Аляксей Палуян, 26-гадовы хлопец з Беларусі, некалькі год таму пачаў здымаць кіно. Нягледзячы на малады ўзрост і невялікі вопыт, Палуян паспеў заявіць пра сябе на міжнародных кінафестывалях і папрацаваць з такімі знакамітымі акторамі, як Ханс Хіршмюлер, які ў 70-я актыўна здымаўся ў легендаў нямецкага кіно – Райнэра Вернэра Фасбіндэра і Віма Вендэрса. Акторкі ягонага новага фільма, на прэм’еру якога мы завіталі ў Касэль, дзе зараз жыве Аляксей, зусім не зоркі кіно – гэта чатыры звычайныя бабулі з вёскі Любейкі Берасцейскай вобласці. Мы пагутарылі з беларускім рэжысёрам пра тое, навошта ён зняў фільм пра гэтых жанчын, чаму фільммэйкерам неабходна аб’яднацца і як прымусіць Марлона Брандо на здымачнай пляцоўцы выкладацца на сто адсоткаў.
«Тут 200 тысяч чалавек жыве, як у Баранках», − мы ў Касэлі, у самым сэрцы Германіі. Раз на пяць год тут праходзіць documenta, найбуйнейшы фестываль сучаснага мастацтва, нешта кшталту крэатыўных алімпійскіх гульняў. У гэты перыяд у горад з'язджаюцца сотні тысяч турыстаў, мастакоў і селебрыціс, ад Брэда Піта да Ая Вэйвэя. Увесь астатні час тут ціха і мірна. Цішыню сонных кварталаў парушаюць хіба што трамваі, якія праносяцца па вуліцах з інтэрвалам у 10 хвілін, і штогадовая выстава работ студэнтаў Вышэйшай школы мастацтваў.
Дзеля гэтай выставы мы сюды і прыехалі. Дакладней – на прэм'еру адразу двух фільмаў маладога беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна, якая адбылася ў кінатэатры BaLi ў рамках вернісажа Kunsthochschule Kassel.
Гісторыя адной мары
Аляксей нарадзіўся ў Баранавічах, у «горадзе Сяргея Лазніцы». Пасля школы паступіў у БДУІР на інжынера і пераехаў у Менск. Яшчэ падчас вучобы пачаў працаваць тэсціроўшчыкам на EPAM – пачатак выдатнай кар'еры быў пакладзены, і, калі б усё пайшло па плане, наш герой сёння ўжо б дабудоўваў уласную кватэру, ездзіў два разы на год на вакацыі і напіваўся з калегамі на навагодніх карпаратывах. Але, на шчасце, нешта пайшло не так. Кошкі скрэблі ў яго на душы, калі ён уяўляў сабе сваю забяспечаную фінансава, але абсалютна пустую духоўна будучыню. «Я не ведаў дакладна, чым хачу займацца, але разумеў, што гэта можа быць толькі тэатр або кіно, ніяк не праца за камп’ютарам, якой бы прыбытковай яна ні была».
На апошніх курсах універа Лёша пачынае вучыць нямецкую, пасля пар і працы. Ужо тады часу на сон амаль не застаецца. Але калі ён чуе пра набор актораў-аматараў у нямецкамоўную тэатральную групу, ён не сумняецца ні секунды. Практычна не ведаючы мовы, хлопец праз паўгода рэпетыцый бліскае на сцэне ў галоўнай ролі. «Большасць рэплік мне даводзілася перакладаць дома са слоўнікам, бо я нічога не разумеў». Праходзяць тры аншлагавыя выступы, затым невялікія гастролі ў Берліне, дзе Лёша канчаткова разумее, што ягонае жыццё – гульня, а не алгарытм.
«Даражэнькі, калі спатрэбіцца, дзеля кіно прыйдзецца змяніць характар і звычкі. Ты гатовы?»
Праз паўгода ён зноў у Германіі, на гэты раз у Касэлі: «Мне, напэўна, спачатку хацелася паступіць у знакамітую Патсдамскую кінашколу, але, у рэшце рэшт, я апынуўся тут, у інстытуце кіно і тэлебачання ў Вышэйшай школе мастацтваў Касэля. І я ні разу не пашкадаваў аб гэтым – аказалася, што інстытутам кіруе Яна Друзь, знакамітая актрыса, рэжысёрка і драматургеса родам з Кіева. Яна прайшла тэатральную вучэльню імя М.С. Шчэпкіна, Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя Герасімава, яшчэ калі была студэнткай, сядзела за адным мантажным сталом з Таркоўскім і назірала за яго працай над «Сталкерам». Гэта чалавек з велізарным вопытам і разуменнем кіно. Я прыгадаў японскую мудрасць − вучань шукае не школу, а майстра − і зразумеў, што апынуўся на сваім месцы.
