На працягу амаль трох тыдняў мы назіралі, як мастакі Vulica Brasil карпелі над сваімі мастэрпісамі. Зараз – час паказваць свае творы і нарэшце расслабляцца. На закрыццё фэсту рыхтуецца вялікае свята – пешаходны open air на Кастрычніцкай з канцэртамі, дыджэямі, танцавальнай і адукацыйнай праграмамі, лайф-пэйнцінгам і карнавальным шэсцем з батукадай. Што, калі і дзе пройдзе – глядзі наш гайд па закрыцці фестывалю.
15 верасня, чацвер
16:00 Канцэрт Sufiks, RVJVH, DJ NoMork, «Бассота», Rap Crew (падпорная сцяна стадыёна БДТУ)
19:00 Лекцыя OSGEMEOS «Гісторыя бразільскага стрыт-арту “з першых вуснаў”» (Space, вул. Кастрычніцкая, 16А, 3 паверх)
Закрыццё Vulica Brasil
Сёлета фестываль увасабляе ідэалы экалагічнага горада ў межах адной вуліцы – Кастрычніцкай. Апроч малюнкаў на сценах, арганізатары эксперыментуюць з прасторай горада: прыганяюць і размалёўваюць трамваі, з якіх плануюць стварыць кавярні, высаджваюць клумбы ўздоўж дарогі, ладзяць дадатковыя месцы адпачынку і пункты асобнага збору смецця. Карацей, прыдумляюць больш камфортнае і ўстойлівае гарадское асяроддзе, якое можа стаць прыкладам для астатняга горада.
Як і летась, на закрыццё фэсту, 17 верасня, вуліцу зробяць пешаходнай: ад мурала Чапскага да ганка Ultra Bar. На ёй расцягнуцца тры музычныя сцэны, дзіцячыя майстэрні, лайв-пэйнцінг, роварныя экскурсіі па свежых муралах, эка-ежа ад Jam Market, барахолка «Open Шкаф», адукацыйны івэнт, адгрукоча грандыёзны батукада-аркестр з карнавальным шэсцем, а напрыканцы свята перальецца ў начное афтэрпаці ў «Хулігане». Глядзім падрабязней.
Сцэна з жывымі выступленнямі размесціцца ля гусляра Ковэка. Гук арганізоўвае буйнейшая беларуская саўнд-агенцыя Soundcafe, ведаем, што кожная трашчотка ў музыкантаў будзе агучана як трэба. За каардынацыю артыстаў, як і летась, узяўся гарадскі фестываль Minsk Festival (падрабязней пра яго ніжэй).
Сёлета хэдлайнерам «Вуліцы» выступае бразільская самба-спявачка Ju Moraes, якая стала вядомай дзякуючы рэаліці-шоу талентаў The Voice Brasil. Самбішта выступіць са сваёй бандай Samba D’Ju. З беларускага боку канцэрты адыграюць праект культавых барабаншчыкаў Drum Ecstasy і дасканалых трубачоў з Klaxon Brass, арт-псіхадэлік-рокеры Teleport, этнічныя візіянеры Shaman Jungle, меладычны фолк-гурт «Ілюжан», баян-рок-бэнд Yegor Zabelov Trio, рамантычныя NAVI і заўзятары соўл-джэму Vibeclub. Відаць, што сцэна аб’яднана найперш агульнай любоўю да музыкі, а яшчэ канцэптамі, якія ў ёй могуць увасабляцца. Свята пачынаецца апоўдні.12:15 Vibeclub
13:00 Shaman Jungle
14:00 «Ілюжан»
15:00 Yegor Zabelov Trio
16:00 The Bangalors
16:45 NAVI
17:15 Batucada Vulica Brasil, бразільскі карнавал
18:00 афіцыйная частка, словы прывітання ад амбасадара Бразіліі і партнёраў фестывалю
18:20 Ju Moraes
20:15 Teleport
21:30 Drum Ecstasy & Klaxons Brass
Batucada Vulica Brasil
Падчас шэсця батукады – аркестра барабаншчыкаў – усе астатнія сцэны замруць, каб адчуць моц карнавальнага дробату. Парад арганізоўвае маскоўская школа этнічных барабанаў Samba Real са свабодным удзелам усіх жадаючых. Сведкі рэпетыцый кажуць, што 50 драмераў у адным рытме – неверагоднае відовішча. Чакаем!
Сёлета ў Vulica Brasil бяруць удзел «Дзіцячыя творчыя майстэрні» – штотыднёвыя заняткі па мастацтве для дзетак у галерэі «Ў». Мастакі, сярод якіх удзельнік «Вуліцы» Bazinato, рыхтуюць экскурсію для дзяцей і бацькоў па Кастрычніцкіх муралах, а таксама распавядаюць гісторыю стрыт-арту і навошта ён патрэбны гарадам.
