Сёння стартуе фестываль стрыт-арту і ўрбаністычнага мастацтва Vulica Brasil. Хто будзе выяўляць паралельны сусвет на менскіх будынках сёлета, чытай на старонках 34mag.
Vulica Brasil – штогадовы фестываль вулічнага мастацтва, у межах якога бразільскія і беларускія мастакі размалёўваюць сцены ў розных лакацыях Менску, ствараючы агромністыя муралы вышынёю некалькі паверхаў. Пачатак фэсту быў пакладзены ў 2014 годзе апантанасцю і настойлівасцю працаўнікоў бразільскай амбасады Мілы Коткі і Данілу Косту, якія ўпэўнілі Менгарвыканкам упершыню афіцыйна сказаць «так» «манументальным мастацкім працам» на вуліцах гораду. За дзве папярэднія эдыцыі было створана дзесяць мастэрпісаў – палова ад беларусаў, палова ад бразільцаў: на будынках Нацбанку, амбасадзе Бразіліі, жылым доме, офісным будынку, і, вядома, на знакамітым індустрыйным ансамблі МЗКР на Кастрычніцкай.
Сёлета ў праграме, дзякуючы генеральнаму партнёру фэста Belavia, – яшчэ больш рознакалібернага арту, экалогія, ландшафтны дызайн ды інавацыі, якія будуць апрабаваныя на эксперыментальнай Кастрычніцкай. Глядзім, хто канкрэтна будзе працаваць з абліччам гораду М.
Speto
(45 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Гатэль «БелРостІнвестБуд» (вул. Кастрычніцкая 25, левая частка сцяны)
Што малюе: Натхнёны розніцай у часе паміж нашымі краінамі, Speto выкарыстае контуры часавых паясоў Бразіліі ды Беларусі, у якія ўпіша матывы сусветнай поп-культуры.
Адзін з піянераў графіці ў Бразіліі, Speto aka Паўлу Сэзар Сіўва, займаецца вулічным мастацтвам больш за тры дзесяцігоддзі. Пачаў маляваць яшчэ падлеткам у сярэдзіне 80-ых у традыцыйным хіп-хоп кірунку, але з часам прапампаваў свой унікальны стыль бразільскімі фальклорнымі элементамі. Важкі ўплыў на ягоную творчасць аказвае літаратура «кордэл» ці «вяровачная літаратура» – танюсенькія брашуры на простай паперы, якія прадаюцца на вуліцах і рынках Бразіліі на пацеху публікі. У іх, апроч апавяданняў, друкуюцца і адпаведныя «лубочныя» ілюстрацыі. Таксама ў сваіх працах ён дадае стылістыку разьбы па дрэве, тату-матывы і не пакідае без увагі хіп-хоп культуру.
Speto належыць да першага пакалення графіці-мастакоў у Бразіліі разам з OSGEMEOS. Цягам 1990-ых гадоў ён дапамагаў ствараць візуальныя вобразы бразільскім музычным гуртам The Raimundos, Planet Hemp і O Rappa. Ягоная майстэрня размяшчаецца на завулку Бэтмана ў Сан-Паўлу – легендарнай лакацыі для ўсіх графітчыкаў. Браў удзел у шэрагу выстаў па ўсім свеце: Art Ba у Буэнас-Айрэсе, Art Basel у Маямі, Palais de Tokyo у Парыжы і The Wynwood Walls у Маямі ды Франкфурце. Сёлета адкрываў Музей стрыт-арту ў Берліне.
Ramon Martins
(35 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая 19-5)
Што малюе: Складанае пано з некалькіх блокаў і безліччу элементаў: лавец для птушак, беларускія арнаменты, унутраныя назіранні за светам – але ўсё будзе змяняцца ў працэсе.
Візуальны выбух, вывяржэнне эмоцыяў, шматпластовыя тэкстуры, бачныя ці ўяўныя, – Рамон Марцінс можа прымусіць цябе прапусціць патрэбны транспарт на прыпынку, пакуль ты разглядаеш ягоныя мураваныя палотны. Ён нарадзіўся ў Сан-Паўлу, але вырас у пастаральнай бразільскай вёсцы разам з бабуляй. Затым у 14-гадовым узросце вярнуўся зноў у Сан-Паўлу да бацькі ды пасяліўся ў азіяцкім квартале, дзе жыве і цяпер.
