Тэма самавольнага пасялення – сквотынгу – працягвае існаваць і ў прасунутым 2016-м, у тым ліку ў Менску. Мы пагутарылі з мастаком Маратам RGB, які заскватаваў бамбасховішча пад цэнтрам сталіцы і абсталяваў там майстэрню па вырабе дызайнерскіх рэчаў.
Калі хто не ў тэме: скватаванне, сквотынг (англ. squatting) – акт самавольнага засялення незанятага альбо пакінутага будынка асобамі (сквотарамі), якія не з’яўляюцца ўласнікамі ці арандатарамі і не маюць дазволу на яго выкарыстанне. Прасцей кажучы, дзядзька Фёдар ды кот Матроскін заскватавалі пустую хату ў Прастаквашыне.
Скватаванне – тэма з гісторыяй. З самавольнымі пасяленнямі змагаўся яшчэ брытанскі сэр Олівер Кромвель у XVII стагоддзі. Але сапраўдны бум рух перажыў у 1960-70-я ў Еўропе, пасля гэтага ў асобных выпадках закінутыя тэрыторыі засталіся за тымі, хто першапачаткова беспадстаўна іх выкарыстоўваў. У Амстэрдаме і сёння працуюць крафтавыя піваварні, мастацкія студыі, начныя клубы і кавярні ў скватаваных памяшканнях. Шэраг буйных еўрапейскіх сквотаў усё ж такі разагналі: напрыклад, rampART у Лондане быў канчаткова выселены ў 2009-м. Некаторыя змагаюцца за свае існаванне, як барселонскія «акупы», асобныя ж былі прызнаныя ўладамі як грамадскія цэнтры: міланскі сквот «Леанкавала» нават уключаны ў турыстычны гайд са сваімі графіці, якія атрымалі назву «Сікстынская капэла сучаснасці». Найбольш паспяховы прыклад скватавання існуе ў Капенгагене пад назвай «Свабодны горад Хрысціянія». Хіпі і вольныя мастакі з усёй Еўропы пачалі засяляць пустыя армейскія казармы ў сталіцы Даніі напачатку 1970-х, а ў апошнія дзесяцігоддзі атрымалі ад гарадскіх уладаў фактычную незалежнасць: свабодны гандаль і лігалайз. Камунальныя паслугі муніцыпалітэт пакрывае за кошт турызму ў Хрысціянію.
«На крэсле ляжыць цыдулка кшталту “тэрмінова патэлефануйце ў нейкае там ЖРЭА”. Я патэлефанаваў, размаўляў з галоўным інжынерам. Той пытаўся, якія ў мяне падставы знаходзіцца ў гэтым памяшканні. Адказваю: “Ніякіх”»
У мінулым стагоддзі сквоты асацыяваліся з хіпі, панкамі і анархістамі, а цяпер гэта амаль выключна мастацкія майстэрні і памяшканні для некамерцыйных выстаў. Гэты трэнд яшчэ з савецкіх часоў пачалі рэалізоўваць расійскія сквотары з піцерскай «Пушкинской, 10» і маскоўскага «Детского сада».
Пра буйныя сквоты за мяжой не тое што пішуць артыкулы, а выдаюць кнігі і здымаюць фільмы, пра менскія ж вядома драбніцы. Мы зазірнулі да менскага мастака Марата RGB, які заскватаваў бамбасховішча пад цэнтрам нашай сталіцы і абсталяваў там майстэрню па вырабе дызайнерскіх рэчаў.
Тое, як ты бавіш час у дзяцінстве, непасрэдна звязана з тым, дзе ты гэта робіш. У вёсках мальцы гойсаюць па лясах і сажалках, гарадскія – пераважна па будоўлях. Падыходзячы да дома Марата, шукаю, дзе можна было б пацешыцца дзіцяці эпохі маруднага інтэрнэту і камп’ютара як раскошы ля трамвайнага кальца на Змітрака Бядулі. На першы погляд, нідзе.
