Змест: кніжныя навінкі і навіны восені

  • 05.11.2025
  • Аўтар: 34mag
  • 82

Працягваем аглядаць варушняк у беларускай літаратуры і вакол яе. Летні матэрыял шукай тут, а ў гэтым выпуску пачытаеш пра арыгінальныя і перакладныя навінкі верасня і кастрычніка, знойдзеш анонсы калялітаратурных падзей, спасылкі на свежыя літаратурныя падкасты і парачку цікавых навін пра ўшанаванне памяці.

 

Арыгінальны белліт: выбітныя жанчыны, спадчына Ластоўскага і знакавыя перавыданні


Казкі пра выбітных беларусак

Выйшаў у свет першы том выдання «Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын», куды ўвайшлі творы Светы Бень, Лявона Маліноўскага, Уладзіміра Арлова, Таццяны Гайдук, Кацярыны Ваданосавай, Наталлі Сянчук і Andrusia. Гэта 7 казак пра беларусак, якія жылі ў розныя часы – ад сярэднявечча да пачатку ХХ стагоддзя; кожная з гераінь адыграла заўважную ролю ў гісторыі Беларусі і свету, але пакуль не заслужыла згадкі ў школьных падручніках. Імя Рохлі Фрумкінай табе штосьці кажа?

 

Новыя вершы экс-удзельніка культавага гурта ULIS

У выдавецтве hochroth Minsk выйшла новая кніга паэта Фелікса Аксёнцава «2/3». Зборнік складаецца з тэкстаў па-беларуску і па-руску, 8 з іх – тэксты песень. Нагадаем, што Фелікс Аксёнцаў – аўтар лірыкі да некаторых альбомаў ULIS і «Крама». З нагоды выхаду навінкі выдавец Дзмітры Строцаў дзеліцца ўспамінамі пра першую сустрэчу з Феліксам Аксёнцавым – Філам: «Нас пазнаёміў Андрэй Дарохін [ён праілюстраваў зборнік «2/3». – заўв. рэд.] у сярэдзіне 1980-х. Ужо на першай сустрэчы Філ з захапленнем расказваў мне пра асаблівыя прынцыпы рок-паэзіі. У 1990 годзе ў мяне і ў Філа выйшлі першыя паэтычныя зборнікі ў серыі “Каўчэг”, вокладкі для якіх намаляваў Андрэй Дарохін. Падаецца, гэта былі першыя незалежныя выданні ў яшчэ савецкай Беларусі».

 

Ластоўскі – філосаф

Выдавецтва Skaryna Press працягвае падсвятляць фігуру пісьменніка, гісторыка, акадэміка, палімата-самавука Вацлава Ластоўскага (1883–1938). Раней «скарынаўцы» выдалі «Мовазнаўчыя працы» і фотаальбом матэрыялаў экспедыцыі 1928 года. У новай кнізе «Новым імкненьням даць новыя формы. Вацлаў Ластоўскі і культурны дыскурс 1920-х гадоў» чытач знойдзе матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Вацлаву Ластоўскаму, якая праходзіла ў Лондане ў 2023 годзе. Ці не ўпершыню Ластоўскі паўстае перад цікаўнай публікай як сацыялінгвіст, мастацтвазнаўца і філосаф.

 

Зноў на палічцы: хіты Ганны Севярынец

Два творы Ганны Севярынец, прысвечаныя беларускай літаратуры, перавыдадуць адным томам. «Дзень Святога Патрыка» выходзіў у 2017 годзе, «Гасцініца “Бельгія”» – у 2019-м. Першая кніга прысвечана моўнай праблеме і захаванню культурнай спадчыны: па сюжэце экспертка міжнароднай моўнай камісіі прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай, і перад ёй паўстае задача захаваць у спецыяльным архіве мастацтва, якое было створана па-беларуску. Другая кніга – гістарычны раман, створаны на базе мемуараў і архіўных крыніц пра бурлівыя 1920-я. Сюжэт рухаюць маладыя паэты, якія ствараюць асабістае жыццё і жыццё рэспублікі па канонах новага мастацтва. Інфармацыя, як перадзамовіць 2-у-1, – тут.