З прычыны пастаянных пераездаў ягоная творчасць – гэта неверагодны мікс творчых падыходаў, тэхнікаў і візуальнай мовы з усяго свету: дзікая трапічная прырода, арганічныя дэкаратыўныя эскізы, матывы бразільскага барока, гарадская вулічная культура, азіяцкая антычная традыцыя, поп-культура і контркультура, масавая адзінота і ананімныя партрэты – ці можаш ты сабе ўявіць гэта?
У 2005-ым ён атрымаў бакалаўра выяўленчых мастацтваў у Guinard School of Art у Белу-Арызонці ды адразу там дэбютаваў у галерэі сучаснага мастацтва Léo Bahia Arte Contemporanea. У 2009-ым Рамона запрасілі на ротэрдамскі R.U.A Festival, у межах якога ён стварыў шыкоўны мурал Love Spreads. Затым ён браў удзел у сан-паўлаўскай выставе De Dentro Para Fora De Fora Para Dentro, якую паводле падлікаў куратараў наведалі 140 тысяч чалавек за 10 тыдняў. Ягоныя працы можна знайсці ў Музеі сучаснага мастацтва ў Рыа-дэ-Жанэйра і Музеі мастацтва ў Сан-Паўлу, а таксама на сценах Бразіліі ды Еўропы.
Imai Yusk
(34 гады, Сан-Паўлу, Бразілія / Берлін, Германія)
Дзе малюе: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая 19-5)
Што малюе: Цяпер мастак не можа дакладна сказаць. Для яго мурал – гэта магчымасць даведацца пра людзей у Менску і даць ім нешта ад сябе. «Жыццё – гэта пра абмен. Пра гэта і мурал», – кажа ён.
Бразільскі мастак амерыканска-японскага паходжання. Ва ўзросце шасці месяцаў ягоная сям’я пераехала ў Сан-Паўлу, дзе ён жыў да нядаўняга часу. Цяпер мае майстэрню ў Берліне. З 2007 года Імаі Юск выстаўляецца ў галерэях і на вуліцах па ўсім свеце – ад Аўстраліі да Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі.
Ягоныя працы – гэта выкшталцона стылізаваныя фігуры з ягонага ўяўлення і міфалогіі. Атмасфера – цёмная і неадназначная. Часцяком Імаі Юск малюе жывёлінаў з чалавечымі формамі і наадварот. Нельга сказаць адразу, што ягоная карціна значыць: ты глядзіш і губляеш першапачатковы вобраз, затым прыходзіш зусім да іншага разумення працы. Ягоныя работы за іх сімвалізм параўноўваюць з творчасцю Густава Клімта, таксама ёсць паралелі з сюррэалізмам Макса Эрнста і Жуана Міро. Ну і японскі след пакідае адбітак на ягонай творчасці: традыцыйныя шрыфты, манга – усё, на чым расло гэтае дзіця свету.
L7M
(27 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Гатэль «БелРостІнвестБуд» (вул. Кастрычніцкая 25, сярэдняя частка сцяны)
Што малюе: Пры падтрымцы праэкта «Кліма-Іст», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, мастак малюе мурал на тэму тых птушак Бразіліі ды Беларусі, якія знікаюць. Паводле плану гэта зялёнагаловая танагра і вяртлявая чаротаўка, але, напэўна, гэта будзе суцэльны арніталагічны калейдаскоп.
Усім неабыякавым да лёсу птушачак прысвячаецца! Бразільскі мастак Луіс Марцінс aka L7M любіць іх не менш, чым бёрдуотчэры на заданні. Балончык з фарбай ён узяў у рукі яшчэ ў 13-гадовым узросце, пасля вывучаў мноства тэхнікаў малявання і ў выніку прыйшоў да міксаванага стылю з выкарыстаннем кітайскай тушы, латэксу, пастэлі і акрылу. Аднойчы фарбай яму служыла нават кока-кола!
