Вынікі года: размова з Віктарам Марціновічам

  • 22.12.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 15121

 

На мінулым тыдні ў рэдакцыю 34mag зазірнуў наш стары таварыш, пісьменнік Віктар Марціновіч. Нам падалося, што аўтар «Параноі», «Мовы», «Сфагнума» і іншых беларускацэнтрычных твораў ідэальна падыходзіць на ролю чалавека, з якім можна абмеркаваць самыя цікавыя беларускія тэндэнцыі 2017 года. Поўную версію размовы Марціновіча з галоўным рэдактарам 34mag Антонам Кашлікавым можна пачуць у апублікаваным ніжэй аўдыя. Ключавыя моманты гутаркі сабраныя ў тэкставым інтэрв'ю.

 

 

 Чаму не бамбанула? 

Хоць нейкую падзею, якая адбывалася ў Беларусі на пачатку года, ты можаш цяпер прыгадаць?

Так, вядома. Мне здаецца, горача тут было зімой. І ўсё думалі, што вось, бамбанула. Пачалі адбывацца нейкія падзеі, якіх ніхто не мог зразумець.

Ты маеш на ўвазе «маршы дармаедаў»?

Справа не проста ў «маршах дармаедаў», справа ў тым, што звычайная апазіцыйная актыўнасць раптам пачала збіраць натоўпы людзей. Статкевіч не рабіў нічога незвычайнага, але раптам з'явіліся нейкія дзіўныя групы «Вконтакте»... То-бок усё гэта выглядала для канспіролага вельмі трывожна. Адчуванне было, што можа бамбануць. Я сачыў за гэтым з вялікай цікавасцю.

Ты кажаш пра падзеі, калі людзі масава выходзілі на вуліцы ў рэгіёнах і было некалькі даволі буйных акцый у Менску. І ўсё гэта скончылася на 25 сакавіка жорсткім разгонам. Пры чым тут канспіралогія?

Мне здаецца, усё скончылася яшчэ раней, калі Лукашэнка сустрэўся з Пуціным і групы «Вконтакте» перасталі быць настолькі шматлікімі. І наогул нейкі цікавы складнік, звязаны з вельмі паспяховым SMM (у беларускай апазіцыі няма такіх геніяльных SMM-шчыкаў), раптам знік. І пачалося звычайнае балота. Звычайныя 2 тысячы чалавек, якіх з лёгкасцю міліцыя дубінкамі паганяла, і ўсё. Да замірэння з Расіяй было адчуванне, што тут зноў умяшалася нейкая сіла, якая паспяхова ўсё разагравае. І, вядома, былі паспяховыя індывіды, тыпу блогера Філіповіча. Але калі б цяпер які-небудзь блогер запісаў відос пра тое, як х**ва ў краіне жывецца, то ў гэтага відоса сотняў тысяч праглядаў не было б. І я да гэтага часу не магу зразумець, што гэта адбывалася. І чаму спынілася. Жыццё ў краіне лепш стала? Што, справа ў дэкрэце была? Ну смешна ж.

Якія ў гэтым годзе пасылы адрасавала беларусам улада і ці пачуў народ гэтыя пасылы?

Справа ў тым, што сама мова, якой улада размаўляе з падданымі, змянілася. Яшчэ дзесяць гадоў таму гэта была мова брашуры па ідэалогіі. Гэта была размова пра тое, што такое добра і што такое дрэнна. Сёння размова ўлады з насельніцтвам – гэта размова курса рубля, што стаіць на месцы, гэта размова коштаў, якія практычна не растуць, і размова падатковых позваў. Вось калі восенню мінулага года ўлада перайшла на размову позваў у падатковую, народ адчуў нешта непрыемнае і адбылося тое, што адбылося.