«З дзяцінства я шарыўся па сутарэннях, – сустракае нас Марат. – Я жыву ў маленькай аднапакаёўцы ў доме на Казлова, дзе мы былі вымушаны туліцца ўсёй сям’ёй, а мне заўсёды хацелася асабістай прасторы. Кватэру здымаць непрыкольна, таму што, па сутнасці, яна мне не патрэбна. А трэба толькі пляцоўка, на якой я магу вырабляць свае рэчы. У мяне, як у жыхара гэтага дома, была невялікая каморка, прыкладна тры на тры метры. Але потым мне пачало сніцца, што тут ёсць нейкія плошчы пабольш. Аднойчы па дарозе ў каморку я заўважыў дзверы, ускрыў іх і ўбачыў там бамбасховішча. Канешне, адразу тут было ўсё ў нікчэмным стане: паўсюль смецце, бочкі, трубы, колы нейкія. Давялося вычышчаць».
У бамбасховішча мы ўваходзім з двара, Марат не хаваецца ні ад каго: ні ад суседзяў, ні ад камунальшчыкаў. Свабодна выходзіць і заходзіць. Ды яшчэ нас з фатографам заводзіць пасля непрацяглых маніпуляцый шрубоўкай у замку вонкавых дзвярэй.
Часцяком у бамбасховішча завітваюць супрацоўнікі ЖЭС, невядома навошта: вараць нейкія трубы ці, бывае, проста, каб паставіць венікі. Безумоўна, яны сустракаюцца. «Быў нават выпадак: я прыйшоў і ўбачыў, што дзверы адчыненыя (я іх даволі прымітыўна зачыняў тады), – распавядае менскі сквотар. – На крэсле ляжыць цыдулка кшталту “тэрмінова патэлефануйце ў нейкае там ЖРЭА”. Я патэлефанаваў, размаўляў з галоўным інжынерам. Той пытаўся, якія ў мяне падставы знаходзіцца ў гэтым памяшканні.
Адказваю: “Ніякіх”. Ён прыехаў, агледзеў тут усё, сказаў высяляцца, бо выкліча міліцыю. Адразу думаў выселіцца, але спачатку не было калі, а потым наогул забіў на ягоныя пагрозы. Гэта было прыкладна ў студзені. З той пары не бачыў тут галоўных інжынераў. А я на сквоце праводжу нямала часу, бывае, што застаюся на ноч».
Ветлы сквот
Замёршы ў цемры на прыступках, чакаем, пакуль Марат запаліць святло. З выглядам чалавека, які не ўпершыню праводзіць людзей па цёмных сутарэннях да свайго сквота, ён агучвае галоўную, на ягонае меркаванне, вартасць бамбасховішча – высачэзныя столі. Калі што, у бамбасховішчах 1950-х выдатна ловіць GSM і раздаецца WiFi. Наша размова час ад часу перарываецца рынгтонамі ўваходных выклікаў і гукамі мэсэнджараў.
«Я ж не адзін тут бываю, – працягвае Марат, штурхаючы металічныя дзверы бетоннага бункера. – Сквот наведваюць шэраг маіх знаёмых, а таксама знаёмых іх знаёмых. Нехта рэжа тут дошкі для скейтаў, нехта вырабляе музычныя інструменты з газавых балонаў, хтосьці малюе, хтосьці проста захоўвае свае рэчы і заходзіць перыядычна пабавіць час. Тут бываюць розныя людзі: адныя хацелі відэаблог здымаць, іншыя тут рэпчык пісалі некалі. Рады ўсім».
Бамбасховішча было разлічана на сотні жыхароў, таму памяшканне выдатна вентылюецца, узімку яго прагравае цеплатраса, ёсць вада, электрычнасць. Маецца нават ледзь жывы санвузел. Пра спраўнасць усялякіх фільтраў для ачысткі радыяцыйнага паветра і рэзервуараў для пітной вады размова не ідзе. Гледзячы на сцены сквота, разумею, што ядзерная пагроза хвалюе Марата не так моцна, як стрыт-арт. Мяне заўсёды цікавіла, колькі яшчэ менскіх падлеткаў лазіць па сутарэннях і знаходзіць такія трусіныя норы, каб потым выкарыстоўваць іх з карысцю ў сталым узросце.