Першым натхненнем для Луіса быў прамянізм – кірунак рускага авангарднага мастацтва пачатку 20 стагоддзя, які працаваў са светлавымі спектрамі ды колераперадачай. На сваіх вулічных палотнах мастак камбінуе абстрактныя геаметрычныя формы з галаваломкай адценнямі – і ўсё гэта на фоне выяваў нашых крылатых сяброў. Луіс востра перажывае дысгармонію навакольнага асяроддзя, таму ягоныя карціны – гэта складана пабудаваны хаос у элегантнай падачы.
Finok
(31 год, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: вул. Няміга 30 і трамвай на Кастрычніцкай
Што малюе: Мурал будзе пра культурны мікс, які стварае Бразілію: як уплывы з розных куточкаў свету будуюць культурны стрыжань Бразіліі. Выява на трамваі будзе прысвечаная памяці бразільскага мастака Жузэ Боржэса.
Рафаэль Сагара aka Finok жыве і працуе ў Сан-Паўлу. У сваіх урбаністычных працах шырока выкарыстоўвае бразільскіх фальклорных персанажаў і штодзённыя замалёўкі з жыцця на фоне мудрагелістых патэрнаў. Ягоныя адметныя фігуры – гэта паветраныя змеі, паветраныя шары, плеценыя кошыкі, партугальская плітка. «Мне падабаецца разнастайнасць, якую мы тут маем, – кажа Рафаэль. – Калі Бразілія – мультынацыянальная краіна, тады Сан-Паўлу – яе самы эпіцэнтр».
Finok аддзяляе сваю працу на вуліцы і ў галерэях. Першае – гэта назіранне, другое – даследаванне і падагульненне. «Для мяне вуліца – гэта выдатнае месца, каб глядзець, як жывуць людзі. Гэтыя назіранні правакуюць ува мне пытанні да сябе і да гэтага месца – і тады пачынаецца мастацтва», – дзеліцца ён. Ягоныя працы ёсць у Кёльне, Мілане, Лісабоне і Нью-Ёрку. Наступны прыпынак – Менск.
Bazinato
(34 гады, Маладзечна, Беларусь)
Дзе малюе: Гатэль «БелРостІнвестБуд» (вул. Кастрычніцкая 25, правая частка сцяны)
Што малюе: Дрэва-вену, у якім нешта адбываецца
Мастак, дызайнер, выкладчык «Дзіцячых творчых майстэрняў» у галерэі «Ў». Найважнейшая тэма ягонай творчасці – экалогія. Часцяком ягоныя арт-аб’екты зробленыя з выкарыстаннем другасных матэрыялаў і спалучаюць мастацкае ўвасабленне з біяморфнымі формамі. Мастак таксама працуе з не вельмі папулярным сярод беларускіх творцаў кірункам лэнд-арт, ствараючы інсталяцыі ў прыродным асяродку. Базыль бачыць невідочныя структуры, якія для яго настолькі выразныя, што не застаецца іншага выбару, як надаць гэтаму фізічную форму.
Апроч удзелу ў персанальных і групавых выставах, Bazinato займаецца стрыт-артам, рабіў інсталяцыі ў межах першай Vulica Brazil у 2014 годзе, змешваючы архітэктуру бразільскага музею імя Оскара Німэера з уласным стылем роспісу. Сёлета Базыль таксама возьме ўдзел у фестывалі ды пачне сваю працу ўжо зусім хутка.
Cowek & Moss Town Studio
(31 год, Ліда, Беларусь)
Дзе малююць: МЗКР (вул. Кастрычніцкая 16)
Што малююць: Cowek будзе падпраўляць контуры сваіх леташніх намаганняў, а таксама дамалёўваць сцяну побач над бюстам Леніна. Юля аздобіць малюнкі ды сцяну вакол пастаменту жывымі насаджэннямі.
Тэматыка прац Яўгена Мацюты aka Cowek вельмі самабытная і ўнікальная на тэрыторыі Беларусі: мастак расказвае пра старажытную беларускую міфалогію, народныя казкі, у ягоных працах можна ўбачыць прыродныя матывы і вобразы. Шукае ўзаемасувязь шэрага гарадскога ўрбанізму з жывою энергетыкай прыроды. На жаль, горад як самастойны арганізм ужо выходзіць за свае межы, тым самым пачынае запаўняць і кранаць святое – прыроду.
