Мы жывем у эпоху, калі тэксту становіцца ўсё менш, а візуалу – усё больш. Колер, малюнкі, шрыфты, матэрыялы выбіраюцца не столькі для таго, каб эстэтычна пацешыць вока, але ў большай ступені з мэтай данесці ідэю, знайсці кропкі сувязі з аўдыторыяй і даць ёй магчымасць ідэнтыфікаваць сябе з гэтым дызайнам. Калі бізнэс на ўсю моц юзае гэтыя штукі, то актывісты і некамерцыйны сектар часта лічаць дызайн другасным. Калі ты хочаш забамбіць дызайн, каб твой мэсэдж счытваўся праз секунду і гэта было не проста «прыгожанька», але і са змястоўнай начынкай, – трымай парады ад дызайнераў і дызайнерак, якія набілі руку на працы з «трэцім сектарам», і прэс-сакратаркі «Аховы птушак Бацькаўшчыны».
Кася Сырамалот, арт-дырэктарка 34mag.net і 34travel.me, дызайнерка
Дызайн для некамерцыйных праектаў – з аднаго боку, вельмі цікавая і захапляльная рэч. З іншага – неверагодна адказная, якая праяўляе дызайнерскія якасці і ўменне думаць найлепшым чынам.
Часта ў камерцыйных праектах ёсць ужо гатовыя інструкцыі, брэндбукі далёка не заўсёды добрай якасці. З некамерцыйнымі праектамі прасцей: асноўная мэта людзей, якія іх замаўляюць, – зрабіць свет лепшым, таму яны гатовыя цябе слухаць. Ім, як і ўсім, трэба візуальна прадаць ідэю, таму на дызайнеры – вялікая адказнасць. Важна не толькі не адвярнуць аўдыторыю ад тэмы, але і дадаткова прыцягнуць, запаліць цікавасць і жаданне быць часткай чагосьці крутога і значнага.
Галоўнае, што варта памятаць: ты звяртаешся да канкрэтнай аўдыторыі. Дызайн «для ўсіх» – ад пачатку пройгрышная ідэя. Важна падумаць, які ён, той чалавек, якога ты хочаш зачапіць. Што ён робіць удзень? Куды ён ходзіць? Што чытае? Дзе ён убачыць тваё пасланне? Лепш нават візуалізаваць мэтавую аўдыторыю канкрэтнымі знаёмымі людзьмі.
Варта паглядзець, што робяць у свеце па тэме, што ўдала / няўдала. Важна памятаць, што рэчы, характэрныя для іншых рэгіёнаў, не заўсёды могуць падысці табе. Таму трэба набірацца ідэй і спрабаваць рабіць лепш, зыходзячы з мясцовага кантэксту.
Дызайн – гэта заўсёды пра рашэнне задач, а не пра тое, каб здзівіць. Фішачкі – гэта рэч другасная. Сістэма – гэта тое, пра што ты мусіш думаць. Важна думаць пра форму, адценні, простыя знакі і сімвалы, якія будуць счытвацца імгненна і ствараць асацыяцыі.
Задавай сабе пытанні: «Як будзе глядзецца візуал на носьбітах рознага памеру? Ці гаворыць візуал тое, што я хачу сказаць, або ён проста “прыгожанькі” і “як ва ўсіх”»?
Ігар Юхневіч, дызайнер
Сацыяльны праект vs. камерцыйны
Сацыяльны праект адрозніваецца ад камерцыйнага тым, што не накіраваны выціскаць прыбытак са свету, і таму больш экалагічны і карысны для кармы.
Істотнае адрозненне ад камерцыйных праектаў у тым, што сацыяльныя праекты робяцца з меншымі бюджэтамі. Усе звёны павінны працаваць максімальна эфектыўна і зладжана. Акрамя таго, эфектыўны менеджмент аддае перавагу жыць у прыбытковых сферах бізнэсу. Так атрымліваецца, што сацыяльныя праекты ў гэтым плане знаходзяцца пад падвойным ударам. Таму я хачу ў першую чаргу звярнуць увагу не некалькі арганізацыйных момантаў.