 

Перавыданне лаўрэата першай прэміі «Дэбют»

Кніга паэзіі Віталя Рыжкова «Дзверы, замкнёныя на ключы» пабачыла свет у 2010 годзе. Аўтар атрымаў прэмію «Дэбют», і першы наклад распусціўся, нібы цукар у шклянцы плацкартнага вагона, нягледзячы на тое (ці дзякуючы таму), што кнігу крытыкавалі за абсцэнную лексіку. Аднак нават заступнікі моўнай цнатлівасці не маглі не адзначыць высокі ўзровень версіфікатарскага майстэрства аўтара і ўнікальнасць паэтычнай інтанацыі. У 2014 годзе «Дзверы, замкнёныя на ключы» перавыдалі зноў, а праз 11 гадоў ужо трэці наклад шукае (і, мы ўпэўненыя, знойдзе) свайго чытача.

 

«Эйфарыя»

У кнігарнях з’явіўся раман рэдактаркі, падкастаркі і стэндаперкі Марыі Пархімчык «Эйфарыя», напісаны ў Менску зімой 2021/22 года. Жанр можна прыкладна апісаць як «усходнееўрапейскі постмемкіберпанк эпохі развітога капіталізму». У кнізе паўстаюць шматлікія беларускія мемы – ад легендарнай саладосці марозіва ў кубачку да цыбулін Нясвіжскага замка, але наўпрост Беларусь нідзе не называецца, усе падзеі разварочваюцца на загадкавым востраве ў цэнтры Еўропы.

 

 

Пераклады


Са старажытнагрэцкай – «Паходжанне багоў (Тэагонія)» і «Працы і дні» Гесіёда

Першага грэцкага паэта, які азначыў сябе як асобу і назваў сваё імя, можна цяпер чытаць па-беларуску. «Паходжанне багоў (Тэагонія)» і «Працы і дні» Гесіёда выдатна ўстануць на палічку побач з «Іліядай» Гамэра і «Энэідай» Вергілія. Разам з творамі Гесіёда ў томіку змешчаны слова ад перакладчыка Лявона Баршчэўскага, міфалагічны слоўнік і артыкул польскага даследчыка XIX стагоддзя Казіміра Кашэўскага «Гесіёд і яго паэмы». Набыць сабе асобнічак можна ў kniger.by.

 

 З англійскай – «Хобіт» Дж. Р. Р. Толкіна

Пераклаў культавае эпічнае фэнтэзі, першую толкінаўскую кнігу пра цудоўны свет Міжзем’я, Франц Корзун. Выданнем займалася ініцыятыва «Кніжны рысь», засяроджаная на кнігах для сямейнага чытання. У яе партфелі – «Роня, дачка разбойніка» Астрыд Ліндгрэн, «Хронікі Нарніі» К. С. Льюіса, «Паліяна» Элінор Х. Портэр, а таксама кнігі для зусім маленькіх чытачоў.

 

З англійскай – «Анатомія Кея» Адама Кея

Ініцыятыва «Кніжны вырай» рыхтуе да друку бэстсэлер брытанскага аўтара Адама Кея «Kay’s Anatomy. A Complete (and Completely Disgusting) Guide to the Human Body». Гэтая кніга пра чалавечае цела напісаная жыва і займальна, каб дзеці маглі лёгка зразумець анатамічную базу. Вядома, з карцінкамі.

Пра аўтара важна ведаць, што цяперашні сцэнарыст, комік і пісьменнік паводле адукацыі лекар і шэсць гадоў працаваў у лякарні, але пасля трагічнай сітуацыі з пацыенткай сышоў у творчасць. Яго кнігі перакладзеныя на дзясяткі моў, а на канцэртах Кей збірае поўныя залы.

 

З польскай – «Першы крок у аблоках» Марэка Гласкі

Упершыню па-беларуску выйшлі апавяданні легендарнага польскага пісьменніка Марэка Гласкі. Зборнік «Першы крок у аблоках» прадстаўляе выбраныя творы Гласкі ў перакладзе Марыі Пушкінай. Аўтар, творы якога ў Польшчы дзесяцігоддзямі былі забароненыя, застаўся ў літаратуры гучным голасам пакалення 1950-х. Гласка нарадзіўся ў 1934 годзе ў Варшаве, дэбютная кніжка ў яго выйшла ў 1954-м, а ўжо праз чатыры гады літаратар выехаў з Польскай Народнай Рэспублікі, шукаючы паратунку ад задушлівай рэчаіснасці. Жыў жыццём рамантычнага аўтсайдара, чалавека, які не гатовы мірыцца з несправядлівасцю, у нястрыманасці пачуццяў і дзеянняў яго часта параўноўваюць з акторам Джэймсам Дзінам.

