Краўдфандынг дня: фотакніга з архіўнымі здымкамі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.09.2018
- 10134
Праект VEHA прапануе табе займець крутую фотакнігу з архіўнымі здымкамі, якія зроблены аж у сярэдзіне ХХ стагоддзя. За кожнай выявай тут – свая гісторыя і вялікая прыгажосць, а наогул, хто яго ведае, можа, з нейкай фоткі на цябе глядзяць не зусім чужыя людзі.
Адкуль узяліся гэтыя фатаграфіі
Чалавек ХХІ стагоддзя, падсаджаны на Instagram, недаацэньвае стужкавыя здымкі з бабулінага альбома, дзе ўсе такія сур'ёзныя, у строгіх позах, заўсёды прычасаныя і ў самых белых шкарпэтках. Пажоўклыя здымкі закідваюць на гарышча на лецішчы, дзе яны сумна дажываюць свой век, так і не распавёўшы свае асабістыя гісторыі пакаленням, якія будуць потым. Так губляюцца «пазлы» нашай агульнай гісторыі.
Культурны праект VEHA збірае такія «пазлы»-фатаграфіі па ўсёй Беларусі і архівуе гэты скарб.
Здымкі трапляюць да «вехаўцаў» па-рознаму: ад неабыякавых людзей, якія даведаліся пра ініцыятыву праз сацсеткі; ад калекцыянераў і даследчыкаў фотамастацтва; з музеяў і архіваў.
Фатаграфіі збіраюцца сотнямі, і каб зашыфраваную ў іх інфармацыю было зручней счытваць, VEHA групуе здымкі ў тэматычныя калекцыі. У кнігу, якую хочуць выдаць цяпер, увойдзе калекцыя «Найлепшы бок» – гэта архівы, аб’яднаныя прыгожай традыцыяй фатаграфавання на фоне даматканых дываноў (так!).
Чым адметная калекцыя «Найлепшы бок»
«Найлепшы бок» – вынік цэлага года працы рабят з VEHA. Архіў налічвае больш за 160 фотаздымкаў, якія паказваюць, як жылі ў беларускіх вёсках з 1930-х па 1950-я гады.
Аб’яднальны элемент гэтых здымкаў – тканыя посцілкі або дываны, якія меліся ў любым вясковым доме і замянялі сабой студыйны фон. Фатаграфаваліся тады па агульным сцэнары: у вёсцы з'яўляўся заезджы фатограф, сяляне прыбіраліся, вывешвалі ля ўласнага дома посцілку ды пазіравалі так, каб перад нашчадкамі не сорамна было – «у лепшым выглядзе». Адсюль і назва – «Найлепшы бок».
Навошта і каму ўсё гэта трэба
Кніга распавядае пра прыгожую традыцыю продкаў, і, гартаючы яе, ты зловіш дзівоснае адчуванне – нешта такое каранёвае, «tribal». Гэта адчуванне ў 2018 годзе неверагодна каштоўнае і крутое.
Візуальны шэраг тут узмацняюць каментары экспертаў у галіне этнаграфіі і візуальных даследаванняў. Калі кніга ўбачыць свет, то велізарны кавалак агульнай гісторыі стане адчувальным і прыцягне ўвагу да праблемы захавання сямейных фотаархіваў.
Фотакніга навучыць цябе чытаць уласныя сямейныя архівы, прыкмячаць у іх важныя дэталі і любіць гэта вось усё. Дарэчы, не выключана, што на здымках, сабраных VEHA, кагосьці пазнаюць твае родныя і блізкія.
«Найлепшы бок» выйдзе на трох мовах і стане лепшым падарункам. Якасны пераклад на ангельскую мову дазволіць упэўнена дзяліцца прыгожым з замежнымі сябрамі.
І-і-і... мегабонус ад Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB): купляеш кнігу – вучышся са зніжкай 35 %.
Як падтрымаць праект
Замовіць свой асобнік на «Вулеі». Кнігу можна атрымаць толькі па перадзамове, у краме гэтай прыгажосці не знойдзеш.
Падтрымаць выданне данэйшанам – за падарунак або за так. Калі ты чалавек шчодрай душы і тугога гаманца, выступай спонсарам – і тваё імя або лагатып тваёй кампаніі надрукуюць у кнізе.
Расказаць пра краўдфандынг у сацыяльных сетках.
Падпісацца на VEHA ў Instagram, падзяліцца сваімі архіўнымі фота на адрас info@veha.by.
Леся Пчолка, арганізатарка праекта VEHA:
«Гэтая кніга – пра любоў да нашай сапраўднай гісторыі. Сказана ўжо вельмі шмат, мне складана нешта дадаць. Скажу пра сябе. Калі я пачала працаваць з гэтай тэмай, я па-сапраўднаму прасякнулася і захапілася цудоўнымі людзьмі Беларусі з маленькіх гарадкоў і вёсак. Яны такія прыгожыя! У сваёй лепшай вопратцы, з кветкамі ў руках, сур'ёзным тварамі... Я магла толькі ўяўляць, як гэта было. І вельмі шкада, што я не бачу гэтага цяпер, толькі заняпад вёсак, адсутнасць мінулага, адсутнасць нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэтая кніга можа дапамагчы паглядзець на мінулае вёсак пад іншым вуглом, яна пакажа, якой прыгожай можа быць наша гісторыя».
Каманда VEHA выказвае падзяку культ. цэнтру «Корпус», кнігарні «Логвінаў», бару Svobody 4, краме «Кніжная шафа» і галерэі «Ў».
Фота – Вольга Жукоўская