Чым будзе адметны кінафэст «Паўночнае ззянне – 2021»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.08.2021
- 17512
Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які адбудзецца напрыканцы верасня, нарэшце абвесціў праграму.
Пакажуць 24 фільмы: 19 – са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі (9 стужак увайшлі ў ігравую праграму, 10 – у дакументальную), 5 – з Беларусі. Трэйлеры можна глянуць на ютуб-канале «Ззяння», пачытаць пра кожную стужку – на сайце фестывалю.
У беларускую праграму ўключаныя пяць розных па стылістыцы і настроі фільмаў. Гэта «Тата» Марыі Якімовіч, рэжысёрскі дэбют Волі Чайкоўскай «Агульная мова», «Тры таварышы» Уладзіміра Казлова, «Кунашыр» Уладзіміра Казлова (гэта два розныя Казловы), а таксама кароткі метр «Сойка» беларускі з ЗША Анастасіі Сергіені, якая апісвае адзін дзень з жыцця эмігранткі з Беларусі.
Заснавальніца і праграмная дырэктарка фестывалю Воля Чайкоўская распавяла пра тое, як адбіраўся матэрыял: «Для кінафестывалю “Паўночнае ззянне” заўсёды важна не толькі ўключаць у праграму фільмы, якія паказалі на буйных міжнародных кінафестывалях і якія нашы гледачы наўрад ці "адкапалі" б у інтэрнэце і паглядзелі б проста так. Але і каб гэтыя фільмы закраналі тэмы, скажам, правоў жанчын, гендарных стэрэатыпаў, хатняга гвалту, роўнасці і іншых тэмаў, якія звязаны з каштоўнасцямі, якія мы падзяляем і якія можна паказваць і асвятляць у Беларусі ў цяперашні момант. Таксама нам хочацца пагрузіць гледачоў у атмасферу не толькі сацыяльных тэм і праблем Скандынавіі, якія сугучныя з актуальнымі сусветнымі і беларускімі тэмамі, але і ў атмасферу расслаблення і магчымасці паглядзець на сур'ёзныя тэмы з гумарам, таму ў нашай праграме ёсць і камедыі, накшталт фінскага фільма “Жалезныя лэдзі”, і дацкай карціны “Персона нон грата”, і эстонскага вэстэрна “Апошнія”, і латвійскага рэмейка на Папялушку “У люстэрку”: адначасова і гумарны, і трагічны».
Індустрыяльная платформа на сёмым «Паўночным ззянні» будзе таксама. Сёлета яна складаецца аж з 12 анлайн-мерапрыемстваў: лекцыі, размовы, дыскусіі. Хэдлайнерам тут стане дацкі пісьменнік Пітэр Хёг. Івэнты будуць даступныя толькі тым гледачам, якія набылі квіткі на прагляды кіно.
Фестываль пройдзе анлайн з 20 па 30 верасня. Квіткі можна набыць тут. Прагляд фільмаў будзе даступны на працягу сутак згодна з раскладам.