«У беларускай апазіцыі няма такіх геніяльных SMM-шчыкаў»

Я не канспіролаг, і тое, што я на пачатку казаў, гэта практычна паміж намі. Я разумею, што дыктафон быў уключаны і з гугла гэта не выпіліць, але тым не менш: альбо народ рэзка падагрэўся, чаго раней не было, альбо... Разумееш, якая хрэнь: тут ніколі нічога не адбудзецца. Ёсць такі паэт, Янка Купала, які напісаў у пачатку 20-га стагоддзя верш: «Я мужык, дурны мужык». Мы гэты верш ведаем са школы: «Я маўчу, маўчу, трываю, але хутка загукаю: "Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!"» І вось ён гэта напісаў, і дзесяць гадоў нічога не адбывалася, а тое, што потым адбылося, было звязана не з тым, што стрэльбы хлопчыкі ўзялі, а з тым, што ў Расіі адбылася рэвалюцыя. І тут увесь час адбываецца вось так. У Расіі – рэвалюцыі, і ў нас утвараецца беларуская дзяржава. Народны гнеў у Беларусі не інстытуцыяналізуецца. А тут ён раптам пра сябе заявіў. Чаму так адбылося, можна думаць.

 

 

 Блокчэйн, біткоін, майнінг 

Апошнія дэкрэты, якія ўсе зараз зноў пачалі абмяркоўваць, – пра паляпшэнне бізнэс-клімату і IT-дэкрэт, які вось-вось павінен быць падпісаны. Гэта які пасыл? Гэта якая частка гульні?

Адным з вынікаў гэтага года стала тое, што чытач tut.by даведаўся слова «блокчэйн». Не магу сказаць, што ён яго зразумеў, але ён яго пазнаў. І тое ж самае адбылося не толькі з чытачамі tut.by, але і з некаторымі буйнымі адміністратарамі. І вось на гэтым фоне ва ўладныя кабінеты прыходзяць энтузіясты і пачынаюць заганяць пра крыптавалюты і блокчэйн. Ім дадзены карт-бланш, але яны павінны выразна ўсведамляць, што, як звычайна ў нас бывае, галовы будуць адкручаныя. Калі яны паабяцалі, што майнінг, блокчэйн, крыптавалюты, біткоіны і ўсё гэтае бла-бла-бла прывядуць да росквіту эканомікі і прынясуць 50 мільярдаў, то, калі гэтага не адбудзецца, іх проста пасадзяць. А ёсць уражанне, што ім, гэтым IT-энтузіястам, здалося, што раз іх не разумеюць, то наездзіць па вушах можна колькі заўгодна. Дык вось, фішка ў тым, што потым спытаюць жэстачайшэ.

Ці была нейкая беларуская падзея ў гэтым годзе, якая хоць нейкі рэзананс мела за межамі Беларусі?

А як табе здаецца?

Растлумачу, да чаго я вяду. Колькі наогул дзён ты правёў не ў Беларусі сёлета?

Большую палову года, калі так можна сказаць.

Ці было заўважна замежнікам, што Беларусь адмяніла візы на 5 дзён?

Так, пра гэта чулі. Пра гэта пракацілася хваля публікацый па ключавых медыя. У гэтым сэнсе краінавы піяр спрацаваў. Плюс у аэрапорце «Мінск-2» стала жвавей. Ну і ў аэрапорце з'явілася нарэшце кітайская мова. Раман «Мова» пачаў прыходзіць. Ці ёсць нешта супастаўнае з 5-дзённым бязвізам, я сумняваюся. Наш спорт працягвае знаходзіцца там жа, дзе ён знаходзіўся. Наша культура ўвогуле стала крыху больш прыкметная... Праходзяць гастролі Вялікага тэатра актыўна. Таму што імідж Расіі цяпер дасягнуў таго стану бляску, калі ўжо не ўсе гатовыя запрашаць да сябе нават яе балет. А іх Вялікі тэатр называецца, як наш Вялікі тэатр, таму ў неспрактыкаванага жыхара Зальцбурга можа ўзнікнуць адчуванне, што ён ідзе на той самы Вялікі тэатр. Хоць насамрэч каму якая розніца, хто там танчыць «Шчаўкунка».

Гэта значыць, мы зноў дзесьці ў чымсьці выйграем за кошт таго, што дзесьці ў чымсьці прайграюць нашы суседзі? Мы навучыліся з гэтага выгаду здабываць?

