Як нарадзіць дзіця «з прабіркі»?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 01.06.2020
- 6555
Хутка ў Беларусі некаторыя пары атрымаюць шанец на бясплатнае ЭКА. Мы зацікавіліся: а як увогуле ў нас у краіне з дапаможнымі рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі? Здаецца, няблага. Нараджэнне дзяцей не «па класіцы» ў Беларусі рэгулюе Закон «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях». Пад тэхналогіямі такога кшталту разумеюць разнастайныя метады зачаць і развіць эмбрыён на ранняй стадыі, каб запуліць яго потым наўпрост у матку. Дзе гэта магчыма зрабіць? І наколькі бяспечна звяртацца да трэціх асоб у такой далікатнай справе?
Ва ўзросце 18+ і 50-; дзеяздольныя; тыя, што прайшлі медыцынскі агляд, маюць медычныя паказанні, а супрацьпаказанняў не маюць.
Адзінокім жанчынам зрабіць ЭКА таксама можна: «адсутнасць палавога партнёра» цяпер прапісаная ў доках Мінздрава як нагода звярнуцца да медыкаў. Але донар сперматазоідаў у гэтым выпадку можа быць толькі ананімны (біяматэрыял грамадзянскага мужа або сябра не прымуць).
Сярод паказанняў – бясплоднасць, ВІЧ у кагосьці з партнёраў, генетычныя захворванні, вагінізм, адсутнасць яйцаклетак праз заўчасную менапаўзу і шмат чаго яшчэ (гл. дадатак 1).
ДРТ будуць недасяжнымі пры шэрагу цяжкіх захворванняў і станаў (гл. там жа).
Захаваць свае яйцаклеткі «на ўсялякі выпадак» дазволяць, нават калі ніякіх паказанняў на тое і няма.
Донар(-ка) можа быць ананімным(-ай) або не.
Неананімным(-ай) донарам(-кай) не дазваляюць узяць сябра ці ўмоўнага мінака з вуліцы. Гэта павінен(-на) быць сваяк(-чка): жаночыя палавыя клеткі бяруць у сваячкі жанчыны, мужчынскія – у яго сваяка.
Сперматазоіды могуць узяць у мужчыны ад 18 да 50 гадоў, які не мае медыцынскіх супрацьпаказанняў да донарства і прайшоў медыцынскі агляд.
Да донарак яйцаклетак «кастынг» больш жорсткі. Адной адсутнасцю супрацьпаказанняў не абыдзешся. Трэба ўпісацца ў цэнз 18–35 гадоў і мець сваё дзіця. Калі донарка неананімная, то разгледзяць кандыдатуру жанчыны да 49 гадоў.
Спіс супрацьпаказанняў для донарства вялікі. Дакладна не можа быць донарам чалавек, які здзейсніў страшэнны крымінал.
Нехта «данаціць» свой палавы матэрыял бясплатна, іншыя платна.
Цяпер усе ДРТ платныя. Але свежы прэзідэнцкі ўказ «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян» дазволіць з 1 студзеня 2021 года зрабіць адну бясплатную спробу ЭКА.
Важны момант: атрымаць шанец на бясплатнае зачацце можна толькі пры наяўнасці мужа, абодва бацькі павінны быць грамадзянамі РБ, узрост жанчыны не павінен перавышаць 40 гадоў.
Пры звычайным раскладзе кошт цыкла ЭКА складаецца з кошту самой працэдуры і кошту гарманальнай падтрымкі напрацягу некалькіх месяцаў. Дарэчы, банкі прапануюць ільготныя крэдыты на гэтыя мэты.
Якія ДРТ існуюць?
Штучная iнсемiнацыя – упрыск сперматазоідаў у матку ў лабараторных умовах. Задача спяцоў тут сканчваецца тады, калі сперма адпраўляецца ў сваё патэнцыйна пладавітае падарожжа.
Экстракарпаральнае апладненне (ЭКА) – гэта злучэнне сперматазоіда і яйцаклеткі па-за арганізмам жанчыны, развіццё эмбрыёна і яго перанос у матку. Болей складаная методыка, але тут больш працэсаў падкантрольных дактарам. Інсемінацыя і ЭКА выкарыстоўваюцца пры розных медычны паказчыках.
