У Беларусі ўзору 2020 году зусім не ведаеш, што цябе напаткае ў наступны момант. Можна як след падрыхтавацца да акцыі пратэсту, але ўсё роўна апынуцца безабаронным(-ай) перад жорнамі сістэмы. У новым выпуску рубрыкі «Працэс» – актуальная інструкцыя на выпадак, калі тваіх блізкіх затрымалі падчас акцыі пратэсту.
Па якой прычыне затрымліваюць?
Закон не адпавядае міжнародным стандартам і сфармуляваны настолькі некарэктна, што парушыць яго можна, калі проста пляскаць у далоні ці разам з сябрамі займацца спортам у парку. Нават на дазволеных акцыях міліцыя можа проста не ўпадабаць твой плакат. Дастаткова апынуцца не ў тым месцы і не ў той час. Часцей за ўсё затрыманыя падчас акцый пратэсту праходзяць па арт. 23.34. КоАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і па арт. 23.4. КоАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў».
Калі стаў(-ла) сведкай затрымання
Будзь гатовы(-ая) атрымаць «ляшча», калі хочаш абараніць іншага. Хутчэй за ўсё, цябе затрымаюць таксама і асудзяць за непадпарадкаванне. Даказаць, што абараняўся(-лася) сам(-а) ці свайго таварыша, будзе вельмі складана.
Лепш за ўсё працуе фота- і відэаздымка. Ахоп гэтых артэфактаў можа дасягаць сотні тысяч людзей і больш. Як вынік – візуальныя доказы для абскарджвання прысуду і падмочаная рэпутацыя супрацоўнікаў АМАПу.
Дзе шукаць затрыманых?
Адразу шукай праз СМІ і сайт «Вясны» інфу пра тое, у якім РУУС могуць быць затрыманыя. Тэлефанаваць у Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ГУУС Менгарвыканкама – даволі бесталкова, але чым чорт не жартуе. Калі што, тэлефонныя нумары шукай тут.
Калі праз шмат гадзін чалавек не выходзіць на сувязь, тэлефануй адразу ў ЦІП. Адрасы і тэлефоны ЦІП, ІЧУ, РУУС і судоў Менска знойдзеш тут.
Першая дапамога
Адразу бі трывогу ў праваабарончы цэнтр «Вясна», калі даведаешся пра затрыманне знаёмых. Звярніся ў цэнтр па дапамогу і кансультацыю.
Калі дакладна вядома, што чалавек затрыманы і знаходзіцца ў ЦІПе, можна знайсці адваката самастойна ці з дапамогай «Вясны». Праўда, у РУУС яго не пусцяць, хоць і можна па кодэксу. Натуральна, адвакат не бог, але прынамсі ён/яна будзе мець доступ да матэрыялаў справы і наглядна адлюструе той самы кафкіянскі бок працэсу.
Важна даведацца праз ЦІП ці праваабаронцаў, у якім РУУСе знаходзіўся затрыманы(-ая), каб потым чакаць яго/яе у тым жа судзе.
Суд
Як правіла, судовы працэс адбываецца на наступны дзень пасля затрымання. Да 9-10 раніцы ў суд прывозяць затрыманых гуртам з Акрэсціна на аўтазаку, але бывае па-рознаму. У судзе разбіраюцца, каго да якога/якой суддзі накіраваць і ў колькі. Пасля на стэнды вывешваюць спісы з інфармацыяй. Гэты працэс можа цягнуцца ўвесь дзень.
Калі інфармацыі на стэндах няма, смела ідзі ў кабінет старшыні суда і запытвайся, каму з суддзяў ён размеркаваў справу твайго(-ёй) знаёмага(-ай). Патрабуй, каб інфармацыя з’явілася на стэндах, якія звычайна знаходзяцца ля ўваходу.
Пасяджэнне ў судзе адкрытае для ўсіх. Гуказапіс працэсу можна весці без папярэджання, а для фота і відэа патрэбны дазвол суддзі.
Арышт
Ёсць тры месцы, куды адпраўляюць адміністратыўна арыштаваных:
– Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (г. Менск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36). Там жа знаходзіцца і ІЧУ (г. Менск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36а);
– Цэнтр ізаляцыі Менскага РУУС (г. Менск, вул. Ф.Скарыны, 20);
– Жодзінскі РУУС (г. Жодзіна, вул. Сухаградская, 1).
У ІЧУ трымаюць арыштаваных па крымінальных справах, у ЦІПе – па адміністрацыйных. Калі ЦІП забіты, частку адміністратыўна арыштаваных садзяць у ІЧУ. Калі месцаў у Менску няма, адпраўляюць у Жодзіна.
У цябе не будзе аніякай сувязі з затрыманым(-ай) на тэрмін арышту. Сустрэчы і тэлефонная сувязь з арыштаванымі на суткі забароненыя. Лісты ад іх не прыходзяць таксама. Падрыхтуйся да інфармацыйнага вакууму.