Cowek – адзін з заснавальнікаў часопісу-альманаху «Сігнал», які асвятляе дзейнасць вулічнага мастацтва ў Беларусі. Сталы рэзідэнт Vulica Brasil: бярэ ўдзел ужо трэці раз і ўсё далей удасканальвае сваю гіганцкую панараму (першы этап, 2014). Таксама маляваў на стрыт-арт фэсце MustAct у Магiлёве, Гомелi, Горадні, Баранавічах і Рагачове. Ягоныя працы ёсць у Варшаве i Гданьску, Вільнюсе, Санкт-Пецярбургу і Ярэмчы.
Moss Town Studio – нядаўні старт-ап мастачкі Юлі Стратовіч, звязаны з убудоўваннем моху ў дамашнюю і публічную прастору. Ён можа вертыкальна наносіцца на сцяну ці быць начынкай для стала, вырошчвацца ў гаршках ці складвацца ў надпісы. Прыемна, вядома: працуеш за кампом, а ножкі табе ласкоча пяшчотны сфагнум. Юля ўжо задызайніла мохам лагатып эка-маркету Green, інтэр’ер вегетарыянскай кавярні «Счастье есть» і сцяну да столі ў жылой кватэры.
Таксама «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ўбудуе ў зялёныя часткі мурала шпакоўні для павялічэння разнастайнасці крылатых на вуліцы.
Grino
(29 гадоў, Менск, Беларусь)
Дзе малюе: трамвай на Кастрычніцкай
Што малюе: Пладавіты сад, дзе людзі збіраюць ураджай і мірна бавяць час, граюць на гітары, спяваюць песні і знаходзяцца ў яднанні з прыродай. Будзе маляваць са сваім братам Ivan Tame.
Арт-грузавік
Пра Марата RGB мы пісалі ўжо раней. Апроч сквота ў бамбасховішчы, ён таксама займаецца арт-грузавіком. Сутнасць у наступным: мастакі размяшчаюць свае палотны на вонкавых сценках кузава, якія пры перамяшчэнні аўтамабіля бачна па ўсім горадзе. На «Вуліцу Бразіл» ён плануе прыгнаць канцэпт-кар на Кастрычніцкую, дзе будуць прэзентаваныя ранейшыя карціны, а таксама падчас фестывалю падрыхтуе некалькі новых работаў.
Сайт
Калектыўная праца на вокнах друкарні
Будынак друкарні адносіцца да гістарычнай забудовы, таму кранаць яго сцены нельга. Але вокны ж – шыкоўныя палотны, тым болей, што яны забітыя дошкамі. L7M, Speto, Ramon Martins, Finok, Imai Yusk, Izum, Mutus, Pisliak, Kontra, Andrei Busel, Hade і, у тым ліку, OSGEMEOS (так-так, яны зноў наведаюць Беларусь, пра іх чытай ніжэй) ператвораць непрывабныя зенкі мураванкі ў вулічную галерэю стрыт-арту. У кожным акне – асобная карціна. Вось ужо будзе дзе разысціся для сэлфі.Графіці-стэйдж
На пешаходнай і роварнай сцежцы ўздоўж Свіслачы падпорную сцяну стадыёну БГТУ зоймуць «зубры» беларускага графіці – Odes, Smite, Atmo, Pour, Tracy, Rage2, Star, Kode and more. Яны звернуцца да каранёў малявання на сценах і выдадуць аўтэнтычны вулічны стыль. Сачы за праграмаю: падчас малявання можна будзе патусіць пад сэты «Бассоты» ды іншых дыджэяў, а таксама зацаніць арыгінальныя бургеры на вогнішчы ад споту Jam Market.