Гэтая тэма з Расіяй цікава працуе на наш імідж. Добра, выраз «апошняя дыктатура Еўропы» ўжо не канае, таму што ў параўнанні з Расіяй мы выглядаем белымі і пухнатымі, але справа ў тым, што яшчэ і шэраг расійскіх пісьменнікаў з прычыны актыўнай падтрымкі «Крымнаша» і нават удзелу ў вайне рукападаванымі і запрашанымі быць перасталі, а цікавасць да рускай літаратуры засталася. І таму – а што там зараз побач? Ага, Беларусь, цікава!

Святлана Алексіевіч была апошняй Нобелеўскай лаўрэаткай з нашага рэгіёна, якая спрацавала на Савецкім Саюзе. Яна адтуль прыйшла, яе таму ўсе ведаюць, яна з вялікага агульнага ў тым ліку моўнага свету. Цяпер усё распалася, і Расію, вядома, лепш відаць, таму што яна больш, таму што расійскаму выдаўцу прасцей растлумачыць, што ён прадаў 50 тысяч асобнікаў. Ва Украіне ці ў Беларусі 50 тысяч кніг не прадаць. Але за кошт Пуціна, за кошт дзіўных падзей у Расіі на нас пачынаюць звяртаць увагу, на нас на ўсіх, на тых, хто знаходзіцца па краях. І гэта добра. Таму што ў нас ёсць шанец хоць бы на нейкую ўвагу.

 

 

 «Магла пачацца вайна» 

Якое пачуццё беларусы часцей за ўсё адчувалі ў 2017-м?

Мне здаецца, пачуццё палёгкі. Я, ва ўсякім разе, генеральнае пачуццё палёгкі адчуваў некалькі разоў. Калі закрылі зусім дурацкую «Справу патрыётаў», за якой было сорамна назіраць.

Зараз я скажу рэч, якую хтосьці мог не заўважыць, але гэтая рэч была адной з галоўных падзей года. Гэта момант, калі на сайце міністэрства абароны РФ у нейкі дзень вучэнняў «Захад-2017» з'явілася інфармацыя аб адпраўленні ў Беларусь танкавых частак, якіх тут не чакалі. І калі на працягу дня прагучала спалоханае абвяржэнне беларускага боку, усе, хто трохі ў курсах, усе, хто глядзелі нарвежскі серыял «Акупаваныя», бліскучы другі сезон якога толькі што выйшаў, усе зразумелі, што ўсё падагрэлася. Дзякуй богу, гэта аказалася наўмыснай памылкай. Наўмыснай – таму што гэтую інфармацыю з сайта так і не знялі. Але момант быў вельмі стромны. У такія моманты трэба вырашаць, што ты робіш далей. Магла пачацца вайна. І частка беларускіх ваенных экспертаў, частка палітолагаў старанна накручвалі, што вучэнні 2017-га могуць скончыцца вайной. І дзякуй богу, вайны не адбылося, палёгка наступіла.

Адмянілі дэкрэт – палёгка! Фух, дзякуй богу, дзякуй богу, дзякуй богу! Інфляцыя затарможваецца, дэвальвацыі не адбылося. Дзякуй богу, палягчэнне!

«Складана быць шчаслівым беларусам, асабліва апошнія дзвесце гадоў»

Ці былі моманты, калі беларусы адчувалі шчасце ў гэтым годзе?

Паняцце шчасця і паняцце нацыі ніяк не суадносіцца. Немагчыма быць шчаслівым як беларус. Можна быць шчаслівым як чалавек. Я не пра тое, што «беларусы» і «шчасце» – гэта аксюмаран, бывае так. Але калі ты шчаслівы, ты проста шчаслівы як чалавечая істота. І складана быць шчаслівым беларусам, асабліва апошнія дзвесце гадоў.

Скажам пра галоўнае: у нас было вельмі херовае халоднае лета. Лета, калі я першы раз пакупаўся ў Беларусі прыкладна ў жніўні.

У якім вадаёме гэта было?