Калі тэрмінова трэба звязацца з арыштаваным(-ай), пабачыць яго/яе можа толькі адвакат.
Хто можа перадаваць перадачы?
Каб затрыманы(-ая) на «суткі» атрымаў(-ла) тваю перадачу, неабходна выканаць шэраг фармальнасцяў. Проста прыйсці на Акрэсціна з мехам смакоцця і перадаць яго кудысьці ў акенца не атрымаецца.
Прымаюць перадачы толькі ад блізкіх сваякоў: маці, бацькі, сястры, брата, жонкі, мужа, дзяцей, бабулі, дзядулі. У цябе абавязкова спытаюць пашпарт. У некаторых выпадках могуць запатрабаваць яшчэ і пасведчанне аб нараджэнні.
Грамадзянскія жонкі маюць шанец прарвацца з перадачай, прад'явіўшы пашпарт агульнага дзіцяці.
Можна паспрабаваць прадставіцца зводным братам або сястрой. Кажуць, спрацоўвае часцей у тым выпадку, калі імя па бацьку ў вас супадае. Але лепш усё ж кааперавацца і аддаваць перадачы са сваякамі.
Калі ты чалавеку на «сутках» не сваяк(-чка), але яго сваякі не могуць прыехаць самі або іх няма ўвогуле, можна наладзіць працэс з дапамогай адваката. З ім арыштаваны(-ая) аформіць заяву аб тым, што будзе атрымліваць перадачы не ад сваяка, а ад цябе.
Якія агульныя патрабаванні да перадач?
Афіцыйны дакумент, які рэгулюе пытанне, – пастанова МУС Рэспублікі Беларусь ад 30.11.2017 «Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання органаў унутраных спраў» (глядзі главу 9). Але важна мець на ўвазе, што адміністрацыя любога ізалятара можа ўвесці нейкія «папраўкі» сваім унутраным распараджэннем.
Прад'яўленне пашпарта – умова абавязковая.
Стандартна перадачу прымаюць раз на суткі, але інтэрвал можа рэгулявацца ўнутранымі распараджэннямі. ІЧУ ў Менску на 1-м завулку Акрэсціна прымае перадачы з 14:00 да 16:00, ЦІП – з 10:00 да 13:00. Лепш удакладняць інфармацыю па дзяжурным тэлефоне.
Стандартнае абмежаванне для перадачы – да 5 кілаграм. Часам супрацоўнікі кажуць, што 5 кг – гэта ўсё, уключаючы ваду і кнігі, часам лічаць інакш. Але звычайна перадачу не ўзважваюць, так што можна спрабаваць перадаваць па максімуме.
Тое, што ў цябе прынялі на ўваходзе, але адфільтравалі пазней, захоўваецца ў ячэйцы арыштаванага(-ай) і вяртаецца яму (ёй) у момант вызвалення.
Што можна перадаваць?
Вось спіс таго, што бяруць:
– кнігі, часопісы, размалёўкі;
– канверты (з маркай);
– алоўкі і стрыжні;
– туалетная папера;
– зубная паста;
– зубная шчотка;
– мыла;
– ручнік;
– вільготныя сурвэткі;
– гель-душ, шампунь;
– гігіенічныя пракладкі;
– шкарпэткі, майткі;
– вопратку і абутак;
– цыгарэты, запалкі;
– ежу (з абмежаваннямі).
Газеты, часопісы і кнігі мудрагеліста «фільтруюць». Часам не прымаюць нават бяскрыўдныя сканворды. На гэты выпадак падыдзе якая-небудзь дзяржгазета з забаўляльным блокам (тут ужо вырашай сам(-а), ці варта такую газету наогул купляць). Кнігі лепш перадаваць у мяккай вокладцы. Важна, каб не было ніякіх укладанняў або заўваг на палях.
Туалетную паперу лепш перадаваць пакункамі па чатыры рулоны. Такі пак зручна выкарыстоўваць у якасці падушкі. Важна, каб упакоўка была цэласная і каб добра праглядалася, што ніякую «забаронку» ўнутр не прасунулі.
Карысна паспрабаваць перадаць прасціну.
Цыгарэты трэба выкладваць з пачку ў празрысты пакет. Часта «палітычным» цыгарэты не перадаюць, але хаця б аддадуць на выхадзе – будзе што закурыць на волі.
Для мыцця падыходзіць гаспадарчае або дзёгцевае мыла.
Важна перадаць зручныя простыя шлапакі, некалькі маек, мяккія хатнія штаны, самыя цёплыя шкарпэткі. Уся вопратка і абутак павінны быць без шнуркоў і рамянёў. Нават худзі з ушытым шнурком, хутчэй за ўсё, не прапусцяць, прыйдзецца яго зрэзаць. Колькасць шкарпэтак-майткоў абмяжоўваюць дзвюма парамі за раз, але тут можна спрабаваць.