Выдавец адзначае, што проза Гласкі і сёння чытаецца як выклік: «Героі Гласкі кахаюць, працуюць, змагаюцца за сэнс у бязлітасных абставінах, губляюць надзею, п’юць і мрояць. І не чакаюць шкадавання».

 

 

Аўдыякнігі


«Хвілінка»

З’явілася аўдыяверсія «Хвілінкі» беларускага мысляра, аўтара, перакладчыка Джэймса Джойса і Джэрома Сэлінджэра – Ігара Бабкова. Гэты твор завяршае падарожжа праз эпохі, распачатае 24 жніўня 1984 года трыма сябрамі ў ленінскім пакоі гістфакаўскага інтэрната: Францішак блукае па віленскіх лабірынтах у пошуках залатой маскі, Эва Дамініка ўцякае з краіны, але вяртаецца да сябе, Багдан радыкальна мяняе краявіды, унутры і навонкі, і толькі аўтар увесь час цярпліва стаіць за стойкай бара, спрабуючы нам нешта расказаць.

  Спасылка на спампоўку другой кнігі – тут. Таксама даём першую:

 

 

 

E-book


Дэтэктывы пра Зінаіду Юр’еўну

Цяпер даступныя ў электронным фармаце нашумелыя дэтэктывы на трасянцы, якія піша загадкавая аўтарка пад псеўданімам Каміла Цень. Ролю кемлівай расследавальніцы на гэтых старонках бліскуча выконвае кантралёрка грамадскага транспарту. Тут можна купіць і спампаваць «Я прыду за табой у аўгусце», а тут – «Наступны прыпынак – смерць». Несматра на ледзяняшчыя душу названія, чытацеля апрэдзялённа чакае добрая порцыя гумару і пазнавання рэалій беларускай гарадской жызні.

 

 

Падзеі


Спектакль пра Васіля Быкава

6 лістапада ў Варшаве даюць спектакль «Быкаў і ягоныя д’яблы». Аўтар і рэжысёр пастаноўкі – Васіль Дранько-Майсюк. Па сюжэце на дзень народзінаў да зоркі белліту завітваюць нечаканыя візіцёры – і пачынаецца дзейства. Спектакль уключае ўрыўкі са знакамітых і менш вядомых твораў Быкава: «Дапякло», «Тупое пяро», «Адная ноч», «Мёртвым не баліць», «Хвастаты», «Насарогі ідуць». Безумоўнай разынкай дзеяння з’яўляюцца аўтарскія мелодыі Сяргея Пукста ў яго выкананні, а таксама жывыя спевы.

 

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova сёлета праходзіць у Вільні, Празе, Познані і Варшаве. У Познань фэст завітае 7–9 лістапада, у Варшаву – 21–24-га, але паслухаць некаторыя дыскусіі і прэзентацыі можна паўсюль, дзе ловіць інтэрнэт. Фэст ладзіць прамыя трансляцыі на сваім YouTube-канале і пакідае магчымасць паглядзець іх у запісе. Абмяркоўваюць як новыя кніжкі (напрыклад, хіт сезона – пераклад сямейнай сагі Крысціны Сабаляўскайце «Silva rerum»), так і становішча беларускай кніжнай справы, новыя з’явы і выклікі.

 

 Семінары Інстытута беларускай кнігі

Каманда ІБК палічыла: час вяртаць культуру абмеркавання таго, што адбываецца ў беларускай кніжнай сферы, – і запусціла афлайн-семінары ў Варшаве і Вільні. 18 лістапада ў Вільні абмяркуюць, хто і як укладаецца ў тое, каб зрабіць беларускую кнігу бачнай, а 10 снежня ў Варшаве адбудзецца сустрэча «Беларускі чытач: міф, рэдкі звер ці супольнасць?». Падрабязная інфармацыя пра месца і час сустрэчы – у тэлеграм-канале ІБК.

 

 

Памяць


Быкаў на Майне

Неўзабаве ў Франкфурце-на-Майне з’явіцца мемарыяльная шыльда Васілю Быкаву. Гарадская рада аднагалосна ўхваліла ініцыятыву ўшанаваць памяць беларускага класіка, які жыў у гэтым нямецкім горадзе ў 2001 і 2002 гадах. Шыльда мусіць паўстаць у парку Bockenheimer Anlage, побач з домам, дзе жыў пісьменнік. Нагадаем, што замежны этап біяграфіі класіка пачаўся з Фінляндыі ў 1998 годзе. Пасля ён жыў у Германіі і Чэхіі. Незадоўга да смерці вярнуўся ў Беларусь.