Архітэктурныя рашэнні
Тры куратара-архітэктара – Гоша Заборскі, Ганна Зубчонак і Лаўрэнса Жымінэз – разам з архітэктарамі Аляксандрай Рамейка, Алінай Грамыкай, Машай Шэндзель, Іллём Катлярскім, Настай Лемяшонак і Дыянай Таўкінь запускаюць доўгатэрміновы праект для стварэння на Кастрычніцкай паўнавартаснага пешаходнага асяродку. На першым этапе, які пачнецца якраз на «Вуліцы», майстры плануюць зрабіць тэрасу для адпачынку каля трэнажоркі Moby Dick – гэтак званы парклет: калі замест парковачнага месца ўладкоўваюць невялікую зону для адпачынку з лаўкамі на ўзроўні з тратуарам. Таксама ў месцах, дзе была заўважаная вялікая колькасць людзей, урбаністы плануюць паставіць лаўкі, шэзлонгі, месцы для сядзення.
Экалогія фэсту
Азеляненнем «Вуліцы Бразіл» займаецца экалагічнае таварыства «Зялёная сетка». Яны асвяжаць усе архітэктурныя збудаванні фестывалю раслінамі: у парклеце каля Леніна спінкі лавачак упрыгожаць верасам, а ўздоўж паркоўкі каля ENZO высадзяць зялёную алею дэкаратыўных злакавых.
«Цэнтр экалагічных рашэнняў» задаўся пытаннем пра асобны збор смецця, вынік – усталююць кантэйнеры, дызайн якіх адмыслова распрацаваны для фестывалю. Гэта будзе ўзорны поінт збору смецця ў горадзе, ад якога можна смела адштурхоўвацца. Таксама ўстановяць адзіны ў Менску пункт збору адзення.
«Зялёная сетка» «ЦЭР»
Bonus:
OSGEMEOS
(42 гады, Сан-Паўлу, Бразілія)
Бонус сёлетняга фестывалю. Зоркі сусветнага стрыт-арту браты OSGEMEOS зноў прыязджаюць на «Вуліцу Бразіл». Ім так спадабаўся мясцовы дзвіж, што яны вырашылі прыкаціць у Беларусь яшчэ раз, цяпер па вольнай праграме. Паводле мастакоў, Vulica – гэта адзін з найлепшых фестываляў стрыт-арту ў свеце, які адразу задаў высокую планку. OSGEMEOS выступілі сукуратарамі гэтага года, раілі мастакоў і дапамагалі з перамовамі. У межах фэсту яны зладзяць адкрытую лекцыю па гісторыі бразільскага стрыт-арту, замалююць адно з вокнаў друкарні, а таксама Атавіё сыграе бамбічны DJ-сэт на закрыцці фэсту.
25 жніўня, чацвер
18:10 прыезд мастака Speto
26 жніўня, пятніца
15:30 прыезд мастака Ramon Martins
Пачатак працы мастака Bazinato (гатэль «БелРостІнвестБуд», правая частка сцяны, вул. Кастрычніцкая 25)
27 жніўня, субота
Пачатак працы мастака Ramon Martins (Корпус 5, МЗКР, вул. Кастрычніцкая 19)
Пачатак працы мастака Speto (гатэль «БелРостІнвестБуд», левая частка сцяны, вул. Кастрычніцкая 25)
28 жніўня, нядзеля
19:00 нефармальная тусоўка з мастакамі (бар «Хуліган», вул. Кастрычніцкая 16)
30 жніўня, аўторак
11:00–13:00 адкрытая прэс-канферэнцыя (Space, вул. Кастрычніцкая 16А, 3 паверх, як дабрацца: +375 29 127 00 11)
1 верасня, чацвер
12:30 прыезд мастака Finok
18:10 прыезд мастака Imai Yusk
Пачатак працы мастака Cowek (МЗКР, вул. Кастрычніцкая 16)
2 верасня, пятніца
Пачатак працы мастака Imai Yusk (Корпус 5, MЗКР, вул. Кастрычніцкая 19)
Пачатак працы мастака Finok (вул. Няміга 30)
3 верасня, субота
Пачатак працы Grino i Ivan Tame (рэтра-трамвай, трамвайнае кола на вул. Кастрычніцкая)
4 верасня, нядзеля
19:15 прыезд мастака L7M
20:00 Wanderkino на Vulica Brasil – вулічны кінатэатр на пажарнай рэтра-машыне з жывым музычным суправаджэннем (дворык «Лаўкі», вул. Кастрычніцкая 23)