Ну, так я і скажу. У мяне ёсць адно сакрэтнае возера ў лесе, куды я езджу. Там ужо пачынае біточак збірацца. Але калі я цяпер пра гэта скажу, то ўсе сотні тысяч людзей, якія нас чытаюць, яны ж туды прыскачуць.

Ну хаця б у якім кірунку? У бок Вільні, Магілёва, Берасця?

У бок Парыжа.

 

 

 Новы вялікі стыль 

Нядаўна з'явілася навіна пра топавыя запыты «Яндэкса» і Google у гэтым годзе. Мяне зацікавіў топ Google – самыя папулярныя запыты карыстальнікаў з Беларусі. Першае месца – «Фізрук» 4 сезон, другое месца – «Вольга» 2 сезон, трэцяе месца – «Маладзёжка» 5 сезон. І гэтак далей. Пра што гэта гаворыць наогул?

Гэта сведчыць пра многае. Па-першае, трэба тэрмінова арыентаваць «Беларусьфільм» на выпуск якасных серыялаў. Таму што, калі ўся краіна глядзіць «Фізрука», гэта сітуацыя, калі ўся краіна хоча галасаваць за Пуціна. Таму што, што такое «Фізрук», мы разумеем. Пуцін – гэта ж на самой справе такі фізрук усяе Русі. Мне ён здаецца ментальным, духоўным фізруком. Я ўвесь час, калі на яго гляджу, думаю, блін, чаму я не займаюся спортам? Нешта ў ім ёсць такое мабілізацыйнае.

Часам гучыць прэтэнзія да беларускіх медыя, што яны пішуць пра нейкае глупства, пры гэтым абыходзяць увагай важнае. Ці дарэчная такая прэтэнзія? Пра якое глупства сапраўды не варта пісаць? І што важнае сапраўды абмінаюць увагай?

Калі мы тут запісваем падкаст, трэба казаць пра галоўнае. Вось я ах*еў, калі Барыс Нікалайчык (рэжысёр фільма «Вакол Беларусі на роварах з маторамі», што перамог у гэтым годзе на фестывалі «Лістапад» – 34mag) мне распавядаў, як спрабаваў упісаць на буйныя беларускія медыя сюжэты пра тое, як яны з Ромам Свечніквым ехалі праз Манголію на раздзяўбаных «Жыгулях» і як яго сустракалі ў рэдакцыях буйных парталаў нейкія вупыры, якія адразу ж загаворвалі аб рэкламе. Гэта сітуацыя, калі якасны кантэнт праходзіць міма. Мы памятаем кнігу «Рома едзе», я бяру яе з паліцы раз на год і перачытваю. Раман Свечнікаў напісаў і пражыў афігенную гісторыю. Тут таксама была б афігенная гісторыя. Яна як быццам не да канца пакуль адбылася. Як старт яна не адбылася.

Скажу пра сябе. Рэжысёр Аляксей Палуян прыехаў у Беларусь з нямецкай здымачнай камандай здымаць у беларускай вёсцы «Возера радасці», беларускую кнігу, на нямецкія грошы. Ён атрымаў на гэта некалькі дзясяткаў тысяч еўра ад нямецкіх фондаў. І адзіная медыйная прэзентацыя гэтага здарылася, калі я выклаў фота ў Instagram з дзяўчынкай, якая грала галоўную гераіню Ясю, і гэта рэпублікавала «Наша Ніва». Дзякуй ёй за тое, што яна хоць неяк цікавіцца.

