Распачынаецца кінафестываль «Лістапад» (ужо не)
- Рубрыка: УЛОЎ
- 03.11.2020
- 6325
UPD. За дзень да адкрыцця кінафестывалю «Лістапад» Мінкульт адмяніў яго, спаслаўшыся на эпідсітуацыю. Арганізатары фэсту даведаліся пра адмену з тэлеграм-каналу міністэрства і ўпэўненыя, што ковід – фармальная падстава.
З 6 па 13 верасня ў Менску ў дваццаць сёмы раз адбудзецца кінафестываль «Лістапад». Пакажуць 120 фільмаў з 50 краін. Квіткі ўжо ў продажы.
Слоган фестывалю – «Магія вобраза», а візуальная канцэпцыя – рэверанс «Гораду майстроў» Уладзіміра Бычкова. Менавіта ў гонар 55-годдзя кінастужкі на фестывальных афішах з'явіўся свабодалюбівы падмятальшчык Караколь у менскім пейзажы.
У асноўны конкурс ігравога кіно трапілі 11 кінакарцін. Іх яднае ўдзел у буйных міжнародных кінафестывалях і той факт, што ўсе яны знятыя ў постсацыялістычных краінах. Гэта «Канферэнцыя» Івана І. Цвярдоўскага, «Эдэм» Агнэс Кочыш, «Мальмкрог» Крысці Пую, «У прыцемках» Шарунаса Бартаса, «Сапернік» Маркуса Ленца, «Бацька» Срдана Галубовіча, «Загалоўнымі літарамі» Раду Жудэ, «Пачатак» Дэа Кулумбегашвілі, «Вецер у галаве» Шуцзюнь Вэй, «У поце твару» Магнуса фон Хорна, «Снегу болей не будзе» Малгажаты Шумоўскай і Міхала Энглерта.
Традыцыйна на «Лістападзе» будуць паказы лепшых дэбютаў, конкурс дакументальных фільмаў і асобна конкурс нацыянальных кінашкол, фільмы для дзяцей і падлеткаў. Асаблівай увагі, вядома, заслугоўвае нацыянальны конкурс, дзе сёлета пакажуць 12 фільмаў. Яны вельмі розныя і пра вельмі рознае, але кожны ляжа яркім шкельцам у калейдаскоп душы беларускай.
З навінак года: арганізатары вырашылі адмовіцца ад звыклага размежавання ўзнагарод па секцыях – уручаць Гран-пры і дыпламуюць асобныя карціны.
Паказы для гледачоў адбудуцца ў шасці кінатэатрах: «Цэнтральным», «Піянеры», «Беларусі», «Маскве», «Falcon Club Буцік Кіно», Silver Screen у ТРЦ Galileo. Сацыяльная дыстанцыя будзе захоўвацца, абяцаюць прыняць і іншыя меры прафілактыкі COVID-19.
Асобна рэкамендуем зазірнуць у выставачную залу Музея гісторыі беларускага кіно на выставу, прысвечаную 80-годдзю з дня нараджэння рэжысёра Валерыя Рубінчыка – стваральніка фільма-прытчы «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншых найпрыгажэйшых работ.