Свежы кейс са Светлагорска дэманструе амаль поўную безабароннасць беларускіх грамадзян у сітуацыі назойлівага пераследавання. Справа ў тым, што ў кодэксах нашай любімай рэспублікі няма артыкула за сталкінг, а калі абараняцца сілай, пакрыўджаны(-ая) «паклоннік(-ца)», чаго добрага, сам(-а) накатае заяву на ахвяру. Разбіраемся, што можна зрабіць у такой няпростай сітуацыі.
Згодна з амерыканскімі дадзенымі, каля 15,2% жанчын і 5,7% мужчын хоць раз сутыкаліся з праблемай пераследу. Часта ў ролі пераследніка(-цы) выступае былы(-ая) партнёр(-ка) ці няўдалы(-ая) пасія, але гэта можа быць і зусім незнаёмы чалавек. Метады сталкера(-кі) розныя: высочванне, «дзяжурства» пад вокнамі, тэлефонныя званкі, напісанне электронных лістоў і паведамленняў, дасыланне непажаданых падарункаў і кветак.
Як правіла, сталкер(-ка) апраўдвае свае паводзіны «каханнем усяго жыцця», але яго(яе) сапраўдная мэта – усталяваць татальны кантроль над жыццём ахвяры. Ап'янелы(-ая) пачуццём такога кантролю, ён(яна) толькі ўзмацняе ціск з цягам часу, пераходзіць ад нявінных падарункаў да абраз і пагроз, якія ўжо зусім не бяскрыўдныя. Чакаць, што гэта «пройдзе само», бессэнсоўна. Дзейнічай!
Калі пераследнік(-ца) брыдка выказваецца ў твой адрас, транслюе агіднасці пра цябе ў свет, дасылае на дом торты з непрыстойнымі надпісамі, плюе ў твой бок ці аб’юзіць іншымі спосабамі, смела пішы заяву ў РАУС. Не зацягвай: тэрмін накладання адміністрацыйнага спагнання – максімум два месяцы з моманту здзяйснення правапарушэння.
Штраф цалкам можа астудзіць запал сталкера(-кі), паколькі ён(яна) перастане адчуваць сябе гаспадаром(-ыняй) сітуацыі. Калі цябе абражаюць у непрыстойнай форме, то за гэта ёсць артыкул (арт. 9.3 КоАП). Штраф ад 4 да 20 базавых.
За паклёп можна атрымаць ад 10 да 30 базавых (арт. 9.2 КоАП).
Звяртайся ў дзяжурную частку РАУС па месцы здзяйснення злачынства. Заява павінна быць разгледжаная і перададзеная ўчастковаму. Той апытае заяўніка, сведкаў (калі яны ёсць) і абвінавачанага, перш чым накіраваць справу ў суд.
Суд адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі інфармацыя ад заяўніка будзе, на думку ўчастковага, пацверджаная дакладнымі і істотнымі доказамі. У якасці доказаў падыходзяць сведкавыя паказанні, запісы размоваў, раздрукоўкі паведамленняў з мэсэнджараў, абразлівыя лісты і малюнкі пераследніка(-ніцы). Ніхто не паклапоціцца пра базу доказаў лепей, чым ты сам(-а) і людзі, што табе спачуваюць.
На колькі «мінімалак» цягнуць канкрэтныя выразы і словы, вырашае суд. Заканадаўча спіс такіх выразаў і слоў не замацаваны, але практыка паказвае, што мацюкальныя канструкцыі важаць больш, чым эўфемізмы.
Рэцыдыў на працягу года – гэта ўжо «крыміналка» (арт. 188-189 КК). Суд можа пакараць нястомнага(-ую) пераследніка(-цу) штрафам, грамадскімі ці папраўчымі работамі, арыштам або абмежаваннем волі. Калі паклёп трансляваўся публічна, віна пагаршаецца. Пішы заяву ў міліцыю.
«Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці агульнанебяспечным спосабам, калі меліся падставы баяцца яе ажыццяўлення, – караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў» (арт. 186 КК).
Пад гэты артыкул трапляе сітуацыя, калі сталкер(-ка) пагражае спаліць твой дом і ў гэты самы момант ужо палівае кватэру бензінам або калі абяцае цябе зарэзаць і размахвае нажом. Галаслоўныя пагрозы, на жаль, суд не ўражваюць. І тым не менш усе сляды сталкінгу трэба захоўваць – на выпадак, калі ўзнікне непасрэдная пагроза жыццю.
Калі супрацьстаянне са сталкерам(-кай) даходзіць да траўм, падавай заяву ў міліцыю і атрымлівай накіраванне на судова-медыцынскі агляд. Можна «зняць пабоі» і без накіравання з РАУС, захаваўшы квітанцыі і заключэнне. Прызначанае траўматолагам або неўрапатолагам лячэнне абавязкова прайдзі да канца.
Заручыся падтрымкай блізкіх. Хай яны суправаджаюць цябе ў міліцыю, траўмапункт, суд. Гэта надасць сіл змагацца да канца, нягледзячы на магчымы скепсіс і млявасць з боку асоб пры выкананні.
Калі твайму жыццю пагражае рэальная небяспека, ты тэарэтычна маеш права патрабаваць паўнавартасную «абарону сведкі» – ахову, садзейнічанне ў пераездзе, замену дакументаў і г.д. – у адпаведнасці з Палажэннем аб парадку прымянення мер бяспекі ў дачыненні да абараняемых асоб. На справе гэты закон прымяняецца толькі ў «вялікіх» і гучных справах, але могуць быць істотныя аргументы на карысць яго прымянення: напрыклад, падрыхтоўка да злачынства або замах на яго.
Шукай абароны па законе і не парушай закон сам(-а). Абразы ў адрас пераследніка(-цы) сыграюць супраць цябе. Фізічную сілу выкарыстоўвай толькі ў адказ і суразмерна.
Ты маеш права завесці зброю самаабароны: электрашокер, газавы балончык ці газавы пісталет. Але карыстацца такой зброяй, як і іншымі падручнымі «сродкамі абароны», трэба асцярожна. Наша заканадаўства аперуе вельмі размытым паняццем «перавышэнне межаў неабходнай самаабароны».
Набірай тэлефон даверу МУС (017) 218-72-22 і скардзіся. Таксама падзейнічае зварот у мясцовую пракуратуру.
Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства: псіхалагічная дапамога, магчымасць атрымання часовага прытулку.
Грамадскае аб'яднанне «Радзіслава»: кансультацыі псіхолага і спецыяліста па сацыяльнай працы, прадастаўленне часовага прытулку.
«Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы»: бясплатная інфармацыйна-прававая дапамога.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Разбіраем у дэталях адну з галоўных праблем чалавецтва – гвалт у сям’і.
Апошняе ў 2016-м відэа ў праекце E-quality мы прысвячаем праблеме хатняга гвалту. Кожны агрэсіўны жэст – у нашай mannequin challenge экранізацыі.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.