«Калі ты едзеш праз Манголію на раздзяўбаных “Жыгулях” і пры гэтым спяваеш Naviband, рэгулярна сілкуешся, распавядаеш пра ўсё поўненькім сваім тварыкам, то гэта вось пазітыў, гэта праходзіць у медыя. А калі ты перажываеш нейкія сапраўдныя пачуцці, гэта сыходзіць міма»

Ведаеш, мне глабальна здаецца, што ў гэтым годзе вылепіўся новы медыйны фармат. У ліку іншых важных рэчаў – з'явіўся новы вялікі стыль. І я баюся, што гэты беларускі вялікі стыль, які зараз нараджаецца, застанецца назаўсёды. Ён завецца «мегапазітыў». Усё павінна быць пазітыўным. Гэта як Naviband. Учора на «Віладжы» выйшаў знішчальны артыкул Конрада Ерафеева пра тое, што Naviband – гэта такая музыка на ўсмешцы, калі трэба спяваць і ўсміхацца. І Naviband – гэта музычная інкарнацыя мегапазітыву. Каб трапіць у фармат – маецца на ўвазе, не каб патрапіць на АНТ, у «Контуры», а каб наогул хоць куды-небудзь патрапіць, – трэба, блін, спяваць на ўсмешцы.

Раней вялікі стыль дыктавала дзяржава. Але вось гэтая херня, пазітыў або пазітыўнае мысленне, яна дыктуецца не дзяржавай. Яна дыктуецца рэкламадаўцамі. І медыя, якія гэта падхопліваюць.

Калі ты едзеш праз Манголію на раздзяўбаных «Жыгулях» і пры гэтым спяваеш Naviband, рэгулярна сілкуешся, распавядаеш пра ўсё поўненькім сваім тварыкам, то гэта вось пазітыў, гэта праходзіць у медыя. А калі ты перажываеш нейкія сапраўдныя пачуцці, гэта сыходзіць міма. Бо Naviband – гэта не папса. Гэта рэальна добрая група, якая напісала рэальна добрую музыку, але вось гэтае «ла-ла-ла-лэй», гэта мелодыя, пад якую прайшоў год і пад якую, я баюся, будуць праходзіць бліжэйшыя гадоў 50. Таму што мелодыю гэтую спявае не дзяржава, яе спявае сама рэальнасць.

Можа быць, проста людзі зая**ліся сумаваць?

Калі стамляешся сумаваць, весяліся. Пазітыў – гэта не антонім смутку, бо на фоне гэтага пазітыву мы ўсе глыбока сумныя. Пазітыў можна толькі дэманстраваць. Гэта свайго роду цэнзура. Ты забараняеш сабе гаварыць аб тых рэчах, якія табе насамрэч цікавыя. Бо калі цябе нешта весяліць, ты будзеш смяяцца. Але ніяк не малаціць нейкі пазітыўчык.

 

 

 Вялікі прызыў 

Што цябе нядаўна ўзрадавала, а што засмуціла? Усё роўна, асабістае ці грамадскае.

Я скажу пра грамадскае. Галоўная радасць 2017-га года заключаецца ў тым, што дзве рэальнасці, якія існавалі да гэтага аўтаномна, – рэальнасць забароненых музыкаў, рэальнасць паўпадпольных пісьменнікаў, рэальнасць чорных спісаў і рэальнасць афіцыёзнага дыскурсу – пачынаюць зліпацца. Пачынаецца такое аб'яднанне. Усе 20 папярэдніх гадоў нас старанна раз'ядноўвала сама сітуацыя і рассаджвала па акопах. Ты, будучы пісьменнікам, не мог спадзявацца, што цябе запросяць у дзяржаўную інстытуцыю выступіць з лекцыяй. Ты, будучы Вайцюшкевічам або Вольскім, не мог спадзявацца выступіць у Prime Hall ці ўвогуле дзесьці выступіць. А зараз адбываецца нейкі вялікі прызыў. Гэта выглядае так, як быццам у нас раптам з'явілася культурная палітыка і як быццам гэтую культурную палітыку вядуць вельмі разумныя людзі, якія разумеюць, што як толькі Вольскага, Вайцюшкевіча або Марціновіча пачынаюць уключаць у нейкі бачны фармат, мы самі пачынаем думаць аб тым, што мы спяваем і што пішам.

Ёсць бачная воку частка падзей, як, напрыклад, канцэрт Вольскага ў Prime Hall, ёсць вялікая частка нябачная. Але калі так пойдзе справа, у нас праз год можа быць адзін саюз пісьменнікаў нарэшце, а не два. У нас змогуць выходзіць кніжкі Бахарэвіча ў «Мастацкай літаратуры», калі ён сам гэтага захоча.

