Як бязбольна звольніцца?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 17.07.2019
- 6722
Нават на працы мары надыходзіць момант, калі ты ці застаешся, ці ідзеш далей. Палюбоўна або не – людзі звальняюцца. 34mag зрабіў для цябе пакрокавую інструкцыю: як дзейнічаць, каб развітанне з калегамі і шэфам прайшло без лішняга галаўняку.
Калі ты з працадаўцам імкнешся разысціся сябрамі – усё проста. Ты можаш звольніцца па сканчэнні тэрміну дагавора. То-бок проста адмовіцца, калі ў аддзеле кадраў табе прапануюць працягнуць кантракт.
Звярні ўвагу на свой дагавор: калі ён тэрміновы або заключаны на няпэўны тэрмін – па законе ты можаш скасаваць кантракт у любы момант (глядзі арт. 37 Працоўнага Кодэксу РБ).
У апошнім выпадку не празявай дзень, калі дагавор на няпэўны тэрмін скончыцца: аддзел кадраў можа падумаць, што ты не супраць застацца, і працягнуць кантракт на падставе арт. 39 ПК РБ.
Калі цябе наймалі на дакладны тэрмін – магчымасць звольніцца залежыць ад таго, якую работу ты выконваў(-ла):
– калі ты часова займаў(-ла) чыюсьці пасаду, ты можаш сысці за дзень да яго (яе) выхаду на працу;
– калі выконваў(-ла) сезонную работу або прыходзіў(-ла) на час выканання работы – звольніцца можна ў дзень, калі скончыўся сезон або як толькі ты адрапартаваў(-ла), што завяршыў(-ла) праект, і кіраўнік(-ца) яго прыняў(-ла). Напрыклад, распрацаваў(-ла) дызайн паштовак або напісаў(-ла) серыю рэпартажаў – і да пабачэння.
Па-першае, з аддзелам кадраў. Гэта трэба як мінімум для таго, каб твой кантракт не працягнулі аўтаматычна. Па-другое, з начальнікам(-цай) свайго аддзела або адразу з дырэктарам(-кай), калі ты сам(-а) сабе кіраўніцтва.
У ідэальнай сітуацыі найлепш будзе папярэдзіць боса пра свой сыход не менш, чым за месяц да заканчэння тэрміну дагавора.
Як паведаміць?
У кожнага(-ай) начальніка(-цы) сваё стаўленне да такіх навін, але лепшае паведамленне – асабістае. Забудзь пра ветлівы e-mail і нават званкі. Абяры дзень і сам-насам распавядзі яму або ёй пра свае планы на будучыню.
Памятай: першым даведацца пра звальненне ён або яна павінны не ад сакратара(-кі) ці HR-аддзела, а ад цябе.
Пра намер сысці гавары шчыра і тактычна. Магчыма, табе яшчэ спатрэбяцца рэкамендацыі з мінулага месца працы, таму сварыцца з кіраўніцтвам не варта. Дарэчы, пра рэкамендацыі паклапаціся і дамоўся з босам загадзя
Пра што ў мяне могуць запытацца?
Напрыклад, куды ты сыходзіш, на якой пасадзе далей будзеш працаваць і, зразумела, што табе не спадабалася на цяперашнім месцы. Памятай, што ты не абавязаны(-ная) адказваць на ўсе гэтыя пытанні.
Што рабіць, калі дырэктар(-ка) ігнаруе намер звольніцца?
Бывае, што папярэджваеш дырэктара(-ку), а ў адказ – цішыня. Па законе ты можаш спыніць работу, калі скончыцца тэрмін пісьмовага папярэджання – гэта месяц пасля паведамлення. І ў апошні дзень працы па кантракце, згодна з арт. 40 ПК РБ, як ні круці, працоўную кніжку павінны вярнуць, а цябе – разлічыць.
Мяне могуць затрымаць пасля заканчэння кантракта?
Так, цябе могуць папрасіць па дамове падраду адпрацаваць крыху больш, калі за месяц пераемнік ці пераемніца не знайшліся або калі табе патрабуецца больш часу на перадачу спраў. Але гэты тэрмін трэба ўзгадніць з новым працадаўцам, каб не страціць свае месца там.
Што рабіць, калі табе нарэшце адпускаюць?
Калі ты не падумаеш пра наступніка(-цу), то ніхто не падумае. Таму, калі маеш кагосьці на ўвазе, прапануй кіраўніцтву. Таксама на тваё месца могуць пачаць шукаць чалавека па аб’яве. Дарэчы, можна дасылаць інфу пра вакансію на тваё месца ў адпаведную рубрыку 34mag.
Не адмаўляйся ад прапаноў кіраўніцтва прысутнічаць на сумоўях з кандыдатамі(-камі) і праглядваць тэставыя заданні. У тваіх інтарэсах – навучыць і перадаць праекты сапраўднаму(-ай) прафесіяналу(-цы) сваёй справы.
Пакінь пасля сябе лепшае: калі будзеш перадаваць справы, распавядзі пра ўсе важныя кантакты, пазнаём з калегамі, да якіх ён або яна будзе звяртацца часцей за ўсё, правядзі экскурсію па папках на працоўным ноўце і напішы патрэбныя паролі – словам, зрабі так, каб потым кіраўніцтва не казала, што кадры сыходзяць, а вопыт не пераймаецца.
Завяршы ўсе праекты, якія паспяваеш, і пакінь па іх справаздачу. І для цябе, і для наступніка(-цы) будзе карысным спіс правалаў. На якіх этапах работы ты памыляўся(-лася) і што трэба зрабіць пераемніку(-цы), каб не ступіць на тыя ж граблі.
Сыходзячы, распавядзі начальніку(-цы) аддзела або дырэктару(-цы) пра статус праектаў, якія пакідаеш няскончанымі. Гэта дапаможа твайму(-ёй) наступніку(-цы) не стаць адразу вінаватым(-ай), што справа не рухаецца.
Чым заняцца ў апошні дзень?
Раніцай дашлі навіну калегам і ключавым кантактам. Коратка напішы, як добра табе было працаваць у сваёй dream team і да каго ім цяпер звяртацца. Гэты пункт асабліва важны, калі чалавека на тваё месца яшчэ не знайшлі і твае фукнцыі выконваюць адразу некалькі калег.
Акрамя таго, каб сабраць рэчы, трэба паклапаціцца пра правільнае развітанне. У некаторых арганізацыях прынята выпіць па кілішку, сказаць некалькі словаў пра сваіх калег і каляжанак ды паслухаць ад іх парады. Але не рабі гэты шчодры жэст, калі да цябе яго ніхто не практыкаваў: могуць расцаніць як залішні.
Замест постскрыптуму
Падрыхтуйся да таго, што праца на мінулым месцы будзе пераследаваць цябе яшчэ нейкі час. Нават з самай карыснай і зразумелай інструкцыяй ты не можаш прадбачыць будучыню. Таму не злуйся, калі пераемнік(-ца) будзе тэлефанаваць або пісаць і прасіць кансультацыі. Упэўненыя, ты і сам(-а) можаш аднойчы прыйсці на чыёсьці месца і сустрэцца з тым, што не прапісана ў мануалах.
Iлюстрацыя by Sheeborshee