На што звярнуць увагу
Калі замоўцы недастаткова старанна прапрацавалі заданне, прапусцілі даследаванне або проста не надта падумалі, то дызайнеру давядзецца займацца ўсім гэтым, а не ўласна дызайнам. Гэта, магчыма, самая частая прычына зацягнутых тэрмінаў і слабога выніку.
Выкарыстоўвай інструменты каманднага менеджменту. Напрыклад, Trello.com. Гэта зэканоміць некалькі гадзін пошуку лістоў, паведамленняў і файлаў, а таксама ўвагу. Такі метад структуруе праект.
Можа дапамагчы, калі ты пачнеш мысліць серыйнымі рашэннямі. Рэгулярныя падзеі і рубрыкі, шаблоны, серыя плакатаў – усё гэта робіць тваё паведамленне больш пазнавальным і эканоміць час і сілы.
Не думаю, што ёсць вялікая розніца адносна змястоўнай часткі. Вобразы, якія чапляюць, і адэкватныя рашэнні патрэбныя ўсім. Магчыма, сацыяльныя праекты будуць крыху прасцейшымі візуальна, бо часу на распрацоўку макета будзе, хутчэй за ўсё, менш.
Некалькі парадаў для дызайнераў
Выкарыстоўвай агульныя месцы ў камунікацыі. Вядомыя жэсты, простыя прадметы, лёгкачытальныя формы.
Важна быць зразумелым(-ай). Не нагрувашчвай лішняга, напішы пяць-сем слоў пра праект, зрабі «call to action» – і гледачу будзе прасцей цябе зразумець.
Не кажы тое, што можна не казаць.
Будзь сумленным(-ай). Калі ты не хочаш павесіць дызайн сабе на сцяну, наўрад ці ён спрацуе.
Сацыяльная адказнасць. За некаторыя задачы я бяруся толькі таму, што лічу іх важнымі. Ініцыятывы працуюць лепш з якасным дызайнам. Глядач не давярае страшным, дрэнна зробленым матэрыялам. Вядома, мне не абыякавая якасць візуальнага асяроддзя, у якім я існую.
Палюбі тое, што робіш, – і толькі тады атрымаецца добра.
Пра лагатып MAKEOUT
Лагатып MAKEOUT кажа сам за сябе. У гэтай гісторыі цікава іншае. Лога было зроблена практычна на валанцёрскіх пачатках, што паскорыла працэс распрацоўкі і ў яго зачасаліся некаторыя недапрацоўкі. Патрэбны час, каб астыць, паглядзець свежымі вачыма, і гэтага часу не было. Але я зразумеў адно важнае паляпшэнне амаль праз год, перарабіў файл і даслаў Колю Анціпаву.
Лога стала лепшым. Не ўяўляю, каб такое магло адбыцца ў аддзеле маркетынгу якой-небудзь кампаніі, дзе ланцужкамі сцвярджэнняў і перакладання адказнасці забіваюцца амаль усе жывыя ініцыятывы.
Зараз лога абнавілася трэці раз. Хоць гэта больш падобна да гульні ў «знайдзі дзесяць адрозненняў», эвалюцыя відавочная.
Маша Кірыльчык, дызайнерка 34mag.net
Калі ты выбіраеш дызайнера
Галоўная парада: бяры прафесіянала. Калі хочаш супермастацкую ілюстрацыю, бяры чалавека, які добра малюе. Хочаш мінімалізм – не бяры дызайнера, які працуе з нагрувашчваннямі, 3D-элементамі ды іншымі фічамі.
Абмяркоўвай свае пажаданні з дызайнерамі. На жаль, яны не ўмеюць чытаць думкі. Калі табе не спадабаюцца прапанаваныя варыянты, ёсць шанец, што мінімальныя дапрацоўкі і прапановы зробяць з праекта цукерачку.