Аказалася, што частка афіцыйнага дыскурсу гадамі, дзесяцігоддзямі спажывала бюджэтныя грошы і вырабляла поўную туфту, нечытэльную, неглядзельную херню. І гэты «Лістапад» стаў якраз момантам, калі ўсё выйшла вонкі. Калі аказалася, што кінастудыя, якая марнуе вялікія грошы на вытворчасць кіно, неканкурэнтаздольная. Я вельмі спадзяюся, што гэтае збліжэнне будзе адбывацца і далей і ў ім знойдзецца месца для таленавітых рабят, якія чамусьці лічыліся тымі, хто сядзяць у іншых акопах.

Ты заўважыў новыя імёны, якія ў апошнія 2-3 гады з'явіліся – у музыцы, у культуры, у грамадскай дзейнасці, у палітыцы, дзе заўгодна?

Палітыка – самая мёртвая, вядома, вобласць. Тут нічога новага я не бачу. Я заўважаю, што ўсе, хто незадаволеныя чым бы там ні было, зараз глядзяць Навальнага і заўзеюць за яго, таму што ў нас заўзець няма за каго.

У кіно – тыя людзі, якія ўжо існавалі, але былі пад падлогай, як Барыс Нікалайчык ці Аляксей Палуян, раптам гучна стрэлілі і сталі прыкметныя.

У музыцы можна паслухаць 34 Music Sessions, дзе вы чаргавалі мэйнстрымавых чувакоў, накшталт гэтага хлопца з «Манеткай», з не такімі вядомымі людзьмі. І аказалася, што невядомыя больш цікавыя, чым чувакі з сотняй тысяч праглядаў на YouTube.

Горват, вядома, у літаратуры. Вельмі шкада, што ён не атрымаў Гедройца сёлета. Ён павінен быў атрымаць Гедройца.

Вось яшчэ. За гэты тыдзень я наведаў два спектаклі, і ў мяне проста мову займала. Я зараз пачну распавядаць, і я ўпэўнены, што з чытачоў пра іх ніхто не чуў. Пра першы, можа, што-небудзь чулі, пра другі – не. Справа ў тым, што я хацеў бы паведаміць вам, дарагія таварышы, што цяпер у беларускай культуры – рэнесанс тэатра. У нас тэатр стаў настолькі жывым, што яго можна не крывячы душой ставіць на адзін узровень з маскоўскім, які знаходзіцца дзесьці ў космасе.

Нядаўна я схадзіў на «Опіум» Марчанкі: гэта спектакль пра тое, як жывуць людзі ў Рагачове. І гэта гісторыя пра двух братоў, адзін з якіх з'язджае ваяваць ва Украіну. І расказана гэтая гісторыя так крута, што, праўда, займае мову. А пару дзён таму я быў на спектаклі «Саша, вынесі смецце». Гэта яшчэ адзін феномен. Спектакль пастаўлены ў пераходзе пад Моладзевым тэатрам. Гэта такая зала на 70 месцаў. У ім распавядаецца гісторыя пра памерлага ад сардэчнага прыступу 50-гадовага ўкраінскага ваеннага, які прыходзіць да сваёй сям'і на так званую «шостую мабілізацыю» і просіць у жонкі і дачкі дазволіць яму ўваскрэснуць, каб патрапіць на вайну. А тыя тлумачаць яму, што, чувак, у нас няма грошай цябе яшчэ раз хаваць, у нас няма слёз цябе яшчэ раз аплакваць. Ідзі ты нахер, ты ўжо адзін раз памёр, ідзі туды, адкуль ты вылез. Гэта вельмі моцна.

У РТБД ёсць некалькі вельмі моцных пастановак. Напрыклад, Аляксандр Гарцуеў, які заўсёды быў вельмі моцным рэжысёрам, нарэшце атрымлівае заслужанаю ўвагу і збірае аншлагі. Што ні тыдзень, у менскім тэатры адбываецца нешта вельмі крутое. Але дзе гэта ўсё? Я магу пра гэта пісаць у фэйсбуку, мяне прачытае тысяча чалавек. У медыя гэтага крутога дзвіжу не відаць.