Я памятаю, як у самым пачатку Яна сказала мне: «Даражэнькі, калі спатрэбіцца, дзеля кіно прыйдзецца змяніць характар і звычкі. Трэба змяніць самога сябе. Ты гатовы?»
І Палуян, відаць, быў гатовы. Яшчэ некалькі гадоў таму, калі толькі паступіў, Лёша не ведаў, чым nouvelle vague адрозніваецца ад неарэалізму, але дзякуючы сваёй настойлівасці вельмі хутка запоўніў прабелы ў адукацыі: «У мяне было такое правіла: ты не маеш права легчы спаць, пакуль не паглядзеў як мінімум адзін фільм ці не прачытаў біяграфію якога-небудзь рэжысёра ці актора».
«Калі бачу, што актор падчас перапынку ў добрым стане, я ўключаю камеру і ціхенька здымаю»
Інспірацыя і назіранні
Самы вялікі ўплыў на пачатку творчай кар’еры на Аляксея аказалі фільмы Кесьлёўскага і Таркоўскага. А «Вечнасць і адзін дзень» Тэадораса Ангелопуласа стаў арыенцірам для маладога рэжысёра. «Кожны раз перад пачаткам здымак я пераглядаю гэты фільм, ён натхняе мяне на працу і паказвае, як трэба здымаць кіно».
Першая стужка Аляксея Палуяна – назіранне за пляменніцай Сафіяй, «фільм пра тое, як маленечкае немаўля кіруе і маніпулюе ўсёй сям'ёй. Першае правіла кіно, якое я зразумеў, – трэба расплюшчыць вочы і назіраць за тым, што адбываецца навокал. Нават у паўзах на здымачнай пляцоўцы. Калі бачу, што акцёр падчас перапынку ў добрым стане, я ўключаю камеру і ціхенька здымаю. І так робяцца лепшыя тэйкі. Так рабілі і Таркоўскі, і Фасбіндэр, і Херцаг. Так рабіў і вялікі фатограф Анры Карц'е- Брэсон – у ягонай творчасці няма выдумкі, ён проста назірае за рэальнасцю праз вока камеры», − кажа Аляксей, спыніўшыся каля дома, дзе некалькі гадоў свайго дзяцінства правёў майстар ранняга хорару Фрыдрых Вільхельм Мурнаў. Паводле легенды, малы Фрыдрых вельмі баяўся монстра, высечанага на рэльефе ягонага дома, што значна паўплывала на ягоную пазнейшую творчасць.
У працы Аляксею дапамагаюць не толькі прыклады вялікіх майстроў, але і калегі па NUR Film Group, заснаванай Янай Друзь і яе мужам, рэжысёрам Давідам Сафаранам. У гэтай групе працуе вялікая інтэрнацыянальная каманда: «У нас ёсць людзі з Ірана, Грузіі, Германіі, Афганістана, Расіі і з іншых краін. І гэта вялікі прывілей, таму што мы ўсе творым разам і вучымся адзін у аднаго. Калі нехта прэзентуе ідэю новага фільма, усе астатнія збіраюцца і абмяркоўваюць, як гэты фільм будзе выглядаць з пункту погляду іх культуры ці жыццёвага досведу. І мы ніколі не крытыкуем. Мы можам прапаноўваць і дадаваць сваё бачанне. Наша справа – рабіць, а не крытыкаваць. Вопыт паказвае, што такія згуртаванні вельмі эфектыўныя. Глядзіце, калі б у Францыі ў 50-я вакол Андрэ Базэна і ягонага часопіса Cahiers du cinéma не сфармавалася суполка, то ніякай «новай хвалі» мо і не было б. Зразумела, Труфо і Гадар, напэўна, пачалі б здымаць кіно, але гэта было б нешта зусім іншае».