«Нехта рэжа тут дошкі для скейтаў, нехта вырабляе музычныя інструменты з газавых балонаў, хтосьці малюе, хтосьці проста захоўвае свае рэчы і заходзіць перыядычна пабавіць час»
«Ведаю, што толькі ў маім Першамайскім раёне такіх бамбасховішчаў болей за тысячу, – здзіўляе мяне Марат. – Пад кожным сталінскім домам стопудова ёсць такое. Хутчэй за ўсё, яны ніяк не выкарыстоўваюцца: камерцыйная прывабнасць невялікая, а камуналка з арэндай атрымаецца даволі адчувальная. Я не плачу ні за што – скватаванне ў класічным выглядзе».
Марат аформлены як рамеснік, займаецца вырабамі з дрэва, паперы і кардону, але гэта хутчэй як хобі: «Сквот – некамерцыйная пляцоўка. Паколькі я не маю з яе прыбытку, таму плаціць арэнду не бачу сэнсу. Хто абсталёўвае ў такіх месцах склады або рэпетыцыйныя кропкі, тыя плацяць».
Праца і будучыня
У памяшканні паўсюль раскіданыя самыя нечаканыя рэчы: друкарка, пафарбаваныя ў залацісты колер вагі, кінескопавыя маніторы, цэнтнеры старых кніг, складзеных наўпрост уздоўж сцяны, шклатара, вісіць экран для прагляду відэа на праектары. Будзем лічыць, што ўсё гэта патрэбна для арт-праектаў.
«Я выкарыстоўваю сквот як майстэрню для вытворчасці бук-боксаў – гэта хэнд-мэйд выраб, які ўяўляе сабой кнігу са скрыначкай усярэдзіне, – тлумачыць Марат. – Спрабую іх прадаваць, нядаўна якраз зрабіў новую партыю. Развёз ужо па крамах, 20 бук-боксаў нават у Маскву адправіліся. Таксама рыхтуюся тут да разнастайных гарадскіх інтэрвенцый, конкурсаў. У юнацтве ў сутарэннях рабіў стрыт-арт, на гэтым сквоце – палотны да праекту “Арт-грузавік”. Зараз рыхтую адну гарадскую інсталяцыю. Яна будзе звязана са статыстыкай па алкагалізацыі насельніцтва, і для яе мне спатрэбіцца шмат бутэлек».
«Калі ладзіць тут публічную імпрэзу, то яна павінна быць зусім гучнай і выбітнай, таму што амаль напэўна стане апошняй падзеяй у гісторыі гэтага сквота. Мерапрыемства мусіць быць вартым такой ахвяры»
Галоўным чынам праз працу – Марат зарабляе рамонтамі кватэр – час на сённяшнюю сустрэчу абмежаваны. Трэба падымацца з андэграўнду на свет божы. Па дарозе назад не перастаю здзіўляцца памерам сквота. «Менавіта гэтаму сквоту каля трох гадоў, – кажа ўжо на паверхні Марат. – Зараз ён значна прасторней за той, якім быў на пачатку. Тады здавалася, што ўсё гэта ненадоўга, што за гэтыя памяшканні вось-вось возьмуцца камерсанты».
Нярэдкі госць сквотаў, я разумею іх спецыфіку. Правесці тут якое-небудзь мерапрыемства з высокай верагоднасцю значыць спаліць кантору назаўсёды: «Пра будучыню сказаць складана, усё вельмі непрадказальна. Але я ўпэўнены, што калі пагоняць, будзем шукаць сродкі і зацікаўленых асоб, каб усё рабіць афіцыйна. Хоць гэта вельмі нудна. А калі ладзіць тут публічную імпрэзу, то яна павінна быць зусім гучнай і выбітнай, таму што амаль напэўна стане апошняй падзеяй у гісторыі гэтага сквота. Мерапрыемства мусіць быць вартым такой ахвяры. Пакуль такіх думак няма».
Украинская порноактриса Elle Rose – о деньгах, здоровье и моделях, которые воруют у коллег.
Антыўтопія, якая пераўтвараецца ў рэальнасць.
Незвычайны калаб Стынга і Шэгі, бомба ад «Аигел» і класічны гук Thievery Corporation – падборка лепшых рэлізаў апошніх сямі дзён.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.