Закрываецца прыём заявак на Idea Generation Camp 2019
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.09.2019
- 6446
28–29 верасня адбудзецца Idea Generation Camp. Гэта моладзевы летнік, дзе можна прэзентаваць сваю ідэю, пабрэйнсторміць, знайсці аднадумцаў, паслухаць крутых спікераў і – у ідэале – выйграць грошы на рэалізацыю задумы ў бліжэйшы час.
З якой ідэяй можна падавацца?
Тут чакаюць праекты (ці лічынкі праектаў) пра ўсё, што звязана з экалогіяй, культурай, гарадскім развіццём, адукацыяй, правамі чалавека, актывізмам і тыпу таго. Ідэя мусіць быць прыдуманая для Беларусі і мець грамадскую значнасць.
Няма ідэі – не праблема. Можна падавацца і ўвогуле без сваіх накідаў і накрэатывіць нешта непасрэдна ў летніку, з такімі ж крэатыўнымі рабятамі.
Якая праграма?
Idea Generation Camp – гэта два дні, насычаныя лекцыямі, майстар-класамі, працай у групах і ўласна прэзентацыямі праектаў.
Эксперты(-кі), якія выступяць на IGC, сапраўды зорныя:
дызайнерка па голасе, спявачка Марына Руся Шукюрава распавядзе, як рыхтавацца да выступу на публіцы;
сузаснавальнік вечарынак Bassota Ягор Kipah падзеліцца сакрэтамі паспяховага івэнтшчыка;
капірайтарка піяр-студыі Sette Ганна Клімовіч навучыць, як прыдумляць крэатыўныя прадукты, каб пра іх пісалі ўсе СМІ краіны;
дырэктар Krok Films, якія здымалі відэа для «Дай Дарогу!» і Nizkiz, Георгій Бізюк раскажа пра тое, як ствараць круты відэапрадакшан;
менеджарка па карпаратыўных адносінах піваварнай кампаніі «Аліварыя» Вольга Каўрыгіна адкажа на сакральнае пытанне: навошта яе брэнду праводзіць бясплатны фестываль на 170 тысяч чалавек?
стваральнік сацыяльнай пякарні «Добрае печыва» Дзмітрый Багданаў распавядзе пра лайфхакі, якія спатрэбяцца тым, хто толькі пачынае шлях прадпрымальніка;
кіраўнік R&D-дэпартамента «Луча» Антон Раднякоў распавядзе пра беларускія прадукты менскага гадзіннікавага завода.
Па выніку двух дзён журы абярэ 10 годных праектаў, якія атрымаюць падтрымку і будуць рэалізаваныя ў кастрычніку-лістападзе 2019 года.
Што патрабуецца ад удзельнікаў?
Тусіць на летніку – гэта бясплатна. Трэба толькі даехаць да кропкі за свой кошт (гэта будзе недзе пад Менскам) і быць светлай галавой. Ночыць удзельнікі будуць з камфортам – у памяшканні.
Падрабязней пра Idea Generation Camp можна пачытаць на сайце ці ў фэйсбуку.
Заяўкі прымаюць да 19 верасня.
Еду!