаць грашовую або палітычную выгаду. Часам фэйк не заходзіць далей за тупы клікбэйт – заг, што крычыць, быццам адна зорка ела ГЭТА і захварэла на рак, а іншая зорка рабіла ТАКОЕ практыкаванне і схуднела на цэнтнер. Аднак вырабляюцца і куды менш бяскрыўдныя фэйкі, якія шкодзяць рэпутацыі і ўплываюць на вынікі выбараў.
У «гайдзе песіміста» выданне Bloomberg прагназуе, што фэйкавыя навіны заб'юць Facebook. Пачнецца гэта з таго, што па ўсім свеце расплодзяцца дзяржаўныя «фабрыкі троляў» – новы інструмент контрразведкі. Да 2025 года ўсё гэта выльецца ў сітуацыю, калі ніхто не будзе ведаць, што праўда, а што хлусня ў інтэрнэце. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША пачне судзіцца з найбуйнейшымі ІТ-кампаніямі, у выніку Google, Twitter і Facebook перастануць існаваць у іх сённяшнім выглядзе. Гэта, аднак, ад дэзы не зберажэ, і ў 2028 годзе 55% расіянаў уверуюць, што Трамп будзе пажыццёва кіраваць у ЗША, таму што на платформе рускіх нацыяналістаў ім пакажуць фэйкавае відэа з яго каранацыі.
Ужо сёння многія карыстальнікі інтэрнэту даведваюцца пра навіны выключна са стужкі Facebook. Часцяком яны абмяжоўваюцца загамі і амаль ніколі не правяраюць крыніцу навіны. Як з гэтым быць? Мы трошачкі пісалі пра феномен постпраўды і пра тое, як трымаць галаву ў альпійскай свежасці.
У 2017 годзе «фемінізм» у папулярным анлайн-слоўніку шукалі на 70% часцей, чым летась. Яно і зразумела: феміністкі канчаткова запусцілі пліту і мурзатых дзяцей, каб выходзіць на вуліцы і ў інтэрнэт – тлумачыць, як не трэба піць адну бясслаўную ваду.
Ну а калі сур'ёзна, то заходні свет даўно накрыла трэцяй хваляй фемінізму, паслядоўніц(-каў) якой хвалююць пытанні гендару і сэксуальнасці, яны разбіраюцца з посткаланіяльнымі замарочкамі, заходзяць на тэрыторыю экалогіі і кібернетыкі, спрабуюць зрабіць мову менш варожай. Што да Беларусі, то ўсё гэта – гісторыя далёкай будучыні. Якія там фемінітывы, калі ў нас па-ранейшаму востра стаіць парадак другой хвалі: рэпрадуктыўныя правы і барацьба з хатнім гвалтам.
Аднойчы фотагенічная сабака ўпала ў ваду, а яе гаспадар па-філасофску пракаментаваў гэты паварот падзей: «Гэта фіяска, братан!» (Пазней чалавек прызнаўся, што ўжыў гэтае слова ўпершыню ў жыцці.)
З гэтага моманту ў кожнага з'явілася фраза на выпадак, калі спатканне ў разгары, але з лецішча вярнуліся бацькі; калі прыёмны час скончыўся акурат тады, калі падышла твая чарга; калі не паспеў купіць біткоін за адзін даляр, пераблытаў аўторак з панядзелкам, забыў(-ла) пашпарт на шляху да Зыбы або бонсцік – жаласная паўторка.
Напрыканцы года, вядома, адчуваецца канкрэтная стомленасць мема, так што ў прыстойнай кампаніі большае фіяска здарыцца хіба што, калі ўзгадаеш Пачакуна.
Амерыканскае слова «hype», якое пазначае што папала – ад шуміхі на целіку да разнавіднасці наркошы, – раптам стала вельмі папулярным, калі яго падчапілі рускамоўныя рэпэры і блогеры (што часам адно і тое ж). Хайпам сталі называць любы ажыятаж, на энергіі якога паспяваюць зарабіць бабла ці хаця б адкусіць дзесяць хвілін славы ўсе, каму не лянота. Як правіла, хайп узнікае з ніадкуль і ў лічаныя дні зліваецца ў нікуды.
Насуперак хайпу з'явілася тэма антыхайпу – актыўнага супраціву таннай папулярнасці.
Раскрутцы «хайпу» і вытворных спрыялі блогер Сяргей Дружко і антыдуэт Охххуміrоn'а і Гнойнага.
