Адкрыты продаж квіткоў на кінафэст «Паўночнае ззянне – 2021»

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» надрукаваў невялікі тыраж квіткоў early bird па спецыяльным кошце. Раннія пташкі, згодныя купляць ката ў меху, бо давяраюць густу каманды «Ззяння», паглядзяць 25 фільмаў за 29 рублёў або 6 фільмаў беларускай праграмы за 12 рублёў.

 

 

Праграма фэсту пакуль не абвешчаная. У сярэдзіне жніўня абвесцяць – тады і кошты падрастуць. Пакуль арганізатары анансуюць «25 вострых, драматычных і смешных фільмаў з краін Скандынавіі, Балтыі, Беларусі, якія падтрымаюць ваш дух і не прымусяць сумаваць на пачатку восені». Кінапаказы адбудуцца 20–30 верасня ў анлайнах, і каманда фэсту працуе над тым, каб паглядзець фільмы маглі і беларусы за мяжой Беларусі. Слоган, абраны «Паўночным ззяннем» сёлета: «Кіно ідзе».

 

 

Воля Чайкоўская, дырэктарка «Паўночнага ззяння»

«Мы праводзім “Паўночнае ззянне” у фармаце online ужо другі раз, і калі летась для нас гэта быў выклік, то сёлета – шлях да дасканаласці і працэс загартавання працоўнага, творчага і чалавечага духу. Я радая аб'явіць пра старт працы фестывалю і з нецярпеннем чакаю кожнага на нашай VOD-платформе!»

 

Купіць пакет «Ранняя птушка Ззя. Full pass» за 29 BYN або «Ранняя птушка Ззя. Беларуская праграма» за 12 BYN можна  па спасылцы.