Сурагатнае мацярынства – злучэнне сперматазоіда і яйцаклеткі, узятай з арганiзма генетычнай маці, або донарскай яйкаклеткі па-за арганізмам жанчыны, развіццё эмбрыёна, яго перанос у матку сурагатнай маці, выношванне і нараджэнне ёю дзіцяці.
Што важна ведаць пра сурагатнае мацярынства?
Паслугамі сурагатнай маці можа скарыстацца толькі жанчына, не здольная вынасіць і нарадзіць дзіця, або жанчына, якая рызыкуе жыццём (сваім ці дзіцяці), плануючы цяжарнасць.
Дагавор заключаецца ў натарыуса паміж дзвюма жанчынамі. У дагаворы сурагатнага мацярынства фіксуюцца ўсе нюансы «супрацоўніцтва». Бакі могуць дамовіцца аб пакрыцці выдаткаў на медыцынскае абслугоўванне, харчаванне, пражыванне ў перыяд выношвання, родаў і пасля.
Крытэры адбору сурагатных маці: адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў да выношвання і нараджэння дзіцяці, дзейны шлюб, узрост ад 20 да 35 гадоў (да 49 год, калі яна з'яўляецца сваячкай «кліентаў»), наяўнасць свайго дзіцяці.
Генетычна сурагатная маці з дзіцём не звязаная. Яна не можа адначасова быць донарам яйцаклетак для жанчыны, якой выношвае дзіця.
Сурагатная маці павінна спраўна прадстаўляць вынікі медычных аглядаў, пунктуальна праходзіць агляды і перадаць дзіця пасля нараджэння ў тэрмін, замацаваны дагаворам.
Ці можна выбраць пол дзіцяці?
Пол малыша пры ЭКА выяўляюць яшчэ да таго, як перасунуць эмбрыён у матку. Гэта робіцца падчас генетычнай дыягностыкі, якая дазваляе выявіць спадчынныя і генетычныя захворванні.
Але абіраць пол будучага дзіцяці па сваім бзіку не дазваляюць. Выключэнне робяць толькі для бацькоў з захворваннямі, якія перадаюцца з полам па мужчынскай або жаночай лініі.
Дзе ўсё гэта можна зрабіць?
Дзяржаўныя цэнтры рэпрадуктыўнага здароўя:
РНПЦ «Маці і дзіця» (Менск);
Гарадскі клінічны радзільны дом № 2 (Менск);
Гомельскі абласны дыягнастычны медыка-генетычны цэнтр «Шлюб і сям'я».
Прыватныя клінікі:
Цэнтр рэпрадуктыўнай медыцыны ЭКА (Менск);
Цэнтр дапаможнай рэпрадукцыі «Эмбрыа» (Менск);
Клініка жаночага здароўя «Ева» (Менск);
Медыцынскі цэнтр «ЛАДЭ» (Менск);
Цэнтр сямейнага здароўя «Біна» (Віцебск).
А раптам донар(-ка) або сурмаці будзе прэтэндаваць на дзіцё?
Ананімны донар не ў курсе, куды пайшло яго семя або яйцаклетка.
Ён не мае права высвятляць асобу дзіцяці, якое з’явілася на свет з яго дапамогай, і даведвацца, хто ў малога(-ой) бацькі. Калі неяк і даведаецца, то ніякі суд не дазволіць яму змагацца за бацькоўства.
Сурагатная маці ніякіх правоў на дзіця не мае. Яна аказвае паслугу на падставе дагавора сурагатнага мацярынства.
Сурмаці павінна захоўваць у таямніцы ўсе дэталі сваёй паслугі (глядзі наш матэрыял пра тое, як абараняецца таямніца асабістага жыцця).
Маўчанне медыкаў забяспечвае Крымінальны Кодэкс. Артыкул 178 досыць жорсткі: ад штрафаў і страты працы да рэальнай «пасадкі».