Беларускія творцы бяруць удзел у варшаўскай выставе «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў»

З 12 па 25 лістапада ў галерэі BWA Warszawa пройдзе выстава «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў» пра ўзаемаадносіны чалавека і прыроды. Куратарка – беларуская арт-менеджарка Вольга Мжэльская.

Выстава ладзіцца з нагоды 25-годдзя фундацыі WWF Polska, якая займаецца аховай дзікай прыроды. Да ўдзелу ў арт-праекце фундацыя залучыла 28 мастакоў і мастачак, прычым побач з вядомымі польскімі творцамі выставяцца і беларусы – Аляксандр Адамаў і Васіліса Паляніна.

 


Alexander Adamau, Hide, 2025



Vasilisa Palianina, Flower Face, 2025

 

Што такое «rewilding», пра які тут вядзецца? Так называецца экалагічны рух, які ўзнік у 1990-х і стаў адказам на наступствы прамысловага земляробства, урбанізацыі і кліматычных зменаў. Яго паслядоўнікі прасоўваюць ідэі аднаўлення экасістэм і вяртання тэрыторый у натуральны дзікі стан. У культурных практыкаў rewilding прапануе адыход ад успрымання прыроды як рэсурсу і прызнанне яе самастойным партнёрам чалавека. Мастакі працуюць на тое, каб зняць супрацьпастаўленне «цывілізаванага» і «дзікага», нагадваюць пра ўзаемазалежнасць усіх відаў жыцця, пазбаўляюць чалавека самапрысвоенага тытулу «вянца тварэння» і прапануюць яму ролю ўважлівага суседа, а не гаспадара.

На выставе «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў» будуць прадстаўленыя творы, аўтары якіх даследуюць розныя спосабы размаўляць пра кліматычны крызіс і экалагічную адказнасць.

 Адкрыццё выставы:  12 лістапада ў 19:00.

 Куратарскія экскурсіі:  15 і 23 лістапада ў 14:00.

 Месца:  BWA Warszawa, ul, Marszałkowska 34.