Эканом час і рэсурсы. Падабаецца эскіз – бяры яго ў распрацоўку. Не падабаецца ці не зусім падабаецца – спрабуй дыяметральна супрацьлеглы варыянт. Магчыма, іншы шлях адразу ж будзе дакладным.
Трэба ведаць, калі спыніцца. Можна колькі заўгодна зрушваць літарку на тры міліметры налева, але сутнасць праекта гэта ўжо не зменіць. Калі табе ўсё падабаецца, зацвярджай.
Некалькі парадаў для дызайнераў
Можна колькі заўгодна пераконваць сябе і заказчыка, што ты – дызайнер(-ка) на ўсе рукі. Аднак калі цябе не прэ тэма ці ты не маеш пэўных навыкаў, то нічога не атрымаецца.
Плюс некамерцыйных праектаў: заказчыкі часцей гатовыя на эксперыменты, больш давяраюць табе і менш перажываюць на тэму, што «нешта не як ва ўсіх» і «а чаму тут чырвоненькую?». Задаволены заказчык і паспяховы праект прынясуць яшчэ з дзясятак цікавых праектаў у будучыні. Інфа 100%.
Любі праект, як маму! Уключайся ў яго, думай пра яго, дазваляй фантазіі працаваць 24/7. У вольны час чытай кніжкі, гартай часопісы, хадзі ў музеі, праглядай Behance. Капіяваць не абавязкова, карысным можа стацца позірк на тое, як нейкую задачу ўжо вырашылі іншыя дызайнеры.
Чым больш і па-рознаму ты ўмееш, тым большы дыяпазон праектаў з рознымі візуальнымі мовамі можаш забацаць. Клёва малюеш, можаш зрабіць круцецкую ілюстрацыю на планшэце, прыдумваеш класныя афішы, лога, фірмовыя стылі, знаёмы(-ая) з вёрсткай, тыпаграфікай і паліграфіяй – у працы спатрэбіцца ўсё!
Пра дызайн квір-фестывалю DOTYK
З дызайнам для DOTYK мяне звязвае доўгая гісторыя. Пасля абмеркавання асноўнай лініі з золатам, ззяннем і адносным мінімалізмам пачалася праца. Тэма была ўжо мне знаёмая. Падчас вучобы я пачала з распрацоўкі аўтарскага часопіса «Норма», дзе цэнтральнай тэмай было паняцце «гендар». Потым працавала з тэмай 8 сакавіка. Гэта ўсё вырасла ў мой дыпломны праект пра фемінізм і жанчын.
З боку арганізатараў DOTYK былі выразныя пажаданні. Гэта быў цікавы досвед. Каманда рабіла дызайн для сябе і хацелі, каб падабалася і ім самім, і каб было зразумелым астатнім. У рэшце рэшт заззялі як трэба!
Вікторыя Церашонак, прэс-сакратарка ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Што самае важнае ў дызайне
Калі ствараеш дызайн для некамерцыйнага праекта, важна кожную хвіліну памятаць, што ты працуеш дзеля ідэі, за добрую справу. І паспяховая твая ідэя будзе ці не – залежыць ад дызайну.
Самае важнае – мэсэдж. Што ты хочаш данесці да людзей: каб яны захапляліся, плакалі, спужаліся, ганарыліся? Мусіць быць эмоцыя. У ідэале людзі павінны зрабіць тое, да чаго іх заклікаюць.
Дызайн для НДА і для камерцыйнага праекта: у чым розніца
Паміж дызайнам для НДА і дызайнам для камерцыйнага праекта прынцыповага адрознення няма. У камерцыйных мэта – стварыць імідж, прадаць прадукт. У нас таксама. Нам важна данесці сваю думку да людзей.
Калі звычайна мэта «купіце!», то ў нас нашмат больш задач: сёння мы заклікаем людзей ахвяраваць грошы на акцыю па выратаванні рэдкага віду птушак, заўтра клічам іх паехаць валанцёрамі будаваць плаціны на балоце, паслязаўтра запрашаем напоўніць кармушку для птушак. Пад розныя мэты патрэбны розны дызайн. Інакш аўдыторыя пройдзе міма.
