Doctor Oy і яго маркеры
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 23.08.2018
- 10335
Хутчэй за ўсё, ты сустракаў(-ла) яго стыкеры на лэптопе каго-небудзь з сяброў, а стыль гэтага хлопца запомніў(-ла) па вокладках бакееўскіх сінглаў пра бабкі і сына мамінай сяброўкі. Нават калі гэтыя штукі прайшлі міма цябе, то ўжо ката пад «Мануфактурай» ці чаек у «Пясочніцы» ты бачыў(-ла) палюбас. Знаёмся: гэта ўсё Doctor Oy.
Ліст ад Doctor Oy
– Прывітанне. Я падпісваю сябе Doctor Oy так даўно, што тады Колі Лукашэнкі, пэўна, яшчэ не было. Пачынаў з карыкатур, крамзоліў фоткі сябра з вечарынак у «Хулігане», весела было.
Потым вучыўся дызайну ў Менску, а пасля дыплома сутыкнуўся з нявызначанасцю: што рабіць далей і што адбываецца вакол? У нейкі момант у мяне наогул не было грошай, фрыланс не ішоў, а потым да кучы высветлілася, што я дармаед і камусьці вінен: падумаў – ну, прыехалі...
У той час я і стаў бамбіць карцінкі маркерам. Рабіў гэта для задавальнення. Першы праект «RUKI» – гэта гісторыя пра перадачу жыццёвых каштоўнасцяў з дапамогай жэстаў, знакаў і сімвалаў, якія звязаныя з рознымі рухамі ў гісторыі і культуры. Я надрукаваў налепкі і раздаваў рабятам на вечарынках. Потым хтосьці казаў, што ў яго мой стыкер на ноўтбуку, іншы – што на халадзільнік наклеіў... З'явіўся стымул не спыняцца.
Я замовіў партыю піноў са сваіх скетчаў і тусіў з імі на маркетах. На FSP пастаяў – павесяліўся, распрадаў.
На адзін пост пра продаж піноў адгукнуўся Ягор Кіпа – напісаў, што ёсць да мяне справа. Мы забілі сустрэчу ў «My Dear Kebab», там я пазнаёміўся з Бакеем. Хлопцы прапанавалі гахнуць ілюстрацыі для некалькіх трэкаў з яго альбома, а потым і вокладка «Nagchampa» з'явілася. Папрацавалі на чыле.
Мне цікава рухаць творчасць наперад і інтэграваць яе ў гарадское асяроддзе там, дзе гэта дарэчы. Аднойчы я праходзіў міма кавярні «Мануфактура» і мне спадабалася сцяна насупраць – захацелася намаляваць там ката. Дамовіўся з рабятамі, што я не дзічыну якую-небудзь залью, – і гатова.
Цяпер я супрацоўнічаю з Міцем Післяком у рамках праекта «Hi, colors co.». Міця пазнаёміў мяне з хлопцамі з «Пясочніцы», і вынікам гэтага знаёмства стаў роспіс будкі ў гастрадвары.