У свеце словам года названа слова «фемінізм». А якое слова года ў Беларусі?

Біткоін. Нейрасеціва. Малако без указання тлустасці. Такое цэльнае малако, якое паступіла ў продаж. Карацей, гэта ўжо для суперпіжонаў: малако, на якім не паказаная тлустасць, таму што карова ж не рэгулюе сваю тлустасць.

 

 Пра новы раман і месцы сілы 

Пра твае асабістыя вынікі. Што для цябе было галоўнай творчай удачай і галоўнай няўдачай у гэтым годзе?

Удачай была пастаноўка тэатральная, якая сёлета выйшла на сцэну. Я глядзеў яе тры разы, і кожны раз яна мяне вельмі моцна кранала. Мне здаецца, атрымаўся прадукт, які будзе цікавы і праз 20, і праз 40 гадоў. Я, уласна, і ставіў сабе такую мэту.

Ёсць яшчэ некалькі перамог. Я адсякаю сучкі ў вялікага рамана, які практычна скончыў. Ён выйдзе ў наступным годзе. Называцца ён будзе «Ноч». Гэта будзе фантастыка, раман напісаны на беларускай мове. Я вельмі моцна выклаўся і вельмі моцна ўпэўнены ў ім. І акрамя таго, ёсць шанец, што жыццё п'есы «Кар'ера доктара Рауса» на тэатральнай пастаноўцы не скончыцца, што ў нас яшчэ будзе адна вялікая навіна.

Вільня – па-ранейшаму горад, які цябе натхняе?

Вільня – гэта такое Траецкае прадмесце Менска. А Менск – гэта такое Сухарава Вільні. Гэты ж адзін горад. Калі ты столькі гадоў там працуеш (Марціновіч выкладае ў ЕГУ – 34mag), гэта ператвараецца ў агламерацыю. Проста па нейкім непаразуменні з Сухарава ў Траецкае трэба ехаць чатыры гадзiны. Чаму – незразумела. І прычым кожны раз і там, і там выходзіш на вакзале і думаеш: о-о-о, ты дома.

Трактарны завод застаецца тваім менскім месцам сілы?

Ёсць яшчэ пару нычак. Вось магу падзяліцца, паколькі сам ужо туды не хаджу. Карацей, калі ад вуліцы Кастрычніцкай выходзіш да ракі і ідзеш у бок чыгуначных шляхоў... Ці лепш нават пад'ехаць на Маякоўскага і выйсці насупраць былога Чэрвенскага рынку. Там прыватны сектар, ТЭЦ стаіць нейкая старая. І вось там выйсці на бераг і проста ісці ўздоўж вады аж да сутыкнення з Чыжоўкай. Такая прагулка атрымліваецца крутая, калі, вядома, люлей не зловіш ад мясцовых, якія там у прыватным сектары сядзяць.

 

Тэкст – Антон Кашлікаў, аўдыя – kornej, фота – palasatka

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Сися
Сися | 28.12.2017 16:11

Какое убожество.

Праздный обывательский разговор уровня разговора о политике случайных попутчиков в плацкарте или трёпа на балконе во время перекура в офисе преподносится, как откровение титана мысли. Соцсети буквально жужжат: вы только почитайте это, как это здорово, точно, тонко и глубоко! С открытыми ртами слушайте живого классика, не пропустите ни слова нашего светоча альтернативной Беларуси.

Ничтожные и малоинтересные события называются историческими. «Мы были на грани войны», «революция», до-о-о, не иначе! ?‍♀️ Да чуть было не возродили ВКЛ и не поставили на колени россисию, чего уж там.

Очевидно, что на унылой периферии мира, где даже истории о приключениях бухой блогерши в метро или фб-откровения менеджера по продажам о поездке в Вильнюс становятся обсуждаемыми на недели – подобное интервью просто эпохальное событие!

Примечательно, что интервью в оригинале на русском.

4 12 -8