5 верасня, панядзелак
Пачатак працы мастака L7M (вул. Кастрычніцкая 25)
7 верасня, серада
Дзень незалежнасцi Бразiлii
19:00–22:00 адкрытая творчая сустрэча з бразільскімі ды беларускімі мастакамі (Space, вул. Кастрычніцкая 16А, 3 паверх, як дабрацца: +375 29 127 00 11)
9 верасня, пятніца
19:00–23:00 сустрэча з урбаністычнай камандай Vulica Brasil. Прэзентацыя ўрбан-праекту для вул. Кастрычніцкая (Space, вул. Кастрычніцкая 16А, 3 паверх, інфа як дабрацца: +375 29 127 00 11)
10 верасня, субота
22:00 Вечарына трапічнага бэйсу 34mag Hangover Party, адмысловы эдышн Vulica Brasil («Хуліган», вул. Кастрычніцкая 16)
13 верасня, аўторак
9:30–14:00 візіт у дзіцячы дом Жодзіна (60 км ад Менску)
14 верасня, серада
12:00 прыезд мастакоў OSGEMEOS
Roots Graffiti на Vulica Brasil – пачатак стварэння графіці-муралу ад 10 беларускіх райтараў (апорная сцяна стадыёну БГТУ на роварнай дарожцы праз раку ад вул. Кастрычніцкай)
15 верасня, чацвер
19:00–22:00 творчая сустрэча з мастакамi OSGEMEOS. «Гісторыя бразільскага стрыт-арту “з першых вуснаў”» (Space, вул. Кастрычніцкая 16А, 3 паверх, інфа як дабрацца: +375 29 127 00 11)
16 верасня, пятніца
18:10 прыезд музыкаў Ju Moraes
Удзел Vulica Brasil у Еўрапейскім Тыдні мабільнасці
17 верасня, субота
12:00–23:00 Закрыццё Vulica Brasil. Свята вулiчнага мастацтва разам з Minsk Festival, Jam Market i 34mag – вялікі оўпэн-эйр на Кастрычнiцкай з жывымі канцэртамі, дыджэямі, танцавальным марафонам, лайф-пэйнцінгам і канцэртам самбы ад гурта з Бразіліі Ju Moraes.
23:00 Vulica Brasil Афтэрпаці (Хуліган, вул. Кастрычніцкая 16)
18 верасня, нядзеля
09:35 ад’езд мастака Ramon
11:35 ад’езд мастака Yusk
11:35 ад’езд мастака Speto
11:35 ад’езд музыкаў Ju Moraes
19 верасня, панядзелак
10:45 ад’езд мастака L7M
12:20 ад’езд мастака Finok
12:20 ад’езд мастакоў OSGEMEOS
Правілы жыцця, працы, аднаўлення.
«Ты як быў свабодным, так і застаешся, проста ў цябе ёсць чалавек, які заўсёды будзе побач».
Доўгачаканы камбэк твайго любімага гурта пасля трохгадовага маўчання.
Маляўнічы рэпорт пра новы тэхна-клуб на беразе Свіслачы, які стаў культавым яшчэ да адкрыцця.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (11)
Такое ўраджанне, што каменты апанавалi старыя пярдуны оО
Мингорисполком выделил загончик для хипстоты - они и рады украшать свое гетто абстракцией в стиле "вырви глаз". Не можешь что-то уничтожить - возглавь его! Браво, Мингорисполком!
гламурныя дэкаратыўныя роспісы задралі.
хочацца пабачыць андэграўдных стрыт-артэраў з актуальнымі тэматыкамі.
андэграўдныя каб былі, з'явіліся б самі
искуственно созданые красоты, легальное граффити, скучно....
Красота скучной не бывает мой друг. Возможно вы слишком много хотите от этого мира и изза этого очень мало получаете ;)
Пропананда наркомании снова на улицах минска! Лучше бы деревья посадили, а не таксичной краской мазали по стенам.
Кто то тут у нас план "Посадить.Построить.Выростить." перевыполнил!
садзіць расліны таксама ў планах, пачытайце ўважліва анонс
Ну наконец то! А то сэлфи уже негде делать
лайк!