З сабой лепш захапіць шмат празрыстых пластыкавых пакетаў, каб перакласці ў іх тое, што прымусілі высунуць з заводскай упакоўкі (напрыклад, пракладкі).
Зняволеныя, як правіла, сілкуюцца разам, таму перадавай ежу з запасам. Добра было б паклапаціцца пра тых, каго пакуль не знайшлі родныя, і пакласці ў перадачу свайму чалавеку лішнюю пару шкарпэтак, напрыклад.
Важны момант: калі ў цябе нешта не прынялі адзін раз, не факт, што гэта не прымуць на іншай змене. І наадварот: калі нешта прынялі сёння, то не абавязкова прапусцяць заўтра. Трэба спрабаваць.
Як перадаваць ежу?
Вось спіс таго, што звычайна прымаюць:
– печыва, вафлі, зефір;
– булачкі, хлябцы, хлеб;
– цукеркі;
– сухафрукты, арэхі;
– вэнджаныя каўбасы, сала, сыры;
– шакалад;
– вада, сокі.
Ваду і сок варта прыносіць у празрыстай пластыкавай бутэльцы. Каб правяральнік не ўсумніўся ў тым, што перад ім сапраўды сок і што ў гэтага соку не скончыўся тэрмін прыдатнасці, лепш прынесці напой у заводскай упакоўцы і пераліць ужо на месцы.
Сыпкія прадукты перасыпаюць у празрысты посуд або пакеты, кансервы таксама перакладаюць.
Хлебабулачныя і каўбасныя вырабы трэба разрэзаць на кавалкі. Такім чынам ты дэманструеш, што ўнутры нічога не схавана. Ёсць тут і меркаванні камфорту: у зняволеных няма нажа, і каўбасную палку ім спажываць нязручна.
Цукеркі, вафлі, печыва прымаюцца толькі без абгортак.
Хлеба ў ізалятары хапае, аднак гэта стандартная «цаглінка». Таму, калі вырашыш перадаваць хлеб, то купляй якісь смачны.
Не лішнімі будуць і гарбатныя пакецікі.
Важна: калі вось-вось выходзяць тэрміны прыдатнасці, то прадукты ў цябе не возьмуць. Лагічней за ўсё закупіцца ў дзень наведвання ізалятара, перапакаваць усё ля ўваходу і захаваць пры сабе ўпакоўку, каб, калі спатрэбіцца, пацвердзіць свежасць прадукту.
Можна дасылаць лісты, паштоўкі, тэлеграмы?
Так. Для гэтага трэба напісаць прозвішча, імя, імя па бацьку затрыманага(-ай) і адрас ЦІПа ў Менску – 220089, Акрэсціна 1-ы зав., 36, а ІЧУ – такі ж самы, толькі нумар дома 36а.
Не пішы нічога лішняга, бо ўся карэспандэнцыя праходзіць цэнзуру. Дойдзе ці не – надвое бабка варажыла. Звычайна іх аддаюць ужо пры вызваленні. І перадай капэрты.
Ці можна абскардзіць рашэнне?
Так, цягам пяці дзён, згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях. Адвакат можа падаць скаргу, толькі калі ўдзельнічаў(-ла) у працэсе. У іншым выпадку абскардзіць рашэнне можа толькі сам(-а) арыштаваны(-ая). Скаргу разгледзяць ужо пасля вызвалення. Далей трэба скардзіцца старшыні Менскага гарадскога суду, потым – ісці ў Вярхоўны суд, а пасля можна і ў міжнародныя інстанцыі – напрыклад, у Камітэт па правах чалавека ААН.
На ўсялякі выпадак узбройся ведамі пра тое, што рабіць, калі цябе затрымлівае міліцыя.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Насты Лойцы з Human Constanta.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Разбіраемся, як рэагаваць на «лісты шчасця» ад падатковай.
Аглядная інфаграфіка: як і дзе праходзілі мітынгі супраць Дэкрэта нумар 3.
Некалькі парадаў пра тое, як атрымліваць задавальненне ў сеціве, не рызыкуючы свабодай.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (3)
Дзякуй, вельмі актуальна. Па сённяшняй інфармацыі, затрыманых 15 сакавіка ўжо вывезлі з Акрэсціна ў Жодзіна.
Не ведаю, як зараз, але раней там працавала Радыё Сталіца і перадавалі вельмі шмат прывітанняў-віншаванняў з песнямі а-ля "Я не здамся без бою" ОЭ ці "Перемен" Цоя
дзякуй!
так, ведаем пра Жодзіна.
там прымаюць перадачы па аўторках і чацвяргах з 9 да 16 (абед — з 13 да 14).
«па кодэксЕ», «яго/яе Ў тым»; усе «адміністратыўна» замяніць на «адміністрацыйна»; «буханка?» — «бохан»/«баханка».