Магутна зачытваў Оксі:
Ты смешны, занадта доўгі, канкрэтна няскладны:
У цябе целасклад, як у цяжарнай чаплі,
Непрапарцыйны, як твой хайп, і твой унёсак у рэп –
Не воблака ў штанах. Ты толькі мода, як клаўд-рэп,
На пару сезонаў. Дзе твой чокер, а чо?
Ты ж не хочаш выйсці з моды, нібы шмоткі «Ваўчок».
Але прайграў, а яго апанент Слава КПСС, які распаўсюджвай ідэі антыхайпу, асядлаў хайпавую хвалю і апынуўся – та-дам! – у тэлевізары. Іронія, бессардэчная ты сука!
5 кастрычніка ў The New York Times выйшла расследаванне пра квітнеючага галівудскага прадзюсара Харві Вайнштэйна: аказалася, што гэтага дзеяча доўгія гады абвінавачвалі ў дамаганнях актрысы і падначаленыя. Але ён быў занадта багаты і ўплывовы, каб яму давялося за гэта плаціць па законе (а закон – што дышла).
Праз некалькі дзён яшчэ жменю цвікоў у рэпутацыю Харві забілі журналісты The New Yorker. Гэтыя журналісцкія расследаванні выявілі вялізны гнайнік – у свет літаральна хлынулі гісторыі аб дамаганнях і гвалце ад знакамітых асоб, а мы ўзбагацілі мову словам «харасмент».
Харасмент – гэта словы і дзеянні, якія могуць пакрыўдзіць ці зняважыць іншага чалавека, а таксама паводзіны, якія парушаюць межы іншых людзей, псіхалагічны ціск. Харасмент прымае розныя формы. Напрыклад, у выпадку мадэлі Кары Дэлевінь сітуацыя была такая: Кару запрасілі нібыта на праслухоўванне ў нумар Вайнштэйна, дзе прысутнічала яшчэ адна жанчына; прадзюсар загадаў ім цалавацца і стаў распускаць рукі.
Многія людзі ў інтэрнэце шкадуюць Харві. Будзем думаць, што ім падабаецца, калі начальнік шчыпае іх за ляжку або іскрамётна жартуе пра дабратворны ўплыў іх знешняга выгляду на крэпасць яго пісюна.
Hygge – гэта такі дацкі стыль жыцця, які прадугледжвае асалоду ад простых рэчаў. У 2017-м усе хочуць быць як датчане. Кшталту задумаць мудрагелістую вячэру, закупіцца на Камароўцы крафтавымі прадуктамі, спячы нейкі духмяны цуд, заклікаць гасцей на гэты цуд і глінтвейн, пасадзіць усіх за стол, упрыгожаны свечкамі і фігуркамі ласёў, любоўна ахінуць дарагіх людзей пледам і ціхай гутаркай, а калі стомяцца гладзіць залацістага рэтрывера і глядзець у камін, калектыўна заняцца лепкай з пластыліну, выкінуўшы айфоны ў акно.
Цалкам можа быць, што хюге – гэта рэальная магчымасць перажыць бясконцую беларускую зіму без таблетак. Але, дарэчы, ужо і варыянты ёсць. На змену хюге ідуць люке, лагам і, даруй божа, нейкі касагач.
У 2017 годзе рэп слухалі ўсе – ад васьміклашкі да сівавалосай выкладчыцы антычнай літаратуры. Людзі, якія пахавалі рускі рок, расслухалі ў гэтых нервова чытаных тэкстах нерв дня. Людзі, якія ніколі не слухалі рускі рок, проста трэслі галавой пад біт і разумелі, што менавіта так б'ецца іх сэрца.
Па-ранейшаму актуальнай, аднак, застаецца праблема разумення таго, што вылятае ў рэпера з рота. Так, Google прыйшлося сур'ёзна тлумачыць за «эшькере». Ну проста гэта дзіўнае слова актыўна юзаў адзін рэпер з хворым уяўленнем і такімі ж хворымі метафарамі. Магло падацца, што ён заказвае нейкую турэцкую страва ў кальяннай. На самой справе чувак капіяваў Lil Pump'а, які выкарыстоўвае штосьці накшталт «эшькере», каб сказаць «let's get it». Як «let's get it» ператварылася ў «эшькере»? Не пытай.
Экскурсии, которые не транслируют Википедию, а предлагают новые ощущения и соображения о чем-то важном.
Кураторка маркетов и фуд-кортов – об осознанном выборе одежды, дресс-коде и кухонной технике.
Што рабіць, калі табе ад чагосьці зносіць дах? Канешне, стварыць з гэтага сваю справу! Тры новыя беларускія праекты, якія любоў да ежы трансфармавалі ў карысную і натхняльную дзейнасць.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.