«Дзіцячыя майстэрні» крочаць у нагу з усёй канцэпцыяй фестывалю, таму дзеткам раскажуць пра экалогію і пра тое, як вулічнае мастацтва можа прыцягнуць увагу да праблем навакольнага асяроддзя. Разам з эколагамі будзе зладжаны майстар-клас, дзе дзеці створаць уласныя варыянты стыкераў. Мо твой бэйбік стане наступным Ковэкам?Расклад:
12:00 – 13:00 Экскурсія. Пункт збору: каля мурала Bazinato (Гатэль «БелРостІнвестБуд», вул. Кастрычніцкая, 25, правая частка сцяны)
14:00 – 15:00 Майстар-клас для дзяцей 7-18 год. Пункт збору: сцяна ля ўвахода ў «ЦЭХ» (вул. Кастрычніцкая, 16)
Дыджэйскую сцэну на Vulica Brasil ладзіць твой доблесны часопіс 34mag. Мы працягваем фестывальную траекторыю дзікасці, эка і правінцыі, якую пачалі распрацоўваць на мінулых FSP. «Выхаваныя ваўкамі», «пакрысе», «першыя з карабля» – нашыя лозунгі! Сёлета ў калейдаскопе ўвагі – узаемадзеянне чалавека і дзікіх жывёлаў на аўтамабільных дарогах.
Кожны раз, калі ты вяртаешся з позняй віленскай кавы або беластоцкай оперы на аўто, амаль абавязкова маеш шанец сустрэць адбітак фар у спужаных вочках лісы, зайца, аленя ці нават лася і кабана. Не ўсе ўдала абмінаюць мінакоў. Гінуць як людзі, так і жывёлы. На нашых трасах дагэтуль практычна нідзе няма платоў уздоўж дарог. І гэта праблема.
Наша сцэна – гэта жывёлы, якія прарваліся ў горад, каб заявіць пра сябе. Дзікія, псіхадэлічныя, часам пакалечаныя, часам ужо мерцвякі. Выхаваныя ваўкамі. Мы – паці энімалз!Line up:
12:00 EyeQ
12:45 Vova Potapenko
13:30 Awlnight (Live)
14:10 Laurel
15:10 Panz
16:10 Nick Kazantsev
17:15 Batucada Vulica Brasil, бразільскі карнавал
18:00 афіцыйная частка, словы прывітання ад амбасадара Бразіліі і партнёраў фестывалю
18:20 Deech
19:00 Papa Bo Selektah
20:00 KorneJ b2b Gata
21:30 Otavio Pandolfo (OSGEMEOS)
Jam Market і «Open Шкаф»
Вакол дыджэйскай сцэны з танцполам размесцяцца кірмашовыя актыўнасці ад Jam Market і «Open Шкаф». Сёлета першы адказвае за забеспячэнне ежай наведнікаў фэсту. І як ён гэта робіць! Качка ў чырвоным кары, паэлья з куранём і марскімі гадамі, фалафелі, мармелад з белай цыбулі, крафтавае піва – нават калі табе похер на вулічнае мастацтва з музлом, ісці на Кастрычніцкую можна дзеля гэтага першакласнага фуд-порава.
Матэрыяльныя патрэбы спатоліць флі-маркет «Open Шкаф» – культурная барахолка, якая паспела ўжо стаць адметнай менскай з’явай. На эдыцыі для «Вуліцы Бразіл» удзел у дзвіжы бяруць прасунутыя брэнды адзення Sputnik1985, Ziq & Yoni, Anteater, «Волчок», Sh’u, біжутэрная лаўка Razam, крама стрыт-адзення CLANS, іконы беларускасці LSTR. Ёсць яшчэ зусім трохі часу, каб таксама прыняць удзел у блышыным рынку.
Дарэчы ў шапіку LSTR можна будзе прыдбаць афіцыйную сувенірку Vulica Brasil – арыгінальныя заплечнікі, сумкі-кенгуру, манетніцы, зробленыя з банераў леташняй «Вуліцы», а таксама пеналы для фломікаў з-пад балонаў. Поўны хэндмэйд, таму кожны выраб – з унікальным малюнкам. Глядзі, як яны захопліваюць горад!
У адукацыйнай прасторы .PUNKT, якая месціцца ў будынку ля дворыка «Лаўкі», пройдзе 34 Media Day – івэнт, прысвечаны перапляценню медыя і горада. Гэта будзе пілотная версія нашага новага афлайн-фармату, звязанага з ведамі і адукацыяй.
Пачынаем з выступу пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, які на працягу ўсяго лета ў ролі таемнага госця разбіраўся ў тым, як наладжана жыццё «Менска 25-гадовых». Ён хадзіў у барбершоп, станавіўся вегетарыянцам, наведваў выставы сучаснага мастацтва, глядзеў Еўра-2016 у ангары «Хулігана», лавіў пакемонаў ля Опернага і назіраў за ўдзельнікамі паўмарафона. 17 верасня ён раскажа пра тое, што насамрэч здарылася летам 2016-га і чым яно павінна запомніцца ўсім нам.