 

Апошні спакой «каханка Вялікай Мядзведзіцы»

29 верасня на Вайсковых могілках Варшавы перапахавалі аўтара «менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага. Ураджэнец беларускіх Ляхавічаў пражыў яскравае жыццё, дзе было месца антыбальшавісцкай барацьбе, вайне, шпіянажу, кантрабандзе ды іншаму крыміналу, а таксама турме, прычым менавіта ў турме ў Пясецкім абудзіўся літаратурны дар. Апошні прытулак пісьменнік знайшоў ва Уэльсе ў 1964 годзе. Праз 60 з лішкам гадоў яго парэшткі былі перавезеныя ў Варшаву па просьбе нашчадкаў. Надмагілле ўпрыгожылі зоркі Вялікай Мядзведзіцы – гэта адсылка да культавага твору пра ракаўскіх кантрабандыстаў.

 

 

Прызы і намінацыі


Найлепшая вокладка

Прэмія Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку сёлета дасталася Машы Мароз і Ігару Юхневічу, якія яскрава аздобілі твор Голі з Ополя пра яе бабулю «Мое баба – діректор морга». 34mag.net рабіў размову з аўтаркай пра тое, як Голя працавала над захаваннем сямейнай гісторыі, а заадно – захаваннем палескай мікрамовы («Мое баба» цалкам створана на мясцовай гаворцы).

Журы прэміі Анемпадыстава адзначыла «выкшталцоны дызайн» і «паважлівае хуліганства», падкрэсліўшы, што такая вокладка «не саромеецца быць адметнай». Сапраўды, кніга выглядае далёка ад стэрэатыпаў пра тое, як мусіць выглядаць кніга пра беларускае Палессе. Дадамо, што з шасці вокладак, якія ўвайшлі ў кароткі спіс, Ігар Юхневіч прыклаў руку да чатырох – з рознымі суаўтарамі, прычым дзве вокладкі былі зробленыя з Машай Мароз.

 

Трымайма кулачкі

Беларуская мастачка і ілюстратарка Кацярына Дубовік намінаваная на дзіцячую літаратурную прэмію памяці Астрыд Ліндгрэн. Прэмія Ліндгрэн больш за 20 гадоў адзначае аўтараў, ілюстратараў, вусных апавядальнікаў і папулярызатараў чытання, чые творы адпавядаюць духу стваральніцы сусвету Піпі Доўгайпанчохі. Фонд прэміі – самы шчодры ў кантэксце дзіцячай літаратуры: ён складае пяць мільёнаў шведскіх крон (гэта больш за 450 тысяч еўра).

Кацярына Дубовік рэгулярна трапляе ў фокус увагі розных міжнародных прэмій і двойчы была лаўрэаткай айчыннай прэміі Цёткі. Сярод аформленых ёю кніг – «Пітэр Пэн» Джэймса Мэцью Бары, «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала, «Чараўнік Краіны Оз» Лаймэна Фрэнка Баўма.

 

 

Падкасты і размовы


Падкаст пра Прэмію Цёткі

9 лістапада будуць уручаныя прызы за найлепшыя беларускія кнігі для дзяцей, выдадзеныя ў 2023 і 2024 годзе. Да ўрачыстай падзеі падкаст «Каля літаратуры» распачынае размову пра Прэмію Цёткі. Першы выпуск – пра пераможцаў папярэдніх сезонаў і пра кароткі спіс 2023 года – ужо ляжыць на стрымінгах.

 

Глобус пра Караткевіча

Сёлета 26 лістапада будзе 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, і з гэтай нагоды можна, па-першае, пачытаць кнігу Адама Глобуса «Наш сусед Караткевіч», а па-другое, паслухаць падкаст Сяргея Дубаўца пра гэту кнігу. Для Глобуса беларускі класік – чалавек шматлікіх ідэнтычнасцяў, сярод якіх – сусед, дзядзька Валодзя (бацька Глобуса – раўналетка Караткевіча), геній, легенда, вечны падлетак і, куды без таго, аматар выпіць.

 

Стрым з Таццянай Заміроўскай

Да гадавіны выхаду кнігі эсэ Таццяны Заміроўскай «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» выдавецтва «Мяне няма» зладзіла стрым з аўтаркай. У дыялогу з культуролагам Максімам Жбанковым пісьменніца паразважала пра зборнік, Нью-Ёрк, музыку і пісьменніцкую ідэнтычнасць.

  Глядзець на YouTube