Яшчэ адна ўмова для творчасці, лічыць Аляксей, – знешнія цяжкасці і ціск. Шэдэўры ніколі не ствараліся ў спрыяльных умовах. У Школе мастацтваў крытычна настроены да даволі кансерватыўнага, у добрым сэнсе, інстытута кіно і тэлебачання: кіраўніцтва з большай ахвотай хацела б бачыць у сваіх сценах нешта эксперыментальнае і абстрактнае. «Вось мы і змагаемся. Але ж гэта матывуе: у такіх умовах і трэба рабіць кіно».
Праверка вопытам
Пасля «Сафіі» і некалькіх маленькіх студэнцкіх прац, Аляксей узяўся за «Вяртанне» – фільм пра тое, што ніколі не позна вярнуцца дадому і папрасіць прабачэння. «Калі я працаваў над гэтай стужкай, на нейкім узроўні адчуваў асабістую сувязь з гісторыяй, але толькі падчас мантажу да мяне дайшло: гэта ж пра мяне! Мой тата вырас у інтэрнаце, і я, зразумела, не ведаў, што ў мяне ёсць дзед. Аднойчы, калі мне яшчэ і дзесяці год не было, да нас прыехаў у госці нейкі мужчына. Я не разумеў, хто гэта такі, пакуль бацька не сказаў мне: “Лёша, гэта твой дзед”».
Падчас здымак фільма Аляксею пашанцавала папрацаваць з вялікім акторам Хансам Хіршмюлерам, знакамітым сваімі шматлікімі бліскучымі ролямі ў фільмах Райнэра Вернэра Фасбіндэра і Віма Вендэрса. «Я адправіў яму свой сцэнар, нават не спадзяваўся, што ён адкажа. Але ўжо на наступны дзень у мяне зазваніў тэлефон і спакойны голас на іншым канцы сказаў: "Аляксей, мне спадабаўся ваш сцэнар. Што вы можаце мне прапанаваць?" Я разумеў, што актор такога ўзроўню не пагодзіцца працаваць без ганарару, але ўвесь фільм я фінансаваў са сваёй кішэні, таму сказаў: "Я гатовы аплаціць вам толькі праезд, гатэль і ежу". На што ён адказаў: "Мне гэтага хопіць" – і прыехаў у Касэль».
Падчас работы над фільмам Хіршмюлер, нягледзячы на свой статус, размаўляў з Аляксеем на роўных і цалкам аддаваўся працы.
«Калі знакамітыя сталыя акторы здымаюцца ў маладога рэжысёра, яны часта робяць яму своеасаблівую праверку. Напрыклад, калі малады Берталучы здымаў "Апошняе танга ў Парыжы", яму ўдалося займець на галоўную ролю ўжо тады знакамітага Марлона Брандо, які, каб "праверыць" рэжысёра, спачатку працаваў толькі на дзесяць адсоткаў сваіх здольнасцяў. Але Берталучы, нягледзячы на тое, што перад ім быў сапраўдны майстар з вялікай літары, заўважыў хітрасць і быў незадаволены. Ён патрабаваў большага і большага, пакуль Брандо не выклаўся на ўсе сто».
Аляксей не рабіў саступак для Хіршмюлера, але цяпер разумее, што можна было атрымаць ад яго яшчэ больш: «Тады мне здавалася, што ён выкладаецца на сто адсоткаў, але зараз я разумею, што ён мог сыграць лепш. Але гэтае ўсведамленне прыходзіць толькі пасля, калі ў цябе становіцца больш досведу».
«Хачу, каб людзі ў Германіі, Беларусі, Польшчы ці ў Бангладэш паглядзелі – і кожны знайшоў адказ на сваё балючае пытанне»
Мост паміж Берлінам і Менскам
Аляксей не абмяжоўваецца працай у сценах школы і ў рамках сваёй фільм-групы. Пасля паспяховага досведу супрацоўніцтва з аператарам Яўгенам Рэва з Патсдамскай кінашколы над фільмам Ruhestörung − экранізацыі эпізоду рамана «Адзінота ў сеціве» − яны плануюць сумесныя здымкі ў Беларусі.
Летась Аляксей пабываў на радзіме ў кампаніі сваёй камеры. Ён выправіўся ў вёску Любейкі пад Баранавічамі, дзе часта бываў у дзяцінстве. «Уся вёска ўжо амаль вымерла, засталіся толькі старыя жанчыны, якія даўно пахавалі сваіх мужыкоў, а некаторыя і дзяцей. Я бачыў, што гэтым бабулям ёсць што расказаць і што яны хочуць выказацца. Яны ведаюць, што такое вайна, што такое галеча, што такое Сталін. Яны ўсё страчвалі і аднаўлялі зноў. І так усё жыццё. Але яны кажуць, што хоць жыць было цяжка, але ж цікава. І яны жывуць далей, паабяцалі мне, што зноў пабачымся».
