Стартуе кінафестываль «Паўночнае ззянне»: што глядзім анлайн?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 03.11.2025
- 120

З 10 па 23 лістапада будзе доўжыцца анлайн-частка кінафестывалю «Паўночнае ззянне», які сёлета ладзіцца пад слоганам «Мы проста дзеці».
«Мы проста дзеці // мы сядзім на аблоках, робім адваротны адлік да апакаліпсісу // ці кліматычнага калапсу // швэндаемся па горадзе без мэты // разважаючы пра анарха-пацыфізм і апалітычнасць» – так сфармулявала канцэпцыю і інтанацыю фэсту яго заснавальніца Воля Чайкоўская. Усіх цікаўных запрашаюць праз кіно, дыскусіі і творчыя варкшопы даследаваць тое, што мы губляем і што захоўваем у сабе з дзіцячых гадоў.
Афлайн-паказы пройдуць у Вільні (3–5 лістапада), Варшаве (6–9 лістапада) і Таліне (19–20 лістапада). Сярод іншага ў Варшаве і Таліне можна будзе паглядзець драмедзі Юрыя Сямашкі, якое трапіла ў конкурс Берлінале, паспяхова катаецца па фестывалях свету і пра якое мы пісалі яшчэ ў працэсе яго стварэння.
Расклад анлайн-паказаў шукай на сайце фестывалю. Ты лёгка адшукаеш па спасылцы штосьці на свой густ, але возьмем на сябе адказнасць захайлайціць шэсць стужак, якія не варта абмінаць увагай.
Сілье Эвэнсма Якабсэн | Нарвегія
Фільм узяў гран-пры журы дакументальнай секцыі фестывалю «Sundance 2024». Сілье Эвэнсма Якабсэн фіксуе тут побыт сям’і, якая сышла ад турбот тэхнасвету ў нарвежскі лес. Але калі жонка, маці і ініцыятарка «дзікага» існавання Марыя памірае, то яе мужу і чатыром дзецям даводзіцца вынаходзіць новы фармат суіснавання, праходзячы праз шэраг складаных выбараў. Гэтая дакументальная стужка цікава глядзіцца ў бягучым кантэксце, дзе тэхналогіі ўсё больш прасякаюць нашу штодзённасць, а ў паветры кружляе прадчуванне апакаліпсісу. Ці можна знайсці паратунак па-за цывілізацыяй?
Мээль Паліяле | Эстонія
Гэты эстонскі фільм будзе шукаць удачы на наступным «Оскары». «Самакруткі» – відэанарысы зумерскага жыцця на ўсходніх межах Еўропы, дакладнае і дасціпнае адлюстраванне надзей пакалення, якое знаходзіцца ў гістарычным пункце, дзе свабодаў меншае, а капіталізм атакуе з энергіяй сокавыціскалкі. Героі «Самакрутак» туляюцца па вуліцах Таліна ў вэйпавых аблоках і мараць з’ехаць у Бразілію – падалей ад руціны і безграшоўя. Абаяльнасць гэтага кіно не ў апошнюю чаргу складаецца з таго, што наратыў паўстае на рэальных размовах і імправізацыях маладых актораў.
Матыяс Росберг, Нільс Тофтэнаў, Улле Тофтэнаў | Швецыя
Футбольныя заўзятары з Мальмё спачатку маліліся на Златана Ібрагімавіча, а потым яго праклялі: у 2019 годзе найлепшы бамбардзір у гісторыі шведскага футболу стаў суўладальнікам стакгольмскага клуба «Гамарбі», і дараваць такую здраду мальмёўцы не змаглі. Бронзавую статуя Ібрагімавіча каля гарадскога стадыёна пачалі атакаваць вандалы, і ўрэшце рэшт ёй адрэзалі нос. Знікненне носа – добрая нагода, каб зрабіць тру-крайм пра яго пошукі, галоўнае – паклікаць на падмогу эксцэнтрычнага прыватнага дэтэктыва, і ў вас, верагодна, атрымаецца такі сабе гогаль-могаль па-шведску.
Моніка Стрэмдаль | Нарвегія, Нідэрланды, ЗША
Фільм пралівае святло на нябачны бок «амерыканскай мары». Нарвежская фатографка Моніка Стрэмдаль шмат гадоў дакументавала жыццё ў танных гатэлях і начлежках ЗША. Падчас адной з вандровак яна пазнаёмілася з 12-гадовым Мікалам, які ўсё жыццё правёў разам з пітушчым бацькам у цесным гатэльным пакоі на мяжы галечы. Моніка зацікавілася лёсам падлетка і тры гады здымала гісторыю гэтай сям’і. У сваёй працы яна абышлася без каліўца маралізатарства. «Амерыка начлежак» – пранізлівая, шчырая, чалавечая гісторыя, удзельнікі якой гавораць за сябе самі.
Бурўа Вагабпур | Нарвегія, Румынія
На першы погляд – эксцэнтрычная камедыя пра сваяка-дзівака, на другі – тонкае разважанне пра страчаныя сямейныя сувязі, культурную ідэнтычнасць і асабістыя межы. Па сюжэце да маладога выкладніка літаратуры Акама, які жыве ў Осла сваё жыццё, прыязджае дзядзька Хадр з іранскай часткі Курдыстана. Акам не дужа рады такому ўварванню, тым больш Хадра ён, лічы, не ведае, але што паробіш – сваяк. Дзядзька, аднак, не збіраецца хутка з’язджаць, штодзень напружанне паміж героямі нарастае, культурныя адрозненні вылазяць вонкі, і сачыць за тым, куды гісторыя вядзе, сапраўды цікава.
«Заўтра вы мяне тут не ўбачыце»
Аляксандра Чабоцька | Польшча
4-хвілінная анімацыя беларускай аўтаркі, заснаваная на яе дзённіках і галасавых паведамленнях. «Заўтра вы мяне тут не ўбачыце» – гэта гісторыя пра будні эмігранткі, якая спрабуе знайсці спакой у кароткай паездцы трамваем, гуках вуліцы, выпадковых сустрэчах. Добрая нагода падумаць пра ўласныя спосабы захавання ўнутранай свабоды ды здольнасці марыць нават у абставінах, якія таму не спрыяюць.
Уся праграма «Паўночнага ззяння» – тут.