Што трэба ведаць пра дызайн АПБ
У нас, як прыродаахоўнай арганізацыі, ёсць свая спецыфіка. Калі мы робім дызайн, то заўсёды ўлічваем біялагічныя асаблівасці выгляду. І адлюстроўваем іх. Калі ў птушкі тонкая дзюба, то выява дзюбы і будзе такой. Калі адметная рыса птушкі – спевы, то яна будзе з адкрытым ротам, каб звярнуць на гэта ўвагу. Птушка заўсёды павінна быць падобная, а не нейкая схематычная. У нас няма аднаго дызайнера, мы працуем з рознымі. Гэтыя моманты мы прагаворваем з імі з першага дня.
У 2016 годзе ў АПБ з'явіўся брэндбук, дзе мы адлюстравалі асноўныя агульныя правілы працы: якія віды фота мы хочам выкарыстаць, а якія – не. Якія колеры ствараюць станоўчы вобраз прыроды, а якія колеры ствараюць вобраз небяспекі і бяды. Прыдумалі сілуэты птушак і іншыя формы кантакту з аўдыторыяй.
У Менску мы зладжана працуем у маленькім калектыве, але ў нас яшчэ 18 аддзяленняў у рэгіёнах. Важна працаваць разам на адну вялікую мэту – захаваць дзікую прыроду Беларусі.
Чым натхняецца АПБ
Каралеўскае таварыства абароны птушак – велізарная арганізацыя ў Вялікабрытаніі, з вялікім вопытам работы і вялікай колькасцю візуальнай прадукцыі.
Кампаніі WWF, Greenpeace і Франкфурцкае заалагічнае таварыства.
4 парады от АПБ
Самая галоўная парада: дызайн – гэта не для прыгажосці, а для таго, каб як мага лепш данесці сваю пазіцыю, свой пасыл. Асабліва калі ты ад людзей чагосьці хочаш: сартаваць смецце, паехаць будаваць плаціны на балоце, ахвяраваць грошай на выратаванне вялікага арлеца.
Будзь канкрэтным(-ай). Людзям не патрэбна абстракцыя ў стылі «прырода прыгожая», «Беларусь – край азёр», як звычайна паказваюць па тэлебачанні.
Дызайн – не асобная карцінка. Ён звязаны з тэкстам, слоганам. Дызайн павінен працаваць на тое, каб палегчыць людзям успрыманне інфармацыі.
Звяртайся да дызайнераў, а не вярстай самастойна. Не думай «так хутчэй», «так танней» або «гэта ўсё не важна». Дызайн – гэта важна.
Рэкамендуем
Сезон лекцый праекта Vitebsk Social Design, дзе дызайнеры і дызайнеркі дзеляцца сваімі ведамі і досведам працы ў грамадска карысных праектах. Сярод выступоўцаў – Ігар Юхневіч, Захар Шлімакоў, Воля Кузьміч, Яраслаў Бялінскі і Кася Сырамалот.
Кніга Visualising Information for Advocacy – cкарбніца ідэй і найлепшы дапаможнік для актывістаў, як візуалізаваць інфармацыю і распрацоўваць сацыяльна адказны дызайн.
Мы падрыхтавалі папяровую мапу культурнай аорты Менска – вуліцы Кастрычніцкай. Унутры – анлайн-версія.
Стрыт-артысты, графітчыкі, архітэктары, урбаністы і эколагі – распавядаем пра дзейных асобаў сёлетняга свята вулічнага мастацтва.
Плакаты і паштоўкі на тэму жаночых правоў як дыплом у дзяржуніверы. Новая серыя відэапраекту E-quality.
Хто робіць лепшы кемекс і «дайце мне ўжо пакаштаваць гэты аэрапрэс» – на Кастрычніцкай хутка стартуе Miensk Coffee Festival.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.