Затым тэму горада падхопіць дыскусія пра тое, як ствараць урбан-арт аб’екты. Гаворка пойдзе не толькі пра графіці і муралы, але і архітэктурныя інсталяцыі, часовыя павільёны ды іншы канцэптуальны арт. Удзельнікі – заснавальніца IT-школы Myfreedom Алена Дзінман, мастак Міця Післяк і куратарка «Балак» Маргарыта Лазарэнкава – распавядуць пра ўсе этапы гарадскіх арт-інтэрвенцый: ад узгаднення з адміністрацыяй і пабудовы 3D-мадэляў да пошуку неабходных матэрыялаў. Мадэруе ўвесь замес галоўны рэдактар CityDog.by Сяргей Сахараў.
Вішаньку на медыяторт пакладзе арт-дырэктарка 34mag.net и 34travel.by Кася Сырамалот aka Palasatka, якая распавядзе, наколькі фотагенічны Менск і пад якім ракурсам яго лепей здымаць.17 верасня, субота
14:00 – 15:30 Выступленне Альгерда Бахарэвича: «Што здарылася ў Менску летам 2016-га?»
15:30 – 17:00 Дыскусія: «Гэта можа кожны: як ствараць урбан-арт аб’екты?»
17:00 – 18:30 Міні-лекцыя ад Касі Сырамалот: «Як фатаграфаваць Менск?»
Dance area
Трэцяя, танцавальная сцэна размесціцца ў дворыку тыпаграфіі «Донарит» побач з новым чорна-белым муралам ад Speto. На ёй з першай гадзіны дня будуць даваць майстар-класы і шоу асы розных танцавальных напрамкаў: рэгетон і дэнсхол ад Copacabana Dance Studio, фаро, макулеле і капаэйра ад FICAG і іншых, сучасны танцавальны джэм ад тэатра танца Karakuli і школы танца Skyline і ліндзі-хоп, блюз і кізомба ад студыі танца Kvartal.
Праграма:
13:00 Рэгетон, дэнсхол (Copacabana Dance Studio)
14:00 Фаро, макулеле (FICAG)
15:00 Capoeira
16:00 Contemporary dance jam (Karakuli + Skyline)
17:15 Batucada Vulica Brasil, бразільскі карнавал
18:00 афіцыйная частка, словы прывітання ад амбасадара Бразіліі і партнёраў фестывалю
18:20 ліндзіхоп, блюз, кізомба (Kvartal)Афтэрпаці
Ноччу свята працягнецца на падмостках «Хулігана»: два танцполы з мацёрымі імёнамі менскай тэхна- і электра-сцэны – I/Dex, I.F.U., Raketka, De Wachtkamer, Dirty Owl & Vusevich. Уваход вольны. Што яшчэ можа падарыць напаследак менскае лета 2016-га?
Terrasa:
23:00 De Wachtkamer
00:40 I.F.U.
2:20 Raketka
Bar:
23:00 I/Dex (live)
00:30 Dirty Owl & Vusevich (Logika Ritma)
Minsk Festival
Гарадскі фестываль Minsk Festival – пабрацім Vulica Brasil – стартаваў летась з 36 івентамі ў 22 лакацыях горада. Арганізатары жадаюць развіваць крэатыўныя індустрыі ў горадзе, спрыяць кааперацыі паміж удзельнікамі рынку, таму сярод мерапрыемстваў – і канцэрты, і вечарыны, і выставы, і кіно, і лекцыі, і майстар-класы.
Сёлета фэст раскінецца на тры дні ўік-энду. У пятніцу праграму пачынаюць канцэрты ў «Графіці» маладых індзі-рокераў The Violent Youth і Tempo Bay. У суботу фестываль цалкам задзейнічаны на лайв-сцэне закрыцця Vulica Brasil. А ў нядзельную пастараль уварвецца канцэрт ракабілі ў дворыку Гістарычнага музея на Маркса. Граюць «Метеор», The Kexies, The Pelengtones, Jeepers Creepers. Паралельна фэсту ідуць выставы польскай куратаркі Монікі Шэўчык у галерэі «Ў», фатографа Мікалая Бацвінніка ў галерэі «ДК» ды івэнты Тыдня беларускага мыслення ў «Корпус 8». Таксама ў нядзелю можна зачапіць майстар-класс па Ableton ад Вовы Патапенкі там жа, у «Корпус 8». Паўсюль усе імпрэзы вольныя.
Расклад:
16 верасня, пятніца
19:00 Канцэрт у «Графіці»: The Violent Youth, Tempo Bay
18 верасня, нядзеля
15:00 – 20:00 Канцэрт Rockabilly open air у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея: «Метеор», The Kexies, The Pelengtones, Jeepers Creepers
15:00 – 19:00 Музычныя майстар-класы ад Ableton Belarus School у «Корпус 8». Лектары: Вова Патапенка і Максім Samos
Спалі працоўную і санітарную кніжкі – яны табе больш не спатрэбяцца.
Расказваем пра 8 топавых праектаў з Віцебска, якія атрымалі ўзнагароду ад vitebsk4me.
Жанчына, монстры, злыя цыгарэты – Насарогаў і doctape media прэзентуюць на 34mag кліп з 10-гадовай гісторыяй.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.