У сярэдзіне жніўня Аляксей арганізоўвае паказ фільма ў Любейках спецыяльна для яго гераінь. На жаль, літаральна праз некалькі дзён пасля прэм'еры ў Касэле адна з жанчын памерла, так і не паспеўшы ўбачыць сябе на вялікім экране. Каб ушанаваць яе памяць, на прэм’ерным паказе Аляксей пакіне адно месца свабодным.
«Маё крэда (якое я, шчыра кажучы, спёр у Гадара) – “любоў, праца, кіно”»
«Вось гэтых бабулек з маленькай беларускай вёскі пачулі немцы, і яны былі ўзрушаныя. На наступны дзень клікалі сваіх бацькоў, сяброў і суседзяў, каб паказаць ім фільм. Пасля да мяне падышла нейкая нямецкая бабуля і сказала, што ўбачыла ў маіх гераінях сваю маці. Нават Томас Маўх, легендарны аператар Вернара Херцага і Аляксандра Клюге, які прысутнічаў на прэм’ере, быў узрушаны і павіншаваў з поспехам. Кожны знайшоў у гэтых гісторыях нешта сваё, нават тыя, хто не ўяўляе, што гэта за вёска і што гэта за краіна такая. І вось дзеля гэтага я рабіў фільм. Каб гэтых бабуль убачылі ў свеце. Каб людзі ў Германіі, Беларусі, Польшчы ці ў Бангладэш паглядзелі – і кожны знайшоў адказ на сваё балючае пытанне».
На сцяне ў Школе мастацтваў вісіць плакат з выявай сцягоў усіх краін, прадстаўнікі якіх тут навучаюцца. У цэнтры красуецца беларускі бел-чырвона- белы. «Мне трэба было з’ехаць, каб атрымаць дыстанцыю. Каб зразумець, што ты маеш, трэба гэта спачатку страціць. Калі б застаўся ў Беларусі, я б нічога не здымаў – свет кіно мне здаваўся тады такім далёкім і недасяжным. Але зараз я разумею, што ўсё магчыма і кіно не мае межаў – хіба ж гэта не дзіва, што я, беларус, навучаюся ў Германіі ва ўкраінскай драматургесы поруч з людзьмі з Грузіі ці Ірана».
Дыпломны фільм Аляксей збіраецца здымаць у Беларусі, у су-вытворчасці з HFF Potsdam, але гэта адбудзецца не раней чым праз два гады: «Пакуль ты студэнт, у цябе есць магчымасць здымаць колькі хочаш і дзе хочаш. Таму ў Германіі, у адрозненне ад Беларусі, ніхто не спяшаецца атрымліваць дыплом».
Пасля заканчэння рэжысёр збіраецца вярнуцца дадому, каб заснаваць міжнародны прадакшн і здымаць кіно на радзіме і па ўсім свеце. «Я хачу пабудаваць мост паміж Берлінам і Менскам. Беларусі патрэбна нешта такое. Маладыя фільммэйкеры працуюць паасобку, тут пакуль няма вакол каго ці чаго аб’ядноўвацца. А гэта самае істотнае і неабходнае ў кінематографе. У Польшчы ў 60-я было магутнае аб’яднанне ў Лодзі, у Францыі 50-х быў Базэн з Cahiers du cinéma, у Грузіі ёсць дзяржаўнае аб’яднанне, якое падтрымлівае рэжысёраў і нават уладкоўвае іх на працу ў звычайныя школы, каб яны выкладалі дзецям. У Беларусі пакуль нічога падобнага няма, значыць будзем над гэтым працаваць! Бо нездарма маё крэда (якое я, шчыра кажучы, спёр у Гадара) – “любоў, праца, кіно”».
Участники группы – про свою музыку, место на беларусской сцене и нескучный быт.
Антон Кашлікаў размаўляе з Максам Старцавым.
Размова з аўтаркай самых яркіх пейзажаў Менска.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.
КАМЕНТАРЫ (4)
Ну-ну, в Беларуси тебе позволят создать объединение кинематографистов, потом еще раз догонят и позволят.
Здорово, белкино очень нужны такие люди! Ждём больших дел и вдохновляемся)
Ганаруся табою
Удачи!))